Магілёў. “Магутны Божа”...

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Пагадзіцеся, паміж назвай Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі і горадам, дзе ён нарадзіўся і быў праведзены 16 разоў, існуе нейкая амаль магічная сувязь, якая выяўляецца ўжо на ўзроўні ідэнтычнасці першых літар. Складваючыся ў розныя сэнсавыя адзінкі, тыя літары, бы гукі гамы, прыводзяць да розных мелодый з адной інтанацыяй — “маг”, у сутнасці якой мы і паспрабуем разабрацца.

Пагадзіцеся, у любой з’яве культуры найперш прыцягвае
МАГія
таленту.
Яе напоўніцу дэманстравалі госці фестывалю, сярод якіх асабліва вылучаўся Губернскі тэатр харавой музыкі з Саратава. Незвычайная расстаноўка артыстаў — не па галасах, а па квартэтах, калі кожны спявае не ідэнтычную з суседзямі партыю, а вядзе свой голас у ансамблевай групоўцы, з мноства якіх і складаецца хор, — надае гучанню асаблівую каларыстыку. Саратаўцы выдалі каля 20 кампакт-дыскаў, удзельнічаюць у спектаклях свайго тэатра оперы і балета, з ТЮГам увасобілі “Сабор Парыжскай Божай Маці” Віктора Гюго, разам з эстраднымі артыстамі і духавым аркестрам паставілі “Казку пра папа…” да 100-годдзя Дзмітрыя Шастаковіча, актыўна супрацоўнічаюць з
 /i/content/pi/cult/169/1578/Magutny-Bozha1.jpg

Фестывальны канцэрт у касцёле.

кампазітарамі, натхняючы тых на стварэнне харавых опер. Не выпадкова гэты калектыў стаў сапраўдным адкрыццём для беларускага слухача, на яго выступленне ў Магілёў імкнуліся патрапіць сталічныя харавікі, а былы выхаванец Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, цяперашні аспірант і выкладчык Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Валодчанка марыць пра стварэнне падобнага харавога тэатра і ў нас.
Яшчэ адной “гасцявой дамінантай” стаўся канцэрт маскоўскага ансамбля салістаў “Эрмітаж” на чале з сусветна знакамітым габаістам Аляксеем Уткіным.
Выходзячы на фестывальную
МАГістраль,
трэба адзначыць, вядома, такія знакавыя падзеі любога фестывалю, як гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця.
Тэатралізаванае адкрыццё, зрэжысіраванае Тамарай Залешчанка, ледзь не ўпершыню на маёй памяці вызначалася сапраўднай цэласнасцю, гарманічнасцю суіснавання музыкі, сцэнаграфіі, відэавыяў на экране, афіцыйных прамоў і віншаванняў, прадстаўлення ўдзельнікаў, членаў журы, ганаровых гасцей.
Яно ў поўнай меры адпавядала ідэі фестывальнай еднасці — невыпадкова старшыня Магілёўскага гарвыканкама Віктар Шорыкаў назваў фестываль сімвалам міжнацыянальнай і канфесійнай згоды народаў Беларусі, яднання людзей розных краін, суладдзя дзяржавы і царквы.
Лейтматывам гала-канцэрта адкрыцця (як, дарэчы, і больш простага па драматургіі закрыцця, дзе чаргаваліся выступленні пераможцаў конкурсаў) сталіся дзяўчынкі-анёльчыкі: яны сімвалізавалі краіны-ўдзельніцы, выносілі ўзнагароды дый увогуле асвятлялі відовішча сваёй чысцінёй. Цэментуючым момантам стаў і ўдзел у вечары адкрыцця Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, якім у той вечар пранікнёна дырыжыраваў Алег Лясун. Залішнім, здаецца, было хіба перадфінальнае выкананне ўверцюры П.Чайкоўскага “1812 год” — і паводле працягласці гэтага твора, і паводле яго ваяўнічасці, неадпаведнай зместу самога фестывалю.
Не менш адметным сталася і Свята звону, што, паводле традыцыі, адбылося на адкрытым паветры — Архіерэйскім вале.
Маё захапленне сцэнарыем свята і яго рэжысурай, ажыццёўленай Алай Кусковай, падзялілі не толькі гледачы, але і непасрэдныя ўдзельнікі.
