У памкненні да неба

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

І сапраўды, тут самы час прыгадаць, што знакаміты падарожнік і святар Фёдар Конюхаў — яшчэ, да ўсяго, і мастак: ён вядомы як іканапісец, скульптар, літаграфіст. Прычым асновы творчасці цяперашні сапраўдны член Расійскай акадэміі мастацтваў спасцігаў не дзе-небудзь, а ў нашым Бабруйску!

/i/content/pi/cult/723/15768/23.JPGІконы выспяваюць у плаванні

— Затым я два гады павышаў кваліфікацыю ў Акадэміі вытанчаных мастацтваў у Парыжы, — дадае ён. — І ва ўсе вандроўкі бяру з сабой альбомчык для замалёвак, часта пішу словамі: нябёсы — сіні колер, мора — зялёны колер. І літаратуру бяру: люблю чытаць, калі дазваляюць умовы. Са мной заўсёды Біблія, іншыя духоўныя кнігі.

Зразумела, ксяндза-магістра Уладзіслава Завальнюка асабліва цікавіў духоўны аспект творчай дзейнасці суразмоўцы — яго іконы.

— Ведаеце, ікону можа напісаць кожны мастак з адукацыяй, — разважліва адказаў ён. — Але тут важна духоўна саспець, таму трэба маліцца, пасціцца. А калі ўзяць ды намаляваць, тады гэта будзе проста карціна. Часта ўглядаюся ў старыя іконы, якія не мастакі рабілі, а “багамазы”. Вось тут рука няправільна павернутая ў святога, тут цела евангеліста непрапарцыйнае, тут анёлы ляцяць не туды… Я як прафесіянал гэта адразу бачу. Але адтуль нешта сыходзіць, і ты адчуваеш, што гэты багамаз уклаў сюды душу.

— Так, пісалі іконы раней толькі манахі. І пісалі іх гадамі, а не на працягу двух — трох тыдняў, — зазначыў айцец Уладзіслаў. І тут жа пацікавіўся ў суразмоўцы пра крыніцы яго духоўнага натхнення.

— Калі знаходзішся ў плаванні 250 дзён, там духоўна і выспяваеш да пісання. І ўжо думаеш: хутчэй бы вярнуцца, хутчэй у майстэрню — і пачаць пісаць! — распавядае падарожнік. — У моры ж я магу толькі эскізы накідваць алоўкам: там цябе так хістае, што… Але па вяртанні ты ўжо саспеў і духоўна, і маральна, і фізічна.

Самы блізкі душы Конюхава — Святы Мікалай Цудатворца, апякун вандроўнікаў. У Кранштадце маракі царскага флоту ўзвялі ў яго гонар царкву. У гады ваяўнічага атэізму яе дашчэнту знеслі. Ці не таму так не шанцавала савецкаму ваенна-марскому флоту — і асабліва Балтыйскаму — у гады Вялікай Айчыннай?

Бездакорна, па-мастацку, але і ў адпаведнасці з канонам стварыў айцец Фёдар вобраз Святога Мікалая Цудатворца. Спісак іконы падараваў мне.

— Маладым вучыўся ў Бабруйску... — прыгадаў ён. — А цяпер вось, бачыце, на схіле гадоў ізноў паеду туды па вучобу: там ёсць аэрадром для планёраў. Сваім дзецям, якіх у мяне трое, і ўнукам, якіх ужо шасцёра, я ўласным прыкладам хачу паказаць, што вучыцца можна ў якім заўгодна ўзросце — калі ты гэтага прагнеш.

Урэшце, з нашай размовы стала зразумела: Конюхаў вучыцца ў Беларусі лётаць, каб адправіцца ў новую вандроўку.

На чым?

Калі?

Куды?

Нібы пехатою
да Месяца

У каміне мільгацяць іскрынкі. Ксёндз задае вострае пытанне:

— Як ваша радзіна на гэта глядзіць?

— Добра глядзіць. Толькі, кажуць, сумуюць.

— Матухна бласлаўляе?

— Мая матухна Ірына кажа: “Я ж цябе такога сустрэла — вандроўніка”. Гадоў пяць таму прапаную ёй: “Ірачка, давай, адзначым трыццаць год нашага сумеснага жыцця”. Яна ў адказ: “Чаму 30? Мы разам пражылі ўсяго дзесяць”. Я кажу: “Як?! Паводле пашпарту — 30 гадоў!” А яна: “Ды не, насамрэч мы разам былі толькі 10, я падлічыла!” — са смехам згадвае Фёдар Піліпавіч. — Старэйшы сын падлічвае: колькі я прайшоў марскіх міляў. Атрымалася ў яго недзе 160 тысяч. Калі мілі перакласці ў кіламетры, лік будзе амаль удвая болей. Ён кажа: “Гэта ты, бацька, пехатою пратопаў ад Зямлі да Месяца!” А малодшы падлічвае: у якіх краінах я пабываў — назбіралася 120.

З ключом у руцэ

Глыбокай восенню 2018-га мы манціруем фільм “Узыходная плынь”, а Фёдар Піліпавіч у гэты час вяслуе ў акіяне. Дні і ночы вяслуе…

Усе лодкі ягоныя спраектаваны і пабудаваны ў Расіі. Гэтая, аранжавая - таго ж колеру, як выратавальныя камізэлькі і буі, — ужо трэцяя, самая дасканалая, абклееная гнуткімі сонечнымі пласцінамі-батарэямі. Патрэбны яны не дзеля руху — рухавіка і грабнога вінта ў лодцы няма, толькі вёслы. Электрычнасць неабходная для працы навігацыйных прыбораў і апрасняльніка забортнай вады.

— Такая вада вельмі смачная. Яна адрозніваецца ад звычайнай, бо яна — жывая, — распавядаў падарожнік. — Вось раней смак у яе быў бы ў самагонкі, трэба было дадаваць мінералы. А цяпер новыя апрасняльнікі: у акіян зліваецца расольчык, а мне — вада!

Інжынерамі, канструктарамі, вытворцамі ўсё прадумана, і лодка валодае надзейнымі хадавымі якасцямі — у выпадку перакульвання вяртаецца на кіль. Але ў Конюхава яшчэ адно патрабаванне: каб судна было прыгожым! Мастак жа.

— У лістападзе пайду на вёсельнай лодцы з Новай Зеландыі, — дзяліўся ён тады ля каміна сваімі планамі. — Перасяку Ціхі акіян, мыс Горн — гэта праліў паміж Антарктыдай і Паўднёвай Амерыкай, далей у Атлантыку. Хачу дайсці да Кейптаўна…

Вось цяпер зразумела, чаму для старту плавання абраны, здавалася б, нязручны, хмарны для нас лістапад. У Паўднёвым паўшар’і поўным ходам раскашавала вясна, якая неўзабаве пяройдзе ў лета!

Паняцця “дня” і “ночы” ў Конюхава няма. Рэжымаў “грэбля” і “адпачынак” таксама: спрэс праца.

— За 24 гадзіны — 24 тысячы грабкоў. Кожны прасоўвае лодку на тры метры. Адпаведна, за суткі атрымліваецца недзе 111 кіламетраў — або 50 — 60 марскіх міляў. Для рытмічнасці чытаю малітвы доўгія: “О, Всесвятый Николае, угодниче преизрядный Господень, теплый наш заступниче и везде в скорбех скорый помошниче! Помози мне, грешному и унылому в настоящем сем житии…” Калі адстаю ад графіка і павінен грэбсці больш энергічна, чытаю малітвы карацейшыя: “Отче священноначальниче Николае, моли Христа Бога спастися душам нашим...” Сон — урыўкамі.

Ксёндз Завальнюк недаўмявае: маўляў, стомлены чалавек жа мусіць спаць!

— Я прывучыў сябе не засынаць, — адказаў айцец Конюхаў. — Ведаеце, як манахі спалі з ключом у руках? Я бяру ключ… толькі не ад дзвярэй, а гаечны, развадны, цяжкі ключ бяру. Кладу перад сабой на падлогу дзве металічныя талеркі — адна на адну… Зразумейце: спаць нельга! Калі засну — упаду ці сыду з патоку.

А гэтае “з патоку” вось як трэба разумець: вясляр мусіць увесь час трымаць лодку паміж хвалямі. Спознішся, саслізнеш з хвалі ўніз — перакуліць лодку з кармы. Ірванешся, будзеш узбірацца на грэбень хвалі — запракіне з носа. А як жа сон?

— І ўвесь час трэба кантраляваць палажэнне лодкі, трэба весці яе, сочачы за прыборамі. Тое самае, як у самалёце, толькі рухавіка няма. І вось, трымаю я ў руках ключ, і кірую. І калі глыбока засну, пальцы расціскаюцца, ключ падае на талеркі — і тут такі лязгат! Я ўмомант ачуньваю — і адразу погляд на прыборы. Чаму такі прымітыўны сродак? Калі спадзявацца толькі на тэхніку — скажам, гукавыя сігналы ці чырвоная лямпачка — ты можаш да гэтага прызвычаіцца. А ад лязгату ключа прачынаешся ўраз!

200 дзён адзіноты

Завальнюк зачараваны расповедам:

— Ойча Фёдар, 200 дзён адзіноцтва — гэта ж сапраўднае пустэльніцтва!

— Я вандрую ўжо больш за 50 гадоў, з юнацтва. Канешне, у маладосці было вельмі цяжка самоту вытрымліваць. Фізічна мо нават лягчэй, ніж цяпер. Але духоўна мяне гэта ўсяго разрывала: адзін, адзін… Размаўляю з птушкамі, дэльфінаў пытаю: “Ну, што, пазналі мяне? Засумаваліся? Добрага дня, вітаю!”

— А харчаванне? Лодка — добра. А калі шар, стратасфера?

— Цукар. Калі 11200 метраў вышыня, за бортам паветра мінус 50 — 60 Цэльсія, у самой гандоле — мінус 20. Зразумела, ежа і вада замярзае. А я ў кіслароднай масцы: як нацягнуў, дык больш не здымаю, інакш прытомнасць бы страціў. Адпаведна: ні паесці, ні папіць. Я прыадкрываю яе — і ў рот кавалачак цукру. І нажом адбіваю лёд ад бутэлькі. І гэтак 11 дзён.

Як высветлілася, у такім экстрэмальным рацыёне цалкам дарэчы бывае і каньячок — праў-
да, зусім не ўнутр і не дзеля весялосці.

— Я яго не глытаю, а адно апаласкваю зубы, затым у далоні, і расціраю — яны тады мяккія-мяккія, ніякіх мазалёў! — апавядае падарожнік. Далоні абавязкова трэба гэтак працерці, а іначай як жа грэбсці? Тут як у войску: мазалі нацёр на нагах — і ты ўжо не ваяр!

І пры гэтым пры ўсім у Конюхава хапае яшчэ сіл, каб весці ў сваіх падарожжах дзённікавыя нататкі. Ён выдаў з іх ужо 18 кніг.

— Калі я свае дзённікі аддаю выдаўцам, прашу выпраўляць толькі граматычныя памылкі, а словы не змяняць — бо я гэта вынасіў у акіяне. Вось я запісваю: “Дождж ідзе” ці “Праляцеў альбатрос” ці пра што ноччу думаю, якія сны прыходзяць. А дома я не магу пісаць. Дома сеў за стол — і адчуваеш нейкую штучнасць.

У памяць пра памерлых сяброў

Патрэскваюць паленцы ў каміне. Айцец Уладзіслаў пасля доўгай паўзы асцярожна пытаецца:

— Нейкія небяспекі былі? Ці часта Госпад ратаваў?

— Ды спрэс! Жывы я толькі дзякуючы Боскай дапамозе. Узысці на Эверэст, чые схілы пакрытыя трупамі альпіністаў — гэта само па сабе небяспека. Ды і ўсе горы — вераломныя. Эверест трэба паважаць. Як у Святым пісанні: “Если ты находишься здесь телом, но не находишься духом — сие бесполезно”. Калі забіваў крукі ў гэтую гару, да мяне дайшло: трэба саспець духоўна, каб малатком па той гары стукаць.

Айцец Фёдар памаўчаў, нешта прыгадваючы. Затым працягнуў:

— Мае сябры вось пайшлі на вяршыню К-2 у Пакістане. Там Жэня Вінаградскі, з якім мы ўзнімаліся на Эверэст яшчэ ў 1992 годзе. Дарэчы, альпіністы перад паходам у небяспечныя горы заў-
сёды прыязджаюць да мяне ў храм. Я іх благаслаўляю, службу адпраўляю ў гонар Мікалая Цудатворцы. А калі яны вяртаюцца, праводзім службу ў падзяку… Але тым часам мяне не было ў Маскве, і яны пайшлі ў іншы храм. І вось, раптам мне ўначы званок па спадарожнікавым тэлефоне. Жэня крычыць: “Ойча Фёдар, мы ляжым на васьмі тысячах…” А К-2 — гэта 8611 метраў вышыня. Яны першымі хацелі ўзысці туды зімой. “Мароз мінус 53 градусы, завіруха, буран. Мы разлічвалі, што такога марозу і ветру не будзе. У нас ужо адзін альпініст загінуў, адзін абмарозіўся…” (А іх там пайшло 6 чалавек.) “…і мы ляжым. Памаліся за нас, ойча Фёдар! Ты ж ведаеш, што мы тут пераносім!”

