“Беларусьфільм”: асаблівасці нацыянальнай кінематаграфіі

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Да 1 верасня 2009 года, згодна з тэрмінам, вызначаным Кіраўніком дзяржавы, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” павінна прайсці поўную рэканструкцыю. Акрамя буйной тэхнічнай мадэрнізацыі ды пашырэння вытворчых плошчаў, паўстае яшчэ шэраг пытанняў, звязаных з новым абліччам беларускага кіно. Якім чынам умацаваць прыбытковы на сённяшні дзень статус прадпрыемства? Як прывесці айчынную прадукцыю да спажыўца: праз кінаэкраны, тэлебачанне або лічбавыя носьбіты? Урэшце, на аснове якіх крытэрыяў фарміруецца рэпертуарная палітыка кінастудыі? Генеральны дырэктар Уладзімір ЗАМЯТАЛІН, акрэсліваючы найважнейшыя вектары дзейнасці прадпрыемства, даў першую ў гэтым годзе прэс-канферэнцыю. “К” прапануе ўвазе чытачоў асобныя маналогі-адказы Уладзіміра Пятровіча на пытанні журналістаў, прысвечаныя асноўным накірункам працы Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

 /i/content/pi/cult/169/1576/Belarusfilm1.jpg
Пра супрацоўніцтва
з тэлебачаннем, рэканструкцыю студыі і зарплату
— Напэўна, наша тэлебачанне не вельмі дакладна ўсведамляе сваю функцыю — падрабязна адлюстроўваць найважнейшыя падзеі рэспублікі, у тым ліку і тыя, што датычацца сферы культуры. На жаль, увагі з боку тэлеканалаў кінастудыя амаль не адчувае, хаця неаспрэчна, што тэлебачанне і кіно — гэта ўзаемадапаўняльныя творчыя складнікі культуры кожнай краіны. Памыляўся герой вядомай кінастужкі, калі казаў: “Пройдзе дваццаць гадоў, і будзе адно толькі тэлебачанне”. Такога ніколі не будзе. Я спадзяюся, што рана ці позна гэта зразумеюць усе.
Што да рэканструкцыі… Тэрмін, вызначаны Прэзідэнтам — 1 верасня 2009 года, — нязменны. Да гэтага часу кінастудыя, якая была пабудавана ў 1961 годзе і ніколі ўсур’ёз не рамантавалася, сапраўды пераўтворыцца. Па-першае, у нас будзе дастатковая колькасць павільённых плошчаў — больш за 7 тысяч квадратных метраў, усе вытворчыя памяшканні размесцяцца ў комплексе новага корпуса. Такім чынам, пра кінастудыю можна будзе сапраўды казаць як пра фабрыку кінавытворчасці. Па-другое, студыя забяспечыць сябе поўным камплектам тэхналагічнага абсталявання, што дазволіць здымаць сучаснае кіно самастойна, не карыстаючыся паслугамі іншых арганізацый. Мы здолеем паўнавартасна працаваць і з кіно на лічбавых носьбітах, і з 16-міліметровай стужкай, і з класічнай 35-міліметроўкай. Як бачыце, рэканструкцыя ідзе паралельна з тэхнічнай мадэрнізацыяй.
Побач з кінастудыяй размесціцца Тэатр-студыя кінаакцёра. Вы ведаеце, што сёння будынак, у якім працуе тэатр, зусім непаглядны ды, у дадатак, не надта функцыянальны. У склад абноўленай студыі ўвойдуць і офісныя плошчы (каля 5 тысяч кв. м.), якіх хопіць не толькі для нашых патрэб, але і для замежных здымачных груп. Пачалася і рэканструкцыя натурнай пляцоўкі ў раёне Смалявічаў.
Але самае галоўнае — рэканструкцыя адбываецца адначасова з вытворчасцю кіно. Больш за тое: сёння мы імкнёмся не толькі выпускаць прадукцыю, але і павялічваць яе аб’ём. У 2006 годзе кінастудыя зняла 2 карціны, у 2007-ым — 8, у 2008-ым гэтая лічба дасягне дзесяці. І цяпер у нас ужо запушчаны сем стужак з тых пятнаццаці, якія павінны выйсці ў наступным годзе.
