Вечны матэрыял для ўтапічных ідэй

№ 49 (1384) 08.12.2018 - 14.12.2018 г

Ці з’явіцца ў Вілейцы помнік авангардысту-самотніку?
Не так даўно мастацтвазнаўца Мікалай Паграноўскі ў прамым эфіры радыё “Культура” звярнуўся ў нашу рэдакцыю з прапановай узняць тэму ўшанавання памяці Уладзіслава Страмінскага. Спадар Мікалай лічыць, што згаданы творца варты помніка, а помнік мусіць быць у Вілейцы — у горадзе, дзе мастак нейкі час жыў і працаваў.

/i/content/pi/cult/722/15736/9.JPGЗ перыферыі на авансцэну

Уладзіслаў Страмінскі належыць да той жа кагорты наватараў, што і Казімір Малевіч, Уладзімір Татлін, Пабла Пікаса… Гэта творцы, якія пераканаўча давялі, што на рэалізме свет клінам не сышоўся: магчымыя іншыя формы бачання рэчаіснасці і фармавання яе віртуальнай мадэлі.

/i/content/pi/cult/722/15736/10.JPGУ ХІХ стагоддзі творчай асобе, каб адчуваць сваю значнасць, дастаткова было сумленна адлюстроўваць навакольны свет і стан чалавека ў гэтым свеце, не абмінаючы ўвагаю і крытычна асэнсоўваючы адмоўныя рысы жыцця. А вось “авангард”, які вырваўся з культурнай перыферыі на сацыяльную авансцэну і адчуў сваю моц, адразу замахнуўся на пабудову новага свету і стварэнне новага чалавека! Творцы гэтай генерацыі на свой лад перайначвалі тэзу “Прыгажосць выратуе свет” і трактавалі ўласныя распрацоўкі як панацэю ці не ад усіх сацыяльных хвароб. Ведаючы, што ў выніку атрымалася, можна толькі здзіўляцца іх наіўнасці. Але самі тыя мастакі ў гэта шчыра верылі. Такім быў і народжаны ў Мінску Уладзіслаў Страмінскі. Зрэшты, ён цікавы не толькі сваёй творчасцю, але і насычанай драматычнымі перыпетыямі біяграфіяй.

Сыход у нябыт…

У часе Першай сусветнай ён — паручнік інжынерных войск — служыў у гарнізоне крэпасці Асавец. Крэпасць перажыла аблогу і тры штурмы. Аднаму з іх папярэднічала газавая атака. Пасля таго, як воблака атруты накрыла ўмацаванні, там паводле логікі не павінна было застацца нічога жывога. Але раптам насустрач праціўніку ў штыкавую атаку рынуліся “жывыя нябожчыкі”. Пасля смерці камандзіра роты камандаваў той атакай менавіта паручнік Страмінскі.

З вайны Георгіеўскі кавалер вярнуўся без нагі, без рукі, без вока. Менавіта мастацтва стала для яго спачатку выратаваннем, а потым — сэнсам жыцця. Страмінскі захапіўся ідэямі і творчай практыкай Малевіча. Пасля рэвалюцыі працаваў у Мінску, Смаленску, Вільні, Бабруйску. У 1923 — 1924 гадах у Вілейцы выкладае малюнак у мясцовай гімназіі. Менавіта ў гэтыя гады ён выходзіць на “сінтэтызаваныя” вобразы, што ляглі ў аснову ягонай тэорыі “ўнізму”. Страмінскі лічыў колер самадастатковай каштоўнасцю. Жывапіс, на ягоную думку, мусіў выйсці за межы палатна, распаўсюдзіцца на тыпаграфіку, пластыку, архітэктуру, урбаністыку.

/i/content/pi/cult/722/15736/11.JPGНа жаль, абстрактна-гуманістычныя ідэі Страмінскага ўжо не лічыліся актуальнымі ні ў Савецкай дзяржаве, ні ў Польшчы, куды ён перабраўся з СССР. У абедзвюх краінах набывала моц ідэалагізаванае мастацтва.

