Опера і сала як талісман

№ 51 (1386) 22.12.2018 - 29.12.2018 г

Учора завяршыўся ІХ Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, які сабраў багата запрошаных зорак. А нашы музыканты тым часам пракладаюць шляхі ў замежныя оперна-фестывальныя прасторы. Такі абмен — толькі на карысць, прычым абодвум бакам, бо вядзе да ўзаемаўзбагачэння розных культур. Малады беларускі дырыжор Уладзімір АВАДОК не раз скараў італьянскую сцэну. Летась ён узначаліў оперны фестываль у Равэне, дзе выступіў дырыжорам-пастаноўшчыкам адразу трох вядомых опер: “Сельскі гонар” П’етра Масканьі, “Паяцы” Руджэра Леанкавала і “Тоска” Джакама Пучыні. Сёлетні сезон быў азнаменаваны паўторным выкананнем аднаго са спектакляў — “Паяцаў” у горадзе П’ячэнца. Праца нашага дырыжора адзначана грунтоўнай рэцэнзіяй італьянскага інтэрнет-выдання Connessiall’Opera, таму і размова пра поспех таленавітага маэстра на радзіме опернага жанра атрымалася небеспрадметнай.

/i/content/pi/cult/724/15778/11.JPGДля чытачоў “К” — пераклад фрагмента той рэцэнзіі, які дае ўяўленне пра ўзровень прафесіяналізму не толькі нашага музыканта, але і італьянскага крытыка:

“Лепшыя ацэнкі гэтай пастаноўкі належаць маладзёжнаму аркестру Луіджы Керубіні і дырыжору Уладзіміру Авадку. Яны прадэманстравалі выдатнае выкананне: найперш агульную прыгажосць гучання і майстэрства выканання асобных частак, а таксама здольнасць перадаць імклівы парыў паэзіі верызму, не ўпадаючы ў крайнасці. Наадварот, ёй надавалася яшчэ большая вастрыня — дзякуючы пластычнай, гнуткай фразіроўцы, заўсёды танютка выверанаму гучанню (пры ўсім змяшэнні тэмбраў) і аркестраваму руху, што дыхае заўжды разам са спевакамі. Неверагодна, як малады маэстра, пры гэтым не італьянец, прадэманстраваў настолькі глыбокае веданне партытуры. І адрадзіў у сваім прачытанні, пазбаўленым засушаных штампаў, яе дасканаласць. Выявіў асаблівую ўвагу да інструментальнага пачатку, у той жа час не страціўшы з поля зроку цэлае. Магчыма, Уладзімір Авадок адкрыў скарб вучэння Рыкарда Муці, у якога ў 2015 годзе ён вучыўся ў Італьянскай опернай акадэміі. А мы ведаем, як Муці любіць “Паяцаў”.

— Прызнацца, я не чакаў атрымаць такі водгук, — каментуе рэцэнзію мой суразмоўца. — А тым больш, на сайце, які спецыялізуецца на аглядзе культурнага жыцця Італіі, фіксуе найбольш значныя падзеі і дае ім непрадузятую ацэнку.

— Затое як прыемна! Можа, больш падрабязна ўзгадаеце тую оперную акадэмію, пра якую гаворыць крытык?

— Сёлета Італьянская оперная акадэмія прайшла ўжо ў чацвёрты раз, а я ўдзельнічаў у першай. Конкурс там вельмі вялікі — больш за 50 чалавек на месца: з больш як двухсот прэтэндэнтаў абіраюць усяго чацвярых. Думаю, значную ролю тут адыгрывае не толькі талент, але і ўдача. Мне пашанцавала. Бо, акрамя мяне, пакуль нікому з Беларусі і Расіі так і не ўдалося скарыць сэрца маэстра — нават маім знаёмым, якія маюць пастаянную практыку супрацоўніцтва са знакавымі аркестрамі. Але патрапіць у Акадэмію — гэта першы крок. Далей трэба пераканаць маэстра ў правільнасці яго выбару. Бо такі буйны праект, як дырыжыраванне опернымі спектаклямі на прэстыжным фестывалі, ён можа даверыць толькі аднаму са сваіх вучняў — таму, хто вытрымае марафон і прывядзе калектыў да поспеху.

