Два маэстра на адной сцэне

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

25 лістапада ў Палацы Рэспублікі выступіць адзін з лепшых тэнараў сучаснасці — Хасэ Карэрас. Спявак, якому падуладныя самыя разнастайныя музычныя стылі і вобразы. У яго голасе — запал і акадэмізм, тонкая лірыка і драматызм. А за дырыжорскім пультам будзе праслаўлены беларускі маэстра Аркадзь Берын.

/i/content/pi/cult/719/15698/16.JPG— Ён, безумоўна, геніяльны, — казала пра Карэраса Мансерат Кабалье, з лёгкай рукі якой распачалася кар’ера тэнара. — Рэдкае спалучэнне — голас, музычнасць, цэласнасць, працавітасць і ўзрушвальная прыгажосць. Я шчаслівая, што першай заўважыла гэты брыльянт і дапамагла свету яго ўбачыць.

Менавіта Кабалье ў свой час настаяла на тым, каб Хасэ запрасілі спяваць у оперы “Лукрэцыя Борджа”, дзе яна выконвала галоўную ролю. Пасля гэтага ўзлёт спевака на вяршыню опернага Алімпа быў імклівым і бліскучым. Згадайма хаця б канцэрты “Трох тэнараў”, якія здзейснілі сапраўдны фурор.

Кар’ера тэнара набірала ўсё большую сілу. У яго паслужным спісе было больш як 60 опер, запісы выходзілі адзін за адным. Але раптам у 1987 году лёс прынёс яму вялікія выпрабаванні. Лекары паставілі саракагадоваму артысту страшны дыягназ — вострая лейкемія. Цяжка нават уявіць, якіх высілкаў каштавала спеваку перамагчы хваробу і вярнуцца на сцэну.

Але выпрабаванні ніяк не адбіліся на ягоным голасе. Хіба што, праз сваю патрабавальнасць з пачатку 1990-х ён стаў усё радзей пагаджацца на ўдзел у спектаклях, а ў 2009 годзе афіцыйна абвясціў аб завяршэнні опернай кар’еры. Затое з вялікім поспехам выступае з канцэртамі, выконваючы неапалітанскія і іспанскія песні, балады, рамансы, а таксама музыку з амерыканскіх мюзіклаў.

Мінскім слухачам Карэрас якраз і прадставіць такую праграму. Вядома ж, у гэты вечар не абыдзецца без усім вядомых “Пасіёне”, “Гранада” і “Вярніся ў Сарэнта”. Вакальныя нумары будуць чаргавацца з аркестравымі шэдэўрамі Вердзі, Пучыні і Даніцэці, якія прагучаць у выкананні Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. За дырыжорскім пультам — Аркадзь Берын.

Маэстра, які на працягу трох дзесяцігоддзяў выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, з 2001 года жыве ў Германіі і актыўна гастралюе па ўсім свеце, выступаючы са славутымі сімфанічнымі аркестрамі і салістамі. Карэрас — далёка не першая зорка ў яго паслужным спісе.

Прыемна, што выхаванец беларускай музычнай школы дзякуючы свайму таленту і працавітасці змог дамагчыся прызнання на сусветнай музычнай арэне і ўстаць у адзін шэраг з такімі сусветна прызнанымі дырыжорамі, як Зубін Мета або Клаўдыя Абада. Менавіта з гэтымі маэстра ў свой час спяваў Карэрас. А цяпер ён упершыню выступіць з беларускім аркестрам і беларускім дырыжорам.

Варта адзначыць, што канцэрт арганізаваны сынам Аркадзя Берына Максімам. Нарадзіўшыся ў Мінску і навучыўшыся ігры на саксафоне ў Гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, ён атрымаў дзве вышэйшыя адукацыі ў Германіі, прычым адна з іх — па музычным менеджменце. І сёння дзякуючы яго намаганням і ініцыятыве беларускія аматары высокага мастацтва могуць рэгулярна бачыць на родных падмостках сусветных зорак, а таксама іх творчыя калабарацыі з лепшымі беларускімі музыкантамі.

Без сумневу, сустрэча з праслаўленым іспанскім тэнарам стане новым падарункам для аматараў музыкі. Карэрас неяк сказаў, што галоўнае для яго — спевы, а усё астатняе — мітусня. Ён лічыць сябе вельмі ўдачлівым чалавекам: “Я столькі гадоў на сцэне, а людзі па-ранейшаму ахвотна ідуць на мае канцэрты. І я ўдзячны ім ды заўсёды імкнуся спяваць так, каб яны адчувалі, што нездарма прыйшлі”. Хочацца верыць, што і гэтым разам маэстра не парушыць сваё крэда.

Элеанора СКУРАТАВА