На пачатку 1930-х гадоў Страмінскі пераязджае ў прамысловы горад Лодзь з надзеяй, што там ягоныя ідэі будуць больш запатрабаваныя, чым у местачковым асяроддзі. Аднак тут выбухнула новая вайна — Другая сусветная. Ратуючыся ад нацыстаў, мастак зноў пераязджае ў Вілейку, дзе зноў выкладае малюнак у гімназіі і піша серыю твораў, прысвечаных Заходняй Беларусі. Праўда, неўзабаве ён усё ж вяртаецца ў Лодзь — што, магчыма, выратавала яго ад рэпрэсій. Аднак і там яго жыццё было неспакойным. У 1950 годзе ён пазбавіўся пасады выкладчыка з-за неадпаведнасці сваёй творчасці прынцыпам сацыялістычнага рэалізму. Памёр у 1952 годзеў нястачы.

Усё жыццё гэты самотны чалавек імкнуўся аб’яднаць людзей праз універсальную эстэтыку. Але для грамады ён быў не больш, як экзатычнаю асобаю — тым самым “жывым нябожчыкам”, які даўно мусіў сканаць, а вось чамусьці жыве.

…і вяртанне

Цікавасць да творчай спадчыны апальнага авангардыста абуджаецца недзе праз два дзесяцігоддзі па ягонай смерці. Хутчэй за ўсё — у сувязі са станаўленнем дызайну як прафесійнай дзейнасці і сацыяльнай практыкі. Акадэмічная эстэтыка, на якой грунтуецца трыяда “жывапіс-графіка-скульптура”, тут не надта падыходзіла, таму дызайнеры і звярнуліся да тэорыі і практыкі авангарду 1920-х гадоў, калі мастацтва разглядалася як комплексная сістэма фармавання матэрыяльнага асяродку і рашэння грамадскіх задач.

Сёння Страмінскі лічыцца класікам. Яго далучаюць да свайго мастацкага пантэона Расія і Польшча. Яго імя носіць акадэмія выяўленчага мастацтва ў Лодзі. Ягоная творчасць стала аб’ектам шматлікіх мастацтватзнаўчых доследаў. Аб трагічным лёсе Страмінскага зняў фільм славуты Анджэй Вайда./i/content/pi/cult/722/15736/12.jpg

Паўстае пытанне: а што ж Беларусь — радзіма творцы і тое месца, дзе канцэптуальна аформілася ягонае мастацтва? Так, сёе-тое робіцца і ў нас. У прыватнасці, у нашай газеце пра жыццё і творчасць Страмінскага быў надрукаваны нарыс Барыса Крэпака. Пазней гэта публікацыя ўвайшла ў яго двухтомнік “Вяртанне імёнаў” (“Мастацкая літаратура”, 2014).

Крохкасць матэрыялу

Варта адзначыць, што ідэя ўсталявання ў Вілейцы помніка Страмінскаму — зусім не новая. Яшчэ ў 1996 годзе скульптар Віктар Копач абараніў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў дыплом на гэтую тэму. Яго кіраўніком быў загадчык кафедры скульптуры БДАМ Уладзімір Слабодчыкаў, які, дарэчы, сёлета стаў ганаровым грамадзянінам Вілейскага раёна. Менавіта гэтага мэтра можна назваць найбольш руплівым і паслядоўным ініцыятарам ушанавання ў Вілейцы памяці знакамітага земляка.

І вынік апраўдаў чаканні. Той жа Мікалай Паграноўскі лічыць, што ў Копача атрымалася адна з найлепшых дыпломных работ за ўсю гісторыю кафедры скульптуры БДАМ. Адпаведна, гэты твор зусім не сапсаваў бы гарадское асяроддзе Вілейкі. Аднак пакуль што ён упрыгожвае ўнутраны двор акадэміі. Да ўсяго, як тлумачыць сам аўтар, матэрыял — пясчанік — у якім выкананы аб’ект, не настолькі трывалы каб перажыць “вандроўку” скульптуры ў іншы горад.

