Back in USSR

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

У сярэдзіне лістапада Мінск наведала папулярная расійская пісьменніца Аляксандра Марыніна. Паездка была звязана з прыемнай для літаратара падзеяй — выхадам на беларускі кніжны рынак трэцяй часткі рамана “Горкі квэст”.

Гэты раман называюць самым “немарынінскім” у творчасці Марынінай, самым нязвыклым з таго, што яна напісала ад пачатку сваёй літаратурнай кар’еры. Твор распавядае пра тое, як маладыя людзі, што нарадзіліся ўжо пасля знікнення Савецкага Саюза з палітычнай карты свету, становяцца ўдзельнікамі сацыяльна-псіхалагічнага эксперыменту па вывучэнні паводзін ва ўмовах адсутнасці сучасных носьбітаў інфармацыі. Для “паддоследных” на адмыслова ізаляванай прасторы стварылі Савецкі Саюз 1970-х гадоў. Спачатку ўдзельнікам было смешна, а потым — не надта… Ну ўявіце сабе, што гарадскі жыхар, які толькі і ўмее, што кнопкі націскаць — ліфта, тэлевізара, камп’ютара, мікрахвалёўкі — трапляе ў цёмны лес без ўсялякай электрычнасці. Такая вось завязка дэтэктыўнага сюжэта.

“Машыну часу” як літаратурны прыём прыдумалі не ўчора. Зрэшты, уявіць сябе ў мінулым нібыта не так і цяжка. Што, як ні пагружэнне ў мінулае, шматлікія гістарычныя рэканструкцыі бітваў — ад Сярэднявечча да Другой сусветнай, дзе на фоне піратэхнічных эфектаў толькі імітуецца бойка? Або фестывалі старадаўняй культуры, на якіх удзельнікі пераапранаюцца ў высакародную шляхту і мужнае рыцарства? Але чамусьці нікога не цягне адчуць сябе, напрыклад, вязнем канцлагера ў Бярозе-Картузскай у 1934 — 1939 гадах ці акунуцца ў гарадскую каналізацыю польскай сталіцы, дзе пасля паразы Варшаўскага паўстання 1944 года паўстанцы ратаваліся ад немцаў. Рэч у тым, што для “падарожжаў у часе” мы выбіраем мінуўшчыну ўтульную і камфортную. Бо, як пісаў паэт, “тьмы низких истин мне дороже нас возвышающий обман”.

А вось Аляксандра Марыніна паспрабавала ўплішчыць прадстаўнікоў пакалення Сеціва ў даволі брутальныя на сённішні погляд побыт і сацыяльныя рэаліі 70-х гадоў. Гэта, зразумела, не кашмары Бярозы-Картузскай, але для разбэшчаных камфортам і ўседазволенасцю маладзёнаў і чарга ў прадуктовай краме ці прысутнасць на камсамольскім сходзе — цяжкае выпрабаванне.

Новы раман Марынінай паспрыяў ажыўленню дыскусіі пра маральную ацэнку савецкай гісторыі. Сама пісьменніца так гаворыць пра сваю кнігу: “Той, хто мысліць як дваццацігадовы юнак, не жыў у Расіі ў сямідзесятыя гады дваццатага стагоддзя, а тыя, хто жылі і былі ў тыя гады маладымі, цяпер ужо сталыя людзі ў паважаным ўзросце, якіх трымае ў мінулым іх уласны досвед, і яны нават не робяць спробы зрабіць крок наперад”.

Для беларусаў як нацыі важным чыннікам ідэнтычнасці з’яўляецца не толькі наша сярэднявечная дзяржава Вялікае княства Літоўскае, але і блізкі па часе Савецкі Саюз. Таму пытанне стаўлення да таго этапу гісторыі, які скончыўся ў 1991 годзе, для нас актуальнае не менш, чым для расіян. І з гэтай нагоды маю пытанне: чаму ў нас няма свайго аўтара кшталту Марынінай, які здолеў бы з пазіцый магчымай будучыні асэнсаваць нашу блізкую мінуўшчыну? Хай нават у форме такога жанру як дэтэктыў. Усё ж такі, наша бачанне гісторыі не тоеснае расійскаму. Ёсць грунтоўныя нюансы. Нават пры тым, што Маскву ў серыяле “Каменская” па творах Аляксандры Марынінай здымалі ў Мінску…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"