Шматмернасць “цёплага” мастацтва

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

Юбілейная выстава мастацкага тэкстылю “Ніць лёсу” прызнанага майстра габелена Наталлі Лісоўскай прадстаўлена ў залах Віцебскага мастацкага музея з 7 лістапада па 9 снежня 2018 года. У экспазіцыі — больш за трыццаць твораў, створаных у розныя перыяды, у тым ліку і новыя работы. Гэта габелены, міні-габелены, арт-аб’екты.

/i/content/pi/cult/719/15700/19.JPGТэматыка разнастайная: мастачку цікавіць міфапаэтычная спадчына беларусаў, мова беларускага арнамента, гістарычная памяць народа, дыялог культур мінулага і сучаснага.

Сувязь са сваёй роднай зямлёй і яе гісторыяй з’яўляецца неад’емнай часткай творчасці Наталлі Лісоўскай. Назва аднаго з габеленаў мастачкі “Знакі роднай зямлі”, створанага ў 2010 годзе, мае праграмны характар і з’яўляецца лейтматывам усёй яе творчасці.

Добра вядомы і непаўторны стыль работ Наталлі Лісоўскай, у якіх аўтар спалучае багатыя традыцыі беларускага народнага ткацтва з наватарскімі тэндэнцыямі тэкстылю. Уражвае маштаб творчай дзейнасці і шырокі дыяпазон тэхнік і эксперыментаў: шматлікія габелены, пастэлі, тэкстыльныя кампазіцыі ў тэхніцы валення і ручнога прамянёвага ткацтва. Поліфанічная гармонія колеру перадае прыгажосць свету ў асацыятыўных, ёмістых вобразах прыроды роднай для мастачкі Сенненшчыны.

Работы Наталлі Лісоўскай вылучае значная эмацыйная экспрэсія каларыту. Колер насычаны, глыбокі. У асобных работах ён стварае эфект трохмернай прасторы. Паверхні габеленаў у большасці выпадкаў фактурныя. Для аўтара характэрна пільная цікавасць да эфектаў, артыстызм выканання, максімальнае выкарыстанне поўнага дыяпазону магчымасцяў ткацтва, што ўзмацняе творчы патэнцыял і шматзначнасць яе твораў.

Як мастак з тонкім успрыманнем навакольнага свету, Наталля Лісоўская чуйна рэагуе на ўсё новае: па характары, па духу яна з’яўляецца эксперыментатарам. Для яе характэрны пастаянны пошук новых мастацкіх структур і фактур. Яна актыўна асвойвае новыя тэхнікі і выкарыстоўвае розныя матэрыялы — як традыцыйныя беларускія (воўна, лён, лямец), так і для тэкстылю нязвыклыя: шкло, метал, дрэва, кераміка, сізаль, лыка.

У міні-габеленах ярка праяўляецца асаблівая цікавасць аўтара да перадачы фактуры, тонкіх пераходных прыродных станаў. Камерны фармат дазваляе паглыбіцца і засяродзіць увагу на канкрэтнай з’яве, буйным планам паказаць тую ці іншую фактуру.

Калі ў раннім перыядзе творчасці Наталля Лісоўская праяўляе сябе як тонкі лірык, здольны перадаць выяўленчай мовай ткацтва танчэйшыя нюансы стану прыроды, то пазней яна выступае як аўтар, які стварае “разумныя”, канцэптуальныя работы са шматлікімі сімвалічнымі хадамі, якія сумяшчаюць некалькі знакавых сістэм. Устойлівая цікавасць да семантыкі беларускіх знакаў становіцца асновай новых стылістычных рашэнняў, у якіх назіраецца імкненне да пераходу ад складаных каляровых адценняў да лакалізацыі колеру.

“Габелен — гэта цёплае і жывое мастацтва, блізкае і зразумелае чалавеку. Арт-тэкстыль мае сваю асаблівую выяўленчую мову, якая характэрная толькі для яго, — лічыць Наталля Лісоўская. — Разнастайнасць тэхнік, фактур, матэрыялаў, каларыстычных рашэнняў дазваляе ствараць выразныя тэкстыльныя кампазіцыі, арт-аб’екты. Такім чынам, мастак па тэкстылю — гэта адначасова і жывапісец, і графік, і скульптар”.

Алена СВІСТУНОВА,
мастацтвазнаўца