Не толькі для кола знаўцаў

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

Раз на два гады прадстаўнікі айчыннай тэатральнай супольнасці выпраўляюцца ў Азербайджан на Бакінскую міжнародную тэатральную канферэнцыю. Сёлетні форум — пяты па ліку — сабраў амаль 150 удзельнікаў з 40 краін свету. Дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Наталля ВАЛАНЦЭВІЧ і рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі Вольга БУРАЎЛЕВА, якія ўваходзілі ў склад айчыннай дэлегацыі, распавялі “К” пра адметнасці мерапрыемства і той карысны для развіцця тэатральнага працэсу ў нашай краіне досвед, які можна было спасцігнуць у Баку.

/i/content/pi/cult/719/15703/23.JPG/i/content/pi/cult/719/15703/24.JPGЕўрапеізаваны Усход

Канферэнцыя — гэта магчымасць завязаць прафесійныя стасункі з прадстаўнікамі ўсяго свету і прэзентаваць замежнікам нашае тэатральнае мастацтва. Агулам у Баку выправіліся чацвёра беларусаў: апрача суразмоўцаў “К”, гэта дырэктар і мастацкі кіраўнік Сучаснага мастацкага тэатра Уладзімір Ушакоў і намеснік дырэктара Вялікага тэатра Беларусі Святлана Казюліна. У грунтоўным зборніку “Сусветны тэатральны працэс у ХХІ стагоддзі. Філасофія тэатра ў ХХІ стагоддзі: канцэпцыя быцця”, які пабачыў свет па выніках V Бакінскай міжнароднай тэатральнай канферэнцыі, можна пазнаёміцца з дакладамі яшчэ двух айчынных дзеячаў: малодшага навуковага супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Кацярыны Яромінай і загадчыка кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандра Марозава.

Н.В.: За тры дні, насычаныя выступленнямі, майстар-класамі і спектаклямі, мы змаглі ўпэўніцца, што для Азербайджана тэатральная канферэнцыя — не тусоўка для вузкага кола знаўцаў, а мерапрыемства высокага рангу, накіраванае на ўзняцце прэстыжу нацыянальнай культуры гэтай краіны ў свеце. Тэатральны форум фінансуецца дзяржавай і ладзіцца пры непасрэдным удзеле тамтэйшага міністэрства культуры. Каб кожны з прысутных змог зразумець выступоўцаў, сінхронны пераклад дакладаў рабіўся адразу на тры мовы. Азербайджанцы прэзентуюць сябе, як еўрапеізаваны Усход і актыўна працуюць над тым, каб канцэнтруючы ўвагу на ўласных дасягненнях, трансліраваць сваю культуру на іншыя краіны і кантыненты.

В.Б.: Тут можна згадаць стасункі з Вялікім тэатрам Беларусі: у нашым тэатры ідуць два балеты, пастаўленыя па азербайджанскім матэрыяле, стала ладзіцца абмен гастролямі. Як бачым, усходняя краіна актыўна прасоўвае сваю культуру ў іншых краях, умела яе прэзентуе.

Н.В.: У Азербайджане велічныя, прыгожыя тэатры з велізарнымі калектывамі. І місію тэатральнай канферэнцыі яны бачаць не толькі ў пошуку новых падыходаў да вырашэння тэарэтычных пытанняў, але яшчэ і ў тым, каб прыцягнуць увагу замежных экспертаў і практыкаў да нацыянальнага тэатра, каб завязаць прафесійныя стасункі, прывабіць у Баку лепшыя пастаноўкі свету ды і самім атрымаць запрашэнні на фестывалі вышэйшага гатунку. Упэўнена, такі падыход да навуковых канферэнцый не пашкодзіў бы і нашай краіне.

Сапсаваны тэлефон?

/i/content/pi/cult/719/15703/25.JPGН.В.: На канферэнцыі такога маштабу едуць не толькі навукоўцы. У Баку мы сустрэлі шмат кіраўнікоў тэатраў, дырэктараў фестываляў вышэйшага класу, тэатральных піяр-менеджараў. Практыкі, якія займаюцца падборам праграм тэатральных фэстаў, выкарыстоўваюць канферэнцыі як магчымасць даведацца, што новага адбываецца ў суседзяў і каго, адпаведна, можна запрасіць да сябе.

А падчас выступаў мы пачулі нямала цікавых думак, якія можна і нашым тэатрам узяць для практычнага прымянення. Напрыклад, дырэктар маскоўскага тэатра імя Вахтангава Кірыл Крок прэзентаваў сваю ўстанову праз менеджарска-арганізацыйны складнік. Ён даказваў, што і храм Мельпамены можа зарабляць грошы і адкрываць дадатковыя пляцоўкі для творчых эксперыментаў — галоўнае, каб пад тваю дзейнасць была падведзена добра абгрунтаваная метадалагічная база.

Калі ў адным месцы збіраецца такая неймаверная колькасць дасведчаных экспертаў, абавязкова можна будзе пачуць супрацьлеглыя меркаванні па адным і тым жа пытанні. Гэта надзвычай карысна і дапамагае паглядзець на праблему з розных бакоў. Напрыклад, загадчык кафедры тэатразнаўства Азербайджанскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Айдын Талыбзадэ рэзка выказваўся супраць сённяшняга панавання мабільных тэлефонаў: маўляў, прага да сэлфі з творамі мастацтва і відэастрымы з прэм’ер становяцца бар’ерам паміж гледачом і тэатрам і перашкаджаюць натуральнаму, удумліваму ўспрыманню спектакля.

