Калі Бог дае голас…

№ 46 (1381) 16.11.2018 - 26.11.2018 г

27 кастрычніка народная артыстка Беларусі Галіна Паўлёнак адзначыла дзень нараджэння. Як і кожная жанчына, яна не надта любіць гаварыць пра ўласны ўзрост. Зрэшты, гледзячы на яе, ты разумееш — час сталасці, мудрасці і духоўнай прыгажосці спявачцы пасуе. У сваёй творчасці яна дасягнула тых вышынь, пра якія многія могуць толькі марыць. Яе імем ганарацца гамяльчане, яна — сапраўдны брэнд Гомельшчыны музычнай. Ды і цяпер Галіна Паўлёнак не пакідае любімай справы, якой прысвяціла дзесяцігоддзі плённага творчага жыцця. Імя спявачкі дасюль красуе на канцэртных афішах і ў праграмах Гомельскай абласной філармоніі, а кожны выхад на сцэну выклікае бурлівыя апладысменты.

/i/content/pi/cult/718/15686/21.jpg“Быць Галінцы спявачкай…”

Яе дзяцінства прайшло ў тых рэаліях, якія былі звыклыя для нашых грамадзян у 50-60-я гады мінулага стагоддзя. “Бедна жылі, што і казаць, — згадвае спявачка. — Бацька рана пайшоў з жыцця, я яго амаль і не памятаю. Мама шмат і цяжка працавала. Туліліся ў маленькім пакоі камунальнай кватэры. Урокі мне даводзілася рабіць на тумбачцы, але вучылася я добра, і любімым прадметам былі спевы. Спевы ў маім жыцці былі заўсёды, колькі сябе памятаю!”

Першай вакалістку ў ёй разгледзела суседка. Гэты эпізод яе мама часта ўспамінала, калі дачка ўжо выйшла на прафесійную сцэну. “Будучы малечай, неяк аднойчы я надта ўжо моцна румзала, — распавядае Галіна Паўлёнак. — А голас у мяне быў чысты і гучаў званчэй і званчэй. І суседка, засмяяўшыся, сказала маме: “Быць Галінцы спявачкай, прыгадай, Марфа, маё слова!”

Галіна Іванаўна дасюль памятае тыя вячоркі, калі на кухні збіраліся суседкі і спявалі пасляваенныя песні. І ў іх хоры заўсёды гучаў голас мамы. “Але пры гэтым мне станавілася невыказна сумна. Можа ад таго, што і песні былі невясёлыя: пра вайну, пра цяжкую жаночую долю”, — кажа яна. Зусім іншая справа, калі з кухоннага рэпрадуктара ліліся народныя песні, рамансы, арыі з опер у выкананні Лемешава, Казлоўскага, Шульжэнка, Юр’евай, хору імя Пятніцкага.

— Мая спеўная душа расцвітала, — згадвае Галіна Іванаўна. — Спачатку я як зачараваная слухала, убіраючы кожную інтанацыю. А потым спрабавала паўтарыць, уяўляючы сябе на месцы артыстаў. Але самае вялікае ўражанне на мяне рабіла гармонія магутнага шматгалосся хору, калі па чарзе ўступалі нізкія або высокія галасы.

Галя Паўлёнак стала заўсёдніцай школьнай самадзейнасці. Без яе не абыходзіўся ні адзін канцэрт або спектакль. Але гэтага адоранай дзяўчынцы бракавала. Яна спявала ў дзіцячым хоры Гомельскага палаца піянераў, у харавой групе ансамбля Аляксандра Рыбальчанкі.

— Пасля заканчэння васьмі класаў выбар, куды пайсці вучыцца, перада мной не стаяў, — працягвае Галіна Іванаўна. — Вядома, у Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча!

“Толькі Ленінград!”

На трэцім курсе самую таленавітую і перспектыўную вучаніцу праслухала прафесар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі Маргарыта Людвіг — і параіла ехаць вучыцца ў Мінск. Там хоць і ацанілі здольнасці і жаданне Паўлёнак, але, усё ж, без скончанай сярэдняй адукацыі не прынялі. І хто ведае, як склаўся б далейшы лёс Галіны, калі б не ўмяшалася мама, якая тут жа прыехала ў Мінск падтрымаць дачку. Вырашана было, што Галіна спачатку атрымае дыплом вучэльні, а потым вернецца ў сталіцу па вышэйшую адукацыю.

