Адкуль палац у вясковай хаце?

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Росквіт мастацтва маляваных дываноў прыйшоўся ў Беларусі на 1930 — 1950 гады. Тады ледзь не ў кожнай хаце інтэр’ер аздаблялі “маляванкі”. У асноўным, гэтымі творамі славяцца мастакі Віцебшчыны. Можна таксама згадаць сюжэтна-тэматычныя работы Алены Кіш са Случчыны, Ядвігі Вайцешык з Салігоршчыны... Імёны іншых самадзейных мастакоў Мінскай вобласці амаль невядомы, але іх работы і цяпер сустракаюцца ў вясковых хатах.

 /i/content/pi/cult/169/1579/Palac-u-hace1.jpg
Сапраўдным адкрыццём для традыцыйнага мастацтва Беларусі можна лічыць творчасць самадзейнага мастака Паўла Марціновіча, чыё імя вярнулі з забыцця супрацоўнікі Любанскага раённага цэнтра культуры. Інтэр’еры жытла ў наваколлі вёскі Засмужжа ўпрыгожваюць дзіўнай прыгажосці маляваныя дываны. Яркімі, гучнымі і радаснымі колерамі напаўняюць прастору сялянскіх хат гэтыя палотны, старанна намаляваныя рукой таленавітага мясцовага мастака: у вадзяной роўнядзі адбіваюцца вяршыні гор, аблокі і заходзячае сонца, плывуць чоўны з дзівоснымі прыгажунямі, буяюць пяшчотныя кветкі.
“Павел Марціновіч з Засмужжа” — упэўнена называюць вяскоўцы імя аўтара. І хоць болей нічога пра яго не ведаюць, ганарацца набытымі паўстагоддзя таму палотнамі.
Нарадзіўся Павел Марціновіч (1911 — 1980 гг.) у сям’і сялян Яўхіма Аўрамавіча і Еўфрасінні Іванаўны ў Засмужжы. Бацькі далі дзецям неблагую па тых часах адукацыю: Павел (шосты з семярых дзяцей) скончыў сямікласную Любанскую беларускую школу. Вучыўся нядрэнна, бо быў старанным, ведаў беларускую, рускую, нямецкую і яўрэйскую мовы (апошнюю засвоіў ад гаспадароў хаты, дзе кватараваў пад час вучобы). У 1939 годзе ён ажаніўся з жыхаркай суседняй вёскі Рачэнь Параскай Кукраш, у іх нарадзілася трое дзетак — Мікалай, Марыя і Ева.
Цяжкія часы выпалі на долю Паўла Яўхімавіча: у Вялікую Айчынную ваяваў у апалчэнні. Да вайны — брыгадзір паляводчай брыгады, дэлегат ВДНГ у Маскве, у пасляваенны час працаваў пастухом, аздабляў калгасную наглядную агітацыю. Як удзельнік харавога калектыву на клубнай сцэне выконваў песні ваенных гадоў.
Маляваць дываны Марціновіч пачаў яшчэ ў 1930-я, але найбольш запатрабаванымі работы сталі ў пасляваенны час: аднаўляліся папаленыя вёскі, і людзі жадалі прыгажосці ў паўсядзённым. “Маляваныя каўры” — так найчасцей называюць яго працы вяскоўцы — сталі прадметам гонару і сімвалам раскошы таго часу. Слава аб майстры разнеслася па наваколлі: да Паўла Марціновіча ехалі і ехалі замаўляць маляваныя дываны ды “карцінкі”-макаткі. Яго работы сустракаюцца ў бліжэйшых да Засмужжа вёсках Рачэнь, Обчын, Закальное, Шыпілавічы, нярэдка і ў больш аддаленых вёскахраёна. Родныя і сябры везлі яго работы ў Мінск, Барнаул, Калінінград, на Урал. Заказчыкамі твораў часцей былі жанчыны і дзяўчаты. І цяпер яны добра памятаюць, як неслі да мастака звычайныя прасціны, выбіралі сюжэт, а праз два тыдні забіралі сувойчык з творам дзіўнай прыгажосці.
Вядома, што тэхніцы малявання Марціновіч спецыяльна не вучыўся, пачатковыя навыкі атрымаў на ўроках у школе, а спецыяльнай літаратуры дома і ў мясцовай бібліятэцы не было. Пісьмо яго, дакладнае і тонкае, па-сапраўднаму жывапіснае, наводзіць на думку аб прыроджаным таленце і назіральнасці аўтара.
 /i/content/pi/cult/169/1579/Palac-u-hace2.jpg

