Ад першабытнасці — да нашых дзён

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

21 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі”.

/i/content/pi/cult/719/15690/4.JPGНад стварэннем першага ў Беларусі найбольш поўнага гісторыка-картаграфічнага выдання, якое ахоплівае перыяд ад з’яўлення на нашых землях першабытнага чалавека і да цяперашняга часу, укладальнікі працавалі больш чым дзесяць гадоў.

— Гэты атлас унікальны, аналага яму ў краінах СНД на сёння проста няма, — адзначыў падчас прэзентацыі старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў. — Многія карты атласа створаны ўпершыню. Мяркую, што гэтае выданне стане надзейным падмуркам для многіх даследчыцкіх прац, а нашы нашчадкі на базе прадстаўленай у атласе інфармацыі змогуць у далейшым адлюстроўваць новую гісторыю суверэннай Беларусі.

Нагадаю, што першы том “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі” выйшаў у 2009 годзе, апошні — у кастрычніку 2018-га. Чатыры тамы атласа дапаўняюць генеральныя карты, на якіх паказаны ўсе значныя населеныя пункты адпаведнага часу з абазначэннем іх адміністрацыйнага статусу. Геаграфічны паказальнік знаёміць чытача з гістарычнымі і сучаснымі назвамі ўсіх населеных пунктаў, размешчаных на генеральнай карце, іх прыналежнасцю да паветаў і маёнткаў, датамі першага згадвання ў крыніцах, варыянтамі і зменамі назваў.

Агулам на старонках атласа чытач знойдзе больш за 400 унікальных карт. Адна з самых цікавых прысвечана стварэнню Вялікага княства Літоўскага. На мапе падрабязна паказаны працэс далучэння новых зямель і станаўлення адной з найбуйнейшых дзяржаў Еўропы. Наглядна, са схемамі і старадаўняй гравюрай, расказваецца і пра лёсавызначальную Грунвальдскую бітву 15 ліпеня 1410 года.

Есць у выданні і тэматычныя раздзелы, якія прысвечаны ваенна-палітычным падзеям, адміністрацыйным пераўтварэнням, сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму развіццю, духоўнаму жыццю беларускага грамадства.

Як адзначыў падчас прэзентацыі намеснік міністра культуры Беларусі Сяргей Шарамецьеў, гэтае выданне дае грамадскасці нагляднае ўяўленне пра гісторыю Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён. Прамоўца падзякаваў аўтарскаму калектыву за шматгадовую працу і выказаў упэўненасць, што “Вялікі гістарычны атлас Беларусі” будзе заўсёды запатрабаваны ў жыхароў краіны і паспрыяе ў фарміраванні базавых гістарычных арыенціраў грамадства.

Дарэчы будзе сказаць, што ў распрацоўцы выдання ўдзельнічалі не толькі супрацоўнікі прадпрыемства “Белкартаграфія”, але і вучоныя Інстытута гісторыі НАН Беларусі, спецыялісты Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і некаторых іншых арганізацый.

У 2019 годзе ўкладальнікі мяркуюць стварыць з чатырох тамоў “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі” адзін зводны том, у якім будуць адлюстраваны найбольш яркія і знакавыя падзеі ўсяго перыяду развіцця нашай краіны. Кнігу плануецца выдаць на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай. Акрамя таго, налета будзе створана і электронная версія атласа.

Напрыканцы прэзентацыі поўны камплект “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі” быў перададзены ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі краіны.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"