Паразуменне ў “інтэр’еры” горада

№ 51 (1386) 22.12.2018 - 29.12.2018 г

На мінулым тыдні на старонках “К” мы ўжо коратка паведамлялі пра рэспубліканскі семінар “Дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў галіне музейнай справы ў Беларусі: стан і перспектывы развіцця”. Сёння прапануем вашай увазе працяг размовы пра тое, як развіваюць горад музеі рознага профілю.

/i/content/pi/cult/724/15776/8.JPGГорад, дзе ўсё блізка

Уявіць лепшую пляцоўку для сумоўя нашых музейшчыкаў, чым Гродна, бадай што немагчыма. Тут, нягледзячы на ваенныя страты, а таксама разбурэнні, перабудовы і рэканструкцыі мірнага часу, гістарычная частка горада захавалася як суцэльны ансамбль. Гродна лічыцца горадам-музея. Сутнасна архітэктурныя цікавосткі і музеі горада ўяўляюць з сябе турыстычны кластар, хоць адзінага юрыдычнага даху над імі няма. Бо ўсё, што можа зацікавіць турыста ў Гродне, месціцца кампактна — у крокавай даступнасці. Распачаўшы вандроўку па горадзе ад чыгуначнага вакзала па славутай Раскошы (цяпер — вуліца Элізы Ажэшка), даволі хутка дойдзеш да Савецкай плошчы. Далей — Стары і Новы замкі. А недалёка ад іх — Каложа. На гэтым маршруце ці паблізу ад яго і знаходзяцца ўсе гродзенскія музеі.

Каб зразумець, наколькі яны зручна для жыхароў і гасцей Гродна ўключаны ў гарадскую структуру, трэба не на пасяджэннях прысутнічаць, а па вуліцах хадзіць. Гаспадары гэта разумелі і ўлічылі, таму аснову праграмы семінара склалі менавіта экскурсіі.

Прыватныя і ведамасныя

Мы наведалі чатыры музеі. Гэта музей з красамоўнай назвай “Цікавы”, Музей-аптэку, Музей турмы і Музей пажарнай справы. Тэме семінара — дзяржаўна-прыватнае партнёрства — адпавядалі ў большай ці меншай ступені два першыя з названых. Цікавы музей належыць прыватнай асобе, а Музей-аптэка — прыватнай структуры, якая выкарыстоўвае яго як рэкламны брэнд. Музей турмы і Музей пажарнай справы — ведамасныя, а значыць дзяржаўныя. Вось толькі ведамства, якім яны належаць, не маюць права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. З гэтага вынікае, што названыя музеі грошы зарабляць не могуць. Іх функцыя — асветніцкая. А Музей пажарнай справы можна лічыць яшчэ і прапагандысцкім, бо ягоная экспазіцыя распавядае пра гераічную прафесію выратавальніка і можа спрыяць прытоку моладзі ў структуры Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Музей турмы мае мэту цалкам супрацьлеглую — праз знаёмства з турэмным бытам максімальна зменшыць колькасць магчымых “сідзельцаў”.

У “Цікавым” сапраўды цікава

Цікавы музей належыць гродзенскаму прадпрымальніку Алегу Яршу, жарсць якога — папаўняць сваю рэтра-калецыю прадметаў хатняга ўжытку. І як ва ўсялякай жарсці логіка, а то і здаровы сэнс часцяком адсутнічаюць. Але ж менавіта гэтая акалічнасць робіць прыватныя калекцыі прыцягальнымі для людзей, якім надакучылі сумнаватыя, правільна выбудаваныя і ідэалагічна вывераныя экспазіцыі афіцыёзных скарбніц. Калекцыя, якая збіраецца “для сябе” — гэта заўжды нешта нечаканае, у адрозненне ад таго, што зыходна рабілася “для ўсіх”.

Алег Ёрш, маючы ўласцівае кожнаму збіральніку жаданне пахваліцца сваімі скарбамі перад людзьмі, стварыў свой музей не для таго, каб на ім грошы зарабляць, а дзеля самасцвярджэння. Ён, дарэчы, сябра Беларускага саюза дызайнераў, і гэты экспазіцыйны праект — праява і ягоных творчых амбіцый. Тут прадстаўлены самыя звычайныя рэчы, большасць з якіх тэхнічны прагрэс і сцвярджэнне ў грамадскай свядомасці новых, больш высокіх стандартаў якія альбо беззваротна вывелі з нашага побыту, альбо пасунулі на перыферыю спажывецтва.

