Смяецца той, каму смешна

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

Усё часцей на тэатральных афішах побач з імёнамі класікаў і замежных творцаў з’яўляюцца імёны і айчынных аўтараў. Але звычайна гэта тычыцца драмы, іншыя жанры прадстаўлены куды больш сціпла. Таму сёлетняй вясной Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі абвясціў конкурс на стварэнне п’ес Comedy.by. Ці ўдалося адкрыць новыя імёны камедыёграфаў і з чаго не хочацца смяяцца на сцэне, распавёў “К” старшыня журы — мастацкі кіраўнік РТБД рэжысёр Аляксандр ГАРЦУЕЎ. З сакавіка па верасень на адрас тэатра даслалі больш за 40 п’ес. Але ніводная з іх не прызнана найлепшай — Гран-пры, як і першую прэмію, журы вырашыла не прысуджаць. Другую падзялілі паміж сабой два вядомыя драматургі — Павел Пражко з п’есай “Сусед” і Мікалай Рудкоўскі з п’есай “Жаданне 16+”. Трэцяя прэмія ў пачаткоўцаў — Аляксандра Палубінскага (“Мяккія гісторыі”) і Данііла Філіповіча (“Сёння”). Заахвочвальную прэмію ўручылі Аляксандру Савуху (“Метро”). Але ж чаму конкурс застаўся без пераможцаў?

/i/content/pi/cult/721/15719/IMG_2183-S.jpg— Журы сышлося ў меркаванні, што сярод атрыманых намі твораў выдатных — няма. З чым гэта звязана, я не ведаю, — кажа Аляксандр Гарцуеў. — Сучасная беларуская драма дасягнула пэўных вышыняў нават на міжнародным узроўні. А вось у камедыйным жанры такога феномену пакуль не назіраецца.

— Літаральна год таму адбыўся падобны конкурс — па стварэнні п’ес пра Францыска Скарыну…

— І вельмі якасны, — падхоплівае рэжысёр. — Але там была прадстаўлена найперш менавіта драма. Аўтары, якія аддаюць ёй перавагу, неяк знаходзяць тыя пункты, дзе ў іх сэрца б’ецца. Таму атрымліваецца шчыра і пранізліва. Камедыя ж — асаблівы жанр. І быў такім заўжды. Згадаем савецкія часы — Крапіва, потым Макаёнак. І ўсё… То бок драматургаў шмат было, але што з іх твораў засталося актуальным дасюль? Магчыма, сам жанр не зусім беларускі — ці што?

— Хаця попыт на яго сярод беларускага гледача дакладна ёсць: кожная другая назва ў любой афішы — камедыя.

— Паглядзіце, хто аўтары гэтых п’ес — ці то французы, ці то амерыканцы, ці то расіяне. Я таксама спадзяваўся, што мы адшукаем беларускіх камедыёграфаў — на конкурс было
пададзена 42 п’есы. Не ўсе,
праўда, адпавядалі ўмовам, таму дзве — тры мы не разглядалі, бо іх напісалі не грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Але, магчыма, адну менавіта з такіх п’ес я буду ставіць.

— Можам называць канкрэтныя імёны?

— Не кажы “гоп”, пакуль не пераскочыш.

— Але патлумачце хаця б, што вас так зачапіла?

— Розум, самаіронія, добры, не пошлы гумар, адсутнасць дурасці. Аўтар — наш зямляк. Мне гэтая п’еса падалася самай цікавай, але правілаў трэба прытрымлівацца. Гэта міжнародны стандарт, мы мелі права такі пункт унесці — прымаць работы толькі грамадзян Беларусі. Калі б бралі ўсіх, у нас было б іх не 42 прэтэндэнты, а 420. З глузду з’ехалі б, чытаючы тэксты з Новасібірска ці Барнаула, якія не маюць ніякага дачынення да нашай краіны. Хацелася ўбачыць п’есы людзей, якія жывуць тут і апісваюць тое, што адбываецца ў нас.

Офіс, вёска, містыка, сям’я

— Ці вылучаюцца ў дасланых работах агульныя тэмы і сюжэты? З чаго прапануюць смяяцца аўтары?

— Тут заўважнае пэўнае раздзяленне. Шмат у якіх п’есах дзеянне адбываецца ў нейкім офісе: ці то жанчыны б’юцца за мужчыну, ці то якаясьці блытаніна дакументальная альбо камп’ютарная здараецца. Выбіваюцца сямейныя п’есы. Ёсць невялікая колькасць п’ес вясковых — на жаль, напісаных кансерватыўнай мовай мінулага стагоддзя: мужык, баба, самагонка... Калі чытаеш, такое адчуванне, што аўтар дастаў з куфра свой старэнькі тэкст, крыху перарабіў і аддаў на конкурс. Ёсць п’есы фантасмагарычныя. Яны найбольш цікавыя — у іх прысутнічае элемент містыкі, сюжэты звязаныя з высокімі тэхналогіямі. Бадай і ўсё. Вось сацыяльных камедый, якія былі б запатрабаванымі, акурат і не хапае. А галоўная бяда ў тым, што дасланыя камедыі — не вельмі смешныя.

— Як у такім разе варта ацэньваць вынікі?

— Мне падаецца, што гэты конкурс, як і папярэдні, зрабіў сваю карысную справу — падштурхнуў людзей, якія пішуць, да новых твораў. На жаль, адкрыццяў не адбылося. Чаму? Адказ не мне даваць. Але тыя п’есы, якія атрымалі прызы, на мой погляд, вартыя ўвагі. Усё, што трапіла ў шорт-ліст, будзе разаслана ў літаратурна-драматургічныя часткі тэатраў краіны.

— Пасля мінулага конкурсу выйшаў не толькі зборнік з тэкстамі пераможцаў, а яшчэ і два спектаклі — “Скарына” ў Магілёўскім драмтэатры і “Кар’ера доктара Рауса” ў вашым. А ў гэты раз ці вядзецца гаворка пра нейкія пастноўкі па адабраных п’есах?

— Такой умовы, што нейкую конкурсную п’есу абавязкова паставяць, не было. Проста калі я прачытаў п’есу Віктара Марціновіча, у мяне такое жаданне ўзнікла. Тое самае, пэўна, можна сказаць і пра спектакль “Скарына” па п’есе Мікалая Рудкоўскага. Але абавязацельства на пастаноўку загадзя даваць мы не можам. Дакладна выйдзе зборнік з тэкстамі пераможцаў — гэта вельмі важная справа, неабходная як для развіцця беларускай літаратуры, так і для тэатральнай культуры. Таму, цалкам магчыма, штосьці з напісанага будзе пастаўлена — нават у тым выпадку, калі мы не вызначылі пераможцаў. У кожным разе, гэтыя тэксты ўбачыць не толькі журы.

“Чым прасцей, тым лепш”

— Пошук сучасных беларускіх камедыёграфаў завяршыўся ў той час, калі вы ўзяліся за камедыю, якую ўжо можна лічыць класікай — “Мудрамера” Міколы Матукоўскага, напісанага ў 1980-я. Пакуль надзейней звяртацца да праверанага часам матэрыялу?

— Так працуе рэпертуарны тэатр — цяпер ставіцца тое, што было запланавана яшчэ паўтара — два гады таму. Сёння мы думаем ужо пра 2020 год. Пакуль ён наступіць, могуць з’явіцца цікавыя п’есы, але іх усё адно давядзецца адкласці. Два гады таму я прыняў рашэнне ставіць “Мудрамера”, таму што п’еса падалася мне вельмі сучаснай і злабадзённай.

Я сам, будучы маладым артыстам, удзельнічаў у спектаклі па ёй у Купалаўскім тэатры ў масоўцы: на сцэне быў бясконцы клін нібы лунаючых у паветры сталоў, за якімі мы сядзелі — у вобразах чыноўнікаў. Таму я ведаю тэкст лепш за акцёраў — ужо разоў сто слухаў яго на спектаклі. Гэта была камедыя часоў перабудовы, калі дазволілі штосьці крытыкаваць — чынавенства, сацыяльны лад і гэтак далей. Такія выказванні актуальныя ва ўсе часы.

— Штосьці прынцыпова змянялі ў новай версіі?

— Я пакінуў сем персанажаў. Міністр узгаднення — гэта Андрэй Дабравольскі. У яго два “замы”, сакратарка. Вынаходнік мудрамера Мурашка — заслужаны артыст рэспублікі Валянцін Салаўёў. Ёсць яшчэ адзін вынаходнік Залівака. Выдатная роля пенсіянеркі! У п’есе гэта простая жанчына, якая прыходзіць да міністра са сваёй справай, але па тым, што яна кажа, апарат — той самы мудрамер — ацэньвае яе як талент. У Купалаўскім тэатры гэта быў цудоўны эпізод са Стэфаніяй Міхайлаўнай Станютай. Яе сустракалі апладысментамі ўжо тады, калі яна ціхенька з’яўлялася з-за кулісаў. Гэтак жа праводзілі па сканчэнні эпізода. Спадзяюся, так будзе і ў нас — ролю выконвае народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель. Хочам прымеркаваць прэм’еру да яе юбілею 19 студзеня.

Толькі адзін эпізод я выключыў з тэксту — калі дырэктар тэкстыльнай фабрыкі прыходзіць да міністра з мадэлямі, якія дэманструюць новую вопратку. Цяпер гэта навошта? Час жа трэба ўлічваць. Напрыклад, адна з апошніх п’ес Макаёнка, у спектаклі па якой я граў — “Верачка”. На яе быў вялікі попыт у пачатку 1980-х. Цяпер мала хто ўцяміць, у чым там справа: бабуля хоча прапісаць да сябе ўнучку, каб той засталася кватэра. Сучаснаму гледачу проста незразумела, што кватэры былі дзяржаўнымі і ў спадчыну не перадаваліся. Такое ў наш час нават не трэба спрабаваць ставіць.

— Гэта вы да таго, што любы час патрабуе сваіх аўтараў?

— Час несупынна ідзе, і тое, што падавалася сучасным і смешным, становіцца бязглуздзіцай і рэтраградствам. Што можна было б ставіць сёння з п’ес таго ж Макаёнка? Хіба “Зацюканага апостала” з нейкімі праўкамі. Можа быць, “Трыбунал”, але таксама з праўкамі. Бо таго жыцця, што ў іх апісана, ужо няма. А раней творы гэтага драматурга ставіў увесь Саюз. У мяне, дарэчы, у акцёрскім дыпломе стаіць яго подпіс — як старшыні экзаменацыйнай камісіі.

— А якой вам бачыцца добрая камедыя? Якія ў вас патрабаванні да жанру?

— Вось што я пра яго зразумеў: калі няма прэтэнзіі на штосьці надзвычайнае, тады і смешна. А вось калі пачынаюць мудраваць… Чым прасцей, тым лепш. Але і час таксама трэба ўлічваць.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА


Склад журы конкурсу:

Вольга Бабкова — кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы;

Вацлаў Валадзько — памочнік мастацкага кіраўніка РТБД;

Святлана Ганчарова-Грабоўская — прафесар, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры БДУ;

Сяргей Кулікоўскі — галоўны рэжысёр Новага драматычнага тэатра;

Алена Мальчэўская — галоўны рэдактар часопіса “Полымя”, тэатральны крытык;

Таццяна Траяновіч — кіраўнік Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры, рэжысёр.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"