На вастрыі часу

№ 51 (1386) 22.12.2018 - 29.12.2018 г

Гэты год прынёс асабліва многа страт сярод дзеячаў культуры і мастацтва. Вось і днямі — пайшоў з жыцця вядомы кампазітар Кім Цесакоў, чыя творчасць заўсёды была на вастрыі часу.

/i/content/pi/cult/724/15775/cesakou_opt.jpegЁн называў сябе “квартэтным воўкам”: больш за яго ніхто з нашых творцаў не напісаў твораў гэтага жанру. Струнных квартэтаў у яго было ажно дзесяць. А яшчэ — Духавы квартэт, Трубны, для трох валторнаў і ўдарніка. У 1970 — 1980-я гады Кім Цесакоў напісаў дзве радыёоперы, замацаваўшы ў сваёй творчасці гэту даволі рэдкую жанравую разнавіднасць. А ў 1990-м яго імя было на вуснах усіх змагароў за праўду пра ахвяраў сталінскага рэжыму: ён напісаў Сімфонію “Курапаты”. Яна стала Чацвёртай з сямі, была адзначана прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, выконвалася ў Мадрыдзе. А ў час прэм’еры, ва ўступным слове са сцэны нашай філармоніі ён шчыра дзяліўся сваімі ўражаннямі ад наведвання тых палітых крывёю мясцін і расказваў, як стаяў там з запаленай свечкай — і літаральна чуў галасы загінуўшых, пазней выклаўшы тую нямую размову нотамі.

Бацькі свядома далі яму імя-абрэвіятуру: Камуністычны інтэрнацыянал моладзі. Моладзевы запал, маладая энергія, што не маюць нацыянальных абмежаванняў, былі ў яго ў крыві. Ён не ўмеў гаварыць сцішана бляклым голасам — толькі эмацыйна, на ўздыме, ярка і запамінальна. Які ён быў бязмерна шчаслівы, калі атрымаў медаль Францыска Скарыны! Як дзіця, радаваўся не толькі высокай дзяржаўнай узнагародзе, але і таму, што раптам даведаўся: адзін з яго твораў калісьці іграў на баяне Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Ураджэнец Чэрвеня, у 2001-м Кім Цесакоў стаў яго Ганаровым грамадзянінам. Не чакаючы, пакуль аб’явяць Год малой радзімы, тады ж адвёз у Чэрвеньскі краязнаўчы музей і тамтэйшую дзіцячую музычную школу стос сваіх нот і кампакт-дыскаў: пра родны горад кампазітар памятаў заўжды, стварыўшы гімн гораду — “Чэрвеньскія зоркі”. Як і ўвогуле ён ніколі не забываўся на сваю краіну, свой народ, увасобіўшы беларускую фальклорнасць і абрадавасць у трыпціху сцэнічных араторый-дзеянняў: “Купалле”, “Беларускае вяселле” і “Каляды” (“Нараджэнне Хрыстова”). Цікава, што ўсе тры гэтыя партытуры прадугледжвалі наяўнасць сярод выканаўцаў не толькі хору і чытальніка, але і, замест звыклага аркестра — інструментальнага трыа, так званай траістай музыкі (скрыпка, бубен і цымбалы), наўпрост звязанай з народным выканальніцтвам. Гэтыя творы быццам падхапілі, працягнулі традыцыі “абраду на сцэне”, уласцівага айчыннаму тэатру ў першыя паслярэвалюцыйныя гады.

Гэтак жа творца не даў спыніцца працэсу ранняга выяўлення і развіцця творчай асобы. У час, калі кампазіцыі было прынята навучаць ажно пасля заканчэння кансерваторыі, ён, наадварот, вёў гэты клас для школьнікаў.

Заслужаны дзеяч мастацтваў нашай краіны, Кім Цесакоў заўжды быў яе верным, адданым сынам. Такім і застаўся…

Надзея БУНЦЭВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"