— І сапраўды, апошні год у вучылішчы даў мне многае. Педагог з Кішынёўскай кансерваторыі Надзея Валяр’янаўна падбірала мне рэпертуар, які дапамагаў голасу развівацца, — згадвае Галіна Іванаўна. — У мяне з’явіўся прайгравальнік, і кружэлкі Вішнеўскай, Архіпавай, Сазерленд я заслухоўвала “да дзірак”. Але, галоўнае, за той год я пасталела, і да мяне прыйшло ўсведамленне, што спеў — гэта тое, без чаго маё жыццё не будзе мець сэнсу.

Дзверы сталічнай кансерваторыі адразу адчыніліся перад Галінай. Але яшчэ праз год яе канцэртмайстар Ніна Салдаценкава, адзначыўшы здольнасці студэнткі, сказала: “Толькі Ленінград!” Першая ў Расіі кансерваторыя была марай многіх вакалістаў, аднак скаралася яна далёка не ўсім. І ўсё ж, Галіна рызыкнула...

— Сэрца ажно затрымцела, калі я пачула абвешчаны ў трамваі прыпынак — “Тэатральная плошча”. Вось яна — найстарэйшая ў Расіі кансерваторыя. Насупраць — Марыінскі тэатр, побач Ісаакіеўскі сабор. Дух захоплівала ад такога хараства! — нават праз шмат гадоў голас спявачкі гучыць усхвалявана, калі яна згадвае пра свой першы дзень у Піцеры.

Але тады ёй было не да хараства. “Потым, потым, паспею ім насалодзіцца, калі Ленінград стане родным горадам”, — думала яна. А сумневаў, што можа быць інакш, у дзяўчыны і не ўзнікала. Без ценю хвалявання дзяўчына выйшла на сцэну Малой залы імя Глазунова. З партрэтаў на сценах глядзелі вялікія кампазітары, а ўнізе, за сталом, сядзела строгае журы на чале з рэктарам Паўлам Серабраковым. Любы б ад гэтага збянтэжыўся, але толькі не Галіна. Танюткая, у белай блузцы, яна здавалася нават маладзейшай за свае гады.

— Я падрыхтавала два творы, але журы дазволіла выканаць толькі адзін, — згадвае спявачка. — Праспявала “Авэ Марыя” Луіджы Луцы. Члены журы паглядзелі ў свае паперы, потым адзін на аднаго — і рэктар ухвальна ўсміхнуўся.

Галіну залічылі на другі курс вакальнага аддзялення Ленінградскай кансерваторыі, у клас прафесара Антаніны Грыгор’евай, у якой вучылася знакамітая Алена Абразцова.

— Мае мары спраўдзіліся, — кажа яна. — Пачалося студэнцкае жыццё, якое захапляла мяне так, што ў інтэрнат я прыходзіла толькі пераначаваць. Ад разнастайнасці заняткаў па развіцці голасу, сцэнічнага майстэрства, культуры мовы, бясконцых рэпетыцый я стамлялася толькі фізічна. У душы заўсёды была лёгкасць, адчуванне шчасця і палёту. З гадамі стала разумець, чаму мне было так добра: калі Бог дае голас, то абавязкова ўзнагародзіць і сілай, якая дапаможа несці гэты вялікі і шчодры дар.

Чым бліжэй быў час заканчэння вучобы, тым больш выразна Галіна Паўлёнак разумела, што ёй не хапае аднаго года навучання. І яна рашылася на адчайны крок — замест дыплома прасіць працягнуць адукацыю. Яе пачулі і пайшлі насустрач.

— Цэлы год я займалася толькі вакалам, адначасова напрацоўваючы досвед выступаў у дамах культуры, сельскіх клубах, санаторыях Ленінградскай вобласці, — кажа суразмоўца.

