“Фанфары” і ціша Парэчча

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

Па ступені сваёй чыстасардэчнасці гутаркі з кіраўнікамі ўстаноў культуры Парэчча занялі першыя месцы ў маім рэйтынгу самых пранізлівых размоў з людзьмі гэтай сферы. Ніякіх рэтушы і “фоташопа”, усё шчыра, прама, адкрыта, часам — з болем і скрухай. А як можа быць па-іншаму, калі чалавек не проста праседжвае свае належныя гадзіны з 9.00 да 18.00, а шчыра перажывае за справу, даручаную яму, і не шкадуе на яе ўласных сіл? Калі ад справы гэтай, ужо прабачце за пафас, залежыць сучаснае і будучае краіны? Давайце знаёміцца і з культурай аграгарадка, і з тымі, хто ёй кіруе.

/i/content/pi/cult/721/15725/pages-10-11-S.jpgКолер настрою… руцінны

Таццяна Гайс дырэктарствуе ў Дзіцячай музычнай школе мастацтваў Парэчча з 2012 года. Паводле яе слоў, заняўшы гэтую пасаду, на самым пачатковым этапе ёй было важна захаваць традыцыі, закладзеныя заснавальнікамі ўстановы — Валерыем Сакам і Пятром Мазюком. Дзякуючы гэтым карыфеям айчыннай культуры, назва аграгарадка цяпер добра вядомая не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Прычынай таму — заснаваны імі Міжнародны фестываль духавых аркестраў “Фанфары сяброў”, які ладзіцца раз на два гады.

Але захоўваючы — прымнажай. Што навучэнцы па класе духавых і робяць: аб іх і мінулых, і “свежых” перамогах на беларускіх і замежных фестывалях (у прыватнасці, узорнага духавога аркестра Porech’e ViP Вand) сведчаць шматлікія ўзнагароды, якія з гонарам прадэманстравала мне “гаспадыня” ДМШМ. А яшчэ ў ёй навучаюцца выканаўцы на ўдарных, баяністы, акардэаністы і піяністы, працуюць тэарэтычны і харавы класы. Агульная колькасць вучняў установы — 86 (у сярэдняй школе аграгарадка iх каля 250-ці).

Зарабляе школа канцэртамі, ёсць у ёй падрыхтоўчае аддзяленне, але па факце ў яго ніхто не ходзіць — задарагі для мам і тат штомесячны цэннік у 25 — 28 рублёў. Затое карыстаюцца попытам рэпетытарскія паслугі па вакале.

— Часам даведваешся ў інтэрнэце, што хтосьці з нашых выхаванцаў ужо спявае ў якім-небудзь ансамблі. Прыемна, не буду хаваць, — усміхаецца Таццяна Іванаўна. — Дарэчы, для музычна адораных дзяцей у аграгарадку праходзіць Адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс “Шанец”, адным з арганізатараў якога з’яўляецца наша школа.

З іншага боку, дырэктар сцвярджае, што працэнт тых, хто пасля заканчэння ДМШМ працягвае вучыцца ў профільных сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, не такі вялікі.

 — А можа, гэта ў мяне патрабаванні завышаныя, бо, на самай справе, не так і мала выпускнікоў нашай школы застаецца ў прафесіі, — тут жа дадае яна. — Але мне хочацца большага! І хочацца, каб больш вярталася да нас настаўнікамі. Бо пакуль у школе нейкая ратацыя — многія адпрацоўваюць размеркаванне і сыходзяць. Хаця ёсць і тыя, хто затрымліваецца: спадабалася ім тут, калектыў прыйшоўся па душы. Наколькі я ведаю, агулам Гродзенскі раён адчувае патрэбу ў педагогах пачатковых музычных устаноў.

Пры гэтым, спадарыня Гайс лічыць, што якасць выкладання ў СНУ жадае лепшага: нярэдка маладых спецыялістаў, якія прыйшлі ў дзіцячыя школы мастацтваў, даводзіцца давучваць, а то і зусім перавучваць — гэта тычыцца і тэорыі, і практыкі. І ўсё радзей, як мяркуе дырэктар, бачыш педагогаў, у якіх вочы гараць. Здаецца, яны адразу настройваюць сябе на руціннае існаванне.

— А некаторыя думаюць, што на месцах для іх створаны ўсе ўмовы для працы: інструменты — толькі з крамы, класы забяспечаныя самай сучаснай мультымедыйнай тэхнікай, — працягвае Таццяна Іванаўна. — А нам і абноўкі патрабуюцца, і тэхніку звышсучасную мы пакуль сабе дазволіць купіць не можам. Таму маладыя настаўнікі хуценька і “выгараюць”. Хаця, у прынцыпе, усё самае неабходнае, без чаго
абысціся сапраўды нельга, у школе ёсць.

А Ганна Талало не змагла ў гэтым жыцці абысціся без рукадзелля. Любоў да яго дзесяцігадовай дзяўчынцы прышчапілі яе цёткі па мамчынай і татавай лініях. І, як ні дзіўна, бацька, што цалкам заахвочваў захапленне дачкі вышыўкай. І калі перад Ганнай паўстала пытанне выбару прафесіі, адказ для яе быў відавочны: развіць свае аматарскія навыкі ёй — жыхарцы Украіны, дапаможа вучоба ў Кіеўскім тэхналагічным інстытуце лёгкай прамысловасці (цяпер — Нацыянальны ўніверсітэт тэхналогій і дызайну).