Узнікае іншае пытанне: як зрабіць гэтыя карціны запатрабаванымі беларускім гледачом? Для гэтага мы праводзім конкурсы, прапаноўваем супрацоўніцтва тым рэжысёрам, якія вучыліся ў Турава або Пташука, а цяпер досыць паспяхова здымаюць у Расіі. І тут абсалютна заканамерна паўстае яшчэ адна праблема — зарплата. У снежні 2006 года, калі я прыйшоў на кінастудыю, сярэдні заробак яе работнікаў складаў каля 300 тысяч рублёў. Цяпер ён павялічыўся амаль у чатыры разы. Мяркуем, што праца людзей, якія, па сутнасці, жывуць кіно, якія робяць творчы прадукт, неабходны гледачу, народу, грамадству, павінна годна аплачвацца. На сённяшні момант узровень заробкаў, вядома, нельга супаставіць з расійскай кінавытворчасцю, але схемы аплаты працы там не заўсёды празрыстыя, а нам гэты шлях не прыдатны.
Пра фільмы на беларускай мове
— Моўнае пытанне — гэта пытанне пэўнага часу. У нас склаліся ў выніку пэўных абставін такія суадносіны дзвюх моў, калі асноўная маса жыхароў краіны гаворыць на рускай. Прашу мяне правільна зразумець: з гэтага зусім не вынікае, што мы не павінны здымаць карціны на беларускай мове. Тая прапарцыянальнасць, якую вы сёння ўбачылі пад час прэзентацыі ролікаў (Чатыры ігравыя карціны былі на рускай мове, мультфільм — на беларускай. — Д.А.), прыблізна і адлюстроўвае суадносіны рускамоўных і беларускамоўных людзей. Штучна павялічваць колькасць беларускамоўнага кіно нельга — трэба рабіць так, як хочуць людзі.
Пра нястачу беларускіх фільмаў на лічбавых носьбітах
— Тое, што беларускія фільмы цяжка знайсці ў адпаведных крамах — гэта праўда. Праблема існуе, але ўжо ў ліпені да нас прыйдзе першая частка лабараторыі, з дапамогай якой будзе магчымая высакаякасная алічбоўка фільмаў на стужкавых носьбітах. У верасні мы атрымаем і другую частку, што дазволіць рабіць аперацыі і наадварот — перавод лічбавага носьбіта на стужку. Абсталявання такога ўзроўню няма не тое што ў нашай краіне — нават на “Мосфильме”.
У Маскве, дарэчы, такія аперацыі каштуюць ад 50 да 100 тысяч долараў за поўнаметражную карціну. Запусціўшы гэтую лабараторыю, мы абавязкова будзем імкнуцца да вырашэння закранутай праблемы. Скажам,праз стварэнне сатэлітнага прадпрыемства, якое выпускала б сертыфікаваную прадукцыю на лічбавых носьбітах, у першую чаргу — беларускія фільмы. Таму можна спадзявацца, што неўзабаве аб’ёмы вытворчасці ў гэтай галіне будуць адпавядаць тым запытам, што сёння назіраюцца ў краіне. Трэба толькі трошкі пачакаць.
Пра якасць кінапрадукцыі і прыбытковасць кінастудыі
— Кінастудыя на сёння з’яўляецца прыбытковым прадпрыемствам. Сёлета мы павялічылі экспарт прыблізна ў 2,5 разы. Продаж кінапрадукцыі з-пад крыса і заключэнне кабальных дамоў сталі ўжо гісторыяй — сумнай, але павучальнай. Змагаемся за вяртанне правоў на тыя нашы стужкі, што ў свой час былі прададзены, як гаворыцца, з вантробамі за смешныя грошы — ад 3 да 8 тысяч долараў.
 /i/content/pi/cult/169/1576/Belarusfilm2.jpg

Каля тысячы кінастужак, аўтарскае права на якія належыць Беларусі, захоўваюцца ў Расіі і незаконна прадаюцца. Але пытанне аб вяртанні нашага кіно ўжо разгледжана Прэзідэнтам, задача пастаўлена. Гэтай справай сёння займаецца Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, і будзем спадзявацца, што з часам праблема будзе вырашана.
Сёння мы працуем і над тым, каб заключаць прамыя дамовы аб супрацоўніцтве з расійскімі каналамі. Яны ставяцца да нашай кінастудыі з вялікай павагай — у адрозненне ад іншых тэлевізійных каналаў,— і гатовы падпісаць дамовы на 5— 6 гадоў аб прамой пастаўцы нашай прадукцыі ў Расію. Калі ўдасца іх заключыць, дык практычна кожны фільм будзе акупляцца на працягу года.
