Адзінства лёсаў на фоне трагедыі

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

Зразумела, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь не мог абмінуць увагай такую важную тэму, як стагоддзе Першай сусветнай. Пачынаючы з 2014 года прысвечаныя ёй выставы ладзіліся і ў Беларусі, і за яе межамі. А наш сёлетні буйны праект адзначае юбілей завяршэння баявых дзеянняў той вайны.

/i/content/pi/cult/719/15694/9.JPGУлетку гэтага года Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь дамовіўся аб узаемадзеянні з вядомым айчынным гісторыкам і калекцыянерам Уладзімірам Ліхадзедавым. Менавіта дзякуючы яго зборам, а таксама экспанатам з прыватнага Музея Першай сусветнай вайны “Заброддзе” нам удалося арганізаваць маштабны выставачны праект, у якім актыўна выкарыстоўваліся новыя для музея формы працы.

Першы этап юбілейнай выставы пад назвай “Беларусь 1914 — 1918. Вайна і мір” працаваў у дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь з 14 верасня па 11 кастрычніка 2018 года. Замест звыклых музейных залаў часовая экспазіцыя размясцілася ў старадаўнім будынку былых стайняў Мінскага аддзялення Дзяржаўнага банка Расійскай імперыі. Старая цэгла гэтых сцен нагадала аб фартэцыях часоў Першай сусветнай і быццам бы пераносіла наведвальнікаў з цэнтра сучаснага Мінска ў тую эпоху.

У інтэр’ерах гістарычнага будынка былі размешчаны фотаматэрыялы з прыватнай калекцыі Ліхадзедава, прадстаўленыя ў межах ягонага аўтарскага праекта “У пошуках страчанага”. Унікальныя кадры паказвалі, як вайна і мір суіснавалі на беларускай зямлі ў гады Першай сусветнай. Баі і франтавы побыт, догляд параненых і трагедыя бежанцаў — усе гэтыя эпізоды можна было пабачыць вачыма салдат і мірных жыхароў па абодва бакі фронту. Галоўнай ідэяй выставы стала адзінства лёсаў людзей, якія апынуліся ў Беларусі ў часы гістарычнага катаклізму — нават калі яны і былі апранутыя ў мундзіры варожых армій.

Цікавым дадаткам да фотаматэрыялаў сталі размешчаныя ў дворыку артэфакты з калекцыі Музея Першай сусветнай вайны “Заброддзе”. Увагу наведвальнікаў прыцягваў поўнапамерны макет аэраплана “Ньюпар” — асноўнага тыпу знішчальніка Расійскага імператарскага ваенна-паветранага флоту, а таксама палявая кухня, санітарны фургон, нямецкая браніраваная агнявая кропка. Яны арганічна дапоўнілі раздзелы экспазіцыі, прысвечаныя розным аспектам вайны — франтавому побыту, догляду параненых, баявым дзеянням.

/i/content/pi/cult/719/15694/10.JPGДругі этап выставачнага праекта, пад назвай “1918. Нараджэнне новага свету”, дэманструецца ў адной з залаў музея да 2 снежня. Зноў прадстаўлены артэфакты з прыватнай калекцыі Ліхадзедава, якія дазваляюць пабачыць вайну непасрэдна вачыма яе ўдзельнікаў і адчуць, што Першая сусветная была не толькі ўзброеным супрацьстаяннем, але і сустрэчай розных культур, нараджэннем новых палітычных і сацыяльных адносін.

Пра гэта сведчаць працы знакамітага нямецкага фатографа Фрыца Краўскопфа, які падчас службы ў германскай арміі ў 1915 — 1918 гадах актыўна здымаў беларускія краявіды. Асабістая бібліятэка простага расійскага артылерыста Гродзенскай крэпасці паручніка Конанава дэманструе ўзровень падрыхтоўкі афіцэраў таго часу. Цікавы комплекс матэрыялаў прысвечаны капітану Аляксандру Успенскаму, які трапіў у нямецкі палон у 1915 годзе і потым апісаў перажытае ім. У працяг тэмы палону на выставе прадстаўлены мастацкія творы, зробленыя ваеннапалоннымі расійскімі і французскімі афіцэрамі.

Паштоўкі, фатаграфіі, друкаваныя выданні паказваюць малавядомыя шырокай аўдыторыі старонкі жыцця на беларускіх землях у гады вайны — прычым не толькі фронту, але і тылу. Наведвальнік можа даведацца пра становішча розных канфесій на Беларусі ў ваенны час, пабачыць краявіды шматлікіх беларускіх гарадоў і вёсак, азнаёміцца з прыкладамі прапаганды розных бакоў. Адзін з найбольш цікавых экспанатаў — каталог гістарычнай выставы, арганізаванай у 1918 годзе ў Мінску нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй. Варта дадаць, што многія з прадстаўленых друкаваных выданняў наведвальнік можа “пагартаць” на сэнсарным экране.

У рамках адкрыцця выставы 14 лістапада 2018 года адбылася прэзентацыя двух значных праектаў, прысвечаных стагоддзю завяршэння Першай сусветнай вайны. Уладзімір Ліхадзедаў прадставіў свой новы фотаальбом “Беларусь 1914 — 1918. Вайна і мір”, паказваючы рэаліі Усходняга фронту вачыма расійскіх і германскіх салдат. А ў музейным дворыку распрацоўшчык камп’ютарных гульняў Wargaming зладзіў прэм’ерны паказ новага кароткаметражнага фільма “Атака мерцвякоў: Асавец”, які распавядае пра вядомы эпізод бітвы за Асавецкую крэпасць.

Калі Першая сусветная скончылася, яе ўдзельнікі спадзяваліся, што гэта будзе “вайна, якая пакладзе канец усім войнам”. На жаль, мара так і не здзейснілася. Таму сёння асабліва важна згадаць драматычныя падзеі мінулага ды знайсці ў іх вытокі ўзаемапаразумення і прымірэння. Выставы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь не толькі далі магчымасць пазнаёміцца з каштоўнымі гістарычнымі матэрыяламі, але і прадэманстравалі сучасныя падыходы да інтэрпрэтацыі трагедыі “Вялікай вайны”.

Аляксей ЛЕСІН,
навуковы супрацоўнік
Нацыянальнага гістарычнага
музея Рэспублікі Беларусь