Высокія вокны драўлянай гісторыі

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Калiсьцi вакол вёскi Зарэчча Карэлiцкага раёна знаходзiлiся непраходныя балоты. Адно з iх захавалася і да нашага часу. Назву “Воўчае” не бяруцца растлумачыць нават старажылы. Але менавiта ў гэтых мясцiнах, дзе кожны новы чалавек — даволi рэдкая з’ява, захаваўся помнiк драўлянага дойлiдства. Свята-Петрапаўлаўскую могiлкавую царкву, якая 12 лiпеня, у дзень Святых апосталаў Пятра і Паўла, адзначыла 150-годдзе, не кранула нi ваеннае лiхалецце, нi іншыя нягоды, што выпалі на долю гэтага краю.

 /i/content/pi/cult/169/1575/Vokny-historyi1.jpg
Вяскоўцы і сёння, праз многія гады, захоўваюць успамiн пра тое, як у сярэдзіне мiнулага стагоддзя Свята-Петрапаўлаўская царква трапiла ў спiс на знішчэнне.
Памятаюць і тое, як ехалi да яе на падводах людзi з сельсавета, iмкнучыся выканаць загад: разбурыць гэты архiтэктурны аб’ект, якi цяпер, праз дзесяцігоддзі, лiчыцца ўзорам дойлiдства, шануецца грамадскасцю. Па дарозе каля вёскi Зарэчча сустрэлi яны жывую перашкоду: натоўп жыхароў з сяла рашуча перагарадзiў шлях да храма, абмiнyць які было немагчыма.
Старшыня сельсвавета не здолеў пераканаць вяскоўцаў, і яму нiчога не заставалася, як скiраваць коней у супрацьлеглы бок… А зарэчанцы вырашылi сабраць грошы ды адрамантаваць храм. Сапраўды, у хуткім часе з’явіўся новы дах на будынку царквы.І сёння, нягледзячы на мелiярацыю, трапiць да Свята-Петрапаўлаўскай царквы не проста. Назва вёскi — Зарэчча — красамоўна папярэджвае пра тое, што абавязкова па дарозе вас затрымае рэчка Уша, якую можна пераадолець толькi старым драўляным мостам, якi cустракае людзей, напэўна, цягам не менш як паўстагоддзя. Канструкцыя моста прыцягвае ўвагу архаiчнасцю. На Беларусi ўвогуле няшмат мясцiн, дзе яшчэ засталіся такiя масты, таму цiкава перайсцi па iм на правы бераг Ушы менавiта пешшу, гледзячы праз шчылiны драўлянага насцiлу на ваду.
Некалькi соцень крокаў — i вы ўжо на вулiцы Зарэчча, а потым трапляеце на вясковыя могiлкi, якiя ўзвышаюцца на пагорку на правым беразе Ушы. Сярод дрэў будынак царквы хаваецца, застаючыся ў сваiм задуменнi далёка ў мiнyлым. Побач з храмам — званiца, якая размешчана асiметрычна царкве. Гэта дазваляе з другога паверха, што нагадвае тэрасу, выгодна аглядаць наваколле. На адным са званоў можна заўважыць ледзьве прыкметныя лiтары: “Вылит в граде Москве”, а таксама двухгаловых арлоў.
Што да царквы, то яна была пабудавана ў 1858 годзе з драўлянага бруса i прыпiсана да Ярэмiцкага Свята-Ушэсцеўскага храма. Як ўжо адзначалася, сёння зарэчанская царква — гэта помнiк народна-этнаграфiчнага дойлідства. Храм уяўляе сабой кампактную прамавугольную драўляную пабудову з трохграннай апciдай, над якой узвышаецца двухскатны дах, які ў пачатку мiнулага стагоддзя быў зроблены з саломы. Над дахам — цыбулепадобная макаўка з крыжам на вяршыні. Плоскасны галоўны фасад царквы завершаны трохвугольным франтонам i вылучаны ў цэнтры прамавугольным
 /i/content/pi/cult/169/1575/Vokny-historyi2.jpg
уваходным праёмам. Высока ўзнятыя вокны прарэзваюць вертыкальна абшаляваны фасад царкоўнага будынка. На сцяне вялiкiмi лiчбамi намалявана — 1858. Увогуле, царква i наваколле, у тым лiку i дрэвы, уражваюць сваёй векавой патрыярхальнасцю…
Тут, на вясковых могiлках, знаходзiцца склеп Хвiлiнскiх — мясцовых шляхцiчаў. Старажылы сцвярджаюць, што ў свой час у склепе былi пахаваны чатыры прадстаўнiкі гэтага роду. Дарэчы, больш за год таму Зарэчча наведала дачка апошнiх Хвiлiнскiх, якая зараз жыве ў Мiнску. Яна цiкавiлася сваiмi продкамi, прыходзiла на могiлкi, размаўляла з мясцовымі жыхарамі. У родавым склепе змагла разабраць надпiс, што там пахаваны менавiта яе прадзеды.
Увогуле, Зарэчча вызначалася тым, што ў наваколлi жылi i другiя паны: акрамя Хвiлiнскiх, паблiзу свае маёнткі мелi Гнаiнскiя, Красоўскiя, Платнэры, Язвiнскiя.
Дарэчы, двары Гнаiнскiх i Хвiлiнскiх размяшчалiся на хутарах каля рэчкi — недалёка ад таго месца, дзе зараз знаходзiцца драўляны мост на Зарэчча.
З цягам часу ў вёсцы i наваколлi шмат што змянiлася, але чалавечую памяць зноў i зноў абуджаюць званы старой царквы ды крокi нашчадкаў, што зрэдку прыязджаюць сюды шукаць свае каранi.

Валерый ШАЙТАР
На здымках: помнiк народна-этнаграфiчнага дойлiдства XIX cт. — Свята-Петрапаўлаўская царква; стары драўляны мост цераз Ушу.
Фота аўтара