З чаго пачынаць адлік?

№ 49 (1384) 08.12.2018 - 14.12.2018 г

Ці трэба павялічваць музейную гісторыю? За і супраць
Нядаўна “К” пісала пра знакавы юбілей — стагоддзе з дня заснавання Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Але пасля святкавання якраз наспеў час задумацца: ці не з’яўляецца гісторыя названага абласнога музея — як і некаторых іншых музеяў Беларусі — больш працяглай? І з якой даты яе належыць распачынаць? На гэты конт у гісторыкаў і знаўцаў музейнай справы сёння існуюць розныя меркаванні. На наш погляд, такая тэма вартая дыскусій сярод грамадскай і музейнай супольнасці краіны.

Трэба глядзець далей за 1917 год

/i/content/pi/cult/722/15735/7.jpgАляксандр ГУЖАЛОЎСКІ, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук:

— Натуральна, кожны кіраўнік сам вырашае, з чаго пачынаць адлік гісторыі яго ўстановы. Але асабіста я мяркую, што трэба глядзець далей за 1917 год, бо гісторыя беларускага народа пачалася задоўга да Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Таму, на мой погляд, варта было б сёлета святкаваць не 100-годдзе з дня заснавання Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, а ягонае 150-годдзе. Чаму я так лічу? Таму што музей у Віцебску быў заснаваны 29 кастрычніка 1868 года аўтарам больш як 150 гісторыка-краязнаўчых прац Аляксандрам Максімавічам Семянтоўскім, які ў той час займаў пасаду сакратара віцебскага статыстычнага камітэта. З ім супрацоўнічаў археолаг-аматар Міхаіл Кусцінскі і іншыя рупліўцы — што абумовіла хуткае фарміраванне багатых археалагічнай і нумізматычнай калекцый.

На жаль, з прычыны адсутнасці экспазіцыйнага памяшкання і грашовых сродкаў асветніцкая работа ў музеі Віцебскага статыстычнага камітэта амаль што не вялася. І толькі аднойчы, у час мастацка-археалагічнай выставы, арганізаванай Семянтоўскім у красавіку 1871 года, жыхары Віцебска змаглі пазнаёміцца з яго калекцыяй.

Пасля таго, як Семянтоўскі выйшаў са статыстычнага камітэта, музей, які не атрымліваў аніякай падтрымкі з боку ўладаў, прыйшоў у заняпад, а яго калекцыя перыядычна раскрадалася. 1893 годам датуецца спроба мясцовай інтэлігенцыі адрадзіць установу. У выніку інтэнсіўнай збіральніцкай працы з’явіліся новыя аддзелы з больш дакладнай сістэматызацыяй — археалогіі, этнаграфіі, нумізматыкі, прыродазнаўства. А праз год чальцы камітэта адкрылі музей для вольнага агляду публікай, пра што паведамлялася ў друку.

Калекцыі музея віцебскага статыстычнага камітэта прыцягвалі ўвагу вучоных — у прыватнасці, вядомага этнографа і фалькларыста Мікалая Нікіфароўскага. Але напаткаў іх даволі цяжкі лёс. Так, у 1901 годзе па распараджэнні ўлад увесь археалагічны аддзел музея, а таксама некаторыя іншыя гістарычныя помнікі, перадалі ў Віцебскі царкоўна-археалагічны музей, а праз 12 гадоў астатнія калекцыі паступілі ў распараджэнне Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.

Так што гісторыя музея ў Віцебску нашмат большая за сто гадоў. Тое самае тычыцца і Нацыянальнага гістарычнага музея, які не так даўно — у 2016 годзе — святкаваў сваё 65-годдзе. Хаця, на мой погляд, пункт яго адліку знаходзіцца куды глыбей у нетрах мінуўшчыны. Так, сапраўды, 15 снежня 1956 года выйшла распараджэнне Савета Міністраў БССР аб Арганізацыйнай групе па стварэнні Дзяржаўнага музея БССР. Але складаны этап станаўлення сённяшняга Нацыянальнага гістарычнага пачаўся нашмат раней, яшчэ з 1920-х гадоў, з часоў існавання Беларускага дзяржаўнага музея, які пазней называўся Мінскі сацыяльна-гістарычны музей, Мінскі абласны гістарычны музей і ўрэшце — Дзяржаўны гістарычны музей БССР.

На мой погляд, вельмі ашчадна да сваёй мінуўшчыны паставіўся Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманава. Пачатак гісторыі ўстановы яе супрацоўнікі датуюць 1867 годам, калі пры губернскім статыстычным камітэце быў заснаваны першы Магілёўскі музей. І гэта цалкам правільна, бо навошта свядома адмаўляцца ад пражытага шляху — як, на мой погляд, робяць некаторыя музеі краіны?

Паўтаруся, кожны сам выбірае сабе сваю гісторыю, кожны музей вядзе адлік ад той даты, якую лічыць слушнай. Так, з тымі ці іншымі рашэннямі можна спрачацца, можна іх абмяркоўваць. Але нагадаю, што веданне сваёй мінуўшчыны — гэта прыкмета прафесійнай культуры.