Мне даводзілася, — расказаў дырэктар школы званароў Мінскай епархіі Багдан Бярозкін, — удзельнічаць у многіх падобных святах, у тым ліку прымеркаваных да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, да 940-годдзя Мінска. Выязджала наша школа званароў і ў Расію, таму мне ёсць з чым параўноўваць. Летась на фестывалі “Магутны Божа” ў Магілёве Свята звону прайшло ўпершыню, а сёлета і сцэнарый добра прадуманы, і тэматыка ўсіх твораў, што гучалі, прасякнута звонавасцю. Атрымалася вельмі цэласная тэатралізаваная музычная кампазіцыя. Цудоўна, што пры ўсім піетэтным стаўленні да гасцей (сярод іх быў, дарэчы, і Рускі духоўны тэатрГлас”, вядомы беларускай публіцы па тэатральных фестывалях) наш фэст не забываецца і на ўласныя творчыя
МАГчымасці.
Свята звону адбылося пры самым актыўным удзеле аркестра рускіх народных інструментаў Магілёўскага музычнага вучылішча імя М.Рымскага-Корсакава.А як упрыгожыла канцэрт адкрыцця арыя Тоскі з аднайменнай оперы Дж.Пучыні ў выдатным выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Маі Красоўскай, якая пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі вядзе ў Магілёве шырокую педагагічную і канцэртную дзейнасць!
Адразу ў некалькіх канцэртах былі задзейнічаны хор і аркестр Магілёўскай гарадской капэлы. Менавіта на гэты калектыў была ўскладзена адна з самых адказных місійпрадставіць прэмеруБеларускай месырасійскага кампазітара Ігара Мацыеўскага. Калектыў выдатна справіўся са складанай, вельмі маштабнай (18 частак агульнай працягласцю больш за гадзіну), не пазбаўленай драматургічнай імправізацыйнасці партытурай, якая была замоўлена аўтару Раманам Факсіньскімксяндзом кафедральнага касцёла Успення Прасвятой Дзевы Марыі і Святога Станіслава. Сімвалічна, што пачынаецца меса словамі Уладзіміра КараткевічаНа Беларусі Бог жыве”, а завяршаецца мелодыяй твора Мікалая РавенскагаМагутны Божа”, які даў фестывалю назву і стаў яго гімнам.
Паказальна і тое, што дадзеная прэмера адбылася на вечары памяці народнага артыста СССР, прафесара Віктара Роўды і Гая дэ Пікарда.
Гэтыя асобы — сапраўдныя
“МАГікане”
фестывалю, якія яшчэ пры сваім жыцці сталі яго сімваламі. Віктар Роўда быў нязменным старшынёй журы — менавіта пад яго кіраўніцтвам усе мінулыя гады гучала ўрачыстае выкананне зводным хорам і ўсімі прысутнымі згаданага твора, аднайменнага назве фэсту, на адкрыцці і закрыцці. Гай дэ Пікарда быў не толькі членам журы пяці конкурсаў магілёўскага фестывалю: каля 40 гадоў ён нястомна вывучаў і даследаваў беларускую духоўную музыку, парэшткі ж свае завяшчаў пахаваць у мінскім Чырвоным касцёле.
 /i/content/pi/cult/169/1578/Magutny-Bozha2.jpg
Старшыня журы Станіслаў Калінін
на чале зводнага хору ўдзельнікаў.

Летась фестываль, святкуючы сваё 15-годдзе, адмовіўся ад творчых спаборніцтваў. Сёлетнія ж конкурсы — і харавых калектываў, і, асабліва, вакалістаў — вымушалі з настальгіяй узгадваць не такое ўжо далёкае мінулае. Прадстаўніцтва канкурсантаў паводле свайго статуса было звычайным: аматары, пачаткоўцы, навучэнцы сярэдніх, вышэйшых устаноў,
МАГістранты ды МАГістры-прафесіяналы.
