Забыты летапісец эпохі

№ 46 (1381) 16.11.2018 - 26.11.2018 г

Недзе напрыканцы 1975 года ў Мінску здарылася амаль анекдатычная, але насамрэч вельмі сумная гісторыя. Праходзячы паўз смеццевыя кантэйнеры ў двары дома, двое мінакоў звярнулі ўвагу на купу малюнкаў, якія там валяліся. На шчасце, гэта былі студэнты тэатральна-мастацкага інстытута Соф’я Ліўшыц і Леанід Асенні. Іх прафесійныя погляды тут жа адзначылі вартасць гэтых работ. І дзве сотні аркушаў былі выратаваныя. Мікалай Тарасікаў пайшоў з жыцця яшчэ за дзесяць гадоў да згаданага выпадку, і берагчы яго “хлам” не было каму — ці, можа, не было дзеля чаго. Ды і сёння імя гэтага па-свойму цікавага мастака амаль нічога не кажа нашаму сучасніку. А шкада!

/i/content/pi/cult/718/15687/22.jpg180 кілаграм спадчыны

У Нацыянальным мастацкім музеі захоўваецца палатно Сяргея Каўроўскага “Тачыльшчык”, напісанае ім у 1928 годзе. Чалавек, які нахіліўся над вастрыльным станком, выяўлены ў абстаноўцы правінцыйнага Гомеля, каля аднаго з цагляных дамоў канца XIX стагоддзя, які, хутчэй за ўсё, да нашага часу не захаваўся. Карціна стварае зманлівае ўражанне дзіўнай лёгкасці, маментальнага трапляння ў колер, кампазіцыю, вобраз.

Зманлівае — бо зацікавіўшыся гэтым творам, я адшукала ўспаміны, дзе перад намі прыадкрываецца заслона таямніцы, якая ахутвае адзіны ацалелы шэдэўр выбітнага беларускага майстра паслярэвалюцыйнай эпохі. А таксама і асобу самога Каўроўскага ды яе ролю ў мастацкім жыцці Гомеля 1920-х гадоў.

“Ля пад’езда цярпліва стаяў ён дзеля гарэлкі і мастацтва” — апісваў героя гэтай карціны іншы гомельскі мастак Мікалай Тарасікаў, які апынуўся выпадковым сведкам тых падзей. Ад яго мы даведаемся, што насамрэч Каўроўскі пісаў гэты твор “доўга і патрабавальна, часта мяняючы ў каларыце з-за зменлівасці ўмоў надвор’я — то сонца, то дождж, то пахмурна-шэра мастаку на злосць”.

Як вядома, золата ўтварацца пры пэўным ціску і ў пэўным асяроддзі. Рэвалюцыйная эпоха змяла нямала значных імёнаў у мастацтве, але яна ж і паспрыяла нараджэнню новага тыпу мастака. Кранеш сваёй увагай гэтую эпоху ў жыцці Беларусі — і нібы дзясяткі званочкаў пяшчотна адгукаюцца на твой самы лёгкі дотык. Якія цікавыя постаці адна за адной пачынаюць вымалёўвацца перад тваімі вачымі, станавіцца пазнавальнымі і нават любімымі!

Адным з тыповых герояў эпохі быў і Мікалай Лукіч Тарасікаў. Пра яго лепш за ўсё расказваюць матэрыялы, якія знаходзяцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Пасля смерці мастака туды паступіла 180 кілаграм (як пазначана ў акце прыёмкі) разнастайных дакументаў! Сярод іх — мноства партрэтных замалёвак, эскізы да карцін і дэкаратыўных пано, пейзажы, накіды з натуры на ваенную тэматыку, гравюры, экслібрысы. Ёсць над чым папрацаваць спецыялістам па гісторыі мастацтва!

Зачараванне вучобай

/i/content/pi/cult/718/15687/23.jpgСваёй радзімай Мікалай Лукіч называў Гомель, хаця нарадзіўся ён у 1908 годзе ў далёкім Краснаярску. Яго бацька, беларус па нацыянальнасці, быў сасланы ў сібірскі край за рэвалюцыйную агітацыю. Праз 13 гадоў сям’я пераязджае ў Гомель і пасяляецца ў дзядулі і бабулі на вуліцы Паштовай каля Гарэлага балота.

Мікалай распавядаў у сваіх успамінах, як маляваў з малых гадоў усё, што бачыў навокал: “хлявы, дровы, цялятаў, сані, будку сабакі Тразора, Храмога, Лесуна, дзеда Хведара. Атрымлівалася, вядома, няправільна, але пацешна, цікава... А бацька, які нядрэнна маляваў сам, выпраўляў мае мастацкія фантазіі, ... робячы іх больш рэальна-праўдападобнымі. Крыўдна і балюча было за разбураныя вобразныя бачанні”. Відаць, ужо з таго часу ў Мікалая Тарасікава несвядома праяўлялася цяга да мадэрнізму — пры тым, што ўсё жыццё ён быў увасабленнем жывога рэалізму ў мастацтве.

