Краіна як падстава для гонару

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

27 лістапада ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу фатаграфій і відэаролікаў “Мы сваёй Беларуссю ганарымся”. Гэта творчае спаборніцтва з’яўлялася часткай праграмы Года малой радзімы і мела за мэту папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны і сучасных дасягненняў нашай краіны найперш сярод моладзі — тых, хто нарадзіўся ўжо ў суверэннай Беларусі.

/i/content/pi/cult/721/15711/100_9736-S.jpg

Усяго на конкурс было даслана звыш 380 фотаздымкаў і відэа. Тэматыка зыходна была неабмежаванай, і кожны з аўтараў сам вырашаў, што для яго ёсць малая радзіма ў візуальным выяўленні, і як яна асабіста для яго ўвасабляе радзіму вялікую, імя якой — Беларусь. Сёння фатаграфія і відэа — гэта бадай самы дэмакратычны, самы даступны сродак творчай самарэалізацыі. І хоць розніцу паміж практыкаваннямі дылетанта-аматара і работай прафесіянала незамуленае вока бачыць адразу, часам пачатковец можа здзівіць нечаканым ракурсам і шчырай імпрэсіяй. Нездарма кажуць, што раз-пораз наватарамі і вынаходнікамі становяцца тыя людзі, якія кепска знаёмыя — альбо незнаёмыя зусім — з законамі жанру і канонамі тэмы.

Нешта падобнае адбылося і на гэтым конкурсе, арганізаваным пры падтрымцы Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі, грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Спрычыніліся да справы таксама Белтэлерадыёкампанія, выдавецкі дом “Звязда”, агенцтва “Мінск-навіны” і газета “Знамя юности”. Па прадстаўленым на конкурс матэрыяле відаць, што на тэму малой радзімы адгукнуліся жыхары як вялікіх гарадоў, так і мястэчак ды вёсак. А з гэтага вынікае, што ў духоўным сэнсе ў Беларусі няма правінцыі, глыбінкі; што лапік зямлі, не пакрытай асфальтам, можа займаць у чыімсьці сэрцы такое ж месца, як і сталічны праспект. Вось назвы некаторых работ, адзначаных дыпломамі: “Зямля бацькоў — мая зямля” (Ганна Хотылева), “Восень на Цнянскім водасховішчы” (Валерый Козуб), “Гервяты” (Віктар Ешчанка), “Карункі душы” (Яўген Чарняўскі), “Мая малая радзіма” (Марыя Набутовіч).

Першае месца ў намінацыі “Фатаграфія” — “Любоў” Міхаіла Капычкі, а найлепшы відэаролік зрабіў замежнік — італьянец Франка Навічэнта Буцільеры, “Беларусь, зямля легенд”. Ён вельмі ўражаны нашым краем і хацеў перадаць сваё захапленне. На ягоную думку, у Беларусі моцны турыстычны патэнцыял.

Конкурс засведчыў, што мяжа паміж аматарствам і прафесіяналізмам не такая ўжо трывалая, і пры жаданні можна яе пераадолець. Як падаецца, аўтарам некоторых адзначаных работ мае сэнс заняцца фотажурналістыкай ці ў перспектыве звязаць свой лёс з тэлебачаннем.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"