Пра рэпертуарную палітыку
— Вызначыць перавагі ў пэўным жанравым накірунку дастаткова цяжка, таму што асноўная маса пракатнага матэрыялу, які мы сёння бачым на экранах, — гэта замежныя карціны. Іх больш за 90 працэнтаў. Ды і наогул паказчык наведвання кінатэатраў па рэспубліцы не вельмі высокі. Але жанравая разнастайнасць кіно заўжды вітаецца, і мы са свайго боку імкнёмся задаволіць густы розных груп гледачоў. Сёння вы маглі пабачыць, што кінастудыя здымае і меладрамы, і дэтэктывы, і баевікі, і дзіцячае кіно. Вядома, не забываемся мы і на тое, што “Беларусьфільм” мае добрыя традыцыі ваеннага кіно. Гэтая тэма для нас святая, як і для кожнага жыхара Беларусі.
У Расіі, да прыкладу, кіно пра дзяцей не здымаюць, за выключэннем некаторых фільмаў кшталту вар’яцкай стужкі пад назвай “Сволачы”. Наша карціна “Навагоднія прыгоды ў ліпені” — цалкам іншая. Мы паказвалі яе ролік кіраўнікам расійскіх тэлеканалаў, і яны з вялікім імпэтам выказалі жаданне супрацоўнічаць. Бо разумеюць, што сапраўды ёсць дэфіцыт дзіцячага кіно, кіно інтэлектуальнага, ёсць дэфіцыт фільмаў, дзе герой разважае пра сэнс жыцця і месца ў ім чалавека, урэшце, дэфіцыт стужак аб праўдзе жыцця. Мы такія прабелы ўсведамляем і стараемся ўлічваць іх у рэпертуарнай палітыцы кінастудыі. Для гэтага мы і праводзім конкурсы, з задавальненнем запрашаючы любых аўтараў, якія пішуць сцэнарыі і мараць пра тое, каб іх працы былі экранізаваны.
Пра вытворчасць беларускіх серыялаў
— У снежні 2008 года будзе здадзены “Крапавы берэт” — фільм, які складаецца з чатырох серый. Чатыры серыі будзе мець і “Цень самурая”, восем серый — “Замах”: новая карціна, што запусціцца сёлета. У Савецкім Саюзе на “Беларусьфільме” былі тры студыі, у тым ліку і студыя тэлевізійнага кіно. Зноў з’явіцца штосьці падобнае. Не сумнявайцеся, будзе непарыўны працэс кінавытворчасці, у тым ліку і серыялаў. У планах ёсць тэлекарціна “Сыны” — гэта ўвогуле 12 — 16 серый. Адно — не ўсё адразу.
Пра фільм “Брэсцкая крэпасць”
— Пытанне аб правах на гэтую стужку вырашаецца Пастановай Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ад 26 снежня 2007 года, у якой гаворыцца “аб мерапрыемствах Саюзнай дзяржавы па стварэнні сумеснага расійска-беларускага поўнаметражнага фільма “Брэсцкая крэпасць”. Звяртаю ўвагу, што гэта — мерапрыемства Саюзнай дзяржавы, не саюзная, а— сумесная расійска-беларуская карціна. Значыць, гаворка ідзе аб тым, што аўтарскія правы на карціну павінны атрымаць два вытворцы. Менавіта ў гэтым рэжыме стасункаў мы сёння і працуем з расіянамі. Гэта значыць, уклад Беларусі — 35 працэнтаў ад агульнага бюджэту карціны — павінна рэалізаваць кінастудыя “Беларусьфільм” як вытворчая арганізацыя, а ў класічнай схеме вытворчая арганізацыя мае аўтарскае права. Таму мы і не сумняваемся, што будзем мець аўтарскае права ў памеры 35% ад усіх відаў выкарыстоўвання будучай стужкі. Аб гэтым сказана ў пагадненні і ў дамове, якія падпісаны ў Маскве. І мы дамагліся, нарэшце, паразумення ў гэтым пытанні.
 /i/content/pi/cult/169/1576/Belarusfilm3.jpg
Пра супрацоўніцтва з амерыканскімі кінавытворцамі
— Мы не будзем спрабаваць наладзіць яго любой цаной. Мы ведаем, што наперадзе галівудскага “воза” заўжды бяжыць моцны конь, назва якому “бізнес”, а ў “возе” — сэнсавы змест карціны. Калі нас будзе задавальняць будучая карціна, яе сцэнарый, калі пабачым, што гэта важна для нашай краіны, для гледача — значыць, будзем здымаць, калі не — ніякіх узаемастасункаў не будзе.
І гэта датычыцца не толькі амерыканскіх кінематаграфістаў: наша пазіцыя тут непахісная і аднолькавая для ўсіх.
Паглядзіце: цяпер амерыканскія інвестары акупіравалі Румынію, Чэхію, Прыбалтыку… У Латвіі пабудавалі Вавілон — стацыянарныя дэкарацыі. І ўсе амерыканскія кампаніі, якім трэба здымаць Вавілон, едуць пад Рыгу. Толькі за кошт гэтага былая Рыжская кінастудыя і выжывае. Хаця як кінастудыя, бадай, ужо і не існуе. Пасля рэканструкцыі “Беларусьфільма” мы таксама станем цікавым партнёрам для замежных кампаній і будзем наладжваць з імі стасункі — але, вядома, зусім не па латвійскім узоры. У кабалу “Беларусьфільм” вяртацца не будзе!
Пра міжнародныя праекты
— У праекце прапаноў краін СНД аб сумеснай вытворчасці ў кінематаграфіі ёсць адзін цікавы пункт. Гэта пакуль прапанова, але мы ўжо на яе адрэагавалі— катэгарычна адмоўна. Там напісана, што аўтарскае права на гатовы прадукт распаўсюджваецца толькі на тую кінакампанію краіны, якая ўклала ў бюджэт карціны больш за 30% сродкаў. Гэта, на наш погляд, няправільна.
Або мы падпісваем дамову пра тое, што мы аказваем толькі паслугі і аніякага права на прадукцыю не маем, або ўступаем у партнёрскія адносіны — а гэта ўжо называецца “сумесная кінавытворчасць”. Нават калі ў сумесны праект быў укладзены з нашага боку толькі 1%, усё роўна ў пэўнай меры мы будзем уласнікамі. Натуральна, калі наш партнёр гэта зразумее і пагодзіцца на такія ўмовы. Ну, а калі 30%… Уявіце, да прыкладу: бюджэт карціны — мільён долараў. 30% дае кінастудыя — гэта 333 тысячы, так? І вось, гэтыя 333 тысячы ідуць на вытворчы працэс, у якім задзейнічана праца ўсіх цэхаў. А астатнія 2/3 —гэта ганарары акцёрам і іншыя выдаткі.Дык хто, атрымліваецца, карціну зрабіў? Той, хто ганарары плаціў акцёрам, або той, хто рэальна стварыў прадукт? Канешне, мы можам грашыма ўдзельнічаць у вытворчасці, і ўсё. Але тады ўзнікае пытанне: а дзе ж будзе здымацца кіно? Няўжо не на кінастудыі? Такі падыход нам не пасуе.Хачу падкрэсліць: мы не адмаўляемся ад кааперацыі, але падыходзім да гэтай справы вельмі асцярожна.
Пра інстытут прадзюсіравання
— Справа ў тым, што прадзюсерства на кінастудыі існуе. Прадзюсер — дзяржава, і нікуды ад гэтага не падзецца. Я, канешне, за тое, каб прысутнічала разнастайнасць форм кінавытворчасці, з пункта гледжання фінансавання, але толькі калі яна будзе на карысць айчыннаму кіно. Бо калі ўнікнуць у сам працэс прадзюсіравання, мы зразумеем, што ў яго аснове — памкненне працаваць самастойна і зарабляць грошы. У гэтым, па сутнасці, нічога страшнага няма. Але ў якой ступені ўласныя інтарэсы прадзюсера судакранаюцца з інтарэсамі гледачоў або з інтарэсамі дзяржавы? Сёння, каб дамагчыся максімальнай выгады ў кінабізнесе, можна, нават трэба здымаць нізкапробнае кіно. Нізкі паказчык культурнасці, чалавечая жарсць, патаемная і невытлумачальная прага людзей да чагосьці не вельмі сімпатычнага прыводзіць да таго, што народ на такія фільмы валіць валам. Бліскучыя фестывальныя карціны часам атрымліваюць па 10 — 11 “оскараў”, але асаблівай глядацкай цікавасці не выклікаюць… Мы імкнёмся рабіць якаснае кіно, і яго галоўным прадзюсерам павінна заставацца дзяржава.
Пра беларускіх акцёраў
— Я нашым акцёрам кажу так: ніхто вас не прыкоўвае кайданкамі да батарэі — у вас поўная свабода дзеянняў. Калі хочаце здымацца ў Расіі — на здароўе, няма пытання. У кінавытворчасці ўсё звязана: бюджэт карціны, імя рэжысёра, імёны акцёраў, уся тэхналогія здымак стужкі. Пакуль магу сказаць толькі адно: акцёрскі ганарар у нас адэкватны бюджэту стужкі — а ён, вядома, не надта высокі. Вось калі б мы рабілі карціну з бюджэтам у 10 млн. долараў, а плацілі б мізэр, гэта было б папраўдзе несумленна. Гэта быў бы проста бандытызм — не ацэньваць годна працу акцёра.Спадзяюся, калі-небудзь і мы будзем аперыраваць такімі бюджэтамі, але пакуль што іх у нас няма. Зрэшты, тут многае залежыць і ад саміх акцёраў: каб яны болей здымаліся ў нашым кіно, яно рухалася б наперад значна хутчэй.