У адрозненне ад Віцебска, які Тарасікаў называў маленькім Парыжам, у тагачасным Гомелі панавала акадэмічнае мастацтва — той падыход, які быў уласцівы мастакам-перасоўнікам. Паказальна, што ні аднаго абстракцыяніста тут доўгі час не было заўважана — ажно да пары цяперашняй.

У сваіх запісках Тарасікаў не раз згадвае пра такі значны для свайго жыцця эпізод, як сустрэчу з Каўроўскім. І не шкадуе фарбаў для стварэння яркага вобразу настаўніка: “Гарачы і тэмпераментны, бунтар, шукальнік новы перадавой, ён жыў мастацтвам. Буйна вясёлы ў працы, без меры і супынку”. Або: “не саступаў сталічным маэстра, а часам (быў) вышэй на галаву, ён глядзеў і бачыў далёка наперад”.

Студыя выяўленчага мастацтва пры чыгуначным клубе з’явілася пасля сыходу ў нябыт у лістападзе 1921 года студыі імя Урубеля, якая па сутнасці з’яўлялася сапраўдным мастацкім вучылішчам. У Сяргея Каўроўскага быў іншы, куды менш акадэмічны падыход: там, як пазней пісаў Тарасікаў, “збіраліся ўсе тыя, хто любіць мастацтва, старыя і маладыя, бяздарныя і таленавітыя людзі. Кожны дзень бой, творчыя спаборніцтвы, спрэчкі, дыспуты, пробы, пошукі”.

Пасля “трох гадоў зачараваннем вучобы ў Каўроўскага” малады студыец Тарасікаў паверыў у сваё пакліканне быць мастаком. Стаўшы адным з першых членаў гомельскай філіі Усебеларускага саюза мастакоў, утворанай у 1927 годзе, Мікалай Лукіч поруч са сваім настаўнікам удзельнічаў ва ўсіх гарадскіх і рэспубліканскіх выставах.

Затым, з 1928 па 1930 год, юнак працягваў вучобу ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Там адбылася яго другая вызначальная для жыцця сустрэча — з маладым жывапісцам-педагогам Вячаславам Руцаем. Пры згадках пра гэты перыяд жыцця ў Тарасікава праслізгвае горыч: “Руцай марыў пра вялікую школу Эпохі Адраджэння... Гэта была б лепшая школа і слава Беларусі, як французская школа барбізонцаў... Яе распляжылі нашы ваўкадавы натуралізму, душачы жывы рэалізм школы Ржэзнікава-Руцая”.

“Хацелася бачыць увесь свет, усю зямлю, народы” — піша ён далей. І вось ужо Мікалай у Адэсе, у мастацкім інстытуце, вучыцца ў Аляксея Шаўкуненкі — “аднаго з тых рэдкіх людзей, якія не маюць ворагаў”, вучня вялікага рускага педагога Паўла Чысцякова, а таксама ў “цудоўнага грэка Кастандзі, які працягвае традыцыі французскіх імпрэсіяністаў”. Вельмі напорыстым і нястомным у вучобе апынуўся Мікалай Лукіч! У 1935 — 1936 гадах ён працягвае адукацыю ў Кіеўскім мастацкім інстытуце. Затым былі служба ў войску і праца мастаком-педагогам у адной з мінскіх студыі выяўленчага мастацтва, перапыненая “саракавымі-ракавымі”.

З чэрвеня 1941 года і ажно па 1946-ты — ізноў у войску, хаця раней быў прызнаны “нестраявым”. Пра гэты перыяд яго жыцця нам пакуль вядомы толькі адзін характэрны эпізод. Даведаўшыся пра трагічную смерць Янкі Купалы, мастак паводле “поклічу сэрца” намаляваў яго партрэт. Можна толькі здагадвацца, у якіх умовах гэта магло адбывацца ў 1942-м.

Пасля вайны Тарасікаў займаўся манументальна-дэкаратыўным і станковым жывапісам, графікай, акварэллю, працягваў выставачную дзейнасць, выкладаў у студыі выяўленчага мастацтва, пісаў пра яркія падзеі ў мастацкім жыцці Беларусі. Напрыклад, менавіта ён уклаў буклет пра творчасць ураджэнца Гомельшчыны Акіма Шаўчэнкі — вылучаючы гэтую празмерна сціплую “сімпатычную асобу вытанчанай душы” сярод мноства калегаў.

“А мастацтва любіць свабоду”

Старэйшае пакаленне савецкіх мастакоў з павагай ставілася да Мікалая Тарасікава, яго творчасці, уласцівых яму ўпартасці і баявога запалу. Захаваўся групавы фотаздымак творцаў на Акадэмічнай дачы. Крайні злева ў другім шэрагу стаіць з гэткім ваўкаватым выглядам Мікалай Лукіч, па дыяганалі ўнізе сядзіць вядомы беларускі майстар пейзажу Антон Бархаткоў.

“У маім жыцці была вялікая мэта — мастацтва, мастакі. А шлях да яго цяжкі... Усюды і ўсюды барацьба, вечныя перашкоды і пераадоленне. Усюды залежнасць, зайздрасць, абмежаванні — пісаў Тарасікаў, — а мастацтва любіць свабоду”. Дата гэтага рукапісу не пазначаная: хутчэй за ўсё, Мікалай Лукіч выказваў меркаванне адносна творчасці любога мастака і ў любую эпоху.

