“Тры лісты з Сараева” — гэта ўнікальны сацыяльны, гістарычны і культурны праект, які падкрэслівае мірнае суіснаванне ў баснійскай сталіцы людзей трох рэлігій — хрысціянскай, мусульманскай і іудзейскай, але адначасова і раскрывае жахлівую рэальнасць югаслаўскіх войнаў. Экспрэсіўная музычная кампазіцыя адлюстроўвае і пышнае зліццё культур, так уласцівае Сараеву, і праклён, які пануе пад горадам вось ужо з 1914 года.
— Сараева — гэта не проста назва горада, гэта метафара таго, як добрыя суседзі могуць доўгі час спакойна жыць разам, а потым у нейкі момант пачаць страляць адзін у аднаго, — кажа пра свой праект сам Брэгавіч.
Каб увасобіць тую метафару ў музыцы, ён выкарыстоўвае скрыпку. У “Трох лістах” яе партыі наўмысна выконваюцца ў трох даволі розных манерах: класічнай, уласцівай хрысціянскай Еўропе, усходняй, і ў стылі клезмер, як граюць яўрэі.
— У маім праекце я спрабую пераключыцца ад гісторыі да пачуццяў, ад смутку да танцаў. Я запрасіў і аб’яднаў прадстаўнікоў розных культур. Кожны з іх уклаў частку сваёй душы ў гэты запіс. Калі таленавітыя людзі аб’ядноўваюцца, адбываецца сапраўдны цуд, — адзначае Горан Брэгавіч.
Праект, які на першы погляд прысвечаны гісторыі баснійскай сталіцы, на самой справе распавядае нам пра нас саміх, пра нашы асаблівасці і супярэчнасці. На буклеце дыска “Трох лістоў” напісана: “У Бога ў працэсе стварэння свету не было намераў навучыць нас, як жыць разам. Гэта тое, чаму мы павінны навучыцца самі”.
Элеанора СКУРАТАВА