“Сны... “ без антракту. Вандроўны рэпертуар — не сыходзячы са сцэны

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Шчыльнае супрацоўніцтва трупы з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі і Міністэрствам абароны краіны прывяло да ўзнікнення сумеснага праекта “Купалаўцы — арміі і прафсаюзам”, які праводзіцца ў межах Рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”. “Актывізацыя культуры — гэта норма, а не выключэнне”, — падкрэсліў у сувязі з гэтым генеральны дырэктар тэатра, народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка.

Праект зарыентаваны на вайскоўцаў, што жадаюць, але не маюць магчымасці стала наведваць тэатр. Спецыяльна для іх купалаўская трупа ладзіла спектаклі ў ваенных частках. Пастаноўкі звычайна праходзілі ў звыклым сталічнаму гледачу выглядзе, аднак часам маглі скарачацца на 15-20 хвілін за кошт выступлення без антрактаў.
Як зазначае кіраўніцтва тэатра, на сёння “выязнымі” могуць быць пастаноўкі больш простыя ў плане дэкарацыйнага афармлення. Але ў перспектыве купалаўцы бачаць пашырэнне “вандроўнага” рэпертуару.
Дарэчы, яшчэ ў чэрвені купалаўцы паспелі зрабіць падарунак ветэранам Вялікай Айчыннай вайны: на сцэне Цэнтральнага Дома афіцэраў і Палаца культуры ветэранаў быў паказаны спектакль “Таполевая завея”.
Пашчасціла патрапіць на гэтую пастаноўку і ваеннаслужачым 86-ай брыгады сувязі. Па словах памочніка мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Вадзіма Дапкюнаса, ліпень распачаўся паказам на сцэне Палаца культуры МТЗ пастаноўкі “Адчыніце кантралёру!” для вайскоўцаў з 120-ай брыгады, 2 інжынернага палка і іншых вайсковых злучэнняў, а 19 ліпеня — “Таполевая завея” для сувязістаў.
Афіцыйны старт праект узяў у самім тэатры, дзе адбыўся Тыдзень беларускай драматургіі. Пад час акцыі былі прадстаўлены (як на сцэне тэатра, так і на іншых пляцоўках) спектаклі “Сны аб Беларусі” паводле Уладзіміра Караткевіча, “Чорная панна Нясвіжа” Аляксея Дударава, “Сымон-музыка” паводле Якуба Коласа, “Паўлінка” Янкі Купалы, “Беларусь у фантастычных апавяданнях” па Яну Баршчэўскаму і “Балада пра каханне” па матывах аповесці Васіля Быкава.

Наталля ВАЛОДЗІНА