/i/content/pi/cult/722/15735/6.jpg150-годдзе… чаго?

Меркаванне вядомага спецыяліста ў музейнай справе Аляксандра Гужалоўскага “К” папрасіла пракаментаваць дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Глеба САВІЦКАГА. Кіраўнік установы перакананы, што, адсвяткаваўшы сёлета сваё стагоддзе, віцебскія музейшчыкі не памыліліся. Ды й справа тут — зусім не ў няведанні або ігнараванні гісторыі. У пацвярджэнне сваім словам ён даслаў у рэдакцыю разгорнуты адказ з аргументацыяй такой пазіцыі. Прыводзім яго з некаторымі скарачэннямі.

На мой погляд, блытаніна з датамі — 100 нам гадоў споўнілася, ці 150 — здарылася таму, што яшчэ ў снежні 1998 года наш музей святкаваў адразу тры даты: 130-годдзе музейнай справы на Віцебшчыне, 80-годдзе губернскага музея і 60-годдзе абласнога краязнаўчага.

Да гэтага моманту ніхто з музейшчыкаў, гісторыкаў, прадстаўнікоў грамадскасці не ставіў пад сумнеў дату заснавання музея — 12 лістапада 1918 года. Дакументам, у якім указваецца менавіта гэтая дата, з’яўляецца справаздача першага дырэктара музея Антона Брадоўскага за 1920 год. У ёй, у прыватнасці, гаворыцца: “В октябре 1918 г. Витебским губ. отделом народного образования в местной газете был опубликован вызов лиц, желающих тем или иным способом принести пользу делу народного просвещения. На основании этой публикации гражданин Антон Рафаилович Бродовский, служивший тогда в Витебском отделе по квартирному довольствию войск в качестве вольнонаемного строительного техника и чертежника, подал заявление, что он вывез из г. Вильны часть бывшего там его частного музея и, из побуждения принести пользу делу просвещения народных масс вообще и учащейся молодежи в частности, предлагает принять в ведение Витебского губернского исполкома народного образования эту часть его музея, с целью положить в г. Витебске основу Губ. музея, не требуя за пользование его коллекциями никакого денежного вознаграждения.

Губернский отдел народного образования изъявил на заявление Бродовского свое согласие и сношением от 12 ноября 1918 года за № 3407, предложил Бродовскому перевезти его коллекцию в предназначенное для музея здание бывшей духовной семинарии, заняться организационными работами по приспособлению музейного помещения и оборудования музейной обстановки и вместе с тем занять должность заведующего и хранителя Губернского музея”.

Такім чынам, 12 лістапада 1918 года было заканадаўча замацавана стварэнне музея, які атрымаў калекцыі, памяшканне і свайго кіраўніка. У маі — чэрвені экспазіцыя была адкрыта і пачала прымаць наведвальнікаў. Музей у гэты час згадваецца пад рознымі назвамі як губернскі музей, Віцебскі губернскі мастацка-археалагічны, мастацка-прамысловы і натуральна-гістарычны музей, Віцебскі мастацка-археалагічны музей.

/i/content/pi/cult/722/15735/8.JPGАдзначу, што музей адразу ствараўся як дзяржаўны, рэгіянальны, ён ад пачатку меў штат супрацоўнікаў, памяшканне і экспазіцыю. Вялася праца па збіранні, вывучэнні, уліку і каталагізацыі прадметаў, асветніцкая дзейнасць. Гэта значыць, што пры ўсіх цяжкасцях музей і ў сучасным разуменні адпавядаў тым умовам і патрабаванням, што прад’яўляюцца да такой установы.

І калі паміж Віцебскім губернскім музеем і Віцебскім абласным краязнаўчым музеем існуе пераемнасць, то паміж нашай установай і Музеем пры Віцебскім губернскім статкамітэце, пра які згадвае Аляксандр Гужалоўскі, пераемнасці няма, паколькі калекцыя апошняга паступіла ў будучы абласны музей толькі ў 1924 годзе падчас аб’яднання віцебскіх музеяў у адзін. Дарэчы, менавіта тады музей перабраўся ў будынак ратушы.

Святкаванне “150-годдзя” музея, такім чынам, не мае пад сабой падстаў, і гаворка можа ісці толькі аб святкаванні 150-годдзя музейнай справы, прычым нават не на Віцебшчыне, а ў самім Віцебску. Справа ў тым, што і Аляксандр Гужалоўскі, і іншыя даследчыкі называюць першым музеем, створаным на тэрыторыі вобласці, той, які існаваў пры Полацкім езуіцкім калегіуме з другой паловы 1770-х гадоў.

Таму можна казаць толькі пра 150-годдзе спробы стварэння першага музея ў Віцебску. І тое ён з’яўляўся па сваім статусе ведамасным, а не дзяржаўным, рэгіянальным. Таму лічу цалкам правамерным святкаванне 12 лістапада 2018 года менавіта 100-годдзя стварэння Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"