У 2002-м годзе спадарыня Талало, якая да таго часу перабралася ў Беларусь, стварыла ў Парэцкiм цэнтры культуры гурток ткацтва, якім кіруе і па сёння. Арганізаваць яго працу ёй дапамагалі мясцовыя народныя майстры. (“Ці не ў кожнай сям’і Парэчча быў ткацкі станок, настолькі тут было развітае гэта рамяство”, — кажа Ганна Рыгораўна.) І ўсе разам яны — вядома ж, пры непасрэдным унёску ў агульную справу гурткоўцаў — паднялі гэтае мастацтва да такіх вышынь, што многія музеі краіны прасілі і просяць выставіць у сваіх сценах іх габелены — з уласцівым толькі гэтаму рэгіёну спецыфічным кветкавым арнаментам.

— З нейкага моманту мы перасталі адгукацца на такія просьбы, — прызнаецца спадарыня Талало. — Бо некаторыя сталі “забываць” вяртаць нам усё, што мы ім давалі.

А “К” не забылася, што ёй патрабуецца рэцэнзент культурнага жыцця Парэчча, якім і стала Ганна Рыгораўна.

Каментарый Ганны ТАЛАЛО:

— Часам здаецца, што наш знакаміты фестываль “Фанфары сяброў” адбірае ўсе сілы і ў яго арганізатараў, і ў жыхароў Парэчча. Што толькі ў тыя травеньскія дні аграгарадок і жыве насычаным, разнастайным культурным жыццём. А ў астатні час неяк усё заціхае, як быццам упадае ў спячку, хоць той жа Цэнтр культуры свае мерапрыемствы праводзіць рэгулярна. Але мне хочацца, каб у ім ладзілася больш сустрэч з людзьмі мастацтва, больш выстаў-прэзентацый любой культурнай скіраванасці.

Танцпляцоўка без танцаў

“Новы венік” у кіраўніцтве Парэцкага цэнтра культуры, мяркуючы па ўсім, збіраецца як след “падмесці” як мінімум сваю тэрыторыю. Сведчаннем гэтаму — наша гутарка з не так даўно прызначанай загадчыцай установы Ганнай Заяц. Адзначаючы спрыяльную творчую атмасферу, якая пануе ў Цэнтры, яна не хавала і праблемы, спадарожныя яго функцыянаванню. Але спачатку — пра плюсы.

— У нас — добры калектыў і мікраклімат у ім, людзі падтрымліваюць адзін аднаго, прапануюць свае ідэі, — не скупіцца на пахвальбу Ганна Міхайлаўна. — Тым, хто ўнутры працэсу, хто ўсё стараецца рабіць не па лякалах, працаваць тут цікава. Але...

І загадчыца пераходзіць да мінусаў:

— З шаблонным падыходам змагацца нялёгка. У тых, хто працуе на месцах, ужо ёсць дакладнае разуменне таго, што нават традыцыйныя мерапрыемствы патрабуюць сёння больш сучаснага ўвасаблення, але да ініцыятыў “знізу” часам ставяцца вельмі насцярожана. Таму, здараецца, даводзіцца лавіраваць паміж кампрамісамі і свабодай самавыяўлення, так гэта назавем. І калі б яшчэ не было столькі папяровай працы (справаздачы, графікі, статыстычныя выкладкі і да таго падобнае), якая на кіраўніка ўстановы звальваецца ў катастрафічных аб’ёмах, то і творчая аддача ад мяне была б значна большай.

Адзначыла спадарыня Заяц і такую парадаксальную рэч. Нягледзячы на тое, што калектыў ЦК працуе, па яе сцвярджэнні, як гадзіннік, кадравая цякучка ў ім вялікая. Маладыя спецыялісты тут надоўга не затрымліваюцца — перш за ўсё, па фінансавай прычыне. Ды і моладзь Парэчча на прапанову ўзяць удзел у працы Цэнтра адгукаецца без асаблівага жадання. А выбіраць ёй там ёсць з чаго: скажам, вакальная ды харэаграфічная студыі, тэатральны гурток. Здавалася б, калі ласка, займайцеся самарэалізацыяй, але ж не: па словах загадчыцы, хіба ў адзінкавых выпадках хлопцы і дзяўчаты аграгарадка спрабуюць у сваім далейшым жыцці пайсці па творчым шляху. Моладзь вельмі цяжка завабіць нават у якасці гледачоў на нейкія імпрэзы.

Кажучы пра культуру Парэчча ў цэлым, спадарыня Заяц падзяляе меркаванне Ганны Талало: маўляў, калі б не “Фанфары”, то сённяшняе жыццё ў аграгарадку можна было б назваць прэсным. Так, напрыклад, прастойвае танцавальная пляцоўка — з-за нейкай бязладзіцы ў перадачы яе з балансу на баланс ад адной арганізацыі да іншай. А некалі яна станавілася галоўнай пляцоўкай для розных імпрэзаў.

— Але вы мяне ў такія скончаныя песімісткi не запісвайце, — і Ганна Міхайлаўна зноў “вырульвае” на пазітыў. — Я перакананая ў тым, што культуры Парэчча можна надаць новы імпульс у яе развіцці — балазе, падмурак для гэтага ёсць. Як ёсць цікавыя планы ў нашага Цэнтра. Думаю,
нейкая частка моладзі аграгарадка абавязкова адгукнецца на тое, каб прыняць непасрэдны ўдзел у іх ажыццяўленні. І тады вельмі хутка вы пачуеце пра культуру Парэчча з самага лепшага боку, і не толькі ў кантэксце фестывалю “Фанфары сяброў”. Тым больш, што аддзел культуры Гродзенскага райвыканкама трымае руку на пульсе нашых праблем і ўсяляк дапамагае нам іх вырашаць. А калі ёсць увага з боку мясцовых уладаў, то і вынік дакладна будзе!

Мінск — аграгарадок Парэчча Гродзенскага раёна — Мінск / Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"