Паміж Мінскам і Котбусам

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

У тым, што Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” мае ўласнае аблічча, сёння нікога пераконваць не трэба. Але калі асэнсоўваеш яго адметнасць праз прызму іншага кінафоруму, разуменне каштоўнасці сваёй фестывальнай пляцоўкі ўзмазняецца ў разы. Сёлета ў першай палове лістапада мне ўдалося пабываць не толькі на мінскім кінафоруме, але на Міжнародным кінафестывалі ўсходнееўрапейскага кіно ў нямецкім Котбусе. Занурэнне ў кінападзею, якая мае іншую спецыфіку, дазволіла мне новымі вачыма паглядзець як на наш фестываль, так і на беларускае кіно ды фільмы суседніх кінематаграфій.

/i/content/pi/cult/719/15695/11.JPGУ адной кінапрасторы

“Лістапад — 2018” запомніцца шмат чым: даволі сярэдняга ўзроўню праграмай дакументальнага кіно Нацыянальнага конкурсу, перамогай “Дачкі” Марты Тамковіч, а не “Крышталю” Дар’і Жук у конкурсе ігравых беларускіх стужак, выдатнымі дэбютамі на ўсіх франтах, заўважнай прысутнасцю азіяцкага кіно, рэтраспектывай французскага класіка Аньес Варда, ды, вядома, перамогай у асноўным конкурсе фільма Раду Жудэ “Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары”.

Бліскучая карціна румынскага рэжысёра пераканала, што тэма культуры памяці як ніколі актуальная для краін постсавецкага абшару. Да ўсяго, нельга не захапіцца той віртуознасцю, з якой зроблены фільм. Сур’ёзныя і хваравітыя пытанні правінаў нацыі падаюцца ў кантэксце паўсядзённасці. Кантраст бытавога, бюракратычнага і глыбокага, этычнага заварожвае. Перамога гэтага фільма замацоўвае справядлівую іерархію мастацкіх каштоўнасцей, калі ў аснове (кіна)твору — складаны і актуальны канфлікт грамадства, які раскрываецца сучаснай і нечаканай кінамовай.

І да такой высновы мяне падводзіць не толькі “Лістапад”. Патрапіўшы на кінафестываль у Котбусе, з пачуццём вялікага задавальнення заўважаю ў яго праграмах тыя стужкі, якія ўжо паспела пабачыць у Мінску — “Груз” Агнена
Главоніча, “Ірыну” Надзеі Косевай, тых жа “Варвараў”, “Аднойчы ў лістападзе” Анджэя Якімоўскага, “Вулкан” Рамана Бандарчука. Прагучаў “Крышталь” у асноўным конкурсе, звярнулі на сябе ўвагу “Падкіды” Івана Твярдоўскага і “Айка” Сяргея Дварцавога. Усё гэта наводзіць на думку пра агульнасць кінапрасторы. Аднак даследуючы карту нямецкага форуму, ты заўважаеш і яго адрозненні ад мінскай пляцоўкі.

Фэст на зямлі сорбаў

Форум, які ладзіцца на ўсходзе Германіі, амаль на самай мяжы з Польшчай, уваходзіць у лік 50 галоўных кінападзей свету. Сёлета ён прайшоў ужо ў 28-ы раз. Акрамя асноўнай праграмы ігравога кіно, фестываль мае мноства рубрык, якія даюць магчымасць пазнаёміцца з кінематаграфіямі розных краін Усходняй Еўропы. Напрыклад, гэтым годам у асобнай праграме Close Up было шырока прадстаўлена кіно Украіны (летась, дарэчы, была Беларусь). Не саступаюць у прыцягальнасці і падборкі свежых фільмаў Грузіі, Малдовы, Польшчы, Расіі — ці, напрыклад, праграма рэгіёна Сілезія, які знаходзіцца на памежжы Польшчы, Чэхіі і Германіі. Словам, хочаце даведацца што адбываецца ў кіно нашых суседзяў — вам акурат у Котбус.

