Паміж двума полюсамі

№ 51 (1386) 22.12.2018 - 29.12.2018 г

Найлепшым ігравым фільмам года журы Нацыянальнай кінапрэміі, што ўручалася 17 снежня, прызнала незалежны праект “Унутры сябе” Сяргея Талыбава і прадзюсарскай групы “Першая КінаВідэаКампанія”. Аднак па колькасці намінацый лідзіраваў вядомы гістарычны баявік кінастудыі “Беларусьфільм” — “Сляды на вадзе” Аляксандра Анісімава. Ён і ўзяў узнагароды ў васьмі катэгорыях з дванаццаці, у якіх удзельнічаў. Калі фракі знятыя, статуэткі раздадзеныя і святочная эйфарыя сышла, самы час разабрацца, як жа прайшла Першая Нацыянальная кінапрэмія.

/i/content/pi/cult/724/15772/4.JPGНамінацыі

Нагадаю, што галоўнай праблемай конкурсу сталася невялікая колькасць удзельнікаў. Не было сярод намінантаў, напрыклад, фаварыта года — “Крышталя” Дар’і Жук, пазалеташянага пераможцы кінафестывалю “Лістапад” — “Заўтра” Юліі Шатун ці “Дачкі” Мары Тамковіч, якае набірае “абароты” папулярнасці на фестывальных пляцоўках. Таксама не патрапіла ў абойму канкурсантаў і “Сума” Андрэя Куцілы, нядаўняга пераможцы Міжнароднага кінафестывалю IDFA у Амстэрдаме. Усё гэта значна абядняла кінапрэмію.

Расклад атрымаўся такі. У ігравым кіно спаборнічалі “Сляды на вадзе” Аляксандра Анісімава, “Тум-пабі-дум” Вячаслава Нікіфарава, “Пацалунак восені” Андрэя Голубева, “Не гульня” Дзяніса Скварцова, “Унутры сябе” Сяргея Талыбава. Дзве працы з названых — незалежных кінакампаній і рэжысёраў (“Пацалунак восені” і “Унутры сябе”), тры з намініраваных — кінастудыі “Беларусьфільм”. У дакументальным кіно барацьба вялася пераважна паміж стужкамі студыі “Летапіс” — “Агмень” Юрыя Цімафеева, “Чужое і сваё” Галіны Адамовіч, “УНОВІС” Яўгена Сяцько. Аднак у конкурсе былі заяўлены і незалежны “Дэбют” Настассі Мірашнічэнка і стужка Галіны Адамовіч “Нашы дзеці”, абедзве знятыя разам з прыватнай “Першай КінаВідэаКампаніяй”.

У анімацыі рэй вялі цалкам работы кінастудыі “Беларусьфільм”. Пералічу намінантаў: “Ваўчышка” Ігара Волчака, “Баявая машына” Наталлі Касцючэнка, “Марк Шагал. Пачатак” Алены Пяткевіч, “Лагодны воўк” Наталлі Дарвінай і альманах “У Палессі на балоце” каманды маладых аніматараў на чале з Русланам Сінкевічам. У цэлым, амаль ва ўсіх катэгорыях дамініравалі менавіта стужкі Нацыянальнай кінастудыі. Калі, да прыкладу, у намінацыі “Найлепшы фільм у анімацыйнай форме” такі падыход яшчэ захоўваў інтрыгу, у іншых — яна нярэдка выглядала нацягнутай.

/i/content/pi/cult/724/15772/5.JPGУ прыватнасці, у катэгорыі “Найлепшы сцэнарый” змагаліся за перамогу аўтары сцэнарыяў як ігравых (“Унутры сябе”), так і дакументальных (“Чужое і сваё”), а таксама анімацыйных (“Ваўчышка”, “Баявая машына”). У катэгорыі “Найлепшая работа мастака-пастаноўшчыка” барацьба вялася паміж адмыслоўцамі, што працавалі на праектах: “Сляды на вадзе” (ігравы праект), “Ваўчышка”, “Баявая машына”, “Марк Шагал. Пачатак” (усе тры — анімацыя), “Снайпер. Афіцэр СМЕРШ” (ігравы, серыял). Цікава, што пераможцамі і ў першай, і ў другой катэгорыі сталі творцы, што працуюць у анімацыйным кіно — Дзмітрый Якутовіч, які напісаў сцэнарый да “Баявой машыны”, Ала Мацюшэўская, чыя работа мастака-пастаноўшчыка была адзначана ў фільме “Марк Шагал. Пачатак”. Нацыянальная кінапрэмія нечакана падкрэсліла каштоўнасць нашай анімацыі, якую можна вылучаць па самых розных кірунках: сцэнарый, мастацкае афармленне, рэжысура… І яна — не падвядзе.

У намінацыі на найлепшую мужчынскую ролю барацьба ішла паміж Віктарам Васільевым (“Мухтар. Новы след”), Паўлам Харланчуком-Южаковым (“Унутры сябе”), Пятром Юрчанковым (пасмяротна, “Сляды на вадзе”), Георгіем Маляўскім (“Фота на памяць”), Анатолем Гур'евым (“Апошні шанец”).