Да стварэння сваіх работ Павел Марціновіч ставіўся адказна. Палатно нацягваў на раму, грунтаваў мылаварам і вапнай, старанна заціраў і фарбаваў у чорны колер. Пісаў мастацкім алеем, які набываў у Мінску. Якасць яго работ была выдатная: да сённяшняга дня не асыпаўся грунт, фарбы не змянілі колеры.
Свае фантастычныя дываны, па словах дачкі, ён “маляваў з паштовак”. Але мастак не абмяжоўваўся простым капіраваннем. У выніку Марціновіч стварыў уласны фантастычны свет, у якім дзеянні адбываюцца ў адной прасторы і цесна звязаны паміж сабой. Аб’ядноўвае ўсе сюжэты выява вялікай прыгожай ракі, на дальнім беразе якой патанаюць у аблоках вяршыні гор, асветленыя промнямі заходзячага сонца. Далей ад гледача на выспе стаіць у пышным кветніку белы палац, ад высокага ганка з калонамі ў ваду збягаюць прыступкі. Па берагах растуць танюткія бярозкі, паміж імі — дзівосныя кветкі руж, бэзу, рамонкаў, астраў, лубіну, касачоў.
Кампазіцыя завяршаецца арнаментальнай каймой з буйных руж — белых, ружовых і... сініх, пераплеценых з галінкамі бэзу і перавітых ружовай стужкай.
Кожны дыван Паўла Марціновіча — “населены”: удзельнікі сюжэтных сцэн — хлопцы і дзяўчаты, аб’яднаныя марай аб каханні. Найбольш распаўсюджаны і запатрабаваны стаў сюжэт, які часцей за ўсё называюць “Лодка”. На пярэднім плане на роўнядзі вады застыла лодка з дзяўчынай, якая трымае тонкае вясло і з задуменнай усмешкай пазірае на бераг. За прыгожым палацам з маляўнічым ганкам узвышаецца над гарамі празрыстае неба, якое казачна адбіваецца ў люстэрку вады. Дыванкі фабрычнай вытворчасціна такі сюжэт са спрошчанымі формамі і крыклівымі колерамі бытавалі таксама і ўяўлялі сабой прыклад масавай, “кічавай” прадукцыі. Але тая ж кампазіцыя, па-мастацку пераасэнсаваная самадзейным аўтарам, ператваралася ў прасякнуты мрояй твор.
Кожная работа Марціновіча вызначаецца дастаткова самастойнай і арыгінальнай кампазіцыяй. Новы дыван — не копія папярэдніх, а перажыванне на вядомую тэму, нагода для імправізацыі. Можна казаць пра ўласны мастацкі стыль Марціновіча, што вызначаецца складаным сюжэтам, варыятыўнасцю ў межах адной тэмы, імкненнем да вытанчанай дэкаратыўнасці і падрабязнай распрацоўкі дэталей. Разам з тым, работы мастака — глыбока сімвалічныя, што збліжае яго творы з фальклорнымі. Славутая Алена Кіш, Ядвіга Вайцешык і Павел Марціновіч стваралі свае палотны ў ХХ стагоддзі на адной невялікай тэрыторыі на мяжы Слуцкага, Салігорскага і Любанскага раёнаў.
Адкрыццё работ новага, невядомага раней майстра маляваных дываноў — вельмі важная справа ў даследаванні традыцыйнай мастацкай культуры Міншчыны і краіны наогул.

Сяргей ВЫСКВАРКА,
загадчык арганізацыйна-творчага аддзела
Любанскага раённага цэнтра культуры;
Ірына СМІРНОВА, метадыст аддзела
традыцыйнай культуры Беларускага
дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў