Нашэсце Дзедаў Марозаў і... жаніхоў!

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

Мне пашанцавала: я пасябраваў па тэлефоне з дырэктарам Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Юліяй Камаровай. У выніку кадравых ратацый у вялізным раёне, дзе толькі адных музейных устаноў — з паўтузін, знаёмых работнікаў культуры не засталося. Мы абмяняліся з Юліяй Вячаславаўнай вярыцельнымі граматамі (чытай — нумарамі мабільных) і паабяцалі быць агульнакарыснымі. А першым вынікам такіх стасункаў стала інфармацыя пра выставу “Срэбраныя цені дзяцінства”, што ладны ўжо час працуе ў Музеі гісторыі і культуры горада Оршы.

/i/content/pi/cult/723/15763/14.jpgГалоўная тэма экспазіцый — савецкае дзяцінства. Адкуль такая назва лірычная? Загадчык установы Валерыя Маісеева кажа, што навуковыя супрацоўніцы прыдумалі. Лірыка, памножаная на містыку. Для мяне дык так яно і ёсць. Дзе я, а дзе тое дзяцінства? Невынішчальным успамінам застаецца толькі галоўнае: усе ў маёй сям’і жывыя і на дзень нараджэння мне пада-
рылі яркую кніжку з каляровымі карцінкамі. Пры арганізацыі выставы недахопу на экспанаты не было. У музейным комплексе Аршаншчыны — шэсць устаноў і аб’яднанае фондасховішча, дзе сабрана 40 тысяч музейных прадметаў. Для таго, каб абудзіць настальгію па савецкім дзяцінстве, адбіраліся фотаздымкі, цацкі і лялькі, акцябрацкая і піянерская атрыбутыка, асадкі, чарніліцы, сшыткі, дзённікі (ёсць, да прыкладу, дзённік выдатніка, а вось дзённіка двоечніка, на жаль, няма — хто ж будзе захоўваць такі набытак), елачныя ўпрыгожанні, бытавая тэхніка. Прадстаўлены нават бабінны магнітафон з “жывымі” неабсыпанымі плёнкамі. Раз-пораз экскурсаводы яго ўключаюць. Цікава, ці гучыць з тых плёнак Абадзінскі і Мулерман? Мая старэйшая сястра іх паважала, а я ўсё болей — Сінатру і Прэслі.

Рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры Кацярына Паўловіч абвясціла ў сваім лісце: “Дзяўчаты, калі вы марыце знайсці ідэальнага абранніка, тады гэтая інфармацыя абавязкова вас зацікавіць. У аграгарадку Гараны кавалеры спаборнічалі за званне “Самы зайздросны жаніх Полацкіх земляў”. Восем маладых людзей з гарадскога пасёлка Ветрына, вёсак Багатырская і Фарынова, аграгарадкоў Блізніца, Кушлікі, Мацюшы, Палата і Зялёнка не пабаяліся прыняць удзел у маладзёжнай этна-вечарынцы “Жаніховы агледзіны”. Арганізатарамі акцыі сталі аддзел культуры Полацкага райвыканкама, РЦК і Гаранскі сельсавет. Пасля няпростых выпрабаванняў найлепшым сватам прызнаны Віталь Мардзвінкін з Блізніц. А найлепшай свахай — Любоў Кудзеля з Зялёнкі. Маладыя збіралі мясарубкі, спаборнічалі ў майстэрстве валодання закатачнай машынкай, на хуткасць забівалі цвікі, насілі вёдры з вадой, танцавалі. У выніку самым зайздросным жаніхом аказаўся Аляксандр Лапкоўскі з Багатырскай”. Дарэчы, летась у Гаранах з не меншым поспехам прай-
шлі “Агледзіны нявест”. Паглядзім, піша аўтар, чым здзівяць нас арганізатары ў наступным сезоне.

Пра бібліятэчны лялечны тэатр разважае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка. “З дапамогай лялек, — лічыць яна, — можна эмацыйна, наглядна і даходліва распавесці пра пісьменніка, яго творчасць і рэкамендаваць канкрэтныя кнігі”. Сёлета пры Дзятлаўскай раённай бібліятэцы быў створаны лялечны тэатр “Чытайка”. Пасля гэтага, распавядае Вольга Бойка, колькасць чытачоў дашкольнага ўзросту павялічылася.

Яшчэ адна навіна з Дзятлаўшчыны. Бібліятэкар Дварэцкай сельскай бібліятэкі сямейнага чытання Алена Казлова прыняла ўдзел у цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў IV Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Як паведамляе метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Марына Бортка, мерапрыемства праходзіла ў рамках Беларускіх калядных чытанняў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Бібліятэка з Дварца заняла другое месца сярод гарадскіх і раённых устаноў у намінацыі “Сям’я — спадчынніца маральных і духоўных каштоўнасцеў”. Алена Казлова паставіла мэту — вучыць дзяцей міласэрнасці, спагадзе да блізкіх, фарміраваць у іх маральныя нормы, заснаваныя на культурна-гістарычных і духоўных традыцыях нашай краіны. Была распрацавана мэтавая праграма “Сям’я і кніга”. Больш дзейснай стала рэкламная і выставачная дзейнасць. Наладжана выданне буклетаў, удасканалілася фарміраванне кніжнага фонду.

Да стагоддзя з дня ўтварэння БССР у Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі рабілі экскурс у гісторыю. Ганаровым госцем мерапрыемства стаў дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і адмысловых гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ягорычаў. Яго выступленне суправаджалася электроннай прэзентацыяй. Пра гэта напісала загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі Юлія Міхайлава.

А ў Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці песенны зборнік Генадзя Панова прэзентавалі. Музыкант назваў яго “Малая Радзіма”. За чаем сябры, аднадумцы і калегі згадвалі, як ствараўся ансамбль народнай песні “Медуніцы”, які неўзабаве стаў народным. Гаварылі і пра тое, як ствараўся зборнік песень. Тут, да слова, сабраны творы на словы Галіны Бялянскай, Надзеі Парчук, Івана Цітова. Ёсць і цалкам аўтарская песня — “Мой горад”. Ды не толькі за размовамі бавілі час госці, але яшчэ і спявалі. І дапамагалі ім “Медуніцы”. Напісала пра гэтую імпрэзу Юлія Цімашчук.

А вось чарговы зборнік Міколы Бусько — паэтычны. Дзяцінства паэта прайшло на карэліцкай зямлі, тут і першыя вершы былі надрукаваны. Кніга “У бары жывуць сябры” прэзентаваўся ў Карэліцкай дзіцячай бібліятэцы. Вучні мастацкага аддзялення мясцовай школы мастацтваў падрыхтавалі выставу малюнкаў паводле творчасці паэта. Пра сустрэчу нам распавяла метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз.

Карына Ошва — загадчыца сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Гродзенскага культурна-інфармацыйнага цэнтра. Калі выкарыстоўваць менш афіцыйную мову, Карына Мікалаеўна — кіраўнік аўтаклуба. Вось пра што яна паведаміла: “У Гродзенскім раёне стартавала акцыя “Да Вас спяшаемся на Новы Год”. Работнікі перасовачнай бібліятэкі і мабільнага культурнага цэнтра сумесна павіншавалі жыхароў маланаселеных аддаленых вёсак з надыходзячымі святамі. Чытачы паўдзельнічалі ў навагодняй віктарыне, прысвечанай рэцэптам святочных страў, і атрымалі прызы. А клубнікі падрыхтавалі для вяскоўцаў музычныя віншаванні ад Дзеда Мароза і Снягуркі.”

У мінулым аглядзе пошты мы казалі пра ІІІ адкрыты рэгіянальны фестываль ансамблевай музыкі “Вясёлка сугуччаў”, што прайшоў у Шаркаўшчыне. Сёння мы называем пераможцаў. Гран-пры — у музыкантаў з Пастаўшчыны: гурта “Старадворскія лыжкары” Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай ДШМ. Першыя месцы ў розных намінацыях занялі: трыа трубачоў Себежскай ДШМ Пскоўскай вобласці, ансамбль скрыпачоў “Маленькія віртуозы” Полацкай ДШМ, ансамбль “Пралеска” Шаркаўшчынскай ДШМ, гурт “Званочкі” Варапаеўскай ДШМ.

Аліна Санюк піша пра тое, як на галоўнай плошчы Ашмянаў сабраліся гараджане, каб запаліць агеньчыкі на галоўнай ёлцы раёна. Не абышлося і без літаральнага нашэсця Дзедаў Марозаў і Снягурак. Усе яны прыязджалі да ёлкі на самых незвычайных транспартных сродках. Каманда “Аграпрамтэхнікі”, да прыкладу, з’явілася на самаходным апырсквальніку. Дзед Мароз і Снягурка ад устаноў адукацыі мелі і аўтобус, і лімузін. Аграрна-эканамічны каледж прапанаваў сваёй камандзе мотаблок. Работнікі культуры апранулі легкавік у адзенне Дзеда Мароза. У своеасаблівым конкурсе навагодняга аўтамабільнага дызайну перамагла “Аграпрамтэхніка”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"