Музей крэсла? Чаму б і не?

№ 49 (1384) 08.12.2018 - 14.12.2018 г

Біенале “Пастулат” стала адным з самых заўважных праектаў Беларускага саюза дызайнераў. Смелая, яркая і адкрытая для ўсіх творцаў выстава за восем гадоў прапанавала безліч канцэптуальных, паэтычных, гумарыстычных варыяцый на тэму такога банальнага, здавалася б, прадмета, як крэсла. Так, пераважную большасць экспанатаў можна назваць дэкаратыўнымі і аднесці да дызайну толькі ўмоўна. Але штогод на “Пастулаце” з’яўляюцца і тыя грунтоўныя ды якасныя распрацоўкі, якія з выставачнай залы перамяшчаюцца ў далейшыя дызайнерскія праекты. Ды і наогул: “Пастулат” стаў брэндам! Таму і не дзіва, што ён знайшоў сабе месца ў вялізным і зіхоткім шопінг-моле Galleria Minsk.

/i/content/pi/cult/722/15741/18.JPGПляцоўка для правядзення IV біенале спраўдзіла чаканні арганізатараў. Па-першае, па колькасці наведвальнікаў — іх прыйшло ў разы болей, чым раней, калі “Пастулат” праводзіўся ў больш звыклых для мастацтва лакацыях. Па-другое, праект яшчэ раз прадэманстраваў сваю ўніверсальнасць. Дзе ён толькі ні выстаўляўся: у галерэях, музеях, у межах тыдняў, дзён і начэй дызайну розных гарадоў. І вось, нарэшце, гандлёвы цэнтр.

— Нам было цікава, як брэнд “Пастулат” будзе працаваць у такім месцы, — кажа старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі. — Так, на выставу тут людзі трапляюць часта выпадкова, але і ў музеях бываюць тыя ж выпадковыя наведвальнікі. Акрамя таго, мы адчувалі, што біенале пачынае трохі буксаваць, цікавасць да яе губляецца. Таму і спатрэбіўся новы імпульс.

На яго думку, адна з найважнейшых задач “Пастулата” — хаця б ненадоўга адцягнуць дызайнераў ад іх штодзённай руціннай працы і падштурхнуць да творчасці, даць ім магчымасць праявіць індывідуальнасць.

“Пастулат” у галерэйную прастору ўпісаўся ідэальна. Аднак пляцоўка паўплывала на фармат правядзення выставы. Новых твораў на ёй мала. Затое цэнтральная частка экспазіцыі — лепшыя крэслы мінулых “пастулатаў” з пункту гледжання ідэі, якасці выканання, разнастайнасці прыёмаў, экалагічнасці. Сярод іх — драўляны фатэль Guda І Эліны Шындлер, крэсла-скульптура Bionic Ігара Салаўёва, трансфармацыя ў металічнае крэсла “Чорнага квадрата” Малевіча аўтарства Аляксандра Міхалевіча і новы аб’ект — крэсла з арганічнага шкла Юрыя Аляхно.

/i/content/pi/cult/722/15741/19.JPGУ лік фаварытаў мінулых пастулатаў трапіла і ружовае лязо-ўслон Ігара Салаўёва і Дзяніса Трапашкі. Нягледзячы на сваю візуальную лёгкасць, яно мае стальную аснову, гнутую ў майстэрні Аляксандра Міхалевіча. Колер змяняе наш погляд, мяккасць аксамітнага пакрыцця надае халоднай стальной канструкцыі цеплыню. Адзін культурны кантэкст прачытваецца скрозь другі, і кожны набывае свой самадастатковы сэнс. Рэчы даўно не кажуць тое, што мы хочам ад іх пачуць.

Большасць экспанатаў на выставе цяжка назваць мэбляй. Гэта арт-аб’екты, якія ўтрымліваюць вядомыя сімвалы і гістарычныя рэтраспекцыі, здатныя распавесці пра сутнасць чалавека і яго час. У выгнутых лініях драўлянага табурэта можна ўбачыць меч самурая, крэсла-шасцяронку — узор века механічнага, а круглы ружовы столак з мяккімі дэталямі — зварот да мас-маркета, пін-апу і жавальных гумак. Класічнае венскае крэсла пакрытае павуціннем, высокая спінка зацягнута ў гарсэт, супрэматычная мэблевая кампазіцыя прапагандуе чыстыя формы...

/i/content/pi/cult/722/15741/20.JPGЗадача выставы — выказацца. І гэта тычыцца не толькі крэслаў. Жывапісная і фатаграфічная часткі праекта ніколі не былі на “Пастулаце” другаснымі, але ўвага раней скіроўвалася ўсё ж такі не да іх. Сёлета ж прайсці, скажам, міма жывапіснай серыі Сяргея Грыневіча, прысвечанай узаемаадносінам крэслаў, уяўляецца немагчымым, як і міма калажу Зоі Луцэвіч ці афіш да спектакляў Юрыя Тарэева. У працяг ім — творы Васіля Касцючэнкі, Ганны Сілівончык, Уладзіслава Стальмахава, Уладзіміра Голубева, Алега Яравенкі.

На жаль, сышла з біенале яго праектная частка, разлічаная на дасведчаных наведвальнікаў. Затое сёлетні праект падтрыманы грунтоўнай адукацыйнай праграмай. Амаль штовечар лепшыя беларускія дызайнеры запрашалі на лекцыі, экскурсіі, майстар-класы. Адбылася і працоўная сустрэча, прысвечаная стварэнню будучага музея крэсла. На ёй мастацтвазнаўца, старшыня выканаўчага камітэта ICOM Belarus Таццяна Бембель прапанавала для абмеркавання першыя важныя пытанні.

Жарты жартамі, але… Як адзначыў Дзмітрый Сурскі, работа па стварэнні музея ўжо пачалася, адпаведныя перамовы вядуцца. Пра тое, што ён будзе запатрабаваны, сведчыць і прадаўжэнне тэрміну працы “Пастулата”: наведвальнікі шопінг-мола ішлі туды ахвотна.

Фота Ганны ШАРКО