Парадоксы асяродка

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

17 снежня мы будзем святкаваць Дзень беларускага кіно. Сёлета гэта дата адзначаецца цэлым шэрагам розных падзей — у панядзелак адбудзецца ўрачыстая цырымонія Нацыянальнай кінапрэміі Беларусі, выходзіць у мінскі пракат дакументальная (!) стужка “Дэбют” Настассі Мірашнічэнка, у Доме кіно прэзентуюць зборнік артыкулаў кінакрытыка Алы Бабковай, абвесціць аб сумесным з UNIСEF новым праекце для маладых кінематаграфістаў Майстэрня сацыяльнага кіно. Усё гэта разам гаворыць пра тое, што беларускае кіно ў розных яго іпастасях імкнецца заявіць пра сябе. З іншага боку, адыходзячы год хоць і паказаў пэўнае сталенне кінасупольнасці ды парадаваў яскравымі фестывальнымі перамогамі, усё ж пакінуў і шмат пытанняў аб далейшым развіцці галіны. Год завяршаецца нядрэнна, але казаць пра істотныя станоўчыя зрухі пакуль зарана.

/i/content/pi/cult/723/15758/8.JPGБляск і цвёрдасць “Крышталю”

Падзеяй года я без ваганняў назаву фільм Дар’і Жук “Крышталь”. Яго ўнікальная эканамічная мадэль, выхад на сусветныя фестывальныя пляцоўкі, намінацыя на “Оскар”, глядацкі поспех — усё гэта выклікае ў мяне шчырае захапленне. “Крышталь” стаўся першым беларускім ігравым кіно, які патрапіў у конкурс фестывалю ў Карлавых Варах за апошнія гады. Быў запрошаны на мноства іншых вядомых кінафорумаў, закуплены ў пракат ва Украіну, Расію і Кітай. Карціна нават “разварушыла” беларускі Оскараўскі камітэт, які знаходзіўся ў “летаргічным сне”.

На “Крышталь” пайшоў беларускі глядач, якога ў дачыненні да айчыннага кіно ніяк не назавеш спагадлівым (паводле дадзеных пракатчыка “Арт Карпарэйшн” — 18 184 чалавек). Касавыя зборы склалі амаль 110 тысяч рублёў — што вядома, не пакрывае ўсе выдаткі, але гучыць зусім нядрэнна для малабюджэтнай карціны, якой “Крышталь” з’яўляецца. Як засведчыла Дар’я Жук, на сёння стужка акупіла адну траціну “ад тых грошай, якія трэба вярнуць”. Улічваючы будучыя зборы ў Расіі і ва Украіне, цалкам магчыма, што “Крышталь” будзе мець паспяховы лёс і ў эканамічным плане.

Уласна, я да таго, што прыклад фільма Дар’і Жук паказаў цалкам працоўную мадэль стварэння незалежнага кіно ў наяўных умовах. А яго поспех на міжнародных пляцоўках прыцягнуў увагу да нашых пенатаў. Магчыма, для кагосьці гэта ўсяго толькі “шуміха”, але для мяне — істотны прарыў, якім варта і важна скарыстацца.

Ды самае галоўнае, што зрабіла стужка менавіта для лакальнага рынку — разбіла “сцяну” скепсісу айчыннага кінавідэапракату (у прыватнасці, мінскага) у дачыненні да беларускага кіно. Колькі рэжысёраў і прамоўтараў імкнуліся пераканаць нашых пракатчыкаў у тым, што і айчынны прадукт таксама заслугоўвае ўвагі роднага гледача! Але тыя ўсё “ківалі” на малую наведвальнасць: маўляў, нявыгадна. Поспех “Крышталю” паказаў, што беларускае кіно здольнае збіраць залы, калі яно трапляе ў сваю аўдыторыю.