Пры гэтым, цікавасць фестывалю да Усходняй Еўропы — невыпадковая. Даецца ў знакі сама гісторыя месца. Котбус з’яўляецца культурным цэнтрам Ніжняй Лужыцы, дзе спаконвеку пражывае этнічная славянская меншасць Германіі. Сорбы — так называюць людзей лужыцкай народнасці — да нашай пары захавалі сваю мову і культурную адметнасць, і фестываль тое адмыслова падкрэслівае, захоўваючы ў праграме пастаянную рубрыку сорбскага кіно Heimat/Domownja/Domozna. Ведаючы гэтыя асаблівасці, становіцца зразумелым папулярнасць рускага і наогул славянскага кіно ў Бранденбургскіх землях. Скажам, ужо пасля фестывалю ў мясцовы пракат мае выйсці стужка Кірыла Сярэбранікава “Лета”.

Яшчэ адной важнай рысай мясцовай публікі, якая адрознівае яе ад мінскай, з’яўляецца ледзь не абагаўленне кіно кароткага метра. Цяжка было стрымаць здзіўленне, калі на конкурсе кароткаметражак у зале аднаго з галоўных кінатэатраў горада яблыку не было дзе ўпасці. У Мінску пакуль падобнага бадай не пабачыш. Але, як кажа дырэкцыя Котбускага МКФ, гэты попыт фарміраваўся на працягу доўгай гісторыі фестывалю.

І яшчэ нюанс кінакультуры. Жыхары Котбуса вельмі не любяць чытаць субцітры на англійскай, ставячыся скептычна да сусветных фестывальных правіл, і аддаюць перавагу дубляванаму перакладу стужак. Дырэкцыя форуму, улічваючы гэты момант, знайшла выйсце, і перад кожным сеансам раздаюцца навушнікі з прыймачом. Падчас паказу фестывальнай стужкі яе дублююць па-нямецку супрацоўнікі форуму. Гэты падыход да патрэбаў гледача захапляе. Аднак, на мой сціплы погляд, арыгінальны гукавы шэраг стварае яшчэ адзін дадатковы канал сувязі з мастацкім кіно, які перакрываецца дубляваным перакладам.

А што ў праграме?

/i/content/pi/cult/719/15695/12.JPGПершы мой вечар фестывалю. Прыходжу на праграму Russkiy Den — і нечакана трапляю на рамантычную камедыю “Лёд” Алега Трафіма. Зала ў захапленні, смяецца і плача. Я — разам з усімі, аднак шчыра не разумею, як у фестывальную падборку патрапіла лёгкае, таленавітае, але відавочна камерцыйнае кіно. Адказ атрымліваю ад праграмнага кансультанта фестывалю Марсэля Майга.

— Для нас важна паказваць не толькі фестывальныя фільмы, але і цэласную панараму расійскага кіно, — тлумачыць ён сваю пазіцыю ў дачыненні пазаконкурсных праграм. — Дзе яшчэ можа ўбачыць глядач Котбуса падобныя стужкі? Тым больш, што камедыі, падчас прагляду якіх чалавек становіцца больш шчаслівым — гэта перавага расійкага рынку. Мы свядома ўключаем падобныя карціны ў наш агляд.

Такую дэмакратычнасць у фарміраванні праграм заўважаю і на іншых падборках. Напрыклад, нешматслоўныя, вытанчаныя па сваёй мове фільмы ў той жа праграме грузінскага кіно спалучаюцца з жанравымі і сацыяльнымі карцінамі, калі глядач можа пазнаць сябе ў пэўных жыццёвых сітуацыях.

— І гэта мы робім адмыслова, — дадае Марсэль, — Публіцы лягчэй прыняць складанае кіно, калі яно суседнічае са зразумелымі яму фільмамі.

У гэтым кантэксце можна лічыць узорнай падборку кароткага метра маладых грузінскіх рэжысёраў. І на прыкладзе яе разгляду перайду з агульнага фестывальнага кантэксту да ўласна саміх кінатвораў.

