Простыя рэчы і няпростыя з’явы

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

Днямі майстру пейзажа і партрэту Віктару Барабанцаву прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь. У адказ на віншаванне ад нашага карэспандэнта мастак сказаў наступнае:

/i/content/pi/cult/721/15709/IMG_2231-S.jpg

Віктар Барабанцаў у сваёй майстэрні.

— Калі чалавек творчай прафесіі будзе гаварыць, што ён абсалютна абыякавы да меркаванняў грамадства пра ягоную працу і да афіцыйных знакаў пашаны — ганаровых званняў, лаўрэацкіх дыпломаў, медалёў — дык я схільны яму не недта верыць. Я не ўяўляю для сябе іншай прафесіі, акрамя мастакоўскай, і справу сваю буду імкнуцца рабіць як мага лепей — незалежна ад таго, будзе гэта годна ацэнена або не. Але ж хочацца адчуваць і сваю запатрабаванасць, усведамляць, што маё мастацтва не аднаму мне патрэбна. Таму навіна пра прысваенне звання “Заслужаны дзеяч мастацтваў” была для мяне радаснай. З вечара нават заснуць не мог, столькі эмоцый! Аднак раніцай прачнуўся і звыкла пайшоў у майстэрню. Праўда, ужо з усведамленнем, што зараз трэба працаваць з яшчэ большай адказнасцю за вынік. Бо да гэтага абавязвае і гонар, які мне аказаны, і мой новы статус.

У мяне няма пачуцця, што я трапіў у эліту. Добра разумею: ёсць цэлы шэраг маіх калег — відавочна за мяне не горшых у прафесійным сэнсе, — якія такога звання не маюць і з гэтага не бядуюць наогул. Калі я выстаўляю сваю работу ў салоне, бяру удзел у выставачным праекце ці раблю манументальную аздобу, дык глядач, пакупнік, замоўца ацэньваюць не мой паслужны спіс, а канкрэтную працу. І галоўны крытэрый тут — “падабаецца — не падабаецца”, а не тое, “заслужаны” я ці звычайны.

Наданне ганаровага звання для мяне — гэта нагода азірнуцца назад і крытычным вокам ацаніць зробленае. Паводле адукацыі я манументаліст, і досыць доўга ў маім станковым жывапісе прысутнічала ўмоўнасць, уласцівая фрэскам і мазаікам. Быў час, калі спрабаваў знайсці сябе ў авангардных плынях. Сёння ж я збольшага засяроджаны на тых рэчах і з’явах, якія вонкава не кідкія, але маюць унутраную экспрэсію. Гэта краявіды, партрэты людзей, сумоўе з якімі дае станоўчыя эмоцыі. Зрэшты, той жа нацюрморт ёсць адлюстраванне нематэрыяльных каштоўнасцей праз матэрыяльную атрыбутыку. Мне падабаецца маляваць простыя рэчы, бо за імі — няпростыя з’явы.

Мне падаецца, сёння ў нашым мастацтве
прыйшоў час, які можна назваць паслярэвалюцыйным. Нейкае падабенства таго, што ўжо было сто гадоў таму. Тады сацыяльны выбух разбурыў звыклы лад жыцця і паставіў пад сумнеў звыклыя каштоўнасці. У пашане былі пафас, мастацкі эксперымент, эстэтычная правакацыя. А потым, па меры таго як жыццё наладжвалася, мастацтва вярталася да форм, зразумелых шырокай грамадзе і адпаведных патрэбам псіхалагічнага камфорту. Нешта падобнае адбываецца ў нас цяпер. І як мастак у гэтай плыні я адчуваю сябе зручна.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"