Складана сказаць, ці пераламілася сітуацыя канчаткова. Але тое, што лёд пачаў даваць расколіны, кажа прыклад ужо наступнага незалежнага фільма, які выйшаў у пракат у лістападзе — псіхалагічнага трылера “Унутры сябе” Сяргея Талыбава. Ён паказваўся не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. Вядома, варта дадаць, што дамагчыся гэтага ўдалося дзякуючы высілкам усіх удзельнікаў кінапрацэсу, але адмяняць “прэцэдэнту” “Крышталя” нельга.

Перазагрузка кінастудыі

Ад поспехаў “Крышталю” — да зрухаў на кінастудыі “Беларусьфільм”. Сёлета айчынную кінафабрыку ўзначаліў Уладзімір Карачэўскі — выклікаўшы новую хвалю спадзяванняў. Пэўны вектар у кінавытворчасці акрэсліўся: на студыі былі запушчаны нацыянальнаарыентаваныя праекты — фільм “Пакуль будзе неба” Уладзіміра Янкоўскага па сцэнарыі Алены Калюновай і прыгодніцкая карціна “Авантуры шляхціча Пранціша Вырвіча” Аляксандра Анісімава па творы Людмілы Рублеўскай. Казаць пра вынікі яшчэ зарана, але ўжо сёння нельга не адзначыць спробаў кінастудыі звярнуцца да “нераскручаных” перыядаў беларускай гісторыі.

Адбыліся зрухі і ў кірунку прасоўвання беларускага кіно. Кінастудыя пачала актыўна шукаць новыя рынкі збыту. Доказ таму — паездка ў Кітай і Расію. Яшчэ адзін важны праект — алічбоўка савецкай і сучаснай кінаспадчыны. У яго выніку сумесна з Кінавідэапракатам быў запушчаны праект “Беларускае кіно-95”. У рамках акцыі, прымеркаванай да 95-годдзя беларускага кінематографа, якое мы будзем святкаваць налета, ужо распачаліся паказы стужак ігравога, дакументальнага і анімацыйнага кіно ў сталічным кінатэатры “Піянер”. Адзначу, што ладзяцца яны на рэгулярнай аснове, за сімвалічную плату. І гэта сапраўды добры фармат, які дае магчымасць пазнаёміцца з лепшымі фільмамі кінастудыі. І галоўнае — яе аўтарамі, сустрэчы з якімі спадарожнічаюць сеансам.

/i/content/pi/cult/723/15758/9.JPGУ гэтым годзе кінастудыя “Беларусьфільм” таксама выступіла партнёрам кінафестывалю “Лістапад”, прапанаваўшы свае плошчы і рэсурсы для Індустрыяльнай платформы форуму.

Мяркуючы па кроках Уладзіміра Карачэўскага, генеральны дырэктар у тых абставінах, што склаліся, шукае магчымыя кірункі развіцця кінастудыі і партнёраў, змяняе падыход да вытворчасці. Варта адзначыць шчырае памкненне адкарэктаваць імідж кінакампаніі, якая здавён асацыюецца з ваенным кіно. Але пра канчатковы плён гэтых высілкаў можна будзе казаць толькі з нагоды будучых прэм’ер.

Без стартавага капіталу

Гучныя поспехі беларускіх аўтараў, перазагрузка кінастудыі, фестывальны рух, які пацвярджае, што вера энтузіястаў у сваё кіно не змяншаецца, тым не менш, не адмяняюць прагалаў у нашай кінаіндустрыі — ці, дакладней, выяўляе яе несапраўднасць, палавіністасць. Тое, пра што раней казалі людзі дасведчаныя, сёння становіцца відавочным большасці. Калі мы хочам мець сучасную сістэму кінавытворчасці, нам неабходны перамены. Прамоцыю аўтараў і краіны ды новыя рынкі збыту забяспечвае міжнароднае супрацоўніцтва, кааперацыя ў стварэнні кінапрадукту — і, адпаведна, забеспячэнне яе юрыдычнага базісу. Калі замыкацца ў межах уласных тэрыторый, кіно будзе толькі стагніраваць.