Распачынае праграму “роўд муві” Тарніке Гагрычыяні “Андро”. Галоўны герой стужкі разам з малалетнім сынам едзе на машыне ў суседнюю Турцыю гандляваць старымі рэчамі. І трапляе ў сітуацыю, калі турак, які напрасіўся ў спадарожнікі, раптам пачынае патрабаваць ад яго прадаць яму тавар па нізкім кошце, чапляцца да яго. Звычайнае падарожжа “абрастае” непрыемнымі здарэннямі, і ўрэшце трымаць сябе ў руках ужо немагчыма...

Змяняе гэту стужку вытанчаная па аператарскай рабоце, поўная выразных, яскравых вобразаў карціна “Дзінола” Марыям Хатчвані. Дзеянне адбываецца ў Сванетыі — краі Заходняй Грузіі, дзе яшчэ ў ХХ стагоддзі панавалі старажытныя звычаі. Адзін з іх неверагодна жорсткі — удава пасля смерці мужа не павінна адмаўляцца, калі ёй прапануюць выйсці замуж у другі раз — інакш гэта можа прывесці да крэўнай помсты. І жанчына вымушана пакінуть свой дом, ды нават роднае дзіця. Расказаная амаль без слоў гісторыя ўражвае сваёй паэтычнай мовай, маляўнічым каларытам, прыгожымі пейзажамі.

“Ахоўнікі” Гігі Хаіндрава — гэта ўжо сацыяльная камедыя. Два ахоўнікі стаяць на варце толькі што прыватызаванай фабрыкі. Ахоўваць асабліва няма чаго, але начальства імкнецца падлавіць іх на той ці іншай правіне. А калі гэта здараецца, і хлопцаў выклікаюць “на ковёр”, становіцца бачнай уся заганная сістэма, у якой кожны ходзіць па коле, ні за што не адказваючы.

Завяршае падборку “Тута” Сандро Саўладзе — трошкі расцягнутая гісторыя пра стасункі бацькі і дачкі з маленькай вёскі ў гарах, якія імкнуцца наладзіць сваё жыццё пасля смерці жонкі і мамы. Маўклівая і стрыманая карціна менавіта мовай кіно даносіць перажыванне страты і несуладзе характараў. Урэшце, ад’езд дзяўчыны становіцца цалкам лагічным крокам для абодвух бакоў.

Цікава ў гэтай падборцы і тое, што маладыя рэжысёры яўна дэманструюць сувязь з традыцыямі нацыянальнага кіно, але пры гэтым імкнуцца не быць адасобленымі ад сучаснасці і не хаваць заганаў свайго грамадства. Адзінае, чаго не хапіла ў праграме — гэта супярэчнасцяў жыцця сучаснага грузінскага горада і яго герояў.

У гэтым сэнсе панарама кароткага метра ўкраінскага кіно выглядала больш сучаснай. “Кракадзіл” Кацярыны Гарнастай — выдатны фільм-настрой, дзе кожны кадр дыхае паветрам, адлюстроўваючы вібрацыі душы герояў. Аня святкуе Новы год у кампаніі сваіх сяброў, але яе імкненне патрапіць у хвалю супольнага святкавання мае хіба часовы поспех. Рэжысёрцы ў карціне ўдаецца ўхапіць адчуванне імгнення, калі людзі, будучы разам, застаюцца паасобку, адзінокімі ў супольнасці. Карціна прываблівае тонкай эмацыйнасцю і выразнай атмасферай.

