Дзеля вернага гледача

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

25 лістапада ў цёплай атмасферы роднай купалаўскай сцэны Віктар Манаеў правёў творчы вечар, прысвечаны ўласнаму 60-годдзю, якое народны артыст Беларусі адзначыў яшчэ ў жніўні. Віктар Сяргеевіч не любіць залішняй шуміхі вакол сябе, таму мерапрыемства нават не было пазначана ў афішы. Аднак зала запоўнілася калегамі па цэху, роднымі і сябрамі юбіляра.

/i/content/pi/cult/721/15713/DSC_3467-S.jpg

Віктар Манаеў прымае віншаванні ад калег...

...і выходзіць да гледача з сольнымі нумарамі.

/i/content/pi/cult/721/15713/DSC_3179-S.jpgРэдка мерапрыемствы такога кшталту даюць магчымасць гледачам адчуць сябе быццам у хатнім атачэнні, але Віктару Сяргеевічу тое ўдалося без напружання. Замест таго, каб прымаць афіцыйныя прамовы і абавязковыя ў такіх выпадках віншаванні, юбіляр вырашыў сам выступіць перад гасцямі з любімымі вершамі, празаічнымі ўрыўкамі і эпізодамі з вядомых купалаўскіх спектакляў. Са сцэны гучалі радкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Яны суседнічалі з прамовамі аўтарства Аляксандра Пушкіна і Фёдара Цютчава. Як тлумачыў акцёр, ён выбіраў вершы, якія былі звязаны з яго біяграфіяй і сталі вызначальнымі ў нейкіх жыццёвых абставінах. Не ўдакладняючы, які з твораў да якой сітуацыі адносіцца (“Людзі, якіх тое датычыцца, зразумеюць і так”, — усміхаўся Віктар Сяргеевіч), народны артыст у чарговы раз скарыў залу сваёй шчырасцю.

Выступленне перыядычна змянялася кадрамі відэахронікі. Прысутным паказвалі даўнія запісы са спектакляў, кінаэпізоды з удзелам майстра, фота яго першых крокаў на прафесійнай сцэне. Як вядома, Віктар Манаеў пачынаў сваю кар’еру з прафесіі акцёра-лялечніка, пра што заўсёды з задавальненнем распавядае. І на юбілейным вечары ён нават разыграў невялічкі лялечны эцюд з шарыкам, які на нейкі момант ператварыўся ў галаву лялькі. Пасля ж чырвоны шар стаў клоўнскім носам — бо перш за ўсё гэты акцёр блізкі публіцы сваімі бліскучымі камедыйнымі ролямі.

На творчым вечары Манаеў таксама шмат жартаваў. Ён браў са спецыяльна вывезенай на сцэну тэатральнай вешалкі паліто, шалікі, пінжакі, каб віртуозна пераўвасабляцца ў забаўных, нязграбных, эксцэнтрычных герояў Чэхава, персанажаў са спектакляў “Сымон-музыка” і “Местачковае кабарэ”. У апошнім на пару з Віктарам Сяргеевічам на сцэну выйшаў Алег Гарбуз. Але сярод шчырай весялосці народны артыст знайшоў месца і для светлай журбы. Пад жывое музычнае суправаджэнне аркестра тэатра ён спяваў шчымлівую песню на словы Марка Мермана са спектакля “Вельтмайстар-акардэон” і вядомую ў выкананні Аркадзя Райкіна кампазіцыю пра добрага гледача ў 9-м шэрагу.

У гэтым калейдаскопе сольных нумароў знайшлося месца і для фірмовага віншавання ад калег. Узяўшы за аснову канву пастаўленага ў тэатры “Рэвізора”, купалаўцы вывелі на сцэну ўжо добра знаёмых па шматлікіх капусніках парадыйных бюракратаў у выкананні Дзмітрыя Есяневіча, Міхаіла Зуя і Рамана Падалякі. З прыпеўкамі-віншавалкамі выходзілі да юбіляра дамы ў вязаных капялюшах — актрысы прымерылі на сябе вобраз класічных глядачак тэатра. А акцёры ў народных касцюмах выехалі да Манаева на гіраскутарах.

Напрыканцы зала доўга апладзіравала юбіляру, а ён шчыра дзякаваў: па яго прызнанні, часам ад суперажывання гледачоў артысты атрымліваюць куды больш, чым могуць самі аддаць публіцы.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"