Разам зможам болей

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

29 лістапада ў сталічным Доме прэсы адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная Міжнароднаму дню інвалідаў.

Як нагадала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы — начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Задзяркоўская, наша краіна ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў яшчэ ў 2016 годзе. Рэалізацыя нормаў канвенцыі прадугледжвае абарону асноўных правоў гэтай катэгорыі грамадзян: свабоднага доступу інвалідаў да працы і да сацыяльнай інфраструктуры, грамадскага і культурнага жыцця ў Беларусі.

— Міністэрства культуры краіны, як сувыканальнік гэтай Канвенцыі, прыкладае ўсе намаганні, каб ствараць роўныя магчымасці людзей з інваліднасцю да культурнай дзейнасці, — адзначыла прадстаўнік ведамства. — Так, з 2016 года выдзяляецца мэтавае фінансаванне на правядзенне знакавых мерапрыемстваў з удзелам людзей з інваліднасцю.

Напрыклад, адзначыла Наталля Задзяркоўская, летась у Магілёве пад эгідай Саюзнай дзяржавы быў праведзены фестываль творчасці інвалідаў “Разам мы зможам болей”. Мерапрыемства, якое разгарнулася на базе Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, сабрала больш за 300 удзельнікаў з Беларусі і Расіі. У склад айчынных дэлегацый увайшлі прадстаўнікі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, Беларускага таварыства глухіх і Беларускага таварыства інвалідаў — па 17 чалавек ад кожнага рэгіёна краіны.

Сёлета беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у II Міжнародных Парадэльфійскіх гульнях, што праходзілі 11 — 17 лістапада ў расійскім Іжэўску, куды з’ехаліся дзве тысячы ўдзельнікаў з 24 краін свету. Творчыя спаборніцтвы людзей з абмежаванымі магчымасцямі ладзіліся па 29-ці намінацыях у васьмі відах мастацтваў.

Па словах кіраўніка народнай мужчынскай вакальная групы “Хорус” унітарнага прадпрыемства “Элект” (Віцебск) Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Ігара Кецкіна, выступленне ягонага калектыву проста скарыла публіку і журы міжнароднага форуму. У выніку беларусы прывезлі дадому Гран-пры II Міжнародных Парадэльфійскіх гульняў у намінацыі “Вакальнае мастацтва. Эстрадны вакал. Ансамблі”.

У сваю чаргу, загадчык філіяла “Цэнтр інклюзіўнай культуры” гарадскога Цэнтра культуры Гомеля Кірыл Курдзюмаў распавёў пра дзейнасць сваёй установы, у якой працуюць шматлікія гурткі на платнай і бясплатнай аснове, ладзяцца фестывалі, конкурсы, а таксама паспяхова прэзентуюць сваю творчасць шэраг калектываў са званнямі “народны” і “ўзорны”.

Адзін з апошніх праектаў Цэнтра — арганізацыя майстар-класаў на розныя тэмы для школьнікаў і моладзі з парушэннямі слыху. Напрыклад, адно з заняткаў на тэму “Рэкламны дызайн” прайшло сёлета ў красавіку на базе спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 70 Гомеля. Падчас майстар-класа выкладчык і дызайнер Юрый Сцяпанаў з дапамогай сурдаперакладчыка расказаў пра сучасныя тэндэнцыі ў рэкламным дызайне, прынцыпах стварэння рэкламнай прадукцыі, а таксама пра асноўныя навыкі прафесіі дызайнера. Пазней удзельнікі майстар-класаў на практыцы пазнаёміліся з работай праграмы Adobe Photoshop і стварылі свае першыя самастойныя рэкламныя макеты.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"