Вядома, ведаю: я ж быў на ўсіх найвышэйшых вяршынях Зямлі! Пасля таго званка я адразу ж устаў, апрануўся — у мяне храм проста ў двары — і ўначы пайшоў туды маліцца за іх. І думаю: “Чаму ён патэлефанаваў менавіта мне? Мог бы і іншаму святару… А ён — мне”. Бо Жэня ведае: айцец Фёдар сапраўды спазнаў на сабе тое, што яны там цяпер пераносяць. Іншы святар таксама будзе маліцца, і яго малітвы, можа, яшчэ бліжэй да Госпада, ніж мае. Але мне, альпіністу, тут большы давер.

— Калі Вы выходзіце на маршрут, ці просіце прыхаджанаў, каб за вас маліліся? — запытаў айцец Завальнюк.

— Так. Да прыкладу, стаім у гарах удвох, паміж намі менш за метр. Раптам з абрыву ляціць камень, які мы не бачым. Ён трапляе ў таварыша — і насмерць. А ў мяне — ні драпінкі. Думаю: “Чаму ён, а не ты? Чым я лепей? Нічым. Наадварот, ён прыгажэйшы за мяне, маладзейшы, мацнейшы, дзетак у яго болей…”

Калі ідзеш на яхце ў акіяне ці на лыжах да полюсу — таго альбо другога — дыхаеш на поўныя грудзі. Паветра свежае, чыстае! А ў гарах вось нейкі водар смерці. Не літаральна, канешне — пры мінусовай тэмпературы трупны пах не адчуваецца. Проста мерцвякоў вакол шмат…

Завальнюк у жаху: “Вы на Паўночны полюс хадзілі?!”

— Так, чатыры разы, аднойчы ў адзіноце. На сабаках хадзіў, на лыжах… І вось, неяк скончыліся прадукты. Я еў снег, пераконваючы сябе, што там ёсць вітаміны. Спадарожніка, які замярзаў, прыціскаў да сябе, уласным цяплом імкнуўся сагрэць… Але памёр таварыш, замерз.

І зноў доўгае маўчанне. Да пачастунку, што стаяў на падносе, святары нават не дакрануліся. Конюхаву мрояцца яго папярэднія плаванні:

— На лодцы ў акіяне — і ўраганы, і айсбергі, і кіты… А яны вельмі небяспечныя: лодка ж невялікая, усяго дзевяць метраў.

Уначы лодкі свае ён вёў без агеньчыкаў. Нават асвятленне прыбораў змяншаў да мінімуму. Чаму? Бо гіганцкія кальмары, здатныя перакуліць лодку, цягнуцца на святло.

— Пабудаваў побач з майстэрняй каплічку ў памяць аб маіх загінулых сябрах: мараках, альпіністах, вандроўніках. Там 32 прозвішчы пералічаныя. Я заўсёды малюся за іх, а таксама і за тых, хто адпраўляецца ў новыя экспедыцыі: “благослови путь их и воздушное шествие...” Усё ж у руках Бога!

Бацюшка адкінуў валасы з твару, задумаўся пра будучае.

— Я хачу дабрацца да Паўднёвай Афрыкі на пачатку сакавіка. Чаму такі дакладны разлік? Бо мне патрэбна наступнай вясной ужо быць у Аўстраліі, каб уздымацца ў стратасферу. Спрыяльнае надвор’е ўвесну — толькі там. І калі я ў тэрмін не ўкладуся, то яшчэ на год адкладзецца мой наступны палёт.

“Мой наступны палёт!..” Не пачаўшы гэтую, ён плануе ўжо новую экспедыцыю! І тут без лётнага вучэбнага цэнтра
“Дайманд”, які ў беларускіх Мачулішчах, не абысціся. Трэба атрымаць пасведчанне пілота і стаць “бацюшкам-авіятарам”, — магчыма, адзіным у свеце. Як і ксёндз Уладзіслаў.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр