Падарожжа да “Сэрца свету”

№ 49 (1384) 08.12.2018 - 14.12.2018 г

20 снежня ў беларускі пракат выходзіць стужка, якую называюць галоўным расійскім фільмам года — “Сэрца свету” Наталіі МЕШЧАНІНАВАЙ. Яе фестывальнае шэсце, распачатае прэм’ерай і перамогай на сёлетнім “Кінатаўры” ў Сочы, адзначылася і ўзнагародамі Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, дзе акцёр Сцяпан Дзявонін атрымаў прыз за найлепшую мужчынскую ролю, а сама рэжысёр і аўтар сцэнарыя — Прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі “За гуманізм і духоўнасць у кіно”. “К” пагутарыла з Наталіяй пра жыццё ў кадры і па-за ім.

/i/content/pi/cult/722/15738/14.jpgПра што фільм?

Галоўны герой — ветэрынар Ягор (Сцяпан Дзявонін), які працуе на выпрабавальна-трэніровачнай станцыі для паляўнічых сабак. Лісы, алені, барсукі — з імі яму значна прасцей, чым з людзьмі, але ўсё ж такі ён намагаецца стаць часткай сям’і гаспадара станцыі (Дзмітрый Паднозаў), які жыве там разам з жонкай (Кацярына Васільева), дачкой (Яна Сэкстэ) і яе сынам-школьнікам (Віця Авадкоў).

— Пасля прагляду ўзнікае адчуванне, быццам ты сачыў за чыімсьці сапраўдным жыццём. Чула, што на пляцоўцы вы часта даяце ўстаноўку: “Не трэба як у кіно”. З чым звяраеце свой “праўдамер”, каб дамагчыся такога эфекту?

— “Не кіно” — гэта, хутчэй, жарт, таму што ўсё адно мы здымаем менавіта яго. Я займалася дакументалістыкай каля пяці гадоў, ездзіла ў розныя куточкі краіны, сачыла там за жыццём. Калі наталяешся ўражаннямі ад назіранняў за рознымі тыпамі людзей, гэта, напэўна, і дае той праўдамер на ўзроўні інтуіцыі. Прычым я не прэтэндую на аб’ектыўнасць, таму што ў кожнага рэжысёра сваё адчуванне праўдзівасці. Мне хочацца рабіць так, быццам ты да чагосьці жывога дакранаешся.

У першым ігравым фільме “Камбінат “Надзея” перада мной стаяла задача падмануць гледача, прымусіць яго сумнявацца — акцёры перад ім ці не. Аператар нават не ведаў, куды пойдзе артыст, каб загадзя не рыхтаваць мне камерай кадр. У “Сэрцы свету” паспрабавалі іншую форму — тактыльнасць. Мы з аператарам прагаворвалі, што ў кадры мусіць адчувацца — як пахне поўсць, вільготнасць сабачага носа, холад... Мне падаецца, усё атрымалася — прынамсі, людзі пра гэта кажуць. Я не люблю трансліраваць тое, чаго не бывае, у што не верыць чалавек. /i/content/pi/cult/722/15738/15.jpgТаму і кажу пра “не кіно”.

— Колькі часу ў такім разе патрабуе пагружэнне ў тэму, каб самой адчуць неабходную дакладнасць?

— Шмат складанасцяў тоіцца ў напісанні сцэнарыя. І не заўжды справа ў дакладнасці — часам ты проста не можаш нічога прыдумаць ці вылучыць галоўную думку. На сцэнарый у мяне рэдка сыходзіць меней за год: для такой працы трэба пастаянна трапляць у патрэбнае асяроддзе. Не пішу абстрактна — намагаюся занурыцца ў тэму праз рэальных людзей. Цяпер мы з Барысам Хлебнікавым працуем над фільмам пра маракоў, таму ездзілі знаёміцца з рэальнымі маракамі. Так робяць многія сцэнарысты, бо жыццё само часта задае такую драматургію, якую ніколі не прыдумаеш. Цалкам можа змяніцца ідэя ці сюжэт, калі ў рэальнасці я ўбачу штосьці крутое, што не адпавядала маім уяўленням раней.

“Цікава — калі мы разумеем дробязі”

— Давайце пагаворым пра пагружэнне ў асяродак. Я, напрыклад, наогул не ведала, што існуюць трэніровачныя станцыі для паляўнічых сабак. Наколькі разумею, вы ўпершыню апынуліся ў такім месцы задоўга да здымак.

— Так, калі мы (з мужам Сцяпанам Дзявоніным — “К”) прыехалі туды з нашым кабялём.

— Што ў вас за сабака?

— У нас іх ужо тры — парсан-расел-тэр’еры. Гэта норныя сабакі, яны на ліс палююць. Мы вазілі іх на станцыю.

— Чаму вырашылі там здымаць?

— Здаецца, Сцёпа прапанаваў. І я падумала: акрамя таго, што мы расказваем пра героя, прастора сама па сабе — ужо і канфлікт, і герой. Мы разумелі: пра такое месца мала хто ведае, што яшчэ больш выгадна для кіно.

— Сапраўды, яно зусім не ўспрымаецца як фон — гэта таксама персанаж. Ні пра адну з вашых гісторый нельга сказаць, што яна магла адбыцца дзе заўгодна — толькі там, дзе адбываецца. Героі — таксама вельмі канкрэтныя, і таму зразумелыя. Чаму неабходная такая пэўнасць?

— Я трохі распешчаная “докам”. Калі здымаеш дакументальнае кіно, амаль заўжды разумееш, хто перад табой. А гэта важна! Мне падаецца, каб эмацыйна падключыцца да чалавека, трэба ведаць пра яго нейкія канкрэтныя рэчы. І я хачу, каб акцёр ведаў іх пра свайго героя.

/i/content/pi/cult/722/15738/16.JPG— А хто не ваш герой?

— Які-небудзь менеджэр сярэдняга звяна, які жыве ў нейкай кватэры-студыі дзесьці ў горадзе N. Мне трэба, каб усё было названа — месца, прафесія. Каб прастора сама па сабе была героем. У “Камбінаце “Надзея” гэта Нарыльск — горад, які мае свой характар, па-свойму жыве і дыхае. У нашай станцыі таксама свой характар. У наступным фільме дзеянне адбываецца на караблі. Прастора задае канфлікт, і вось гэта цікава — калі мы разумеем дробязі.

“Адпусціце ліс на волю”

— Для знаёмства з паляўнічымі вы абралі тую трэніровачную станцыю, дзе ўжо былі?

— Так, знайшліся вельмі прыязна настроеныя да нас паляўнічыя, якія нічога не баяліся. Станцыя ў іх у Фарносава (пасёлак у Ленінградскай вобласці). Яны дазвалялі трэніраваць там нашых акцёраў, таму што не ўсе маглі адразу з жывёламі працаваць як належыць. Паралельна мы гутарылі з гаспадаром. Высветлілі шмат цікавых рэчаў. Ён бярэ ў арэнду неверагодную колькасць лесу, дзе адсочвае папуляцыі дзікіх жывёл, ставіць ім зімой кармушкі, змагаецца з браканьерамі — усур’ёз, часам са стралянінай. Напрыклад, калі хтосьці заб’е сям’ю дзікоў, то яшчэ цягам пяці гадоў дзікоў не будзе. Таму ён іх абараняе. І што мяне ў ім захапляе — не купляе мяса для сваёй сям’і. Вось забіў лася — яго і ядуць усю зіму. Па-мойму, гэта больш сумленна, чым набываць у краме біфштэкс, мяркуючы, што ён у такім выглядзе і з’явіўся на свет. У мяне сфарміравалася неверагодная павага да такога ладу жыцця — шчырага, без крывадушнасці, калі хтосьці стаіць у норкавай шапцы з плакатам “Адпусціце ліс на волю”. Бо крывадушнасць больш за ўсё раздражняе.

— У фільме лісы таксама ёсць, прычым іх адпускаюць на волю. Але стужка зусім не пра тое. Як успрымаюць яе гледачы?

— Кола пытанняў да нас прыкладна аднолькавае — жывёлы, работа з акцёрамі, дакументальнасць, станцыя і зоаабаронцы. Хто падключаецца на пачуццёвым узроўні, фільм разумее. Не падключаецца — сыходзіць з раздражненнем. У нас кіно пра канкрэтнага чалавека і складаныя пытанні сям’і, дома, пра яго адносіны з дзяўчынай і незапоўненыя эмацыйныя лакуны. Дыскурс вакол зоаабаронцаў і прытравачных станцый — другая лінія, крыху аддаленая.

“Апошнія два гады ў мяне вельмі крутыя”

— Пра “Сэрца свету” кажуць як пра галоўную падзею года ў расійскім кіно. А ці стала стужка падзеяй для вас?

— Паколькі ў майго першага ігравога фільм лёс склаўся не так удала, то ў дадзеным выпадку для мяне шмат што з’яўляецца адкрыццём — першы ў жыцці пракат, Гран-пры на “Кінатаўры”... Упершыню я так шмат езджу па фестывалях. Гэтыя апошнія два гады ў мяне нейкія надта ўжо крутыя. Пачалося ўсё з поспеху “Арытміі” (рэжысёр Барыс Хлебнікаў, Наталія — аўтар сцэнарыя — “К”). Потым — “Вайна Ганны” (рэжысёр Аляксей Фядорчанка). Мне падаецца, дзякуючы яго ўдзелу ў “Кінатаўры”, запусціўся і серыял “Чырвоныя бранзалеты”. Да ўсяго, сёлета выйшла і мая кніга апавяданняў.

— Вы пішаце для сябе і іншых, здымаеце толькі па сваім матэрыяле. Чужы не цікавіць?

— Ды не, я магу працаваць і з чужым матэрыялам. У мяне заўжды была дзіцячая мара зняць кіно па Крапівіне — вельмі люблю “Гусі-гусі, га-га-га”. Канечне, матэрыял страціў актуальнасць, але мне ён падабаецца. Але паколькі я ў прынцыпе пішу, прасцей адразу рабіць гэта самой, чым шукаць аўтараў. Цяпер, напрыклад, мы рыхтуем сцэнарый па кнізе Георгія Уладзімірава “Тры хвіліны маўчання”. Яна напісаная ў 1960-я, таму трэба перарабіць усё пад сучаснасць. Спадзяюся, гісторыю будзе здымаць Бора Хлебнікаў. Неўзабаве распачнецца пошук грошай. Толькі потым вазьмуся за свой наступны фільм — які яшчэ трэба будзе “напісаць”.

 

Наталія МЕШЧАНІНАВА — рэжысёр, сцэнарыст. Скончыла Кубанскі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Кіно і ТБ рэжысура”, школу дакументальнага кіно “Рэальны час-2” АНО INTERNEWS (майстэрня Марыны Разбежкінай і Мікалая Ізволава). Яе дэбютны поўнаметражны фільм “Камбінат “Надзея” ўдзельнічаў у конкурсе “Маладосць на маршы” на МКФ “Лістапад” у 2014 годзе.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"