Пераможцам прызнаны Пятро Юрчанкоў. Нагадаю, што Пятро Пятровіч, прадстаўнік таленавітай акцёрскай дынастыі пайшоў з жыцця на пачатку гэтага года. Заслужаная артыстка БССР Святлана Сухавей, уручаючы “папараць-кветку” ўдаве артыста, сказала цёплую прамову на адрас свайго калегі па сцэне. “Няхай гэта прызнанне стане адпраўной кропкай у дынастыі Юрчанковых”, — сказала ў адказ супруга акцёра, якая паднялася на сцэну разам з сынам.

У намінацыі “Найлепшая галоўная жаночая роля” спаборнічалі: Вера Палякова-Макей (“Ой, ма-мач-кі!”), Вераніка Пляшкевіч (“Сляды на вадзе” і “Унутры сябе”), Юліяна Міхневіч (“Вокны дома твайго”), Зінаіда Зубкова (“Юбілей”). Перамагла Вера Палякова-Макей. Атрымаўшы статуэтку актрыса адзначыла адданую працу ўсіх сваіх калег, а таксама выказала падзяку творчай групе серыяла, што прынёс ёй высокую ўзнагароду.

У намінацыі “Найлепшая жаночая роля другога плана” адзначана Валянціна Гарцуева за ролю ў серыяле “Снайпер. Афіцэр СМЕРШ”.

А вось у намінацыі “Дэбют” злучылі розныя работы: Арцёма Венгеровіча (“Найлепшая мужчынская роля”, “Тум-пабі-дум”), Настассі Мірашнічэнка (“Найлепшы рэжысёр”, дакументальная стужка “Спадарожнік”), Арцёма Курэня (“Найлепшая мужчынская роля”, “Сляды на вадзе”), Лізаветы Фалей (“Найлепшая жаночая роля”, серыял “Ой, ма-мач-кі!”), Кірыла Ярохіна (“Найлепшы рэжысёр”, кароткі метр “Брачо”). Не адразу нават разбярэшся, што да чаго. Падаецца, усё ж трэба было развесці акцёрскую і рэжысёрскую прафесіі ў гэтай катэгорыі, нават нягледзячы на тое, што намінантаў замала.

/i/content/pi/cult/724/15772/6.jpgНе падлягала сумненню адзнака рэжысёра Валерыя Рыбарава ў ганаровай катэгорыі “За выбітны ўклад у беларускі кінематограф”. Валерый Паўлавіч, прыняўшы прыз, сказаў літаральна некалькі слоў, выказаўшы падзяку сваім калегам — аператару Феліксу Кучару, мастаку кіно Яўгену Ігнацьеву, з якімі працаваў. “Усё, што рабіў, я рабіў разам з імі”, — сціпла прамовіў ён.

“За выбітны ўклад беларускіх кінематаграфістаў у замежны кінематограф” быў, мяркую, неаспрэчна вылучаны народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін. Яго прамова на сцэне была палымянай.

— Я плачу па начах, узгадваючы вялікі савецкі кінематограф, — прызнаўся выканаўца культавых роляў. — Узгадваю асобаў, з якімі мне прыходзілася працаваць. У нас з’яўляліся пэўныя цікавыя сполахі ў апошнія гады — напрыклад, рэжысёр Аляксандр Колбышаў. Але мы павінны быць шчырымі ў дачыненні да саміх сябе — на сённяшні момант пакуль у багажы маем у меншай ступені кіно, а ў большай ступені “кіношку”.

Сцэнарый

У цэлым, сцэнарны каркас будучай прэміі намацаўся. Усё было па правілах: запрашаўся ганаровы госць, які адкрываў запаветны канверт з імем пераможцы ў пэўнай намінацыі ды агалошваў вынік. У якасці экспертаў выступілі: народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель (якая праспявала на народны манер “Happy birthday, Першая Нацыянальная кінапрэмія”), вядомы аператар Дзмітрый Зайцаў, знаны дакументаліст Міхаіл Жданоўскі, драматург і сцэнарыст Аляксей Дудараў, актрыса і грамадскі дзеяч Святлана Сухавей, дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацваў, мастак Сяргей Крыштаповіч... Хтосьці падышоў да сваёй місіі даволі стрымана, хтосьці, наадварот, творча ды нават экспрэсіўна. Але ўсё разам пакідала ўражанне недасказанасці і адначасова спантаннасці: з аднога боку, сустрэліся, нарэшце, усе свае, але з іншага — не ўсё ведалі, што сказаць у гэты момант адзін аднаму. Гэта, несумненна, варта выпраўляць, рыхтуючыся да выхадаў і закладваючы пэўныя хады ў сцэнарый цырымоніі.

