Іванава — горад мюзіклаў?

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

Працяглыя гастролі аднаго тэатра, а тым больш музычнага ды са сваім аркестрам, не кажучы ўжо пра аб’ёмныя дэкарацыі для паўнавартасных паказаў уласнага рэпертуару, — справа па цяперашніх часах рэдкая. Іванаўскі тэатр гасцяваў у нас больш за дзесяць дзён — па абмене, бо ў той жа час Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр ладзіў паказы ў Іванаве (мяркуючы па тамтэйшых водгуках, вельмі паспяхова). Што ж цікавага прывозілі нам расіяне? І чаму можна ў іх павучыцца?

/i/content/pi/cult/719/15697/13.JPGПрызнаемся шчыра, гэта быў не той варыянт, калі нам прапанавалі нешта недасягальнае па мастацкім узроўні. Наўрад ці можна казаць, што ўбачанае апярэджвала нашы здабыткі ў плане рэжысуры, сцэнаграфіі, харэаграфіі, музычнага выканальніцтва. Наадварот, іванаўцы тут маглі б нам пазайздросціць. Яны нават узмацнілі свой аркестр некалькімі нашымі музыкантамі, а на спектаклях выкарыстоўвалі нашу гарнітуру ды іншыя тэхнічныя прыстасаванні. А вось рэпертуар — ён і сапраўды апярэджваў нас на некалькі дзесяцігоддзяў!

Калі раней Іванава было “горадам нявест”, дык цяпер гэта, мяркуючы па ўсім, горад мюзіклаў. Вядома, у іх тэатры ідзе і класіка мінулых стагоддзяў — і пераканацца ў гэтым можна было ў час канцэртных праграм, дзе гучала шмат арый, дуэтаў, сцэн з класічных аперэт і музычных камедый. Але прывезлі яны нам пераважна тое, чаго мы не ведаем, што ў нас не ідзе — і што з’яўляецца неад’емнай часткай сучаснай расійскай культуры. Гэта выключна расійскія мюзіклы і расійскія музычныя казкі, створаныя ў апошнія гады. Агулам — дзесяць нацыянальных спектакляў! А ці можам мы пахваліцца тым самым?

Вядома, не ўсе творы маглі прэтэндаваць на статус сусветных шэдэўраў. Але адчуваўся і пільны адбор матэрыялу, і праца з аўтарамі, скіраваная на ўдасканаленне партытур і самой драматургіі музычна-сцэнічных твораў. “Пунсовыя ветразі” — назва для Беларусі добра знаёмая. І не толькі праз літаратурны першавыток Аляксандра Грына. У 2000-м у нашым Музычным тэатры быў пастаўлены мюзікл народнага артыста Беларусі Валерыя Іванова з удзелам зорак айчыннай эстрады. У 2013-м — балет “Асоль” яшчэ аднаго нашага кампазітара Уладзіміра Саўчыка. Дый тэатр з Екацерынбурга прывозіў пэўны час таму мюзікл Максіма Дунаеўскага.

/i/content/pi/cult/719/15697/14.JPGДа апошняга твора звярнуліся і іванаўцы, але ён паўстаў зусім у новым выглядзе. Была згладжана стылёвая няроўнасць (нумары пісаліся кампазітарам у розныя гады), больш дынамічнай стала драматургія (за кошт аб’яднання нумароў у разгорнутыя сцэны), непрадказальным — сюжэт (былі пераасэнсаваны некаторыя сцэны і самі характары: героі сталі больш разнапланавымі і супярэчлівымі).

Добры музычны густ, дакладнае разуменне таго, якім павінен быць сучасны музычны спектакль і, тым больш, мюзікл, выяўляліся і ў іншых работах. Дзіцячы “Той самы кот”, напісаны Нэйлам Прокіным паводле вядомай казкі “Кот у ботах”, быў звернуты і да бацькоў. Бо герой аказаўся зусім не “тым самым”: ураджэнец Францыі, ён яшчэ маленькім кацянём быў звезены ў Мексіку, а цяпер вярнуўся дадому. Гэты ход адразу дае магчымасць звяртацца не да абрыдлай эстраднай стылістыкі, а да супастаўлення таго ж французскага шансона з лацінаамерыканскай музыкай. Падобны прынцып распаўсюджваецца і на іншых персанажаў, уключаючы другасных. Зайцы “ў падарунак каралю” танцуюць лезгінку, рабчыкі — ламбаду. У касцоў з’явіўся цірольскі “акцэнт”, людаед акрэслены праз рок-стылістыку, шкілеты ў яго замку танцуюць ірландскія танцы, а мышкі — канкан.