Пра “паддыванныя гульні”
— Кінастудыя, напэўна, адзіная ў свеце сінтэзаваная арганізацыя, якая, з аднаго боку, — прамысловае прадпрыемства, фабрыка, а з другога — творчая лабараторыя. Суладзіць гэта вельмі складана. У нас на кінастудыі адміністрацыя доўгі час лічыла, што яна — галоўная дзейная асоба. Насамрэч, гэта не так. Кіно — галоўнае на студыі, а яго робяць рэжысёры, аператары, здымачная група, акцёры. Адміністрацыя толькі забяспечвае вытворчасць, абслугоўвае здымачную групу і творчы працэс. Таму на “Беларусьфільме” цяпер ёсць няпісанае правіла: ніякіх “паддыванных гульняў” і карпаратыўных сувязей, маўляў, тэлефануе хтосьці важны і кажа: ведаеце, я тут прачытаў на лецішчы сцэнарый, было б нядрэнна яго зняць… Такога быць не павінна, і кінастудыя будзе да канца з гэтым змагацца. У справе выбару рэпертуару і лёсе канкрэтнага сцэнарыя мы давяраем толькі сваім прафесіяналам, а не дарадцам збоку.
Дарэчы, конкурс сцэнарыяў — гэта толькі адна з форм працы. Другая — пошук і адаптацыя літаратуры, перавод яе ў сцэнарны матэрыял. Для нашай краіны гэта дастаткова цяжкая справа.
Галоўная рэдактура няспынна шукае новыя ідэі, добрыя сцэнарныя працы. Як толькі сцэнарый задавольвае нашых рэдактараў, ён разгледжваецца на мастацкім савеце. А атрымаўшы там станоўчую ацэнку, трапляе на экспертны савет.Вядома, кожны рэжысёр мае права на аўтарскі погляд. Рэжысёр — гэта сукупнасць разнастайных высокіх чалавечых якасцей: інтэлект, успрымальнасць праблем грамадства, разуменне псіхалагізму ўзаемастасункаў людзей, гэта мастак, мадэльер чалавечых пачуццяў…І калі добры рэжысёр сам прыносіць сцэнарый, напісаны ягоным добрым сябрам, канешне, на яго неабходна звярнуць увагу. Але, выбачайце, “паддываннай важданіны”, якая — што ўжо крывіць душой— назіралася на кінастудыі раней, больш не будзе. І гэта адна з прыкмет здаровай кінавытворчасці.
Пра маладыя кадры
— Сёлета і налета ў нас запускаюцца і выпускаюць свае карціны Рэната Грыцкова, выпускніца Віктара Турава (“Інсайд”), акцёр Аляксандр Колбышаў (“Ваўкі”), Андрэй Кудзіненка (“Розыгрыш”), на фільм-серыял “Замах” рэжысёр пакуль не вызначаны, але спадзяёмся, што аддадзім яго таксама маладому рэжысёру. Абавязкова будзе задзейнічаны Максім Субоцін, Аляксандр Канановіч запусціцца з “Грашовым дрэвам”, Людміла Дуброўская — са стужкай “Крыж Еўфрасінні Полацкай”, Андрэй Голубеў здымае “Крапавы берэт”... Канешне, я разумею, што змена пакаленняў — гэта тэма вельмі далікатная. І мы імкнёмся менавіта так да яе і падыходзіць. Але тое, што змена пакаленняў, перш за ўсё рэжысёраў, неабходная — гэта не падлягае сумненню. На гэтым тыдні распачаліся здымкі кінакарціны “Дняпроўскі рубеж”, якую робіць Дзяніс Скварцоў. Яго рэжысёрскі патэнцыял я расцэньваю вельмі высока. Чаканні-абяцанні, канешне, рэч няўдзячная, але ў нас ёсць падставы спадзявацца на тое, што гэта будзе годная карціна. Мяне закрануў рэжысёрскі сцэнарый.
Хочацца верыць, што калі мы будзем з захапленнем чакаць гэтую карціну, дык — не падманемся. Давайце чакаць!

Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