Партрэт на фоне радзімы

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

Аб краязнаўчай эстафеце “Беларускае! Роднае! Сваё!”, што ладзілася ў бібліятэках ЦБС Браслаўскага раёна, загадчык аддзела маркетынгу Ірына Макарэвіч пісала яшчэ ў чэрвені. Эстафета прымяркоўвалася да Года малой радзімы і прадугледжвала шэраг мерапрыемстваў гістарычнай, краязнаўчай, этнаграфічнай тэматыкі. Адным з этапаў стаў фотакрос-конкурс “Я люблю кнігу! Я люблю радзіму!”, які праходзіў з чэрвеня па кастрычнік.

/i/content/pi/cult/719/15701/20.JPGУдзел у конкурсе бралі ўсе ўстановы цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Браслаўшчыны. Чытачы з задавальненнем пазіравалі з кнігай не толькі ў бібліятэчных залах. Атрымаліся арыгінальныя аўтарскія работы, некаторыя з якіх маюць гумарыстычны настрой. Агулам на суд журы было прапанавана больш за тысячу здымкаў. У намінацыі “За паглыбленне ў тэму” вызначылася Відзаўская гарпасялковая бібліятэка. Яе супрацоўніца Галіна Кандратовіч “выбудоўвала” кампазіцыі з сэнсам, падбірала да іх вершаваную назву. Плюская бібліятэка стала лепшай у намінацыі “Жывы кадр”. Партрэты чытачоў аўтарства Марыі Лукша атрымаліся вельмі пераканаўчымі. А Друеўская кніжніца здабыла перамогу за крэатыўнасць. Ганна Маслякова і Галіна Патуткіна выкарысталі ў сваіх фотакампазіцыях касцюмаваную тэатралізацыю, выяўляючы малую радзіму не як статычны фон, а як паўнавартаснага ўдзельніка кампазіцыі. Як мне падаецца, надзвычай цікавы творчы праект. Прынамсі, я не чуў нічога пра нешта падобнае.

Дарэчы, днямі аддзел бібліятэчнага маркетынгу прэзентаваў для карыстальнікаў і бібліятэкараў новы буклет “Бібліятэкі Браслаўшчыны: гісторыя і сучаснасць”. Выданне распавядае пра развіццё бібліятэчнай справы ў раёне. Інфармацыя дапоўнена гістарычнымі і сучаснымі фотаздымкамі, лічбавымі звесткамі пра дзейнасць устаноў. Гэта ўжо трэцяе выданне буклета, абноўленае і ўдасканаленае.

Пра яшчэ адзін конкурс піша навуковы супрацоўнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння прававой інфарматызацыі ўпраўлення прававой інфарматызацыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь Вольга Пагарэлая. Яна паведамляе пра тое, што амаль 20 гадоў на базе публічных бібліятэк нашай краіны дзейнічае больш за 600 публічных цэнтраў прававой інфармацыі. Сёлета быў праведзены першы рэспубліканскі конкурс на лепшы з іх. Мэта — умацаванне ролі публічных бібліятэк у фарміраванні прававой культуры грамадзян, распаўсюджванне ідэй грамадзянскасці і патрыятызму, стымуляванне творчай ініцыятывы работнікаў ПЦПІ. У конкурсе ўдзельнічалі 52 бібліятэкі. Найбольшую цікаўнасць выказалі ўстановы Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Першыя месцы ў розных намінацыях занялі бібліятэкі: Гомельская абласная ўніверсальная, Наваполацкая цэнтральная, Роская гарпасялковая Ваўкавыскага раёна, Гомельская гарадская дзіцячая бібліятэка-філіял № 16, Лучнікаўская сельская бібліятэка-філіял № 7 Слуцкага раёна.

Распавядае дырэктар Наваполацкай дзіцячай мастацкай школы імя Івана Хруцкага Аксана Тарасікава: “У нас працуе выстава работ, выкананых студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта кафедры дызайну і моды “Восеньскі нацюрморт”. Нашы школьнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з манерай выканання нацюрморту, адзначыць розную тэхніку пісьма.”

Народныя ўмельцы Віцебшчыны з поспехам дэманструюць свае вырабы не толькі на радзіме. У Смаленскім абласным цэнтры народнай творчасці праходзіць выстава традыцыйнай лялькі і цацкі “Забава”, на якой — больш за 180 работ майстроў-рамеснікаў з розных рэгіёнаў Віцебскага краю. Лялькі і цацкі выраблены з керамікі, тэкстылю, дрэва, саломкі, лазы, бяросты. Гэты праект ладзіцца ў рамках пагаднення аб культурным супрацоўніцтве паміж абласнымі цэнтрамі народнай творчасці з дзвюх краін. Пра выставу, якая дзейнічае да 6 снежня, нам распавяла вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна.

Пра хор ветэранаў працы “Аптымісты” з Нясвіжа піша ўдзельніца гэтага калектыву Раіса Хвір. Ён быў створаны пры РДК па ініцыятыве былой партызанкі Аляксандры Мельнікавай у 1983 годзе. Кіраўніком стаў настаўнік музыкі і спеваў Нясвіжскай СШ № 1 Валерый Цыганкоў. З яго лёгкай рукі калектыў займеў найменне “Аптымісты”. Ахвотных спяваць аказалася нямала — ды, на жаль, засталіся з таго часу нямногія. Але калектыў жыве: новыя спевакі прынялі эстафету ад старэйшага пакалення. Цяпер “Аптымістамі” кіруе Ірына Латушка, таксама прафесіянал. Хор пастаянна гастралюе па Беларусі, наладжвае сяброўска-творчыя стасункі, пашырае свой рознажанравы рэпертуар і цалкам апраўдвае ўласную назву.

Рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры Кацярына Паўловіч піша: “Падведзены вынікі праекта РЦК “Смачнае падарожжа Надзейкі”. Метадыст РЦК Надзея Зайцава цягам года збірала па раёне аўтэнтычныя рэцэпты беларускіх страў. Тэлеканал “Скіф-Полацк” здымаў і паездкі, і працэс гатавання. Атрымалася 8 серый. А кулінарны нататнік Надзейкі папоўніўся на 14 рэцэптаў. Кожны з іх яна рэалізавала, а відэасправаздачы выкладала ў сацыяльныя сеткі. А потым яшчэ і кулінарны зборнік зрабіла. На выніковых мерапрыемствах прысутнічалі амаль усе носьбіты аўтэнтычных рэцэптаў, самым старэйшым з якіх — ужо за 80”.

Бібліятэкі Зэльвеншчыны правялі шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных рацыянальнаму выкарыстанню рэсурсаў, развіццю і аднаўленню крыніц энергіі. З аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ паведамляюць, што, да прыкладу, у Елкаўскай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна “Энергазберажэнне — справа кожнага”, на якой бібліятэкар Алена Дзянішчык пастаралася пераканаць чытачоў у неабходнасці эканоміі тых рэсурсаў, без якіх наша жыццё было б немагчымым. Працавала кніжная выстава “Сакрэты беражлівасці”, выдадзена лістоўка “Зберажом энергію — захаваем планету”.

Пра навіны клубнага жыцця Смаргонскага раёна піша дырэктар тамтэйшага РЦК Галіна Крацянок. Крэўскі дом культуры прапанаваў ахвотным рэтра-вечарыну “Падарожжа ў мінулае”. Нават юным стала цікава, пад якія песні “запальвалі” іхнія таты, мамы, бабулі і дзядулі. Так што крэўскія маладзёны не толькі ў ахвоту танчылі, але нават і паспаборнічаць са старэйшымі маглі. Не абышлося без настальгіі і ў Вішнеўскім ДК, дзе адбыліся вячоркі “Свята нашай маладосці”. Імправізаваную хату ўпрыгожылі кроснамі, ручнікамі, посцілкамі, “матуліным” куфэркам. Гучалі жарты, загадкі, песні. Бібліятэкар Валянціна Жураўлёва распавяла пра паходжанне назвы “Вішнева”. Адкрылі куфэрак, палюбаваліся вырабамі, а хлопцы з дзяўчатамі пасупернічалі ва ўменні пець ды танцаваць. А вось калектыў Лешчаняцкага сельскага клуба прэзентаваў адмысловую канцэртную праграму “Жыву і дыхаю, мой край, табой!” Яна стала своеасаблівай творчай справаздачай перад аднавяскоўцамі і журы раённага конкурсу мастацкай самадзейнасці “Расчынім акенцы творчасці”.

Другакласнікі СШ № 3 Навагрудка адправіліся ў краязнаўчую вандроўку “Мая маленькая радзіма”. На карце краю дзеці пазначылі знакавыя для Адама Міцкевіча мясціны, затым складалі пазлы з выявамі помнікаў знакамітым паэтам, асветнікам, гістарычным і літаратурным персанажам, памяць пра якіх ушанаваная на Гродзеншчыне. У выніку хлопчыкі і дзяўчаты пабывалі завочна ці не ва ўсіх гарадах вобласці. Галоўны бібліёграф Навагрудскай раённай бібліятэкі Святлана Чубрык распавядае, што згаданая гульня — арыгінальная аўтарская распрацоўка тамтэйшых бібліятэкараў. Яна існуе ў двух варыянтах — і як настольная, і як электронная. І цікавасць да яе праяўляюць не толькі дзеці.

Людміла Сасніцкая паведамляе пра буйны поспех сваіх маленькіх землякоў. На VIII Міжнародным шматжанравым фестывалі-конкурсе “У імя жыцця на зямлі”, які праходзіў у Маскве, дзіцячы ўзорны тэатр “Вясёлка” Палаца культуры Барані Аршанскага раёна стаў уладальнікам Гран-пры. Фестываль ладзіўся ў рамках Міжнароднага праекта творчага развіцця дзяцей і моладзі “Дзеці ХХІ стагоддзя”.

А пакуль суседзі скараюць публіку ў гасцях, у Віцебскім раёне работнікі культуры самі запрашаюць у госці. Андрэй Струнчанка піша: “У чарговы раз у Мазалаўскім сельскім доме культуры прайшло свята нацыянальнай культуры, якое наведалі больш за 20 замежных студэнтаў з Кітая, Казахстана, Лівана, Туніса і Шры-Ланкі, якія вучацца ў Віцебскім дзяржуніверсітэце і ветакадэміі. Такім чынам рэалізоўваецца праект “Дыялог народаў і культур”. Гасцям былі прапанаваны канцэрт, экскурсія, а напрыканцы дня — дранікі ды бліны з квасам і гарбатай”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"