Здавалася б, усё, як заўсёды — ад царкоўна-прыходскіх хораў, дзе спяваюць вернікі, да вучэбных калектываў і прафесійных салістаў. Але — без колішняга дэталёвага падзелу па намінацыях, без шырокай, як раней, геаграфіі. Таму журы пачало карэкціраваць конкурсныя ўмовы непасрэдна пад час сваіх абмеркаванняў. У асобную намінацыю былі вылучаны вучэбныя хоры. Таму ў конкурсе харавых калектываў, дзе, дарэчы, спаборнічалі і вакальныя ансамблі, Першая прэмія была падзелена паміж надзвычай зладжаным, музычным па інтэрпрэтацыях хорам “Верасок” СШ № 119 г. Мінска на чале з Ганнай Садоўскай і акадэмічным хорам “Осанна” з падмаскоўнага горада Пушкіна. Уладальнікамі Другой прэміі сталі ажно чатыры калектывы, адзін лепшы за другі: ансамбль “Вясёлка” Гомельскай дзіцячай школы мастацтваў № 5, маладзёжны хор “Элегія” Баранавіцкага музычнага вучылішча і абодва магілёўскія ўдзельнікі— ансамбль “Ін тайм” і выразны, паўнагучны, з шыкоўнай градацыяй адценняў хор “Мазаіка” музычнага вучылішча імя М.Рымскага-Корсакава (дастаткова ўзгадаць, што кіруе гэтым хорам Жанета Ялфімава — маці Пятра Ялфімава). Дый трэцяе месца падзялілі не менш адметныя калектывы — ансамбль “Аnima” Гродзенскай капэлы і дзіцячы хор “Натхненне” СШ № 20 з Оршы. Каб зразумець трапнасць апошняй назвы, якую, дарэчы, прапанаваў калісьці В.Роўда, трэба было не толькі чуць спевы гэтых дзяцей, але і бачыць, як шчыра маліліся некаторыя з іх, выходзячы на конкурснае праслухоўванне ў касцёле, ці як засяроджана слухалі іншыя выступленні.
Пры такой перавазе моцных, добра падрыхтаваных хораў ды ансамбляў у нявыгадным становішчы апынуліся аматарскія калектывы. Улічваючы рознасць “вагавых катэгорый”, журы ўзнагародзіла спецыяльнымі дыпломамі народную харавую капэлу Старабарысаўскага СДК і дзіцячы царкоўны хор сабора Святой Тройцы з Хоцімска, адзначыўшы ў апошнім прыгажосць унутранага стану, малітоўных пачуццяў. Атрымаў гэты калектыў і каштоўныя падарункі, і спонсарскія ўзнагароды.
А вось спаборніцтва вакалістаў нагадвала адкрыты ўнутрыінстытуцкі конкурс: сярод усяго васьмі яго ўдзельнікаў шасцёра былі студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, адзіны хлопец— магістрантам гэтай ВНУ. Так што “адкрытым” спаборніцтва стала, дзякуючы ўдзелу салісткі Брэсцкай абласной філармоніі, якая, як высветлілася, “акадэмій не заканчвала”, пачаўшы прафесійную канцэртную дзейнасць адразу пасля музычнага каледжа імя Р.Шырмы. Дарэчы, брэстаўчанка Людміла Карпук стала сапраўдным адкрыццём гэтага конкурсу, заняўшы трэцяе месца (прытым, што ні Гран-пры, ні першае не прысуджаліся). Яна ўразіла не толькідобрым выкананнем, але і вельмі цікавым, з любоўю падабраным рэпертуарам. Другую прэмію атрымала Чэнь Сяо Ся (КНР), прадэманстраваўшы папраўдзе прафесійнае, па-еўрапейску ідэальнае бельканта, назапашанае ў класе народнай артысткі Беларусі Ірыны Шыкуновай, і практычна недасягальнае для іншаземцаў рускае вымаўленне. Дыпломамі былі адзначаны Ірына Шаталіна і Таццяна Аўгусціновіч. Спецыяльны дыплом “За захаванне і развіццё нацыянальнай спадчыны” атрымала Наталля Тукай.
Увогуле, вакальна-інструментальна-харавых выступленняў у касцёле Успення Прасвятой Дзевы Марыі і Святога Станіслава, а таксама побач з ім, паводле трывалай традыцыі, было шмат. Праўда, сёлета не пашанцавала з арганнымі канцэртамі (а калісьці, між іншым, конкурс вакалістаў меў і трэці тур, што праводзіўся менавіта ў касцёле ў суправаджэнні аргана). Затое багата было не запланаваных загадзя і таму не ўнесеных у фестывальныя афішы і раздрукаваныя праграмкі канцэртаў.