Каб знайсці партнёраў за мяжой, патрабуецца цікавая ідэя, а таксама першапачатковы капітал. У іншых краінах яго ў выглядзе адмысловых грантаў дае Нацыянальны кінафонд. Але да гэтай пары мы не маем той інстытуцыі, куды аўтары могуць звярнуцца па першапачатковую інвестыцыю, хай сабе і невялікую. Але маючы яе, можна рухацца далей.

“А колькі ў вас уласных сродкаў?” — гэта тое пытанне, што вельмі часта задаюць прадзюсары і кінаагенты на міжнародных пітчынгах, калі цікавяцца чыёйсьці заяўкай. На жаль, тыя беларускія кінематаграфісты, якія даходзяць да гэтага этапу перамоваў, на сёння могуць адказаць толькі адно: “Нуль”. Не ўтрымаюся, каб не ўзгадаць тут прыклад той жа Дар’і Жук. Першая інвестыцыя ў “Крышталь” прыйшла зусім не з беларускага боку. Ці ж гэта правільна?

Неабходнасць з’яўлення беларускага Нацыянальнага кінафонду з кожным годам здаецца ўсё больш відавочнай.

Брак даверу?

Канец года выбухнуў яшчэ адной падзеяй у нашым асяродку — Нацыянальная кінапрэмія, з’яўленне якой само па сабе — выдатная ініцыятыва. Тым не менш, “яе пілотная версія” прадэманстравала дзіўныя тэндэнцыі. Пада-
ваць заяўкі маглі ўсе кінематаграфісты, аднак сярод намінантаў аказаліся прадстаўленыя пераважна стужкі кінастудыі “Беларусьфільм”. Гэта пры тым, што леташні пераможца нацыянальнага конкурсу “Лістапад” — ігравая стужка “Заўтра” Юліі Шатун — толькі ўлетку ўзяла прыз на міжнародным кінафестывалі ў Марселі, а сёлетні пераможца — “Дачка” Мары Тамковіч — стала сапраўдным адкрыццём восені. Няма сярод намінанатаў і таго ж “Крышталя”, і “Сумы” Андрэя Куцілы, якая толькі што прагрымела ў Амстэрдаме. Аддам належнае: у конкурсе заяўлены і фільмы незалежных кампаній: “Дэбют” Настассі Мірашнічэнка, “Унутры сябе” Сяргея Талыбава, “Нашы дзеці” Галіны Адамовіч, “Пацалунак восені” Андрэя Голубева… Аднак расклад творчых сіл, які мы тут бачым, не дае паўнавартаснай карціны таго, што адбываецца ў нашым кіно. Чаму?

Дапускаю, што многія аўтары самі па тых ці іншых прычынах не парупіліся пра тое, каб падаць заяўку на кінапрэмію. Магчыма, гэта прыкмета адсутнасці даверу да падобных ініцыятыў? Цяжка сказаць. Але ў кожным разе трэба адзначыць: перад арганізатарамі Нацыянальнай кінапрэміі шмат працы, каб пераламіць падобнае стаўленне і стаць сапраўды важнай з'явай у культурным жыцці краіны. Бо айчынныя кінематаграфісты даўно маюць патрэбу ў такога кшталту падзеі.

Здымаць тут

Падсумоўваючы год, прыходзіш да дваякіх высноваў. 2018-ы прынёс нямала добрага: перамогі, якімі можна ганарыцца, учынкі, вартыя пераймання. Прынёс шмат хваляванняў і спадзеваў. Сёння на сцэну выходзяць усё больш тыя аўтары, якія атрымалі адукацыю за мяжой і працягваюць няўхільна развівацца. І, ужо ведаючы механізм працы там, прыязджаюць здымаць тут. Гэта людзі, што хочуць працаваць менавіта ў беларускім кіно і рабіць яго больш разнастайным ды сучасным. Парадаксальным чынам іх поспехі агаляюць не толькі праблемы нашай кінагаліны, а нават комплексы і раз’яднанасць кінаасяродку. Але перамогі гэтых аўтараў нахтняюць рухацца далей. Вось гэтым і жывём.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"