У оперным — Каляды

№ 49 (1384) 08.12.2018 - 14.12.2018 г

У Вялікім тэатры — святочны зімовы марафон у тэмпе спрынта. 13 снежня адкрыецца ІХ Мінскі міжнародны Калядны оперны форум — між іншым, прэм’ерай, што заўжды патрабуе шмат высілкаў. Паралельна будзе праходзіць і V Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў. Але оперу апярэдзіў балет. Днямі, а менавіта 5 і 6 снежня, адбылася прэм’ера новай аўтарскай рэдакцыі “Рамэа і Джульеты” ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева.

Абноўлены і фармат самаго правядзення прэм’ернай вечарыны. Яго адчулі найперш тыя, хто прыйшоў у тэатр за гадзіну раней да пачатку спектакля. Бо ў Камернай зале імя Ларысы Александроўскай вядомы беларускі крытык і даследчык Святлана Уланоўская распавядала пра разнастайныя ранейшыя пастаноўкі “самай сумнай аповесці ў свеце”.

Роўна праз тыдзень пасля балетнай прэм’еры — оперная, якая адкрывае згаданы Калядны форум. “Дон Паскуале” Гаэтана Даніцэці не ўпершыню завітае на нашу сцэну. Але на гэты раз — з амаль цалкам маладзёжным складам выканаўцаў, якім скарыцца гэтая опера-буфа. І ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ.

Астатнія спектаклі форума — гэта прэм’еры мінулага і пачатку гэтага сезона: “Тоска”, “Багема”, “Саламея”. Але ў рамках фестывалю яны пройдуць з запрошанымі з замежжа зоркамі. Упершыню замест гасцявога спектакля адбудзецца сольны канцэрт адной з самых запатрабаваных у свеце спявачак — Вольгі Перацяцька. Але, як запэўніў падчас прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка, гэта не стане завядзёнкай: на наступных форумах можна будзе ўбачыць паўнавартасныя спектаклі іншых тэатраў, што вельмі важна для развіцця айчыннага мастацтва. Затое захаваецца іншая традыцыя: як заўжды, завяршыцца свята маштабным гала-канцэртам. У ім побач з прызнанымі артыстамі выступяць таксама пераможцы конкурсу.

Дарэчы, сёлета на гэтае творчае спаборніцтва паступіла рэкордная колькасць заявак — 332 з 26 краін. Колькі канкурсантаў да нас даедзе — убачым ужо на тым тыдні. Адбор будзе, як звычайна, жорсткім: фіналісты павінны не толькі праспяваць, але і акцёрскі сыграць адну з прапанаваных конкурснай праграмай оперных сцэн.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"