Як патрапіць у шорт-ліст?

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

300 тысяч наведвальнікаў штомесяц, інфармацыя на беларускай, рускай і англійскай мовах, сучасны дызайн і зручны для карыстальніка інтэрфейс. Усё гэта — новы партал Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які са студзеня гэтага года пачаў працаваць па адрасе nlb.by. Натуральна, карысны вопыт па стварэнні такога ўзорнага сайта могуць узяць на ўзбраенне і айчынныя бібліятэкі абласнога ці раённага маштабу.

/i/content/pi/cult/721/15726/DSC_1529-S.jpg

Супрацоўнікі аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Адна з 438 заявак

Але спачатку — пра галоўнае. Днямі была атрымана інфармацыя, што інтэрнэт-партал Нацыяналкі ўвайшоў у фінальны спіс прэтэндэнтаў на перамогу ў конкурсе World Summit Awards (WSA) у катэгорыі “Культура і турызм”.

Нагадаю, што WSA — гэта міжнародны конкурс Сусветнага саміту ААН, скіраваны на падтрымку лічбавых інавацый з высокім патэнцыялам уплыву на грамадства. Конкурс праводзіцца з 2003 года ў адпаведнасці з рамачнай праграмай ААН “Інфармацыйнае грамадства”.

Сёлета на атрыманне прэміі WSA было пададзена 438 заявак з больш чым 100 краін свету. У лістападзе анлайн-журы конкурсу выбрала каля 130 лепшых праектаў, у лік якіх патрапіў і беларускі. Шорт-ліст пазней ацэніць вялікае журы WSA, якое і вызначыць пяць пераможцаў у кожнай з намінацый.

Лаўрэаты міжнароднага конкурсу будуць абвешчаны ў сталіцы афрыканскай Ганы — горадзе Акра. А ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца на Глабальным кангрэсе WSA самым бліжэйшым часам. Што ж, як бачна, чакаць засталося нядоўга…

Але як павінен выглядаць вэб-рэсурс, каб цябе заўважылі і ацанілі ў свеце? Якія складнікі працуюць на поспех? Мы паспрабавалі разабрацца з гэтым пытаннем разам з загадчыцай аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Юліяй Кісялёвай.

Складнік першы: дызайн і зручнасць

— Па-першае, новы сайт мае сучасны дызайн, — кажа суразмоўца. — Ён маляўнічы, вельмі добра глядзіцца, і таму наведвальнікам падабаецца. А па-другое, адразу ж на галоўнай старонцы, што вельмі важна, карыстальнік можа пабачыць усю асноўную і неабходную яму інфармацыю: электронны каталог НББ, зводны электронны каталог бібліятэк Беларусі і іншыя папулярныя рэсурсы ўстановы.

Зручнасць у карыстанні сайтам сёння паступова становіцца нормай. Тым больш, што ў пералік еўрапейскіх патрабаванняў да інтэрнэт-парталаў сферы культуры ўваходзяць такія крытэрыі, як эфектыўнасць, даступнасць, арыентацыя на карыстальніка, шматмоўнасць. Падчас стварэння новага сайта, натуральна, усе гэтыя аспекты былі ўлічаны спецыялістамі.

Дадам, што сучасны дызайн, зручны інтэрфейс і ўвага да карыстальніка значна павялічылі колькасць наведвальнікаў сайта nlb.by. Так, па словах Юліі Кісялёвай, калі летась туды заходзіла каля 250 тысяч наведвальнікаў штомесяц, дык сёння гэтая лічба дасягнула 300 тысяч. Такім чынам, дзякуючы новаму парталу, бібліятэкары Нацыяналкі ўжо выканалі задачу павялічыць колькасць наведвальнікаў установы на 20 працэнтаў ад узроўню 2015 года, пастаўленую Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады.

Складнік другі: мова

Пра шматмоўнасць і ўвогуле моўныя падыходы да бібліятэчнага партала — гаворка асобная. Так, сёння карыстальнік можа выбраць тры версіі сайта Нацыяналкі: беларускую, рускую, англійскую. На жаль, большасць бібліятэчных сайтаў Беларусі такой шматмоўнай палітрай матэрыялаў пахваліцца сёння не можа.

Над кожнай версіяй “шчыруюць” адпаведныя высакакласныя спецыялісты, якіх, дарэчы, таксама неаднойчы правяраюць і пераправяраюць прафесіяналы. Кажу гэта не з чужых словаў: год таму цягам некалькіх месяцаў сам працаваў у аддзеле суправаджэння інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Таму магу засведчыць асабіста і ўпэўнена: усе тэксты, словы і нават коскі ды “лапкі”, змешчаныя на сайце Нацыяналкі, вывяраюцца да дробязей. Іначай і быць не можа: наяўнасць памылак — граматычных, пунктуацыйных, фактаграфічных — наўпрост уплывае на імідж бібліятэкі і самога сайта.

Дадам сюды і актыўны піяр матэрыялаў бібліятэкі праз розныя сацыяльныя сеткі, што таксама вельмі важна з боку “раскруткі” сайта на прасторах інтэрнэту. Як вядома, практыка агрэсіўнага маркетынгу і піяру свайго кантэнту — немалаважны складнік сучаснай інфармацыйнай дзейнасці, які наўпрост тычыцца і бібліятэчных парталаў.