І тут жа выступіла галоўны рэдактар тэлеканала “Маскоўскі адукацыйны” Марына Мяркулава з прапановай уключаць смартфоны ў тэатры, бо іх можна задзейнічаць на карысць тэатра. Галоўнае, не ўспрымаць гаджэты ў якасці ворагаў ці канкурэнтаў. Вось на такім сутыкненні супрацьлеглых поглядаў і нараджаецца неабходны досвед.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі было нямала крытыкаў, таму раз за разам размовы збочвалі на пытанне, якой жа павінна стаць крытыка ў эпоху постдраматычнага тэатра. У сучаснай медыя-прасторы неабходна шукаць новыя тэхнікі суправаджэння найноўшых тэатральных формаў. Падыход класічнага рэцэнзавання, калі знаўца проста імкнецца апісаць тое, што бачыць на сцэне, мне падаецца не зусім адпаведным рэаліям, нават састарэлым. Гэта нагадвае сапсаваны тэлефон: спачатку літаратурную форму — п’есу — рэжысёр перакладае ў сцэнічнае дзеянне, а пасля крытык зноў пераплаўляе гэтую дзею ў літары — на гэты раз, у выглядзе рэцэнзіі.

Мне падаецца, сёння наспела пытанне вырашыць, якой павінна быць сучасная рэцэнзія і што рабіць тэатральнаму крытыку, каб быць актуальным і запатрабаваным. Дарэчы, беларускія аўтары зрабілі нямала крокаў у гэтым кірунку, што не можа не радаваць. Добра, калі мы адыходзім ад звыклай схемы і не паўтараем знаходкі іншых.

Візітоўка навукі і практыкі

В.Б.: Ад беларускай дэлегацыі выступала толькі я. Мне не хацелася з кафедры прамаўляць абстрактныя рэчы, таму рабіла акцэнт не на тэарэтычную базу, а на дэманстрацыю сучаснага аўтарскага тэатра. На прыкладзе трох нашумелых айчынных спектакляў — Anti[gone] Аляксандра Марчанкі, “Сіндром Медэі” Кацярыны Аверкавай і “Бетон” Яўгена Карняга — я распавядала пра новую хвалю беларускага тэатра, пра прагу нашага мастацтва да эксперыменту. Фотаздымкі і відэаўрыўкі пастановак атрымалі заўважны водгук у аўдыторыі. Пасля да мяне падыходзілі шматлікія ўдзельнікі канферэнцыі, каб падрабязней распытаць пра дасягненні беларускіх рэжысёраў. Іх вельмі зацікавіў наш прадукт.

З жалем зазначу: пра ўзлёт беларускай творчай моладзі часам не ведаюць нават нашы блізкія суседзі. На мой погляд, праблема якраз у тым, што беларусы мала прэзентуюць сябе за межамі звыклага асяроддзя. Па маім адчуванні, пакуль хваля ідзе ў адзін бок. Замежныя крытыкі, дзякуючы, прынамсі, таму ж “ТЭАРТу”, едуць да нас і распавядаюць пра сваё бачанне айчыннай рэжысуры. Гэтыя асобныя эксперты нешта пра беларускі тэатр ведаюць. Але ці прасоўваем мы сваё мастацтва за межы краіны?

Адным з варыянтаў, як змяніць сітуацыю, магла б стаць падобнага кшталту міжнародная тэатральная канферэнцыя на беларускай глебе. Дарэчы, мы ў размовах з замежнымі калегамі не раз траплялі ў сітуацыю, калі нас запрашалі да іх у краіну на навуковае пасяджэнне са словамі “а пасля мы прыедзем да вас”. Вось толькі куды да нас? Можа, для кагосьці будзе адкрыццём, але ў Беларусі не праводзіцца ніводнай адмысловай тэатральнай навуковай канферэнцыі. Падзяліцца досведам можна толькі ў адпаведнай секцыі на навуковых чытаннях, якія ахопліваюць усе віды мастацтва.

Н.В.: Тэатральная канферэнцыя ў Беларусі стварыла б у нашай краіне магутную платформу для прэзентацыі айчыннага сучаснага тэатра ў свеце. Рух, які адбываецца ў нас, вельмі актуальны для любой прасторы. Мінск змог бы стаць інтэграцыйным звяном у рэгіянальных тэатральных працэсах. Між іншым, першыя крокі ў гэтым напрамку ўжо зрабіла наша Акадэмія мастацтваў. Некалькі тыдняў таму на яе базе праходзіў тыдзень па абмене досведам паміж тэатральнымі курсамі трох славянскіх краін. Да нас прыязджалі студэнты ГИТИСа і Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта тэатра, кіно і тэлебачання. На Міжнароднай канферэнцыі ў Баку рэктар ГИТИСа Рыгор Заслаўскі з трыбуны зазначыў, што менавіта ў Мінску ажыццявілася яго даўняя мара: нягледзячы на рознасць светапоглядаў, а часам і палітычных варункаў, аб’яднаць культурнымі стасункамі такія блізкія нацыянальныя тэатральныя школы.

Фота Ганны ШАРКО

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"