Уласцівая гэтаму мюзіклу полістылістыка прадстаўлена і праз калажную тэхніку, якая дапамагае весела, з гумарам далучыць юных гледачоў да опернай класікі. У сцэне “Хутчэй, дапамажыце”, калі Кот заклікае выцягнуць з вады свайго гаспадара, вынаходліва сплецены цытаты з “Севільскага цырульніка” Расіні і “Руслана і Людмілы” Глінкі, а рэплікі салістаў і хору стылізаваны пад оперныя партыі. І хаця спектакль крыху перагружаны такімі “спасылкамі”, а частка іх (асацыяцыі са статуяй Мухінай “Рабочы і сялянка”, фільмам “Іван Васільевіч змяняе прафесію” і іншыя) прачытваецца толькі дарослымі, агульны імклівы тэмпарытм не дае засумаваць ні малым, ні старым.

/i/content/pi/cult/719/15697/15.JPGА вось зварот да тых жа, здавалася б, прыёмаў у “Легендзе” Дзмітрыя Лазарава прывёў да адчування эклектыкі, мастацкай няроўнасці. Перашкаджалі і драматургічныя прагалы, пачынаючы з лібрэта і самой сюжэтнай лініі, і бездапаможная харэаграфія, і нумарная структура, калі музыка не развівае дзеянне, а прыпыняе яго. У тым, што харэаграфія — не самае моцнае звяно Іванаўскага музычнага тэатра, пераканалі і “Жарсці ў стылі танга”, пазначаныя як аўтарскі балет-драма. Частка пастаноўкі вырашалася як драматычны спектакль, частка — як танцавальны. Але нягледзячы на памкненні харэографа Аляксандра Бабурына прадэманстраваць розныя варыянты танга, героі пластычнай індывідуалізацыі не атрымалі.

Пры ўсёй сваёй забаўляльнасці, маленькімі перлінкамі паўсталі такія мюзіклы для дарослых, як “Фанфан-цюльпан” Андрэя Сямёнава, “Шлюб па-французску” Аляксандра Журбіна, на афішы сціпла названы “музычнай камедыяй” (пэўна, з-за адсутнасці харавых сцэн, але ёсць жа разгорнутыя ансамблевыя), і “Прывід замка Кентэрвіль” Уладзіміра Баскіна. Адзначу, што музыка двух апошніх кампазітараў у нашым тэатры таксама прадстаўлена, але — іншымі творамі, куды менш цікавымі і багатымі паводле драматургіі.

У спектаклях жа іванаўцаў вабіў найперш бездакорны выбар самаго музычнага матэрыялу. Усе творы вылучаліся кідкім, яркім меладызмам, нязбітымі гармоніямі, інструментальнымі сола ў аркестроўках. Ва ўсіх знайшоў сваё адлюстраванне працяг класічных традыцый, калі кожная дзея завяршаецца масавай сцэнай з удзелам усіх герояў — і, адпаведна, харавым ці ансамблевым шматгалоссем, поліфанічнымі прыёмамі. У “Шлюбе...”, да ўсяго, панавала танцавальнасць, і рамантычная вальсавая стыхія з яе тонкасцю паўтонавых інтанацый упэўнена перамагала танга, канкан, галоп, марш і нават раманс. Што ж да рэжысуры, дык самым удалым падаўся полістылёвы па музыцы “...Кентэрвіль”, дзе опернасць спалучалася з эстраднасцю, а старадаўнія стылізацыі — з рамантызмам, аперэтачнасцю і рок-н-ролам. Але вось што да выканання — душа прагнула больш музычных тонкасцяў, кантраснай дынамікі, лагічна размеркаваных кульмінацый.

Усім гэтым, дарэчы, выдатна валодаюць нашы беларускія артысты. Вось толькі нестае ім таго багацця сучасных партытур, якім валодаюць госці. Скажаце, усё таму, што Беларусь — меншая за Расію? І што там папросту выбар большы? Ды не, справа яшчэ і ў тым, на чым менавіта спыняць свой выбар.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"