Аўдыя & Відэа

№ 49 (1384) 08.12.2018 - 14.12.2018 г

Лістападаўскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць кампазітар Уладзімір КАНДРУСЕВІЧ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/722/15740/_opt.jpegГурт “Пани Хида”, альбом Generale

A.: Ну нічога, нармальна. Сучасны гурт, сучасная музыка — напэўна, у рэчышчы цяперашніх трэндаў. І ўсё ж хацелася б ад выканаўцы большай індывідуальнасці. Да ўсяго, маю я і іншыя сур’ёзныя прэтэнзіі — да мелодый і вакалу — слабага, трэба прама сказаць. Тэксты — няроўныя: ёсць удалыя, а ёсць нібы напісаныя на хуткую руку. Наколькі я зразумеў, калектыў гэты існуе даўно, але складваецца адчуванне, што ён усё яшчэ знаходзіцца ў пошуку самога сябе.

B.: Аршанскi гурт (якому, на хвіліначку, больш за 20 гадоў!) даўно ўжо вядзе незразумелае існаванне, то ўсплываючы з глыбінь праз асобныя трэкі і разавыя выступы, то на гады зноў знікаючы з поля ўвагі. Зрэшты, папулярнасць гэтай каманды заўсёды была фрагментарнай. Згадайма, напрыклад, кліп на песню “Слёзы на соснах”, зусім не лепшую ў біяграфіі калектыву.

І тут мы маем усё той жа поп-рок, часам удалы ў сваёй адноснай хітовасцi, як у загалоўным трэку або ў “Галілеі”, а часам абсалютна ніякi. І вось гэтая “ўсярэдненасць” (не стану пісаць — шэрасць) часткі матэрыялу і з’яўляецца тым апалонікам дзёгцю, які псуе смак агульнай стравы (злёгку або зусiм — як каму падасца). Да “пацешных” жа рэчаў аднясу тое, што пры вялікім жаданні гурт можна запісаць у прадвеснікі Дзяніса Майданава — настолькі б яму падышлі некаторыя песні (возьмем хаця б “Дзіўную мелодыю”). Зрэшты, як ведаць: а раптам гэты расiйскі артыст сапраўды некалі ўразіўся творчасцю і манерай выканання беларусаў?

Цi адбылося чарговае вяртанне “Пани Хиды” — з вялікай літары “в”? Не ведаю. Асабіста я чакаў большага.

/i/content/pi/cult/722/15740/Troica_opt.jpegЭтнатрыа “Троіца”, альбом “Цар-агонь”

A.: Тое, што робіць гэты калектыў, я для сябе называю тэатральным фолькам (або тэатральным этна). Песні “Тройцы”, вядома, трэба... глядзець. Без візуалізацыі — тых строяў, у якія апранутыя музыканты, тых народных інструментаў, што яны выкарыстоўваюць, тых шоу, якія ладзяць — кампазіцыі ствараюць не такое моцнае ўражанне. Але нішу сваю “Троіца”, безумоўна, заняла, і старанна яе ўрабляе. Аднак, як мне здаецца, развіцця з гадамі стала менш.

B.: Музыканты казалі, што на гэтым альбоме яны імкнуліся да такога гучання, каб у слухачоў стварылася ўражанне, быццам калектыў грае недзе ў суседнім пакоі. Яны нават удакладнілі, што пакой той нібыта знаходзіцца ў драўлянай вясковай хаце. І мне сапраўды падалося, нібы “Троіца” музіцыруе за сцяной майго пакоя — але не хаты, а панэльнага шматпавярховіка. То бок, эфект тваёй прысутнасці недзе зусім непадалёк ад творчага акту дакладна існуе.

Увесь альбомны шлях каманды можна ахарактарызаваць фразай “не дачакаецеся”: не дачакаецца крытычна настроены меламан таго, што ансамбль аднойчы возьме і выпусціць хаця б адносна няўдалую аўдыяработу. На дадзенай — зноў баляванне гуку, выкшталтаваных аранжыровак, шаманскага лідар-вакалу Івана Кірчука, і, калі гэта патрабуецца, нервовага шматгалосся. Настрой — пераважна на пазітыве. “Вядзьмак” Кірчук тут выяўляе ўлагоджаны стан духу, нават калі сваімі “мантрамі” ён па-ранейшаму заваблівае слухача ў непраходныя гушчары ўласнай свядомасці і падсвядомасці. Быццам бы, там нам і капут, але ж не — адпускаюць нас урэшце на волю. Узбагачаных творчасцю і нават трошачкі эмацыйна спустошаных ад радасці сустрэчы з такімі майстрамі.

Бязмежна светлая работа, у якой кожны трэк — шэдэўр музычнага этна-мастацтва (кампазіцыя “Шчадруха” — гэта наогул нешта!). Але прэтэнзіі некаторых меламанаў я таксама прадбачу: маўляў, апапсела “Троіца”. Маўляў, дагэтуль элітарная, тут яна стала больш даступнай масам. У плане даступнасці — пагаджуся, але папрок гэты будзе, на самай справе, кампліментам. Трыа прадэманстравала, што пры наяўнасці густу і таленту каранёвую этніку можна выконваць і так па-сучаснаму, каб зацікавіць неспрактыкаваную публіку ды прымусіць яе адарвацца, хай на гадзінку, ад звыклага ёй адаптаванага умца-умца-фольку.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/722/15740/opt.jpegГурт “Тяни-Толкай”, кліп на песню “Дай мне знак”

А.: Сама песня нядрэнная, але колькі такіх — або падобных — было ўжо ў гэтага ансамбля? І тэкст яе, на мой погляд, не зусім адпавядае відэашэрагу: наогул, ён трошкі пра іншае! Калі ў ім ёсць, вядома, нейкі важны для яго аўтара сэнс — у што мне хочацца верыць, бо калектыў зусім ужо папсовым не назавеш, і гэта не той выпадак, калі словы ў кампазіцыях ніякай зместавай нагрузкі не нясуць. Клiп жа — пры ўсім маім разуменні праблемы, закранутай у ім, — падаўся занадта просценькім.

B.: Героі роліка, сярод якіх і музыканты гурта “Тяни-Толкай”, — гэта людзі розных прафесій, якія шукаюць дзяўчынку, што згубілася ў лесе. Ну а як можа скончыцца пошукава-выратавальная аперацыя, у якой занятая гэтая бравая чацвёрка хлопцаў? Натуральна, паспяхова! Дзіця знойдзена, дабро перамагло. Без усялякай іроніі адзначу: гэтым артыстам па сілах падняць, напэўна, любую сацыяльную праблему з дапамогай сваіх кліпаў, што, уласна, калектыў ужо не раз рабіў. Дадзены кліп — чарговы такі прыклад.

А песня — фірмовая, душашчыпальная, здатная прабіць чыесьці зачарсцвелыя сэрцы. За што мы гэты гурт і любім!

/i/content/pi/cult/722/15740/pt.jpegЗміцер Вайцюшкевіч, кліп на песню “Калядка”

А.: Калі кампазітар таленавіты, альбо ён проста добра набіў руку, звычайна такія мелодыі пішуцца за 5 — 7 хвілін, якім бы ні быў прапанаваны тэкст (у гэтым выпадку, ён выдатны). Мілая прастата — так я пазначу гэты твор: і кампазіцыю, і відэа. Песня пад настрой, кліп пад настрой — пад канкрэтнае свята.

B.: Духмяны — пад сапраўднае зімовае надвор’е, завадны ролік, у якім занятыя “гарады і вёскі” і цэлы шэраг артыстаў — з Тэатра старадаўняй культуры “Яварына”, фольк-фэнтэзі-гурту HardWood, праекта “Вясёлыя калядоўшчыкі — паны Жлуктоўскія”. Цэнтральная ж фігура — Тодар: то ён з гітарай у руках “адрываецца” проста на снезе, то бегае па заснежаным лесе. І ўсё было б зусім выдатна, але насцярожвае позірк Змітра. Нейкі ён не надта святочны.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"