“Спавядае буржуазны напрамак — імпрэсіянізм”, — вынеслі абвінаваўчы вердыкт пільныя сучаснікі. З самага дзяцінства іншыя ўмешваліся ў яго працэс творчасці, “забіваючы ўва мне галоўнае — самастойнасць, ініцыятыву, смеласць, індывідуалізм”. Але насуперак абставінам, якія толькі загартавалі і без таго ўпарты характар Мікалая Лукіча, можна сказаць, што яго жыццё ў мастацтве адбылося. У поўнай адпаведнасці з афарызмам: любі не сябе ў мастацтве, а мастацтва ў сабе.

Мікалай Тарасікаў выкладаў у Беларускім дзяржаўным політэхнічным інстытуце, Мінскім мастацкім вучылішчы, працаваў навуковым супрацоўнікам у Акадэміі Навук БССР, шмат займаўся пытаннямі развіцця народнай самадзейнага мастацтва, узнагароджаны “Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР” і медалём “За перамогу над Германіяй”. Практычна, гэта ўвесь яго паслужны спіс.

У калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея ёсць некалькі яго работ. У 2008 годзе там прайшла выстава тых майстроў, якім споўнілася сто гадоў з дня нараджэння. Пабачыў свет і твор забытага мастака з Гомеля. На думку куратара выставы Вольгі Архіпавай “даніна эпосе ў працах Тарасікава аддадзеная напоўніцу — не абышлося тут без “Сталявараў на Мінскім трактарным заводзе”, але ёсць і незвычайныя па гармоніі і самабытнасці працы”.

Пакідаюць моцнае ўражанне і напісаныя Тарасікавым нацюрморты ды партрэты. У іх шэрагу, напрыклад, жывапісны партрэт акадэміка Мікалая Нікольскага (1940) — аўтара работ па гісторыі рэлігіі і Старажытнага Усходу, спецыяліста па семіцкіх мовах і клінапісе. Седзячы за сталом у сваім кабінеце, ён пагружаны ў працу, якая на першы погляд не ўяўляе з сябе нічога асаблівага. Але ад гэтага твора зыходзіць адчуванне дынамікі спецыфічнага разумовага працэсу! Навуковец не пазіруе, а натуральным чынам заняты сваёй справай. Таму мы на партрэце не бачым яго вачэй: позірк прыкаваны да аркушаў паперы.

Што прывяло мастака да адлюстравання працы інтэлігенцыі, бо ў гэты час квітнела выява “людзей з народа” — даярак, пастухоў, будаўнікоў-мантажнікаў? У гэтым выяўляліся інтарэсы і погляды Тарасікава, яго кола зносін. Мяркуючы па шматлікіх партрэтных эцюдах, ён быў даволі блізка знаёмы і з класікамі — Янкам Купалам і Якубам Коласам.

З гэтай пазіцыі можна разглядаць і іншы партрэт — аўтара камічнай оперы “Тарас на Парнасе” Мікалая Аладава. У кампазіцыі карціны гарманічна супастаўлены жывы вобраз ідэйна захопленага чалавека і статычнай драўлянай скульптуры ў народным стылі. Твар Аладава намаляваны анфас, погляд шырока расхінутых чорных вачэй скіраваны на нябачнага нам суразмоўцу. Адухоўленая тонкасць рыс, унутраная засяроджанасць, неабходная творцу ўпартасць і адвага духу… Дынамічны кантраст адносна застылага персанажу старажытнага эпасу на заднім плане ўзмацняюць дадатковыя колеры. На залатым фоне фігуры доўгабародага старога — блакітны колер кашулі Аладава. Блакітныя рэфлексы мільгаюць у чорных валасах мужчыны, пробліскі блакітнага відаць і на сцяне. Экспрэсіўнасць, мабыць, была неад’емнай рысай таленавітага кампазітара.

У сваіх успамінах Мікалай Лукіч нібы расстаўляе для даследчыкаў той эпохі пэўныя вехі, агучваючы ў рукапісах прозвішчы розных выдатных майстроў мастацтва даваеннага часу, з якімі ён добра быў знаёмы. Ідучы ўслед за Тарасікавым, можна адкрыць шмат цікавага і істотнага ў грунтоўна прызабытым свеце беларускага мастацтва таго перыяду.

Ён заклікаў шанаваць і берагчы забытыя ўжо пры яго жыцці імёны “мастакоў Філіповіча, Юдовіна, Мініна, Мешчанінава, Маневіча, Астаповіча, Шаўчэнкі, Змудзінскага, Бразера, Арлова, Зорына, Русецкага, Лісіцкага, Малевіча, Шагала, Пэна, Быхоўскага, Каўроўскага…” Так, некаторыя з іх ужо вернуты з небыцця. Але ж на парадку дня — паўнавартаснае засваенне здабыткаў той эпохі, якія шмат у чым перадвызначылі сучаснае мастацтва Беларусі.

Леся МІЛЕЙША