“Тэра” Нікона Раманчанка спалучае прыроду дакументальнага кіно з ігравым. Люба працуе на кандытарскай фабрыцы ў Цярнопалі. Мы бачым, як машына залівае шакаладам зефір, як па канвееры “плыве” пасціла. На фоне “салодкіх” рабочых будняў гераіня трымае ў сабе ўнутраны боль і клопат. Яна чакае званка ад сына, які знаходзіцца ў ваеннай зоне, аднак яго тэлефон не адказвае. Люба просіць калегу яе падмяніць і едзе шукаць сына. Не знаходзіць — у тым ліку, і сярод забітых. Але далей — зноў новы дзень, і зноў праца на фабрыцы — зефір, пасціла, цукеркі… Гэты манатонны рытм машын зводзіць з глузду. Актрыса Наталка Палавінка без слоў дэманструе ўвесь страх і боль за роднага чалавека. Дакументальны антураж адыгрывае сваю ролю — праз пэўны час уключэння ў рытм фільма ты пачынаеш амаль фізічна адчуваць напружанне галоўнай гераіні. Аднак гісторыю можна было б скараціць — і яна не страціла б у сваёй сіле.

Прапаноўвае нечаканую рэфлексію на падзеі ў краіне і Карней Грыцук. Малады рэжысёр зняў сямідзесяціхвіліннае мак'юментары — выдуманую гісторыю (псеўдадакументальны фільм) “2020”, якая распавядае пра будучыню Украіны. Аднак антыўтопіі усё ж не хапае большай прадуманасці — і свабоды. Яна не пазбягае пэўных клішэ, хоць і варта адзначыць спробу маладога рэжысёра зрабіць мастацкае выказванне ў катэгорыі будучага часу ды паказаць у нечаканым святле праблему эміграцыі.

А беларускае?

Гэтыя панарамы свежага кіно Украіны і Грузіі ў Котбусе высвечваюць ігравую праграму Нацыянальнага конкурсу “Лістапада” даволі спрэчным чынам. Хачу падкрэсліць, што праграмныя дырэктары мінскага кінафестывалю кіруюцца пры складанні менавіта гэтага конкурсу, у нечым падобным падыходам, імкнучыся паказаць разнастайнае кіно беларускіх аўтараў. Таму параўнанне будзе дарэчным.

Што мы бачылі ў гэтай рубрыцы ў Мінску? Улюбёнец публікі — ужо вядомая на сёння стужка “Ягор” Рамана Падалякі і Міхаіла Зуя — выглядала нядрэнна. Аўтары даволі смела трансфармуюць трагікамедыю Андруся Горвата ў экзістэнцыйную прытчу, спалучаючы тэатр і кіно.

“Вартаўнік” Андрэя Крывецкага — акуратна зробленая работа, якая добра схоплівае тэатральную атмасферу і настроі галоўных герояў. Але не больш за тое.

“Парушэнне спакою” Андрэя Палуяна — лірычная меладрама, вырашаная ў даволі свежым ключы. Яе героі — малады чалавек і дзяўчына з праблемамі слыху — шукаюць паразуменне на невербальным узроўні. Стужка глядзіцца лёгка, але беражліва трымаецца абраных жанравых рамак.

На фоне гэтых работ карціна “Дачка” Мары Тамковіч выглядае “важкім” кіно, аўтарка якога не баіцца замахнуцца не толькі на сур’ёзную праблематыку, але і ўвасабляе сваё выказванне ў трапную форму. Бацька вяртаецца дадому з тортам для 16-гадовай дачкі. Але знаходзіць дзяўчыну не пры парадзе, а без прытомнасці, у ваннай, у лужыне крыві. Высвятляецца, што дачка — цяжарная. І яе цяжарнасць — вынік згвалтавання, што цяжка даказаць. Мара Тамковіч філігранна выпісвае сітуацыю, якая выкрывае хібы дзяржаўнай сістэмы Польшчы (дзеянне адбываецца менавіта там). Гэта і забарона абортаў: калі не даказана, што гэта крымінальная справа, аперацыю зрабіць легальна нельга, і бюракратыя паліцыі, якая не верыць у нявінаватасць дзяўчыны, і інерцыя сацыяльных службаў, што дбаюць пра наведванне школы, а не пра псіхічнае здароўе пацярпелай, і ўвогуле стаўленне сучаснага грамадства да сексуальнага гвалту як да злачынства даволі “несур’ёзнага”.

