Правільным шляхам ідзеце, Алена Генадзьеўна!

№ 51 (1386) 22.12.2018 - 29.12.2018 г

Не люблю лічбаў. Але навіна з Глыбоцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы прымусіла заняцца практычнай статыстыкай. Справа ў тым, што дырэктар названай ЦКС Алена Заяц даслала ў рэдакцыю інфармацыйную таблічку на тры старонкі з хвосцікам (вельмі шчыльна, без інтэрвалаў) аб правядзенні навагодніх мерапрыемстваў. Я пачаў падсумоўваць. Атрымалася, што з 20, 23 — 31 снежня 2018 года да 1 студзеня года наступнага па 17 клубных установах горада і раёна пройдзе 76 святочных акцый (ад ранішнікаў, тэатралізацый і выстаў да мультсеансаў, маскарадаў і дыскатэк). Брава, Алена Генадзьеўна! Не пабаяліся даслаць план, значыць, не пабаіцеся яго і рэалізаваць дзеля навагодняй эканамічнай падвышкі культуры ЦКС.

/i/content/pi/cult/724/15783/19.JPGЯ патэлефанаваў спадарыне Заяц на рабочы нумар, каб выказаць удзячнасць за карысную навіну. Каляжанкі дырэктара Глыбоцкай ЦКС адказалі: “А яна пайшла на пошту “Культуру” выпісваць!” І зноў я ўзрадаваўся. Правільнай дарогай пайшла шаноўная Алена Генадзьеўна! І пры Вашай прыхільнасці да немалых лічбаў, варта спадзявацца, што і падпіска на нашу газету будзе па Глыбоцкім раёне таксама немаленькай. Мы — за ўзаемакарысныя стасункі.

У Дзяржынску 20 гадоў існуе Народны клуб інтэлектуальных гульняў, які дзейнічае пры мясцовым ГДК. Мінулымі выхаднымі тут прайшоў шаснаццаты адкрыты 24-гадзінны Інтэлект-марафон. Дарэчы, гульнявы клуб Дзяржынска адным з першых уступіў у грамадскае аб’яднанне “Беларуская ліга інтэлектуальных каманд”. Дык вось, каля 20 каманд з розных абласцей Беларусі цягам сутак адказвалі на 450 разнастайных пытанняў. Кубак чэмпіёна атрымаў віцебскі “Штандарт”. Другое і трэцяе месцы падзялілі паміж сабой каманды “Імітуем сарказм” (Мінск) і “Вакацыі Святога Баніфацыя” (Брэст). Інтэлектуальны сезон бягучага года завяршыўся на Дзяржыншчыне 21 снежня фінальнай гульнёй каманд арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў раёна. Я нядаўна сустракаўся з дырэктарам Дзяржынскага ГДК Таццянай Чаган, бачыў, у якім тэмпе працуе ўстанова і гатовы пацвердзіць, што ўсе клубныя мерапрыемствы тут ладзяцца ці не на еўрапейскім узроўні. А інакш нельга, бо пад бокам галоўны канкурэнт — Мінск. Знізіш якасць працы — згубіш слухача і гледача.

Пасля доўгага маўчання ўрэшце адгукнулася родная Гомельшчына. Мастацкі кіраўнік Рэчыцкага гарадскога палаца культуры Людміла Грызунова піша пра эмацыянальнае жыццё вёскі Азершчына (“эмацыянальнае жыццё вёскі” — сказана цудоўна!): “Іван ды Марыя Гапоненкі стварылі сям’ю 60 гадоў таму — дыяментавае вяселле адсвяткавалі. Цяпер — на пенсіі. Але без цікавай справы не застаюцца. У цэнтры культуры і вольнага часу вёскі пастаянна ладзяцца выставы творчасці Марыі Іванаўны. Яна выдатна вышывае, шые, вяжа. А песні як выконвае! Усе таленты — ад маці. Иван Паўлавіч — былы механізатар. Далікатны, сціплы, высакародны. Разам выхавалі сына і трох дачок. Маюць чатырох унукаў і праўнучку. На такіх людзях вёска беларуская трымаецца. Без Гапоненкаў не абыходзяцца і пасяджэнні клубных аб’яднанняў “Жывіца” і “СемьЯ, якія былі створаны ў Азершчынскім цэнтры культуры 25 гадоў таму”.

У Лагойску працуе выстава “Сэрцу родныя матывы”. Экспазіцыя, на якой прадстаўлены работы звыш 20 майстроў народнай творчасці з Мінска, размешчана ў Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеі. На самым бачным месцы — калекцыя ганаровага сябра клуба народнай артысткі СССР Стэфаніі Станюта. У калекцыі — завушніцы з ракавінак, каралі з мініяцюрных каменьчыкаў. Даволі значную частку выстаўкі складае жывапіс Людмілы Хаменка, Маргарыты Някрасавай, Наталлі Мяшковай, Святланы Ліўшыц, Ганны Гадзіравай, Аэліты Мікаланевай. Кацярына Новікава прэзентуе аранжыроўку кветкавых кампазіцый. Кіраўнік клуба Аляксандр Ляйко дэманструе калекцыю лясной скульптуры.