МАГнетызм,
якім вылучаюцца яркія індывідуальнасці, зыходзіў і ад Стэнлі Нікаласа Фартуны — былога джазавага гітарыста, а зараз “спеўнага манаха” (на ўрачыстым закрыцці фестывалю ў яго раптам не падключылася электрагітара, дык ён, не разгубіўшыся, “запаліў” слухачоў сваімі імправізацыямі, дапамагаючы голасу адно рытмамі шэйкера ды прытупваннямі), а таксама ад мінскай арт-групы “Псальмяры”. У аснове іх песень-псалмоў, пераважна беларускамоўных, — простыя, часта архаічнага паходжання, інтанацыі, каларытныя скрыпічныя сола, радаснае светаўспрыняцце, асаблівая адкрытасць слухачам. Іх дзвюхгадзінны сольнік на пляцоўцы ў цэнтры горада яшчэ раз пераканаў: калектыў з гонарам носіць званне ўладальніка прыза імя Уладзіміра Мулявіна, што быў атрыманы на адным з конкурсаў “Залатога шлягера ў Магілёве”.
Фестываль “Магутны Божа” невыпадкова закранае не толькі касцёл і разнастайныя канцэртна-тэатральныя залы, але і адкрытыя пляцоўкі, якіх сёлета было тры. Ён абсалютна натуральна ўпісаўся ў гарадскую прастору, быццам падкрэсліваючы, што сёлета яго галоўным арганізатарам выступіў Магілёўскі гарвыканкам, якому
дапаМАГалі
Міністэрства культурыРэспублікі Беларусь і Магілёўскі аблвыканкам.
— Цяперашні фестываль, — пацвердзіла Антаніна ШАРКОВА, начальнік аддзела культуры Магілёўскага гарвыканкама, — практычна цалкам быў праведзены на сродкі гарвыканкама.
На наступны год заснавальнікам свята гатовы выступіць аблвыканкам — мы вельмі гэтаму рады, бо такая моцная падтрымка дазволіць разгарнуцца яшчэ больш шырока. Фестываль уключаны ў планы Міністэрства культуры краіны, сёлета ім падрыхтаваны спецыяльныя прызы.
Як вы заўважылі, з’явілася новая фестывальная пляцоўка — канцэртная зала гарадскога Цэнтра культуры і адпачынку. Гэты будынак — помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя. Спачатку ён быў домам гарадскога ўрача, потым тут змяшчаўся гарадскі сход, за савецкім часам месціўся банк, а пасля — гарадскі Дом культуры. Шмат гадоў ён стаяў напаўразбураны, неаднойчы прапаноўвалася яго адрамантаваць, каб тут можна было прымаць дэлегацыі, уручаць узнагароды, праводзіць канцэрты. Нарэшце, за яго аднаўленне ўзяўся цяперашні старшыня гарвыканкама Віктар Шорыкаў. Будаўнічыя работы ўжо завяршаюцца, сцэна будзе добра абсталявана. Мы набылі для яе канцэртны раяль — вы чулі яго пад час конкурсу. У гэты ж будынак пераехаў наш аддзел культуры.
Развіццю не толькі гэтага фестывалю, але і галіны культуры ўвогуле дапамагае ўпраўленне культуры аблвыканкама (начальнік— Анатоль Сінкавец). На сродкі абласнога кіраўніцтва былі набыты інструменты для дзіцячых музычных школ — баяны, акардэоны, скрыпкі, у перспектыве — набыццё інструментаў для гарадскога духавога аркестра.