У гэтым трыццаціхвілінным кіно беларуская рэжысёрка паказвае цэлы спектр праблем, пры гэтым на першым месцы ў Мары Тамковіч — чалавек, яго неабароненасць перад абліччам гора. У замкнёным коле правілаў, што функцыянуюць, як высвятляецца,
у адарваным ад жыцця свеце, ён застаецца сам-насам са сваёй бядой. “Дачку” робіць падзеяй сцэнарый, выдатная ігра акцёраў (у ролі бацькі — Адам Цыўка), стрыманая, але прадуманая візуальная мова. Фільм рэзануе таму, што не сыходзіць у абстрактныя рэчы, а дэманструе повязь з сучаснасцю.

Увогуле паралелі з работамі калег з Украіны і Грузіі прыводзяць да высновы, што наша айчыннае кіно свядома ці падсвядома пазбягае адлюстравання канфліктаў і вострых пытанняў, якія хвалююць тутэйшае грамадства, застаючыся ў полі самавыяўлення альбо творчага заказу. І тут “Дачка” толькі пацвярджае правіла — беларуская рэжысёрка Мара Тамковіч зрабіла свае кіно ў Польшчы.

Магчыма, сёлетні конкурс аказаўся слабейшы за спаборніцтва мінулага. Магчыма, хтосьці варты ў яго не патрапіў. Але гэта не адмяняе відавочнага — нерв сучаснасці ў беларускім кіно не адчуваецца. Ды і ўвогуле — калі падсумаваць убачанае: што мы праз кароткі метр беларускіх аўтараў можам сказаць пра нашу краіну і яе грамадства? Ды нічога. Бадай, толькі “Ягор” трошкі прыадчыняе дзверы ў магічную прастору беларускай вёскі.

Цяжкая кінаартылерыя

Невыпадкова кіно Дар’і Жук так упэўнена ідзе па фестывальных пляцоўках: тонка спалучаючы экскурс у наша недалёкае мінулае і жанравую свабоду, яно спрабуе распавесці штосьці і пра сучасную Беларусь. Але я пакіну “Крышталь” убаку, бо мы пра яго неаднаразова пісалі, і звярну ўвагу на тыя карціны, якія па праве можна лічыць “цяжкай артылерыяй” сучаснага кіно. Гэтыя ігравыя стужкі вядуць рэй на многіх фестывальных пляцоўках, і міма іх не здолеў прайсці ні Мінск, ні Котбус. У першую чаргу, гэта “Груз” серба Агнена Главоніча, які рызыкнуў падняць складаную тэму рэпрэсій албанцаў у Сербіі 1990-х. Мужчына сярэдняга веку бярэцца даставіць невядомы груз з Косава ў Бялград. Самалёты НАТА бамбяць краіну, яе жыхары ў разгубленасці, працы няма — і каб палепшыць справы, можна зрабіць пару рэйсаў у сталіцу. Ужо адно тое як распачынаецца стужка, задае тон усяму апавяданню. Улада прыходзіць на стаянку, дзе яго чакае грузавік. Анікога няма. Да мужчыны раптам падбягае сабака, у поўсці якога — пакінуты кімсьці “чупа-чупс”. Улада ў недаўменні садзіцца ў кабіну. Машына заводзіцца не з першага разу, але калі гэта адбываецца, гледачу перадаецца “цяжкае” адчуванне грузу — нявызначасці, няпэўнасці, страху, якія нясе на плячах галоўны герой. Пры гэтым, пэўныя чаканні публікі на працягу фільма развейваюцца — “роўд муві” Главоніча абарочваецца не карцінай-абвінавачваннем, а роздумам пра выбар кожнага ў той сітуацыі, што склалася. Цалкам нечакана ў фільме паўстае сувязь з будучыняй. Толькі калі галоўны герой асэнсоўвае сваё месца паміж пакаленнямі свайго бацькі і сына, ён прымае смелае рашэнне і не застаецца ўбаку ад замоўчвання злачынстваў свайго часу.

