“Мая беларускасць пачалася з “Песняроў”

№ 51 (1386) 22.12.2018 - 29.12.2018 г

Калі знянацку запытаць у звычайнага чалавека, што ён ведае пра Разань, дык найбольш верагодныя два варыанты адказу. Разань — горад які часта згадваецца ў вершах Сяргея Ясеніна. І ў Разані знаходзіцца ВНУ, дзе рыхтуюць афіцэраў расійскіх паветрана-дэсантных войск (ПДВ). Таму даем дадатковую інфармацыю: у згаданай вучэльні ПДВ рыхтуюць кадры і для нашай арміі. Музей гісторыі паветрана-дэсантных войск, што створаны пры навучальнай установе, узначальвае ўраджэнец Беларусі Сцяпан Таненя. Ён жа стаіць на чале грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Разані і Разанскай вобласці”. Не так даўно Мінск наведаў памагаты спадара Танені па справе музейнай і справах беларусаў Разаншчыны — Ігар ФІЛАТАЎ. Ён старшы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі ПДВ і намеснік старшыні згаданага аб’яднання. Вонкава спадар Ігар чымсьці падобны да Уладзіміра Мулявіна. Таму, натуральна, першым узнікае пытанне пра ягонае стаўленне да творчасці “Песняроў”.

/i/content/pi/cult/724/15784/20.JPG— Я заўжды захапляўся “Песнярамі” і канкрэтна асобай Уладзіміра Мулявіна, — адказвае суразмоўца. — Можна сказаць, што з іх музыкі пачалася мая беларускасць. Я меў цікавасць і да іншых вакальна-інструментальных ансамбляў, але “Песняры” — гэта нешта асаблівае. Вось Мулявін — хлопец з Урала, з расійскай глыбінкі, а як адчуў Беларусь! Якія культурныя пласты ўзняў! Зразумела, яму дапамаглі — той жа Лучанок, іншыя кампазітары, музыканты. Але менавіта ён зрабіў беларускі мелас вядомым свету. Мне прыемна бачыць, што спадчына Мулявіна ў Беларусі сёння запатрабавана. Ды і не толькі тут. Гэты творца роўна шануемы ў нашых абедзвюх краінах.

— Тваё захапленне музыкай неяк стасуецца з тваёй работай? Сам ніколі не хацеў быць артыстам?

— Я пачынаў музыкай займацца яшчэ ў Палацы піянераў у Разані. У 15 гадоў стаў выхаванцам ваеннага аркестра ў вучэльні сувязі. Фактычна з гэтага часу на маіх плячах пагоны. І зараз я музыкай займаюся, але на аматарскім узроўні. На розных мерапрыемствах у Разані выконваю беларускія песні. У асноўным, з рэпертуару “Песняроў”. Калі-нікалі — песні “Сяброў”, “Верасоў”. У Разані ёсць розныя нацыянальныя ансамблі і салісты, што прадстаўляюць розныя дыяспары. Але публіка лепей прымае тых, чыя мова зразумелая. А самая блізкая да рускай — беларуская, украінская яшчэ.

— Бывае так: у маладосці чымсьці захапляўся, а ў сталыя гады глядзіш на гэта іншымі вачыма. У цябе ж, падаецца, “Песняры” — любоў на ўсё жыццё…

— Так. Мулявін — майстар, якога немагчыма пераўзысці. Я не кіну камень у бок прадаўжальнікаў ягонай справы. Добра, што моладзь спявае ягоныя песні, але зрабіць так, як ён, а тым больш лепей за яго — немагчыма. Я так кажу, бо Мулявіна бачыў і чуў.

“Песняры”, Мулявін — мусяць быць для Беларусі і для ўсяго ўсходне-славянскага свету тым, што ёсць для Брытаніі і свету англа-саксонскага “Бітлз”. Гэта эталон, на які трэба раўняцца. “Песняры” не толькі беларускі мелас зрабілі вядомым у свеце, але і беларускую паэзію, бо спявалі песні на тэксты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Пятруся Броўкі, Максіма Танка… Я ўяўляю музей “Песняроў” не нейкім структурным падраздзяленнем у філармоніі, а ўстановай, аналагічнай музею “Бітлз” у Ліверпулі, наведаць які імкнецца кожны госць Брытаніі.

— Табе не падаецца, што сёння цікавасць да “Песняроў” — гэта і праява настальгіі па савецкім часе?

— Прынамсі, гэта слушна ў дачыненні да Расіі. Яна даўно не савецкая, але настальгію па савецкім часе мае асноўная большасць насельніцтва краіны. Беларусаў у Расіі не лічаць замежнікамі, успрымаюць як сваіх яшчэ і таму, што ў Беларусі з павагай ставяцца да савецкай гістарычнай спадчыны, якая ў расіян і беларусаў адзіная. Кажу гэта як намеснік старшыні нацыянальна-
культурнай аўтаноміі беларусаў Разані і Разанскай вобласці, якому па абавязках даводзіцца сустракацца з рознымі людзьмі.

— У цябе ў Беларусі радня?