З Новасібірска ў Гомель

Вясной 1975 года адбылася падзея, якая вызначыла прафесійнае станаўленне артысткі-пачаткоўкі. У тыя гады праводзіліся “вакальныя кірмашы”. І яна паехала ў Уфу, дзе прадстаўнікі розных тэатраў і філармоній Савецкага Саюза абіралі выпускнікоў творчых ВНУ. Так званыя “купцы” шукалі тут маладое папаўненне для сваіх калектываў. Для Новасібірскага тэатра оперы і балета тэрмінова патрабавалася салістка на ролю Жэнькі Камяльковой у прэм’ерным спектаклі “Золкі тут ціхія” кампазітара Кірыла Малчанава. Мецца-сапрана Галіны Паўлёнак і яе знешнасць ідэальна падыходзілі да гэтай ролі.

— Я нават толкам не паспела развітацца з аднакурснікамі і спешна выехала ў Новасібірск, — успамінае яна. — Тэатр уразіў сваімі велічнымі памерамі і прыгажосцю ўнутранага ўбрання.

Рэпетыцыі ішлі поўным ходам, і маладая спявачка ўключылася ў гэты рытм. Прэм’ера прайшла бліскуча, а за роляй Камяльковай былі іншыя — у “Дэмане”, “Царскай нявесце”, “Яўгене Анегіне”, “Маўры”. На сцэне Новасібірскага тэатра яна бачыла выступленні выдатных майстроў опернай і тэатральнай сцэны, засвойваючы лепшае з іх творчых напрацовак. Гастролі па велізарным Саюзе давалі ёй неацэнны досвед выступленняў перад самымі рознымі аўдыторыямі.

Але дзе б ні знаходзілася артыстка, яна заўсёды памятала пра родную беларускую зямлю. Пагатоў, там па-ранейшаму жыла яе мама. Цяжкае юнацтва, жахі вайны і германскага палону, пасляваенны час — усё гэта адбілася на здароўі.

— Мама захварэла і паклікала мяне дадому, — распавядае Галіна Іванаўна. — Рашэння я прыняла імгненна і, сабраўшы рэчы, выехала ў Гомель.

У лістападзе 1979 года яна стала салісткай Гомельскай абласной філармоніі.

— Невялікі будынак на Рагачоўскай знаходзіўся тады ў аварыйным стане, буйных музычных і вакальных калектываў, такіх як аркестр або хор, не было, — успамінае спявачка. — Затое працавалі мабільныя лектарыйныя групы з 4 — 5 артыстаў розных жанраў. З такімі брыгадамі мы аб’язджалі ўсе куткі Гомельшчыны, даючы па 15 — 20 канцэртаў у месяц.

Пакінуўшы оперную сцэну, Галіна Паўлёнак, тым не менш, засталася акадэмічнай спявачкай. Яна выконвала творы рускай і заходняй класікі, старадаўнія рамансы. У свой рэпертуар стала ўключаць і сучасныя песні савецкіх і замежных кампазітараў, а таксама народныя — рускія, беларускія і ўкраінскія.

Яе голас пачулі на Беларускім радыё і запрасілі запісаць цыкл з 3 — 4 перадач. І выступы з канцэртмайстрам Аленай Афанасьевай так спадабаліся музычным рэдактарам, што ім прапанавалі дадатковыя дні для запісу. У выніку, 80 твораў з голасам спявачкі цяпер знаходзяцца ў фондах Беларускага радыё.

Далей былі бясконцыя выступленні на самых розных сцэнічных пляцоўках Беларусі і за мяжой, удзел у музычных і вакальных конкурсах і фестывалях. Такая праца не магла застацца незаўважанай. У 1997 годзе спявачцы было прысвоена званне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь. У 2004 годзе Галіна Паўлёнак стала лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. А праз дзесяцігоддзе, з’яўляючыся ўжо мастацкім кіраўніком Гомельскай абласной філармоніі, яна атрымала найвышэйшую адзнаку творчай сталасці — званне народнай артысткі.

— Сцэна — гэта па-ранейшаму маё жыццё, — кажа Галіна Паўлёнак. — І пакуль голас гучыць, я хачу рабіць тое, што ў мяне атрымліваецца лепш за ўсё — спяваць.

Наталля РУДЗЕВА