Складнік трэці: аўтарскія матэрыялы

Адметна яшчэ і тое, што з нядаўняга часу ў штаце аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’явіліся прафесійныя журналісты.

— Справа ў тым, што мы арыентуемся цяпер не толькі на навіны бібліятэчнага жыцця, а спрабуем стаць парталам, які прадастаўляе інфармацыю пра ўсе знакавыя падзеі ў культуры Беларусі і за яе межамі, — кажа Юлія Кісялёва. — Таму цяпер у нас працуе журналіст, які робіць самастойныя аўтарскія матэрыялы. Да гэтай працы падключаюцца і іншыя супрацоўнікі аддзела, якія маюць філалагічную адукацыю і здольнасць да творчасці.

Напрыклад, нядаўна бібліятэкары зрабілі інтэрв’ю з беларускім пісьменнікам Віктарам Марціновічам, а яшчэ запланавалі цэлую серыю артыкулаў пра Івана Кірчука. Таксама на партале выходзілі матэрыялы пра Людку Сільнову, Таісу Супрановіч і іншых цікавых асобаў.

Натуральна, уся гэта журналісцкая справа яшчэ толькі пачынаецца, але ў Нацыяналцы перакананы: з цягам часу іх партал будуць ведаць не толькі як бібліятэчны сайт, але і дзякуючы адметным аўтарскім матэрыялам.

Складнік чацвёрты: платныя паслугі

Дзякуючы новаму
парталу, у бібліятэкі з’явілася больш магчымасцей прадстаўляць платныя паслугі. Іх пералік можна знайсці адразу ж на галоўнай старонцы сайта: тут табе і рэдагаванне бібліяграфічнага спіса, і электронная дастаўка дакументаў, і праверка тэкстаў на плагіят. Паслугі карыстаюцца павышаным попытам у наведвальнікаў.

І ўсё гэта функцыянуе вельмі зручна. Напрыклад, дзякуючы электроннай дастаўцы, карыстальнік з Беларусі і іншай краіны свету можа замовіць пэўную літаратуру і пасля анлайн-аплаты атрымаць тэкст у электронным выглядзе.

Таксама можна замовіць электронны білет на аглядную пляцоўку, размешчаную на даху Нацыяналкі. З цягам часу падобных паслуг, якія можна аплаціць не выходзячы з дома, будзе станавіцца ўсё болей.

Складнік пяты: віртуальныя праекты

Гэта яшчэ адна навінка. Так, з кастрычніка на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі можна ўбачыць пастаянны віртуальны праект “Адысея Саламеі Русецкай: ад Стамбула да Пецярбурга”.

— Ён прысвечаны 300-годдзю з дня нараджэння вядомай наваградскай жанчыны-лекаркі, першай у гісторыі Рэчы Паспалітай, — кажа Юлія Кісялёва. — На старонцы праекта можна пабачыць не толькі змястоўную тэкставую інфармацыю, але і аўдыё- і відэакантэнт, каляровыя слайды ды многа цікавага. Па падобнай схеме мы ствараем і плануем ствараць і іншыя праекты, прысвечаныя знакамітым беларусам або адметным падзеям у гісторыі і культуры Беларусі.

Сапраўды, сённяшні чытач, зайшоўшы на інтэрнэт-партал, хоча пабачыць там не толькі тэкставую, але і візуальную інфармацыю самай высокай якасці. Прычым з перавагай у бок відэа- і фотаматэрыялаў.

Я не згадаў яшчэ пра відэаўрокі, дзякуючы якім кожны віртуальны карыстальнік можа паглядзець, як зарэгістравацца на партале ці замовіць тую ці іншую кнігу, пра версію сайта для людзей са слабым зрокам, пра падпіску на навіны па абранай тэматыцы, пра віртуальныя экскурсіі па бібліятэцы ды многае іншае. Несумненна адно: новы сайт Нацыянальнай бібліятэкі — гэта важкі інфармацыйны рэсурс і прыклад для пераймання вопыту іншымі бібліятэкамі Беларусі.

Іншая справа, што на шляху пераймання можа паўстаць шмат перашкод. Скажам, ці зможа кіраўніцтва абласных ды раённых “кніжніц” набіраць у штат журналістаў, філолагаў і перакладчыкаў? Ці здолее ўкараніць сэрвіс бібліятэчных паслуг, якія можна аплаціць праз інтэрнэт? Ці ёсць у нашых бібліятэк магчымасць абнавіць свае сайты (пакінем за дужкамі той факт, што многія раённыя бібліятэкі Беларусі сайтамі ўвогуле не абзавяліся) згодна з сучаснымі патрабаваннямі?

Разам з тым, бібліятэкарам Беларусі ёсць цяпер на што арыентавацца. Варта толькі ўбіць у пошукавы радок адрас nlb.by. А сама Нацыяналка, як запэўніла мяне Юлія Кісялёва, заўсёды гатова да супрацоўніцтва з іншымі бібліятэкамі краіны. У тым ліку — і ў справе кансультацый па абнаўленні іх інтэрнэт-старонак.

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"