— Ды ўсё ж для многіх, пэўна, дзіўна, як без аніякіх сувязяў можна быць абраным з сотняў прэтэндэнтаў. Што гэта — мэтанакіраванасць, фартуна, штосьці іншае?

— Я пастаянна вучуся і іду наперад. У любых выніках прызвычаіўся бачыць жыццёвы ўрок, які даецца для далейшага руху наперад. Таму не баюся няўдачаў. Хаця калі ўжо выходзіш на пэўны ўзровень майстэрства і на цябе ўскладзены вялікія надзеі, трэба моцна верыць у перамогу. Мой прынцып — самаадукацыя ва ўсіх сферах жыцця. Не таму, маўляў, што вучыцца трэба выключна самастойна, без аніякіх “настаўнікаў”, а таму, што са ўсяго, з чым сутыкаешся, трэба рабіць высновы.

— Тады што яшчэ, акрамя права кіраваць цяперашнім фестывальным праектам, дала вам тая стажыроўка?

— Вялікім стымулам для мяне стала само знаёмства з сям’ёй Муці — са знаным дырыжорам і яго жонкай Крысцінай, якая з’яўляецца рэжысёрам-пастаноўшчыкам оперных спектакляў.

— Яны вас падтрымлівалі ці крытыкавалі?

— Ці ж гэта пярэчыць адно аднаму? Яны акрылялі, давалі натхненне працаваць на мяжы сваіх магчымасцяў — і гэта галоўнае. Бо ў чалавечых стасунках абодва яны вельмі сяброўскія, добразычлівыя, а ў рэпетыцыйным працэсе — самыя строгія крытыкі. Так адбываецца яшчэ і таму, што як аўтары ідэі, якія самі яе і ажыццяўляюць, яны больш за ўсіх зацікаўлены ў поспеху. І робяць для гэтага ўсё магчымае. Я вельмі ўдзячны маэстра за наведванне маіх рэпетыцый, каштоўныя парады і рэкамендацыі, за магчымасць карыстацца ягонымі партытурамі, дзе рукой майстра адзначаны многія выканальніцкія тонкасці.

— Рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакляў у рамках Ravenna Festival з’яўлялася згаданая вамі Крысціна Муці. Наколькі яе рэжысёрская канцэпцыя адпавядала вашым уяўленням пра “Паяцаў”? Бо сучасныя пастаноўшчыкі часцяком надта вольна абыходзяцца з арыгіналам, змяняючы не толькі час і месца дзеяння, але і саму музычную драматургію, расстаноўку і нават характары дзейных асоб — здараецца, насуперак музыцы.

— Італьянскія рэжысёры, як правіла, традыцыяналісты. Яны не столькі шукаюць эпатажныя шляхі, колькі паглыбляюцца ў псіхалогію чалавека, выкарыстоўваючы пры гэтым усю палітру сучасных тэхналогій. Крысціна мае свой почырк, што сёння вельмі важна. Мне даспадобы яе рэжысёрскі стыль.

— І ў чым жа ён выяўляецца?

— У рэжысуры Крысціны не так многа атрыбутыкі, вялікіх складаных канструкцый. Асноўныя дэталі сцэнаграфіі ствараюць мастакі па свеце, наслойваючы выявы на пустыя чорныя кулісы. Пры гэтым узнікае ўражанне, быццам знаходзішся ў аб’ёмнай прасторы, дзе кожная дробязь выглядае рэалістычна. Такі эфект дасягаецца за кошт LED-тэхналогій. Я некалькі разоў дакранаўся рукамі да кулісаў — не верыў, што гэта ўсяго толькі гульня святла. Але зусім не светлавыя дэкарацыі выходзяць у спектаклі на першы план. Наадварот, уся ўвага канцэнтруецца на галоўных героях, іх перажываннях і ўзаемаадносінах. Такі баланс дзеяння і візуальнай “карцінкі” — адна з адметных рысаў Крысціны як рэжысёра. З такой расстаноўкай сіл пагодзіцца кожны музыкант, бо менавіта музыка перадае эмацыйныя памкненні, часам незаўважныя для вока. Для оперы гэта вельмі важна.