Але спадар Віктар з радасцю гатовы хоць зараз вярнуцца да тэмы і зрабіць помнік у граніце ці іншым “вечным” матэрыяле. Праўда, з прычыны сваёй занятасці скульптар хацеў бы, каб арганізацыйныя пытанні, звязаныя са стварэннем і ўсталяваннем помніка, вырашаў не ён сам, а нехта іншы.

У чарзе на помнік

На Вілейшчыне пра Страмінскага памятаюць. У 2013 годзе ў райцэнтры ля кінатэатра “Мір” была ўсталявана скульптурная кампазіцыя па матывах яго творчасці. Яе аўтары — тагачасныя студэнты БДАМ Фёдар Саратцаў і Станіслаў Шашкоў. Гэта вынік пленэру, які ініцыяваў той самы Уладзімір Слабодчыкаў.

Ідэю ўсталявання помніка мясцовыя ўлады таксама ўспрымаюць станоўча. У размове з карэспандэнтам “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вілейскага райвыканкама Сяргей Паўлоўскі распавёў, што кожная ініцыятыва па ўшанаванні памяці выдатных асоб, што на Вілейшчыне нарадзіліся альбо спрычыніліся да яе сваёй працай і творчасцю, нязменна мае тут падтрымку мясцовых грамады і кіраўніцтва. Аднак край настолькі багаты на слаўныя імёны, што даводзіцца выбіраць, каго ўшанаваць найперш, а каго — пазней. І Уладзіслаў Страмінскі — адзін з першых мастакоў у чарзе на паўнавартасны помнік — разам з Нікадзімам Сільвановічам.

Пытанне фінансавання буйных культурных праектаў — а ставарэнне помнікаў якраз з гэтага шэрагу — гэта заўжды сур’ёзная праблема для мясцовага бюджэту. Але спадар Паўлоўскі запэўніў: калі б праект, здатны зацікавіць жыхароў Вілейшчыны, быў у яго на руках, сродкі на рэалізацыю рана ці позна знайшліся б. Дзяржаўным структурам дапамаглі б мецэнаты, ды і паспалітыя патрыёты краю не засталіся б убаку.

Пакуль, праўда, не зразумела, якім гэты помнік мусіць быць — ці рэалістычным партрэтам-бюстам, ці кампазіцыяй у стылістыцы Страмінскага. А магчыма, атрымаецца нешта памежнае між рэалізмам і авангардам.

Галоўнае — ініцыятыва

Уладзімір Слабодчыкаў, які не раз уздымаў пытанне пра помнік Страмінскаму ў размовах з кіраўніцтвам Вілейшчыны, лічыць, што справа пойдзе на лад, калі да яе спрычыніцца сталічная культурніцкая грамада. Бо гэтая постаць — не рэгіянальнага, а нацыянальнага маштабу. І стварэнне помніка мэтру авангарда мусіць быць справай усебеларускай.

У размове з карэспандэнтам “К” спадар Уладзімір выказаў намер працягнуць свае захады. У той самы час, яму хацелася б прадстаўляць не толькі самога сябе, але і ініцыятыўную групу аўтарытэтных асоб. Яе стварэнне падаецца яму першым з неабходных крокаў у справе ўсталявання помніка.

— Сёння ніхто ў Беларусі не сумняецца ў тым, што Шагал і Малевіч належаць нашай культурніцкай гісторыі, і трэба каб такое меркаванне панавала і ў дачыненні да Страмінскага, — перакананы спадар Слабодчыкаў. — Дзеля гэтага мастацтвазнаўцам, журналістам, музейшчыкам варта і надалей працаваць над тым, каб беларуская грамада ўсведамляла Страмінскага як свайго, а свет прызнаў яго нашым. А потым, глядзіш, стане рэчаіснасцю рэспубліканскі ці міжнародны конкурс на стварэнне помніка. А ўрэшце — і сам помнік паўстане…

“Дэтанатарам” многіх знакавых культурных пачынаў станавілася акурат купка рупліўцаў. І калі такая ініцыятыўная група паўстане вакол ушанавання памяці Страмінскага, няма сумневу, што з часам і помнік яму з’явіцца: як нерукачынны, так і з трывалага матэрыялу.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"