“Пан Тадэвуш”: вяртанне кінаэпапеі

№ 50 (1385) 15.12.2018 - 22.12.2018 г

Сёння, 15 кастрычніка, у сталічным кінатэатры “Масква” адбудзецца беларуская прэм’ера першай экранізацыі слыннай паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, якая выйшла ў 1928 годзе. У рамках вядомага праекта “Кінемо”: Нямое кіно + жывая музыка” мінская публіка атрымае ўнікальную магчымасць убачыць стужку польскага рэжысёра Рышарда Ардынскага ў музычным суправаджэнні сімфанічнага аркестра і хору музычнай капэлы “Санорус”. А кампазітар Канстанцін Яськоў адмыслова стварыў новы саўндтрэк для польскага кінатвору.

/i/content/pi/cult/723/15753/4.JPGТрошкі з гісторыі кінакарціны. “Пан Тадэвуш” належыць да міжваенных часоў, якія лічацца “залатым векам польскага кіно”. У 1928 годзе польскае грамадства захлынула хваля патрыятычных настрояў. Экранізацыя паэмы Адама Міцкевіча сталася натуральным памкненнем кінавытворцаў адрэагаваць на гэты попыт і распавесці пра гісторыю і культуру краіны. На ўрачыстай прэм’еры “Пана Тадэвуша” прысутнічалі прэзідэнт краіны Ігнацій Масціцкі і маршал Юзаф Пілсудскі. У цэлым, экранізацыя была прынятая добра і карысталася папулярнасцю.

Варта адзначыць, што здымкі “Пана Тадэвуша” вяліся на натуры. Для рэжысёра было істотна надаць дзеянню даставернасці. У прыватнасці, Рышард Ардынскі здымаў у Мірскім замку, на возеры Свіцязь, у сцёртым ужо з аблічча зямлі маёнтку Чамброў — і гэта дадае карціне дакументальнай вартасці. Пры тым, стужка не пазбаўлена і відовішчнасці: да працы над ёй былі запрошаны лепшыя кансультанты па інтэр’еры, касцюмах, рэквізіце. Гэтаксама Ардынскі разам са сцэнарыстамі Анджэем Стругам і Фердынандам Гётэлем парупіліся пра візуальныя адсылкі: шэраг жывых карцін былі аформлены ў стылі вядомага польска-беларускага ілюстратара і жывапісца Міхала Эльвіра Андрыёлі.

На жаль, “Пан Тадэвуш” зведаў і дрэнныя часы. Падчас Другой сусветнай вайны карціна была згублена. Тое, што сёння ўбачыць мінская публіка — гэта адноўленае па драбочках Нацыянальным кінаархівам у Варшаве кінапалатно, рэстаўрацыя якога ішла ў некалькі этапаў. У 1950-я гады былі знойдзены ўрыўкі фільма, у 2006-м — іншыя яго фрагменты. Нацыянальнаму кінаархіву ўдалося аднавіць 120 хвілін кінаэкранізацыі (у той час, як яе арыгінальная версія доўжылася тры гадзіны). Ды, тым не менш, і гэта варта лічыць вялікай удачай польскага кіно. Варшава вітала вяртанне адноўленага “Пана Тадэвуша” ў 2012 годзе. Сёння, дзякуючы ўдзелу Польскага інстытута ў Мінску, адрэстаўраваную версію кінатвору Рышарда Ардынскага можа ўбачыць і наша сталіца.

Кампазітар Канстанцін Яськоў, які працаваў над музычным суправаджэннем да фільма, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад судакранання з цікавым для музычнай інтэрпрэтацыі матэрыялам.

/i/content/pi/cult/723/15753/5.JPG— Спалучэнне розных сэнсавых пластоў — ад “зямных” да ўзнёслых — стварае ўсю невычэрпную глыбіню паэмы. І глыбіню гэту можна вымяраць бясконца, знаходзячы пастаянна штосьці новае і актуальнае для сённяшняга дня, — падкрэсліў надзённасць першаасновы музыкант.

Адзначыўшы, што ў стварэнні музычнага шэрагу да “Пана Тадэвуша” ён шмат абапіраўся на танцавальныя жанры польскай музыкі — мазурку, куявяк, паланез — кампазітар у якасці крыніцы натхнення таксама адзначыў і Фрэдэрыка Шапэна. “Таму і невыпадкова, што фартэпіяна — галоўны “персанаж” аркестравай партытуры”, — падкрэсліў ён.

Пры гэтым Канстанцін дадае, што музыка да “Пана Тадэвуша” не замыкаецца выключна ў нацыянальнай традыцыі.

— Праз інтанацыйныя і жанравыя пласты нацыянальнай і агульнаеўрапейскай музычнай культуры я імкнуўся адлюстраваць увесь спектр перажыванняў і пачуццяў герояў, перадаць прыродную красу і дух гісторыі, — дадае ён.

Адзначым у сваю чаргу, што паказ адрэстаўраванай версіі “Пана Тадэвуша” ў Мінску прымеркаваны да 220-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча, якое мы будзем святкаваць ужо зусім хутка — 24 снежня.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"