У сферы культуры вельмі важны менавіта чалавечы фактар. Прыкладам, дырэктарам цэнтралізаванай сістэмы бібліятэк нядаўна стала вельмі крэатыўная Галіна Краўчанка, і адразу ўзнік абсалютна новы ўзровень. Па яе ініцыятыве на базе Цэнтральнай бібліятэкі імя Карла Маркса быў арганізаваны інфармацыйна-прававы цэнтр: усе прававыя дакументы былі занесены ў камп’ютэр для больш зручнага карыстання. А потым сумесна з ідэалагічным аддзелам гарвыканкама там жа адкрылі ідэалагічны цэнтр — у дапамогу ідэолагам горада. Быў аб’яўлены і конкурс на праект лепшай сучаснай бібліятэкі — такой, якой яна павінна быць у ідэале. Удзельнічалі ў ім і бібліятэкі, і асобныя гараджане, якія таксама прадставілі некалькі праектаў. Пераможцамі сталі супрацоўнікі бібліятэкі імя Карла Маркса. Яны прапанавалі знешне прыгожы, камфортны для наведвальнікаў, тэхнічна забяспечаны варыянт, разлічаны на камп’ютэрнае абсталяванне, электронную картатэку і самыя сучасныя формы і метады працы.
Шмат новых ідэй атрымліваем і ад мэра Магілёва. Гэта і карнавальнае шэсце на Свяце горада, і шэсце Дзядоў Марозаў 25 снежня, калі мы адкрываем калядныя ды навагоднія святы, і конкурс на лепшага Дзеда Мароза. Старшыня гарвыканкама і сам удзельнічае ў святкаваннях (менавіта ён вымаўляе магічнае: “Ёлачка, запаліся!”), разумее, якое ўздзеянне можа мець мастацтва на людзей, якая роля ў гэтым дзеячаў і работнікаў культуры.
Марым гадаваць сусветных зорак — не толькі вядомых музыкантаў ды спевакоў, але і мастакоў. Кіраўніцтвам рухае жаданне зрабіць горад як мага прыгожым, населеным духоўна багатымі людзьмі. Таму, напрыклад, невыпадкова, што мэр падтрымаў і фестываль “Магутны Божа”.
Грошы на яго вылучаліся гарвыканкамам і раней, але цяпер наша свята набыло большы размах, узнікла магчымасць запрашаць прафесійныя калектывы. Даўно спрабуем запрасіць Жану Бічэўскую, у рэпертуары якой шмат духоўнай музыкі, але штогод на гэты час яна сыходзіць у манастыр. Мы б хацелі, можа, замахнуцца і на хор Турэцкага, і нават на Венскую оперу, але пакуль матэрыяльна гэта не пацягнем, бо білеты намагаемся прадаваць па сацыяльным кошце — ад 5 да 10 тысяч рублёў, каб набыць іх мог кожны, хто пажадае.
Слухаючы Антаніну Паўлаўну і яе аповед пра гарвыканкамаўскія правы і абавязкі, я раптам узгадала
МАГдэбургскае права.
А ўсё таму, што мая суразмоўніца канчаткова перайшла ад фестывалю “Магутны Божа” да Свята горада, якое ў Магілёве прыпадае на 3 ліпеня — Дзень Незалежнасці рэспублікі. Калісьці “Магутны Божа” праводзіўся пазней — то супадаючы па тэрмінах са “Славянскім базарам у Віцебску”, то становячыся часткай Свята горада. Цяперашняя “самастойнасць” фестывалю пайшла яму толькі на карысць, бо на Свяце горада і сваіх падзей хапала.
Сёлета сярод самых значных з іх было ўрачыстае адкрыццё гарадской ратушы, ля якой у дні фестывалю яшчэ нястомна шчыравалі будаўнікі. Дзве залы на першым паверсе ратушы цяпер займае экспазіцыя “Магілёў часоў магдэбургскага права ХVI — ХVIII стагоддзяў”, а ў трэцяй створана атмасфера пасяджэння магістрата таго часу (фігуры членаў магістрата былі замоўлены магілёўскаму скульптару Андрэю Вараб’ёву). Самі ж супрацоўнікі Музея гісторыі Магілёва пачалі займаць кабінеты на трэцім паверсе ратушы, тут жа змесцяцца і музейныя фонды.
Выставачныя плошчы ў ратушы, па словах дырэктара Алега Яшмецьева, большыя за ранейшыя, музейныя, усяго на 6 квадратных метраў. Але адным будынкам ратушы музей не абмяжуецца, бо ўсяго ў ім каля 11 тысяч экспанатаў, сярод якіх — унікальныя іконы, фотаздымкі, дакументы. Раней былі выстаўлены толькі 533 адзінкі — больш не дазвалялі плошчы.
