Пра “тонкую скуру” творцы

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

21 лістапада коласаўцы адзначалі 92 гады з дня нараджэння роднага тэатра. Сёлета свята атрымалася асабліва годным, бо ў гэты вечар артысты звярнуліся да творчасці таго аўтара, чыё імя па праву носіць наш творчы калектыў — народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. І паказалі прэм’еру — спектакль “Сымон-музыка”.

/i/content/pi/cult/721/15721/jWdNtrTcdgexhKoWAdv1LePBFrCVD7sBBwzWixe6yq7WyEddoZBS-S.jpg

Сымон — Дзмітрый Каваленка.

/i/content/pi/cult/721/15721/pages-8-9-S.jpgКоласаўскі мае ладную традыцыю ўвасаблення твораў Песняра: пачынаючы з 1937 года, гэта ўжо сёмы зварот да яго спадчыны. Ды і да хрэстаматыйнай паэмы пра лёс народнага музыкі тэатр падступаўся ўжо і годна яе ўвасобіў — у 1976 годзе. Пастаноўку тады ажыццявіў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Мазынскі, і разам з выканаўцам галоўнай ролі Сяргеем Шульгой ён быў адзначаны за яе прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. Спектакль вылучаўся вобразна-паэтычнай метафарычнасцю, узнёсласцю, распрацаванымі пластычнымі сцэнамі, выразнай музычнай
партытурай Сяргея Картэса, пераканаўчымі акцёрскімі работамі Сяргея Шульгі (пазней роля Сымона пяройдзе да Міхася Краснабаева), Яўгена Шыпілы (дзед Курыла), Тадэвуша Кокштыса (Жабрак), Таццяны Мархель (Маці), Таццяны Ліхачовай (Ганна).

Сёлета паэму перанёс на сцэнічныя падмосткі колішні Сымон з той легендарнай пастаноўкі — цяперашні мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў (ён і аўтар інсцэніроўкі, і рэжысёр). Штуршком да нараджэння задумы для яго стала першая рэдакцыя паэмы, створаная Якубам Коласам у 1918 годзе. Менавіта праз яе спектакль набыў не толькі моцны філасофскі змест, але і трагічную афарбоўку, якая адрознівае гэты варыянт ад больш позніх. Краснабаеў адчуў перагук настрояў пачатку ХХ стагоддзя з нашым прагматычным часам. Здаецца, рэжысёра хвалюе не толькі лёс мастака, які змагаецца за сваё права быць вольным і незалежным там, дзе правяць баль грошы, але і будучае беларусаў як нацыі. Адсюль праз увесь спектакль праходзіць трагічны вобраз Ганны (Анастасія
Рэўчанка-Лук’янава) — не толькі як каханай Сымона, але і як Бацькаўшчыны, яе мовы, культуры, духоўных каранёў, нацыянальнай самасвядомасці.

На пачатку дзеі сучасная моладзь, якая выраклася сваёй мовы і каранёў, віхляецца ў нейкіх шалёных танцавальных рухах. І раптам на экране з’яўляюцца аўтографы рукапісу паэмы, жывыя коласаўскія радкі. І тыя ж радкі, але занатаваныя на аркушах паперы, ужо ляцяць аднекуль зверху, запаўняючы ўсю сцэну. Адбываецца нейкае містычнае пераўтварэнне, пэўны цуд, калі Стары (народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс) выхоплівае з натоўпу постаць маладога сучаснага юнака і дае яму чытаць коласавы вершы. Яго апранаюць у беларускі строй, і ён ператвараецца ці, прынамсі, прымярае на сябе вобраз Сымона-музыкі, які атрымаў ад Бога асаблівы талент і надзвычайнае
разуменне свету. Стары як быццам вядзе хлопца па дарозе жыцця, дае моцы ў выпрабаваннях лёсу, далучае яго да сапраўднай духоўнасці. У той жа час і іншых маладых людзей апранаюць у беларускія строі, і яны таксама праходзяць праз усю паэму, будзь то сцэны ў вёсцы, або ў карчме, або ў палацы.

Вядома ж, першая скрыпка ў спектаклі належыць выканаўцу цэнтральнай ролі — маладому артысту Дзмітрыю Каваленку. Ён стварае вобраз юнака з асабліва чулай душой і “тонкай скурай”. Наіўны зацкаваны хлопчык пераўтвараецца ў асобу, мастака, што пачынае адстойваць сваю чалавечую годнасць, разумець усю каштоўнасць Волі і неабходнасць за яе змагацца. Артыст уражвае глыбінёй перажыванняў свайго героя, што адбіваецца не толькі ў вершаваных радках, але і ў песнях-зонгах, якія арганічна ўплецены ў тканіну спектакля (кампазітар Арцём Краснабаеў), і якія ён дастаткова прафесійна выконвае.

Патрыярх коласаўскай сцэны Тадэвуш Кокштыс выконвае ў спектаклі ажно чатыры ролі: Старога (які ў нечым нагадвае асобу “ад аўтара”), Дзеда Курылу, які перадае Сымону ў дар скрыпку, Жабрака і дзеда Данілу (які з’яўляецца паслугачом Князя). Ці так было задумана, ці так ужо атрымалася, але яны ў многім падобныя — і па той функцыі, якую выконваюць у спектаклі (духоўных настаўнікаў Сымона), і проста па-чалавечы. Насамрэч, выканаўца стварае адзін велічны, эпічны вобраз, які ўбірае ў сябе розныя рысы, уласцівыя беларусам, і найперш — мудрасць, пранікнёнасць, абачлівасць, памяркоўнасць, спагадлівасць, чалавекалюбства.

Трэба адзначыць лаканічнасць і разам з тым метафарычна-асацыятыўную вобразнасць сцэнаграфіі, стылявое адзінства касцюмаў (мастак-пастаноўшчык Святлана Макаранка). Галоўным візуальным вобразам спектакля стала кола, якое атаясамліваецца і з дарогай, з кругамі жыцця, чалавечага лёсу, і з цяжкой знямогай сялянскай працы, з хараством княскага палаца (там яно ператвараецца ў жырандолю), і з эшафотам, дзе распінаюць Ганну. Яно ўздымае на вяршыню — і прыціскае да зямлі.

Фінал спектакля трагічны, ён не пакідае надзеі. Памірае згвалтаваная князем і яго хеўрай Ганна. І толькі ў душы Сымона засталася жыць памяць пра яе, пра каханне. Толькі гэтае светлае пачуццё дапамагае юнаку ўстаць з кален ды “нарадзіць” бессмяротныя радкі, якія на пачатку спектакля чытаў Стары і якія пакінуў яму (усім нам!) як духоўны запавет.

На прэм’еры глядзельная зала была перапоўнена. Спадзяемся, што так будзе і на ўсіх далейшых паказах спектакля, які так неабходны нам, беларусам. Перад паказам у фае разгарнулася экспазіцыя, прысвечаная 100-годдзю першай рэдакцыі паэмы “Сымон-музыка”, прадстаўленая Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. На ёй прадстаўлены розныя выданні твора, у тым ліку і ў перакладзе на рускую мову, фотаздымкі спектакляў, пастаўленых паводле яго. Дарэчы, на прэм’еры прысутнічала дырэктар музея Зінаіда Камароўская.

Юрый ІВАНОЎСКІ

Фота Наталлі ЯРМОЛАВАЙ-ЛАВІЦКАЙ