Льняная цацка навагодняя

№ 46 (1381) 16.11.2018 - 26.11.2018 г

Жартаўнікі з інтэрнэт-форумаў па-свойму змагаліся з сумнай непагаддзю апошніх дзён, называючы краіну “Туманным Бульбіёнам”. У прадчуванні блізкай зімы ды Новага года сапраўды хочацца настрою светлага, казачнага. А не дажджу ці слоты. І тут толькі на работнікаў культуры спадзеў: лепей за іх ніхто святочны настрой не створыць. Менавіта таму ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы прайшоў абласны семінар-практыкум па вырабе навагодніх упрыгожванняў.

/i/content/pi/cult/718/15684/18.jpgПавучыцца прыехалі дырэктары і метадысты раённых дамоў рамёстваў са Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага, Дрыбінскага, Асіповіцкага, Круглянскага, Краснапольскага, Шклоўскага, Клічаўскага, Клімавіцкага раёнаў, метадысты цэнтралізаваных клубных сістэм Магілёўшчыны па народных промыслах і рамёствах, кіраўнікі гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкладчыкі. Прыехалі, абмяняліся вопытам, падзяліліся тэхналогіямі вырабу ёлачных цацак з паперы, тканіны, лёну і саломкі. Майстар-клас правяла сябра Саюза майстроў Беларусі Наталля Бернадская. Яна паказала ўдзельнікам, якія цацкі атрымліваюцца з паперы. Урокі па вырабе тэкстыльнай цацкі правяла Алена Вярменіч, таксама рамеснік з майстарскім званнем. А вось майстар Вольга Сыцікава і спецыяліст участка сувеніраў Магілёўскай фабрыкі мастацкіх вырабаў Валянціна Кушнярова знаёмілі з тэхналогіяй вырабу сувенірнай прадукцыі з лёну і саломкі. Працавала на семінары і выстава метадычнай літаратуры. Пра гэта напісала вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра Ганна Асманава.

Распавядае вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна: “У выставачнай зале нашай установы працуе выстава работ педагога і майстра Жаны Арэхавай і яе вучняў — навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. Выстава называецца “Вытокі рамяства”. Яна прымеркавана да 35-годдзя навучальнай установы і прэзентуе найперш лозапляценне, а таксама — вырабы з бяросты, саломкапляценне. Вучні Жаны Сяргееўны вельмі арганічна спалучаюць рамесніцкую спаконвечную традыцыю з сучаснымі матывамі і тэхналогіямі апрацоўкі матэрыялаў”.

11 лістапада на радзіме Чэслава Немана ў вёсцы Старыя Верцялішкі (Шчучынскі раён) адбылася прэзентацыя энцыклапедычнага выдання “Арганы Беларусі”. Вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гардзейчык распавядае, што кніга змяшчае інфармацыю аб 123 арганах, што захаваліся на тэрыторыі нашай краіны. Прэзентацыя з удзелам аднаго з аўтараў выдання Святланы Немагай уключыла і канцэрт арганнай музыкі ў мясцовым касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла. Выканаўцы — музыказнаўца-беларусіст, памочнік мастацкага кіраўніка Творчага аб’ядння “Беларуская капэла” пры Нацыянальным акадэмічным вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь і салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Тамара Рэмез.

Народны лялечны тэатр “Батлейка”, што працуе пры Залескім доме культуры (Смаргонскі раён) адзначае сёлета 35 гадоў з дня стварэння. 11 лістапада ва ўстанове культуры сабраліся ўсе, хто мае дачыненне да “Батлейкі”. Пачэсным госцем стаў адзін з яе заснавальнікаў Аляксандр Лось, пры якім тэатр стаў народным. Вядучы метадыст па тэатральным жанры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Аліцыя Рабцава пераканана, што залеская “Батлейка” — адзін з лепшых творчых калектываў вобласці.