— А для верысцкага кірунку, куды адносяцца і “Паяцы”, — тым больш.

— Так, бо верызм узнік як імкненне перадаць у музыцы праўду жыцця. Само слова vero перакладаецца як праўда. А каб праўдзіва перадаць жыццё на сцэне, трэба спазнаць яго ў рэчаіснасці. Таму шмат часу давялося прысвяціць дэталёваму пранікненню ў псіхалогію кожнага з герояў, выбудоўванню вобразаў, развіццю характараў. Зразумела, мяне натхнялі выдатныя выкананні “Паяцаў” пад кіраўніцтвам такіх дырыжораў, як Карла Сабайна, якому належыць першы запіс гэтай оперы ў 1907 годзе, Джузэпа Марэлі (ягоную версію многія ведаюць па экранізацыі з вялікім Ціта Гобі) і Рыкарда Муці, які лічыцца непераўзыдзеным інтэрпрэтатарам верызму.

— Як на ўсё гэта рэагавала італьянская публіка?

— Італьянцы вельмі эмацыйныя. І выхаваны на лепшых узорах опернага выканальніцтва. Таму скарыць тамтэйшую публіку — задача няпростая: яны бурна рэагуюць на ўсё добрае ці дрэннае і не даруюць памылак.

— Як увогуле там успрымаюць замежных выканаўцаў?

— Італьянцы — народ гасцінны. Але толькі пры ўмове, што іншаземец годна і прафесійна пакажа сябе ў сваёй дзейнасці. У спектаклі ўдзельнічаў вялікі калектыў, сабраны з прадстаўнікоў розных кантынентаў. Салістаў вылучылі яшчэ ў пачатку мінулага года — для леташняга Ravenna Festival-2017. Зарэкамендаваўшы сябе з лепшага боку, яны сустрэліся сёлета практычна ў тым жа складзе. У Маладзёжны аркестр імя Луіджы Керубіні прымаюцца таксама не толькі італьянскія музыканты. Галоўным крытэрыем для конкурснага адбору з’яўляюцца тут узрост — да 30-ці гадоў — і высокі ўзровень майстэрства.

— Наколькі складана ўзначальваць шматнацыянальны калектыў?

— Складана бывае тады, калі няма матывацыі ў дасягненні выніку. А нас звязваў рух да адной мэты — стварыць добры спектакль. І, вядома, усе валодалі італьянскай мовай (у той ці іншай ступені яе ведае кожны музыкант — ужо хаця б таму, што ўся музычная тэрміналогія спрадвек вядзецца па-італьянску, не патрабуючы перакладу). Усё астатняе — выключна прафесійныя патрабаванні. А ў пастаноўцы, зразумела, не было выпадковых людзей. Каманда складалася з высокакласных прафесіяналаў — ад рэжысёра па святле да працоўнага сцэны. Я заўважыў, што адна з характэрных рысаў італьянцаў — выконваць сваю справу максімальна добра. Таму яны наўрад ці стануць супрацоўнічаць з тымі, хто не адпавядае гэтай планцы.

— Як ставяцца да вашых паездак хатнія? Ці адчуваеце вы падтрымку сваёй сям’і?

— Безумоўна. Сям’я ўвогуле павінна быць моцным тылам. У маім атачэнні шмат музыкантаў, таму я без цяжкасцяў знаходжу паразуменне. Бацькі-музыканты — бадай, самыя строгія суддзі. Нават пры авацыях публікі яны не пакідаюць мае выступленні без трапнай крытыкі. Бабуля з дзядулем заўжды перадаюць кавалачак сала — на ўсялякі выпадак. Так што сала, можна сказаць, становіцца маім талісманам. Жонка (яна ў мяне музыказнаўца) — натхняе. Сын — расце. Пад гукі музыкі!

Алена БАРАХАВА

Фота Алега Красоўскага.