Выдатна разбівалі манатоннасць афіцыйнага цырыманіяла фільмы-эсе, прысвечаныя кінематаграфістам і кінакрытыкам, якія сышлі ад нас. Сюжэты пра вядомага аператара Юрыя Марухіна, класіка беларускага кіно Ігара Дабралюбава і яго “Белыя росы”, што сёлета адзначалі свае 35-годдзе, кінакрытыка Алу Бабкову (кінапрэміі папарэднічала прэзентацыя кнігі кіназнаўцы “Мне есть что сказать”, сабраная яе калегамі і сябрамі) — гэтыя невялікія экранныя нарысы “гучалі” вельмі цёпла, нараджаючы хвалю гонару за айчынны кінематограф.

Хочацца адзначыць і саму ўзнагароду, што ўручалася пераможцам. Яе аўтарам, нагадаю, выступіў скульптар Павел Вайніцкі. Магчыма, вобраз папараць-кветкі і сапраўды даволі распаўсюджаны ў беларускай сімволіцы (узгадаем тую ж эмблему студыі “Летапіс”), аднак статуэтка атрымалася густоўнай. А вось сцэна для такой падзеі, падаецца, патрабавала больш сучаснага візуальнага афармлення.

Сцэнарый цырымоніі не выглядаў перагружаным, аднак дзеі ўсё ж пакуль не хапала лоску, свецкасці. Ды нават вядучыя часам дапускалі прыкрыя “ляпы”, кшталту не запрасіць да мікрафону першага пераможцу — мантажора Вольгу Рашотнікаву (фільм “Сляды на вадзе”). Яна моўчкі атрымала ўзнагароду і сышла са сцэны.

Падзея, якую чакалі

Агульны настрой цырымоніі склаўся менавіта з адчування гэтых двух полюсаў: недапрацаванасці “пілотнай версіі” конкурсу і разумення таго, што падобная падзея ўжо даўно мусіла быць у кінематаграфістаў. Яе чакалі — і гэта было бачна па выглядзе творцаў, іх прадчуванні сустрэчы, урачыстасці, размовах... Цалкам дарэчнымі на адкрыцці прагучалі словы старшыні журы кінапрэміі, кінакрытыка, загадчыцы кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ Людмілы Саянковай:

 — Я разумею тыя пытанні, што ўзніклі ў многіх з нас, і што агучваліся на разнастайных пляцоўках у дачыненні да кінапрэміі. Што тычыцца майго персанальнага меркавання, лічу — гэта добра, што Нацыянальная кінапрэмія заснавана. Трэба, каб яна была. Гэта дасць стымул розным аўтарам і будзе нас аб’ядноўваць. Але мне падаецца, што прэмія мусіць жыць і заваёўваць аўтарытэт толькі ў адным выпадку: калі яна будзе максімальна справядлівай і шчырай.

P.S. Фільмы намінантаў і лаўрэатаў Першай Нацыянальнай кінапрэміі паказваюць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, 3) да 26 снежня. Гэтаксама ў Фалкон Клаб Буцік Кіно ідуць паказы дакументальнай стужкі “Дэбют” Настассі Мірашнічэнка.

Пераможцы Першай Нацыянальнай кінапрэміі

Найлепшы ігравы фільм

“Унутры сябе” Сяргея Талыбава.

Найлепшы тэлесерыял у ігравой форме

“Ой, ма-мач-кі!-2”

Найлепшая галоўная мужчынская роля

Пятро Юрчанкоў (пасмяротна), “Сляды на вадзе”

Найлепшая галоўная жаночая роля

Вера Палякова-Макей, “Ой, ма-мач-кі!-2”

Найлепшая жаночая роля другога плана

Валянціна Гарцуева, “Снайпер. Афіцэр СМЕРШ”

Найлепшая мужчынская роля другога плана

Віктар Васільеў, “Вокны дома твайго”

Найлепшы фільм у неігравой форме

“Дэбют” Настассі Мірашнічэнка

Найлепшы фільм у анімацыйнай форме

“Ваўчышка” Ігара Воўчака

Найлепшы кароткаметражны фільм

“Апошні шанец”

Найлепшая рэжысёрская работа

Аляксандр Анісімаў, “Сляды на вадзе”

Найлепшы сцэнарый

Дзмітрый Якутовіч, “Баявая машына”

Найлепшая аператарская работа

Дзмітрый Рудзь, “Сляды на вадзе”

Найлепшая работа мастака-пастаноўшчыка

Ала Мацюшэўская, “Марк Шагал. Пачатак”

Найлепшая работа мастака па касцюмах

Наталля Сардарава, “Сляды на вадзе”

Найлепшая музыка да фільма

Віктар Капыцько, “Сляды на вадзе”

Найлепшы мантаж фільма

Вольга Рашотнікава, “Сляды на вадзе”

Найлепшы гукарэжысёр фільма

Уладзімір Сухадолаў, “Сляды на вадзе”

Найлепшы дэбют па намінацыях

Арцём Курэнь, “Сляды на вадзе”

За буйны ўклад у беларускі кінематограф

Валерый Рыбараў, кінарэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР

За буйны ўклад беларускіх кінематаграфістаў у зарубежны кінематограф

Уладзімір Гасцюхін, народны артыст Беларусі

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"