— Я дакладна ведаю, што мой род з Беларуссю звязаны. Акурат зараз сур’ёзна займаюся гэтым пытаннем, працую ў архівах. Дарэчы, Музей гісторыі паветрана-дэсантных войск, дзе я працую, створаны па ініцыятыве генерала Васіля Маргелава, першага камандуючага ПДВ Савецкага Саюза. Васіль Філіпавіч мае беларускія карані. Этнічны беларус і мой непасрэдны кіраўнік — палкоўнік запаса Сцяпан Іванавіч Таненя. У нашай вучэльні рыхтуюць не толькі дэсантнікаў, але і марпехаў, горных стралкоў, падводных байцоў, спецназ. Разам з расіянамі вучацца прадстаўнікі 25 краін. Беларускае прадстаўніцтва сярод іх самае вялікае. Абавязкова два разы на год мы ладзім святы для курсантаў-беларусаў — другога красавіка, у Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі, і трэцяга ліпеня, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Праводзяцца невялікія канферэнцыі, дзе з дакладамі выступаюць сярод іншых і супрацоўнікі музея. Сваімі сіламі арганізуем канцэрт, у якім звычайна бяру ўдзел і я.

— Гэтыя канцэрты на беларускія дзяржаўныя святы для цябе адзіная магчымасць рэалізацыі свайго творчага патэнцыялу ці ёсць і іншыя нагоды?

— З 2011-га па 2013 год я правёў шэсць фестываляў вакальна — інструментальных ансамбляў. І на кожным з іх гучалі беларускія песні, у тым ліку ў маім выкананні. Навука — таксама творчасць. Я працую па беларуска-
расійкай тэматыцы як навуковец і краязнаўца. Пішу артыкулы, выступаю на канферэнцыях, вяду сумоўі з курсантамі. Са сваіх апошніх работ згадаю артыкул “Беларусь у працах Мацвея Кузьміча Любаўскага”. Гэта ўраджэнец Разанскай зямлі, выпускнік Разанскай духоўнай семінарыі, а наш музей акурат знаходзіцца ў будынку, дзе калісьці тая семінарыя месцілася. Любаўскі стаў прафесарам гісторыі, засяродзіўся на даследаванні гісторыі Вялікага Княства Літоўскага як славянскай дзяржавы.

— Як аднаго з кіраўнікоў беларускай супольнасці ў Разані цябе ўсё задавальняе? Што ты хацеў бы змяніць на добры лад?

— Як я мяркую, іншыя нацыянальныя аўтаноміі падсілкоўваюцца фінансава з пасольстваў гэтых краін. Хацелася б і нам мець такую падтрымку. Раней нейкую літаратуру давалі, цяпер і гэтая крыніца скончылася. Што мой начальнік, што я ці іншыя калегі з Беларусі прывозяць, тое і маем. Наша аб’яднанне жыве з прыватнай ініцыятывы. У Разані сітуацыя такая. Якая ў іншых гарадах ды рэгіёнах Расіі — не ведаю.

Сувязі Разані з Беларуссю ўмацаваліся ў той час, калі губернатарам стаў былы выпускнік нашай вучэльні і былы камандуючы Паветрана-дэсантнымі войскамі Расійскай Федэрацыі Георгій Шпак. Ён сам беларус, родам з Асіповічаў. Пры ім на ўсіх узроўнях, ва ўсіх сферах супрацоўніцтва з беларускім бокам было вельмі шчыльным — гандаль, прамысловая кааперацыя, культурныя стасункі. Мне канкрэтна запомніўся губернатарскі навагодні канцэрт, на якім выступаў ансамбль “Беларускія песняры”.

— У Разані ёсць відовішчная зала, якая б адпавядала сучасным патрабаванням?

— Больш-менш гэтым патрабаванням адпавядае Музычны тэатр. Раней гэта быў звычайны Дом культуры, а цяпер, пасля рэканструкцыі, якая адбылася зноў жа падчас губернатарства Георгія Шпака, ягоныя сцэна і акустычныя магчымасці дазваляюць ладзіць канцэрты зорак. Раней яны выступалі ў цырку, але там нязручна. На свае вочы бачыў, напрыклад, як даводзілася круціцца Сафія Ратару, каб не стаяць увесь час спінаю да гледачоў у некаторых сектарах. А як на цыркавой арэне выступаць вакальна-інструментальным ансамблям? Летась фестываль з іх удзелам ладзілі на цэнтральным стадыёне. У ім сярод іншых бралі ўдзел “Песняры” Анатоля Кашапарава. Ёсць яшчэ ў горадзе Лядовы палац спорту. У ім я ні разу не быў. Мне падаецца, што ён усё ж такі не для канцэртаў, хоць у ім выступалі і Кіркораў, і Баскаў. Пагадзіцеся: адна справа — саліст, іншая — ансамбль. Столькі галасоў, інструментаў… Гэта зусім іншая лінейка.

— У Мінску часта бываеш?

— Стараюся бываць як мага часцей. Я тут эмацыйна падсілкоўваюся. Нават не ведаю, які горад люблю больш — Мінск ці Разань. Але калі ты бачыў толькі Мінск, дык нельга лічыць, што ведаеш Беларусь. Сталіца ў кожнай краіне гэта асобны свет. Таму ў кожны прыезд імкнуся наведаць тыя беларускія мясціны, дзе яшчэ не бываў. Мне ўсё цікава: абласныя цэнтры, малыя гарады, мястэчкі. Той, хто ўпершыню бачыць адрэстаўраваныя храмы, замкі, палацы, здзіўляецца, як гэта Беларусь праз войны, што праходзілі на яе зямлі, здолела адрадзіць такую гістарычную спадчыну, такі моцны культурны патэнцыял. Здаецца, бачыў усе самыя значныя архітэктурныя помнікі і мемарыялы краіны. Але кожным разам нават там, дзе ўжо бываў, адкрываю для сябе нешта новае. Уражвае расіян і сучасная Беларусь — дарогі, чыстыя гарады і вёскі, дзеючыя прадпрыемствы, уладкаваны побыт. Усё, што бачу, потым распавядаю сябрам. У першую чаргу — беларусам Разаншчыны.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"