А вось творчая прастора фестывалю “Магутны Божа” раней бывала і шырэйшай за сёлетнюю. Вынікі яго падводзіліся на “круглым стале”, які нагадваў гэткі
універМАГ
ідэй — можа, яшчэ і таму, што праводзіўся акурат насупраць ГУМа, у згаданым гарадскім Цэнтры культуры і адпачынку. Выказваліся прапановы заснаваць на конкурсе харавых калектываў прыз імя Віктара Роўды, вярнуць былую намінацыю царкоўна-прыходскіх хораў (для параўнання: на вядомым Міжнародным конкурсе ў польскай Гайнаўцы царкоўнапрыходскія хоры не толькі адасоблены ад прафесійных калектываў, але і падзелены на гарадскія і сельскія). На мой погляд, для гэтага фестывалю найбольш запатрабаванымі конкурснымі намінацыямі павінны быць вучэбныя калектывы і царкоўна-прыходскія, прафесіяналаў жа (папраўдзе адметных, тых, хто зможа прыўнесці ў нашу культуру элемент навізны) трэба запрашаць у “гасцявую ложу”, каб устанаўлівалі для астатніх высокую планку, да якой трэба імкнуцца. І каб давалі майстар-класы!
Гаварылася пра неабходнасць увесці, нарэшце, грашовыя прэміі, асабліва на конкурсе вакалістаў: гэта і сапраўды павінна спрыяць узняццю яго ўзроўню. На мой погляд, удасканалення патрабуюць самі конкурсныя ўмовы. Бо неабходнасць спяваць арыю з оперы рускага ці заходнееўрапейскага кампазітара не зусім стасуецца з тым, што “УСЕ творы павінны быць духоўнага зместу” (у операх яго носьбітамі, натуральна, часцей з’яўляюцца хоры). Гэтыя пункты патрабуюць ці то ўдакладнення, што разумеецца пад духоўнасцю, ці то прыблізнага спісу рэкамендаваных арый, у якім кожны знойдзе штосьці найбольш блізкае сабе.
Гучалі думкі паўтарыць выкананне “Беларускай месы” І.Мацыеўскага ў Мінску. Дарэчы, а чаму б не ў Расіі, дзе жыве і працуе яе аўтар? Надалей было б няблага ўвогуле праводзіць на фэсце “Магутны Божа” прэзентацыі новых зборнікаў духоўных твораў беларускіх кампазітараў: імі маглі б зацікавіцца і замежныя выканаўцы. У прыватнасці, нядаўна былі выдадзены “Жальбы” Ігара Хадоскі, зборнік мужчынскіх, жаночых, змешаных хораў Міхаіла Васючкова “Пою Богу моему, дондеже есмь” на тэксты Малітваслова, Псалтыра, духоўных вершаў Мікалая Гогаля і протаіерэя Іаана Жураўскага. Прычым мастацкая каштоўнасць гэтых твораў ужо прайшла апрабацыю іх філарманічнымі касцельным выкананнем. У перспектыве ў межах фестывалю мог бы з’явіцца і ўласна кампазітарскі конкурс.
Існуюць і разнастайныя CD-праекты духоўнай музыкі. На сёлетнім фестывалі прадаваліся кампакты, зробленыя кампазітарам і рэдактарам Беларускага радыё Віктарам Кісценем паводле праведзеных ім трансляцыйных запісаў леташніх фестываляў “Калядныя вечары на Залатой Горцы” і “Залатагорская ліра”. Зараз В.Кісцень працуе над новым праектам папраўдзе энцыклапедычнага маштабу — “Арганы Беларусі”. На першым дыску з будучай серыі сабраны запісы з полацкага Сафійскага сабора. У планах — і запісы магілёўскага аргана, усталяванага ў кафедральным касцёле Успення Прасвятой Дзевы Марыі і Святога Станіслава. Прэзентацыя гэтага альбома — чым не адна з падзей наступнага фестывалю “Магутны Божа”?

Надзея БУНЦЭВІЧ,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Магілёў — Мінск
Фота Васіля ЦІТОВА