Шклоў у кінамінулым

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

“Беларускі відэацэнтр” прадставіў новую работу: рэжысёр Юрый Цвяткоў зняў фільм пра кіраўніка першага беларускага балета Сямёна Зорыча. “Шклоўскі афорт” — так называецца стужка працягласцю дваццаць пяць хвілін, што ўзнаўляе падзеі другой паловы XVIII стагоддзя. Асновай фільма стала аповесць беларускага пісьменніка (ён жа аўтар сцэнарыя) Уладзіміра Мехава “Старадаўняя гравюра”, напісаная ў 1974 годзе.

Грунтуецца “Шклоўскі афорт” на шматлікіх дакументах, кнігах, карцінах, аповедах далёкага родзіча галоўнага персанажа стужкі — Джорджа Зорыча, які сам быў артыстам балета ў Нью-Йорку. Фільм уяўляе сабой вяртанне ў тыя часы: касцюмы, партрэты герояў, дакладнае ўзнаўленне памяшканняў і падзей расказваюць гэтую гісторыю лепш за любыя падручнікі па гісторыі. Апавядальніца — актрыса Зоя Белахвосцік — стала своеасаблівым гідам для гледачоў. Па яе словах, сыграць гэтую ролю было цяжэй, чым звычайную сцэну ў іншай стужцы.
Дырэктар “Белвідэацэнтра” Андрэй Бычкоў паведаміў, што ў пятніцу, 18 ліпеня, адбыўся паказ фільма ў кінатэатры Шклова, які наведалі жыхары горада. Як вядома, год таму, акурат да Дажынак, гарадскія ўлады паставілі свайму герою помнік.
“Мы адкрываем для сябе тое, чаго не ведалі, мы капаем глыбока, і гэта павінна быць цікава шырокаму гледачу. Наш фільм — абсалютна праўдзівая гісторыя, тут няма ўпрыгожванняў, якія, магчыма, “падкарэкціравалі” б уяўленне пра галоўнага героя стужкі. Сямён Зорыч быў авантурыстам, легкадумным чалавекам, ён абкладаў народ непамернымі падаткамі, а пасля прайграў усё багацце ў карты, — пра ўсё гэта можна даведацца з фільма”, — запэўнівае рэжысёр Юрый Цвяткоў.Наталля Аўдзеева, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, якая прысутнічала на прэм’еры, адзначыла: “У карціне злучаны мастацкая прыгажосць і гістарычная праўда, глядзіцца яна на адным дыханні”. Дэпутат паабяцала прапагандаваць “Шклоўскі афорт” у Беларусі, Расіі, а таксама сярод нашых суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