Увага, дзеці на “Арэне”!

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

Цягам апошніх месяцаў тэлегледачы з цікаўнасцю сачылі за тым, як 14-гадовы мінчук Даніэль Ястрэмскі рабіў крок за крокам да знакавага для сваёй кар’еры еўрапейскага шоу. І можна толькі пазайздройсціць яго смеласці ды адданасці бацькоў: што ні кажыце, а назіраць нам усё гэта па другі бок тэлеэкрана куды прасцей.

/i/content/pi/cult/719/15692/6.JPGДаніэль і сцэна — спалучэнне невыпадковае. Летась хлопчык скончыў музычную школу па класе фартэпіяна і неаднойчы ўжо скараў прэстыжныя песенныя конкурсы. Зрэшты, сутыкаўся ён не толькі з перамогамі, але і з пройгрышамі, якія яго толькі загартоўвалі. Ну а пра тое, наколькі плённа вядзецца цяперашняя падрыхтоўка і які рывок наперад зрабіў наш удзельнік за апошнія пару месяцаў, тыдняў і дзён, можна меркаваць хаця б па новай версіі песні Time. Бо справа ж не толькі ў свежай аранжыроўцы, зробленай Кірылам Гудам, але і ў тым, як па-новаму яе спявае — не, літаральна пражывае! — выканаўца, якія новыя адчуванні ў яе ўкладае.

Можа, Даніэлю яшчэ і прозвішча ў спеўнай кар’еры дапамагае? Бо за гэтым, на першы погляд, наборам літар заўжды хаваецца культурны і жыццёвы код ранейшых пакаленняў, свая энергетыка і скіраванасць на выпрацоўку пэўных рысаў характару. Можа, далёкія-далёкія продкі ўладальнікаў гэтага прозвішча (а яшчэ раней — славянскага імя Ястрэм ці Ястржэм) хацелі, каб іх хлопчык быў падобны да ястраба — каршука? Толькі не трэба бачыць у гэтым “вострыя кіпцюры” нейкага “драпежнага” шоу-бізнесу. Птушку нашы продкі шанавалі як вернага памагатага на паляванні, успрымалі яе як сімвал мужнасці, адданасці, адвагі, вынослівасці. Усе гэтыя якасці як нельга лепей патрабуюцца тым, хто хоча чагосьці дабіцца. Таму давайце пажадаем іх Даніэлю!

Дарэчы, яго імя “перакладаецца” прыблізна так — у розных варыяцыях: “Бог — мой суддзя”. Ці ж не справядлівыя словы напярэдадні любога спаборніцтва?

Але хай дзіцячае “Еўрабачанне” будзе найперш не спаборніцтвам, а святам. У роўнай ступені — для дзяцей-удзельнікаў і для тэлегледачоў. Арганізатары робяць усё, каб так яно і было. Нам застаецца хіба ім крыху дапамагчы: уключыць у наступную нядзелю тэлевізары — і “хварэць” не толькі за нашага хлопчыка, але і за астатніх юных спевакоў і музыкантаў. Хай у іх усё складзецца ў жыцці! Хай застануцца самыя добрыя ўспаміны пра нашу краіну, гасціннасць беларусаў і добразычлівасць сваіх, здавалася б, супернікаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"