Варта дадаць, што стварэнню ігравой стужкі папярэднічаў дакументальны фільм. Агнен Главоніч правёў вялікае даследаванне падзей у Косава. “Груз”, разбіваючы пэўныя чаканні гледачоў, не мае адпаведных жорсткіх сцэн. У фільме злачынства падаецца апасродкавана — герой толькі ў пункце прыбыцця даведваецца, які страшны груз ён вёз. Але і гэтая сцэна адкрыцця “праўды”, якую ты ўжо прадчуваеш, шакіруе дастаткова.

А вось у іншай стужцы, якая таксама ўзяла ўдзел у праграмах абодвух фестываляў, рэжысёр ахвотна выкарыстоўвае сапраўдную хроніку. Гаворка — пра ігравы фільм паляка Анджэя Якімоўскага “Аднойчы ў лістападзе”, яшчэ адзін фаварыт усходнееўрапейскага кіно. У фокусе ўвагі аўтара — “правы” ўхіл у сучаснай Польшчы. Хроніка, якую задзейнічае Анджэй — здымкі святкавання Дня незалежнасці 11 лістапада 2013 года. Падчас ініцыяваных праварадыкаламі масавых беспарадкаў быў спалены вядомы сімвал Варшавы — рознакаляровая вясёлка на плошчы Збавіцеля, адбыўся штурм мясцовага сквота. Гэтую фіксацыю падзей таксама нельга назваць прыемнай для Польшчы. І, тым не менш, Анджэй і яго каманда знаходзяць сілы, каб зрабіць адпаведнае выказванне. Асобна варта адзначыць аператарскую работу Адама Баерскага і Томаша Рафа.

Побач з выйшэйзгаданым фільмам-пераможцам “Лістападу”, дзе ўздымаецца пытанне забойства яўрэяў румынамі ў часы Другой сусветнай, навідавоку становіцца актыўная пазіцыя аўтараў, якія імкнуцца не патураць грамадскім чаканням, а наадварот, ісці ім насуперак. І гэта не проста публіцыстыка, а дыскурс складанага мастацкага твору, што шукае і вынаходзіць трапную ды нават наватарскую мову кіно для выказвання на складаную тэму.

Пабачыўшы такую смеласць, а таксама і пазіцыю краін, якія аказваюць падтрымку вострасацыяльнаму кіно, вылучаючы на яго дзяржаўныя грошы, задаешся пытаннем: а што ж у нас? Так, міжэтнічных канфліктаў у Беларусі, дзякаваць Богу, няма. Але няўжо айчынным кінематаграфістам бракуе актуальных і злабадзённых тэмаў, датычных жыцця грамадства і асобы?

Няўжо мы і па-ранейшаму будзем шукаць уласную адметнасць, гуляючы ў кіно мінулага веку? Або, усё ж, паспрабуем рашыцца на штосьці больш сучаснае і праблемнае?

Захад і ўсход

Вяртаючыся да пачатку артыкула, хочацца падвесці вынік параўнанняў. Пераможцам кінафоруму ў Котбусе стала кінакарціна “Айка” рускага рэжысёра Сяргея Дварцавога — безлітасны фільм пра пакуты кіргізскай эмігранткі Айкі, якая вымушана змагацца за свайго сына ў Маскве. Фільм зрэзаніраваў з настроямі еўрапейскага грамадства, дзе па-ранейшаму актуальныя праблемы эмігрантаў.

“Лістапад” на прыкладзе і свайго пераможцы, і складзенай праграмы, багатай на дэбюты і гучныя фестывальныя хіты, паказвае, што ў нас — іншыя хваляванні і клопаты. Калі ў Котбусе Захад сустракае Усход па канцэптуальным складніку кінападзеі, дык у Мінску Усход вітае Захад, запрашаючы да дыялогу і адчуваючы сваё асаблівае месца на перакрыжаванні культур. У гэтым, мне падаецца, і ёсць канструктыўная місія “Лістападу”, якой мы павінны ганарыцца.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"