У музеі вялікая колькасць аналагавай фотатэхнікі, швейных машын, прынцып работы якіх зразумее не кожная швачка, грамафонаў, кухонных прыладаў “дацэптэраўскай” эры, прасаў… Пра іх трэба сказаць асобна, бо, як мне падалося, менавіта да гэтага сегмента калекцыі гаспадар ставіцца з асаблівай цеплынёй. Большасць прасаў — з блізкай нам па часе эпохі, але ёсць і тыя, якімі карысталіся яшчэ маракі ветразевага флоту. Ці такія, што ў Старажытным Кітаі скарыстоўваліся як прылада катавання. Паводле слоў спадара Ярша, пік наведвання ягонага музея супадае з пікам турыстычнага сезона ў Гродне. Вось тады сапраўды даводзіцца завіхацца… Пэўны час музей прыбытку не прыносіў, а наадварот — адны страты. Цяпер ужо выйшаў на самаакупнасць. Бывае капейчына і звыш таго. Дзяржава дапамагае спадару Яршу тым, што не перашкаджае. Ён дзяржаве — тым, што плаціць падаткі і працуе на станоўчы імідж горада ў вачах гасцей Гродна.

У музей па зёлкі

Гэта аптэка на Савецкай плошчы Гродна — адна з самых старажытных ў нашай краіне. І гэта адзіны ў нашай краіне Музей-аптэка. Экспазіцыйная зала займае палову тэрыторыі дзеючай “крамы”. Густоўна зробленая экспазіцыя дае пэўнае ўяўленне пра старажытную фармакалогію і пра побыт Гародні ў даўнія часы. Музей часта наведваюць студэнты Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Музей належыць таварыству з абмежаванай адказнасцю (ТАА). Некаторыя ўзоры прадукцыі гэтага таварыства проста ў музеі можна і купіць — гэта карысныя для здароўя зёлкі. Супрацоўніцтва дзяржавы і недзяржаўнай установы карыснае для абодвух. Гродна мае музей, стварэнне якога на дзяржаўныя грошы было б адчувальным для гарадскога бюджэту, а ТАА — зручную для гандлю кропку ў самым цэнтры горада і рэкламны брэнд.

“І ў турме людзі жывуць…”

Гэты сказ з нейкай п’есы, дзе паводле сюжэта персанажа страшаць турмою, а ён вось так адказвае, я згадаў падчас экскурсіі ў Музей турмы. Экспазіцыя збольшага распавядае пра турэмны побыт. Пра тое, як ён змяняўся з часоў утварэння на тэрыторыі, што належала кляштару, і да нашых дзён. Сам музей знаходзіцца па-за турэмнымі мурамі ў будынку адміністрацыі турмы. Гэтая акалічнасць некаторых экскурсантаў нават засмуціла. Бо ім хацелася пабачыць рэальнае “наседжанае месца” знутры, а тут толькі фотаздымкі, артэфакты, макеты… За ўваход сюды грошай не бяруць. Асноўны кантынгент наведвальнікаў музея, паводле слоў экскурсавода, гэта “цяжкія” падлеткі. Іх сюды водзяць, так бы мовіць, дзеля прафілактыкі. Зразумела, што тыя тэмы і сюжэты турэмнага жыцця, на якія звернута пільная ўвага праваабаронцаў, у экспазіцыі не згадваюцца. Але і тое, што ёсць, пабачыць карысна, каб з аднаго боку ўпэўніцца, што неяк “і ў турме людзі жывуць”, а з другога — пераканацца, што лепей такой школы жыцця пазбегнуць.

Від на горад з пажарнай вежы

Музей пажарнай справы ў Гродне малады — адкрыты ў 2008 годзе. Знаходзіцца побач са Старым замкам на тэрыторыі дзеючага падраздзялення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Знаёміць з гісторыяй горада з гледзішча развіцця ў ім сістэмы пажарнай бяспекі і выратавальніцкай справы. Калі браць да ўвагі, што музей пачынаўся, як прынята казаць, з чыстага аркуша, дык трэба выказаць сваё захапленне ягоным стваральнікам — усё зроблена з густам і з гонарам за прафесію.

Удзельнікам семінара ў якасці бонуса дазволілі ўзняцца на самы верх вежы, адкуль штодзень апоўдні грае трубач мелодыю-сігнал, што “ў горадзе ўсё спакойна”, збіраючы тым самым унізе натоўп жыхароў і гасцей горада. Непасрэдна музей грошай не зарабляе, але наяўнасць такіх цікавостак у горадзе дазваляе зарабляць іх самому Гродна, які становіцца ўсё больш прывабным для турыстаў.

Была ў нас яшчэ адна экскурсія. На будаўнічаю пляцоўку Старога замка, дзе ідзе рэстаўрацыя страчанай пабудовы. Потым была гаворка пра прынцыпы рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў даўніны, пра перспектывы вяртання Гродна былой славы і магчымасці скарыстання шмат ў чым унікальнага гродзенскага досведу ў іншых рэгіёнах краіны. Ніякай выніковай рэзалюцыі не пісалі, ды і патрэбы ў гэтым не было. Гродзенскае “зерне” запала ў душу і ў розум, а значыць дасць плён на іншых палях нашай краіны.

Мая ж асабістая выснова з пабачанага: супрацоўніцтва паміж уладай і музейнай грамадою, паміж прыватнікам і дзяржавай магчыма тады, калі партнёры — наяўныя альбо перспектыўныя — самае малое адзін аднаму не перашкаджаюць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"