Бібліятэкар Гатаўскай (Мінскі раён) сельскай бібліятэкі-клуба Дзіяна Шарук разважае пра вялікую карысць віртуальнай прасторы сацыяльных сетак. “Гэтую прастору Гатаўская СБК — піша Дзіяна Мікалаеўна, — паступова асвойвае з мэтай развіцця рэкламы культурнай дзейнасці. Нашы старонкі маюць навасны характар, магчыма перапіска з чытачом, які пратэрмінаваў, да прыкладу, здачу бібліятэчнай кнігі. На такую старонку можна выкладаць і электронныя дакументы: версіі кніг для аддаленага карыстання.” Я абавязкова звяжуся з Дзіянай Мікалаеўнай з прапановай напісаць не проста навіну, а падрабязны артыкул пра асваенне віртуальнай прасторы для бібліятэчнай, так бы мовіць, экспансіі. Думаю, што многім сельскім спецыялістам такая падказка шмат у чым дапаможа надоўга пасябраваць з інтэрнэтам.

Навучэнцы класса духавых інструментаў Бераставіцкай дзіцячай школы мастатцваў Мікіта Андрушко, Канстанцін Каскевіч і Ілля Казлоўскі бралі ўдзел у XVI Міжнародным дзіцячым конкурсе “Музыка надзеі” ў горадзе Гомелі. Арганізатарамі мерапрыемства сталі Міністэрства культуры краіны і спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Усе трое хлопцаў няблага вызначыліся: Мікіта Андрушко стаў лаўрэатам ІІ ступені ў намінацыі “Медныя духавыя і ўдарныя інструменты. Труба”, Канстанцін Каскевіч — лаўрэат ІІІ ступені ў намінацыі “Драўляныя духавыя інструменты. Саксафон”, Ілля Казлоўскі адзначаны граматай удзельніка ў намінацыі “Медныя духавыя і ўдарныя інструменты. Трамбон”. Настаўнік класа духавых, які рыхтаваў вучняў да конкурсу, — Вадзім Антоненка — адзначаны Граматай за высокае педагагічнае майстэрства. Аўтар допісу — Святлана Ганчарова.

У вёсцы Грынкі Свіслацкага раёна прайшоў фестываль паэзіі і песні “Я пакланюся нізка да зямлі”, прымеркаваны да Года малой радзімы. Пра гэта напісала Марыя Самалевіч, загадчык Грынкаўскага сектара культуры і вольнага часу.

Традыцыйная падборка навін з Ашмяншчыны. Аддзел метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры распавядае пра аграсядзібу “Вячкойні”, дзе месціцца рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Сядзіба прыняла першых наведвальнікаў. Дзеці паўдзельнічалі ў квэсце і трапілі ў выніку да Снежнай Каралевы. Здолелі задобрыць яе вершамі ды гульнямі, выратавалі палац Дзеда Мароза. Была ў іх цудоўная магчымасць і паўдзельнічаць у шоу мыльных бурбалак.

Наступная інфармацыя ад намесніка дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяны Печкур. Тэма карнавала стала падставай для штогадовага справаздачнага канцэрта Ашмянскай ДШМ. Адбываліся ўрачыстасці ў кавярні “Стары горад”. Кожны нумар выконваўся ў пэўнай карнавальнай масцы. У праграме былі музыка, спевы, чытанне вершаў. Адзінае, чаго не хапіла гледачам — гэта працягу.

І зноў метадысты паведамляюць. Ля цэнтральнай ашмянскай ёлкі прайшлі забаўляльныя мерапрыемствы. Рыхтавалі іх сельскія клубныя ўстановы, аб’яднаныя Ашмянскім раённым цэнтрам культуры. Вельмі шмат святочных акцый адрасавалася дзецям. Яны змаглі паўдзельнічаць і ў маскарадзе, і ў карагодзе. Святочная атмасфера ля ёлкі будзе падтрымлівацца сіламі самадзейных артыстаў аж да Старога Новага года. Кожны вечар ля ёлкі гучыць мажорная музыка.

І апошняя на сёння навіна. У РЦК адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 100-гадоваму юбілею БССР. Ганаровай граматай райвыканкама за высокі прафесіяналізм, важкі ўклад у развіццё харэаграфічнага мастацтва была ўзнагароджана балетмайстар народнага тэатра танца і песні “Імпульс” пры РЦК Марына Шурбак.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"