10 лістапада — Дзень Святога Марціна, які з’яўляецца ахоўнікам млынароў. Клубнікі і бібліятэкары аграгарадка Адэльск, што ў Гродзенскім раёне, у чарговы раз правялі ў гэты дзень Свята млынароў (згаданая прафесія калісьці была ў Адэльску надзвычай запатрабаванай). Сцэнарная ідэя зводзілася да простай формулы: “Зерне — пачатак жыцця”. А рамяство мукамола дае гэтаму жыццю гарантаваны працяг. Галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Дзмітрый Пісарэнка распавядае, што на падворку “Бібліятэчны млын” аформілі фотагалерэю млыноў розных краін і часоў. Былі прэзентаваны літаратурныя навінкі, якія знаёмяць з эвалюцыяй беларускіх ветракоў і млыноў, утрымліваюць рэцэпты бульбяных страў.

Чарговы юбілей — у Мінойтаўскім (Лідскі раён) культурна-дасугавым цэнтры 25-годдзе творчай дзейнасці адсвяткаваў тэатр “Іскрынка”. Кіруе калектывам, які здолеў стаць узорным, Галіна Сідарэвіч. На свята завіталі колішнія выпускнікі-выхаванцы “Іскрынкі”, сябры і аднадумцы: узорны тэатр “Какос” Палаца культуры горада Ліды, студыя сучаснага танца “Зайцаў дэнс” Ліды, тэатр мініяцюр “Балагур” Ганчарскага дома культуры і народны тэатр “Бераг” Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра. Аўтар допісу — Алена Габіс.

Распавядае дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна Вольга Ляснеўская: “Работнікі ЦБС бралі ўдзел у выязным семінары “Сучасная бібліятэка: дыяпазон метадаў, ідэй і практыкі”, які адбыўся на базе Друеўскай бібліятэкі — адной з лепшых у сістэме. Мясцовы бібліятэкар Ганна Маслякова правяла экскурсію па гістарычных мясцінах Друі. Потым госці агледзелі ўстанову культуры, яе ўзброенасць. Працавала інфармацыйна-інтэлектуальная пляцоўка. Досведам па ўкараненні інавацыйных форм дзейнасці спецыялісты з Друі абмяняліся з відзаўскімі калегамі. У рубрыцы “Творчая майстэрня” аддзел бібліятэчнага маркетынгу прэзентаваў чарговае метадычнае выданне. Потым мы наведалі Слабодкаўскую бібліятэку. Тут мы сустрэліся з творчым актывам Клуба цікавых сустрэч, які працуе ўжо шмат гадоў. Былі прадэманстраваны формы работы клуба ва ўмовах Года малой радзімы”.

Яшчэ адна навіна ад Вольгі Ляснеўскай. У рамках міжнароднага супрацоўніцтва дзіцячая бібліятэка Браслава рэалізоўвае праект “Кніжная Вясёлка: віртуальны мост “Пскоў — Браслаў”. Браслаўскія бібліятэкары правялі чарговую скайп-канферэнцыю са сваімі расійскімі калегамі. Удзельнікамі анлайн-сустрэчы сталі сябры экалагічнага клуба “Юныя сябры прыроды” пры дзіцячай бібліятэцы і наведвальнікі экалагічнай бібліятэкі “Вясёлка” горада Пскова. Тэмай абмеркавання сталі запаветныя мясціны Браслаўшчыны і Пскоўшчыны.

Раённы агляд-конкурс калектываў вакальна-харавога жанру сельскіх клубных устаноў “Напеў зямлі маёй” прайшоў у аграгарадку Навасёлкі Ашмянскага раёна. Людміла Верас паведамляе, што пераможцамі ў намінацыі “Дзіцячы вакальны гурт” сталі артысты з “Дамісолькі” (Граўжышкі). Другое месца — за калектывам “Аляначка” з Навасёлак. “Рамонак” з Гальшанаў заняў трэцяе месца. Лепшымі сярод жаночых калектываў сталі: “Сугучча” (Крахоўка), “Чаромха” (Будзёнаўка),“Рэчанька” (Кальчуны). У намінацыі “Мужскі вакальны гурт” другое месца заваявалі артысты з Будзёнаўкі. У намінацыі “Фальклорны вакальны гурт” не было роўных “Скарбніцы” з Кальчун. Спецыяльнымі дыпломамі “За прапаганду харавога жанру ў раёне” адзначаны выступленні “Заранічкі” з Гальшан, “Жытнічкі” з Кракоўкі, “Рабінушкі” са Станцыі Ашмяны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"