Сказ пра драйв ад прафесіі

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

Шмат вады сплыве, пакуль чалавек да таго дажыве. З 2008 года ў штаце Маладзёжнага тэатра Дзмітрый Багаслаўскі працуе: на сцэне грае, спектаклі ставіць. Аднак трэцяя яго іпастась, драматургічная — па якой ён, між іншым, у першую чаргу вядомы далёка за межамі Беларусі — ніяк “Маладзёжкай” задзейнічана не была. І вось напрыканцы лістапада ў афішы тэатра роднага з’явілася пастаноўка за аўтарствам “самага свайго” драматурга: Дзяніс Паршын паставіў “І не намі тое прыдумана”. Сама п’еса мае назу даўжэйшую: “Нічыпар. Сказ пра бязмытныя часы і шлях далёкі, але заўсёды канцавы, як належыць, ды і не намі тое прыдумана”.

/i/content/pi/cult/723/15759/10.jpgАле час адкінуць у бок быліннасць, на якую натхняе стылістыка першакрыніцы, і падзяліцца нечаканымі высновамі пра агульны беларускі тэатральны працэс. На іх навяла мяне гэтая ў чымсьці дзёрзкая, у іншым — наіўная, але, неаспрэчна, энергетычна насычаная прэм’ера. І першае, што кідаецца ў вочы: калектыў Маладзёжнага тэатра гатовы рызыкаваць, каб выйсці за звыклы рэпертуарны шэраг, ад якога не толькі гледачам, але і самім акцёрам любога сталічнага тэатра часта выць хочацца, быццам таму Ваўку з п’есы Багаслаўскага.

Тэатры, пастаўленыя ў жорсткія эканамічныя рамкі, часта выбіраюць адмыслова касавы матэрыял, ставяць яго максімальна спрошчана, з мінімальнымі акцёрскімі затратамі ды без якіх-небудзь творчых пошукаў. Можа, і трэба было паспачуваць, але мне насамрэч ужо млосна становіцца ад таго, што пераходзячы з адной залы ў другую, я бачу адно бясконцую плынь пастановак ні аб чым. І вось Дзяніс Паршын, працуючы ў тых жа зыходных варунках, што і астатнія, усё ж імкнецца даследаваць, заглыбляцца, спрабаваць. Ён не баіцца непрыняцця часткай публікі, бо эксперымент па вызначэнні не можа ўсім дагадзіць.

Гомельскую роўнядзь спадар Паршын узарваў пастаноўкай пранізлівай п’есы Канстанціна Сцешыка “Ляцелі арэлі” (і выйшаў з ёй у фінальны спіс сёлетняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі). У Мінску ён узяўся за тэкст, які ад пачатку не прадугледжвае шырокае кола прыхільнікаў: Багаслаўскі стварыў псеўдабыліннае сказанне з адпаведнай стылістыкай і рыторыкай пра пазнанне чалавекам сябе і навакольнага асяроддзя на шляху да смерці. Такія казачныя сюжэты, насычаныя іроніяй і алюзіямі на сучасныя рэаліі, перыядычна выходзяць на пік тэатральнай папулярнасці. І ўсё ж на прэм’еру я ішла з непрытоенай цікавасцю: ці атрымаецца ў рэжысёра перавесці нестандартны тэкст у сучаснае відовішча з выразнымі сэнсавымі пасыламі.

Пастановачная каманда адмяла ў бок увесь лубковы кітч, які перш за ўсё асацыіруецца з такога роду п’есамі. Успомніце пастаноўку Аляксея Ляляўскага “Пра Ваню” (за якую наш рэжысёр атрымаў “Залатую Маску”) — там сцэнаграфія будуецца на “правільных” казачных матывах. Мастак “І не намі тое прыдумана” Вольга Грыцаева заплятае прасторы сцэны ў прарэзаныя чорныя стужкі, якія ў кожнай мізансцэне выкарыстоўваюцца для стварэння адмысловага візуальнага шэрагу. З дэкарацый — безліч перасоўных бегавых дарожак. Відавочны вобраз заяўленага жанру road play (як шуткуе сам Багаслаўскі на пачатку сваёй п’есы: “Накшталт road movie, толькі play”) выкарыстаны цудоўна, трансфармуючыся ў залежнасці ад сюжэтнага развіцця ў лес, лазню, калодзеж і гэтак далей. Сыходзячы ў іншы свет, галоўны герой Нічыпар (заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Шароў) сутыкаецца на тым баку са знаёмым абсталяваннем. Сапраўды, рух бясконцы!

/i/content/pi/cult/723/15759/11.jpgВікторыя Ця-Сен апранула ўсіх казачных персанажаў у офісныя строі. Харэограф Ірына Шырокая шукала пластычныя акцэнты. Рэжысёр імкнуўся да небанальнага раскрыцця мноства эпізадычных персанажаў, якія па ўсіх законах казачнага жанру ўсплываюць на шляху вандроўкі галоўнай троіцы: старога-філосафа Нічыпара, Серафімы (Любоў Пукіта) і казы Вайфаі (Валерыя Мельнік). І хоць у цэлым спектакль нельга назваць вынаходлівым па форме ці рэжысёрскай падачы, але некаторыя знаходкі сапраўды радуюць. Скажам, цудоўна, што ўсе рэмаркі Багаслаўскага гучаць на сцэне ў выкананні камп’ютарнага галасавога памочніка, якім з дапамогай планшэта кіруе Вайфая. Забаўнае і выкананне актрысамі першапачаткова мужчынскіх персанажаў братоў Смарчкоў.

Рэжысёру ў нечым бракавала вопыту. Ён шчыльна працаваў з тэкстам на пачатку спектакля, амаль не прапускаючы прапісаных фраз, падрабязна прапрацоўваў кожную мізансцэну. Бліжэй да сярэдзіны, магчыма, стаў прыціскаць хранаметраж — і адразу пачалі вылятаць кавалкі тэксту, а разам з імі — матывацыя развіцця пэўных падзей. Акцёрскія партыі зрабіліся больш экспрэсіўнымі, з-за чаго гублялася самаіронія. А фінальнае бамбардзіраванне тэатральным дымам значна прыглушыла закладзеную тэкстам сімволіку.

І ўсё ж, у гэтым спектаклі ёсць патэнцыял, бо відавочна, што і акцёрскі склад, і пастановачная каманда былі ў захапленні ад самаго працэсу работы. А гэта той самы чароўны элемент, які ператварае панылую паўсядзёнку ў віраванне творчасці.

Дарэчы, энергетыка моладзі настолькі зашкальвала, што паралельна з рэпетыцыямі “І не намі тое прыдумана” ў сацсетках пракаціўся флэш-моб “афішанасурвэтцы”, а на YouTube нават з’явіўся неафіцыйны прома-ролік спектакля. Таму пагаджуся з калегам Аляксеем Стрэльнікавым: калі раней слова “эксперымент” асацыяваўся адно з Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі, то за апошні год сярод іншых дзяржаўных пляцовак менавіта Маладзёжны стаў усё актыўней перацягваць на сябе ўвагу. І гэта добра, бо айчыннаму тэатральнаму працэсу сапраўды не хапае драйва і агню ў вачах тых, хто непасрэдна ўдзельнічае ў стварэнні спектакля.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"