Каб не плаціць пошліны і падаткі

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

У № 44 “К” ад 3 лістапада быў змешчаны артыкул “Батлейка з няпростым лёсам”. Гаворка ў ім ішла пра лёс батлейкі фалькларыста і музыканта Івана Кірчука. Пасля працяглых замежных гастроляў “Троіцы” скрыня ад батлейкі была затрымана на беларускай мытні за перавышэнне вагі і вярнулася да гаспадара толькі праз краму, якая гандлюе канфіскатам. Хоць інцыдэнт і быў вычарпаны, рэдакцыя вырашыла звярнуцца ў прэс-службу Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь, каб атрымаць рэкамендацыі для тых мастацкіх калектываў і народных майстроў, што выпраўляюцца за мяжу і вязуць немалы груз інструментаў, дэкарацый ці ўласных вырабаў. На днях мы атрымалі адказ. Вось што паведамляюць з ДМК:

“Пры намеры часова вывезці тавары за мытную мяжу рэкамендуем іх задэклараваць з выкарыстаннем пасажырскай мытнай дэкларацыі, каб пры зваротным іх увозе на тэрыторыю краіны не плаціць мытныя пошліны і
падаткі. Вага і кошт тавараў, якія часова вывозяцца за межы краіны, могуць перавышаць вагавыя і вартасныя нормы ўвозу, устаноўленыя мытным заканадаўствам.

Вызваляюцца ад выплаты мытных пошлін тавары для асабістага карыстання, якія вяртаюцца ў нязменным стане, апрача змен у выніку натуральнага зносу.

Дакументы, якія пацвярджаюць вываз тавараў:

— пасажырская мытная дэкларацыя, аформленая ва ўстаноўленым парадку;

— дакументы, якія сведчаць пра факт вытворчасці ці набыцця тавару — пашпарт вырабу, гарантыйны талон, чэк і гэтак далей;

Пасля заявы фізічнай асобы мытны орган праводзіць ідэнтыфікацыю тавараў, якія часова вывозяцца, для забеспячэння захавання ўмоў іх выкарыстання за межамі рэспублікі.

Для захавання часу праходжання граніцы і спрашчэння мытных фармальнасцяў можна выкарыстаць партал папярэдняга электроннага прадастаўлення фізічнымі асобамі сведчанняў пра тавары для асабістага карыстання, спасылка на які размешчана на галоўнай старонцы адзінага Інтэрнэт-партала мытных органаў”.

Настойлівая рэкамендацыя для мастацкіх калектываў, якія едуць на гастролі за мяжу з вялікім багажом (інструменты, дэкарацыі, касцюмы і гэтак далей), — пры выездзе за межы краіны неабходна запоўніць у пункце пропуску пасажырскую мытную дэкларацыю. Пасля яе прад’яўлення ў мытны орган багаж вяртаецца ў рэспубліку без якіх-небудзь плацяжоў.