Амбіцыі, апранутыя ў бетон

№ 46 (1381) 16.11.2018 - 26.11.2018 г

У сталічнай галерэі “Універсітэт культуры” працавала выстава пад назвай “Вечнасць і момант”, арганізаваная Польскім інстытутам. Яна распавядала пра архітэктуру міжваеннай Польшчы.

/i/content/pi/cult/718/15681/14.jpgМабыць, для нас найбольш цікавы той яе раздзел, які прысвечаны архітэктуры заходнебеларускіх земляў — Гродзеншчыны, Брэстчыны, Віленшчыны, якія аказаліся ў складзе так званай “Другой Рэчы Паспалітай”. На іх былі распаўсюджаны прынцыпы тагачаснай польскай урбаністыкі, але пры гэтым браліся да ўвагі культурныя традыцыі, асаблівасці эканамічнага ўкладу і побыту мясцовага люду. Улічваліся, зразумела, у той ступені, наколькі гэта было карысна і зручна Варшаве тых часоў.

Палякі называлі Заходнюю Беларусь “Крэсамі ўсходнімі”. Гэты рэгіён не вылучаўся эканамічным дастаткам, а значыць, і ягоны ўплыў на дзяржаўную палітыку быў нязначным. Мяркуючы па фотаматэрыялах выставы, урбаністычная палітыка ў Заходняй Беларусі не ставіла перад сабой мэту мадэрнізацыі краю, а хутчэй спрыяла кансервацыі існага, местачковага, стану і менталітэту. Калі ў Савецкай Беларусі ў гэты час ішла індустрыялізацыя, і ў сілуэты гарадоў упісваліся, часам даволі агрэсіўна, прамысловыя будынкі і заводскія коміны, у заходняй частцы галоўнымі чыннікамі архітэктурнай прасторы заставаліся касцёлы і ўрадавыя будынкі.

Зразумела, з’яўляліся таксама школы, чыгуначныя станцыі, жытло, але не ў тых маштабах, што на ўласна польскай зямлі. Пры гэтым, варта адзначыць высокую якасць будаўніцтва. Сёння ж тое, што засталося ў нас ад “польскага часу”,
безумоўна, уяўляе гістарычную і культурную каштоўнасць, ужо зрабіўшыся элементам “мясцовага каларыту” Заходняй Беларусі.

У анатацыі да выставы згадваецца ўзаемасувязь архітэктуры з урбаністыкай, сутнасць якой, у сваю чаргу, вызначае эканоміка. У 20 — 30-я гады ХХ стагоддзя прыярытэтныя інтарэсы польскай дзяржавы былі сканцэнтраваны ў Сілезіі і на кавалку марскога ўзбярэжжа. Менавіта там, ды яшчэ, зразумела, у Варшаве, былі реалізаваныя найбольш амбітныя праекты. Некаторыя з тых будынкаў і сёння ўражваюць манументальнасцю форм і зручнасцю планіроўкі.

У згаданы перыяд у Польшчы мелі распаўсюд усе тыя архітэктурныя стылі, тэорыі і канцэпцыі, што і ў Еўропе, ды і ўвогуле паўсюль у свеце. Найперш функцыяналізм і канструктывізм, але з немалым даважкам нацыянальнага рамантызму. У Варшаве, як ў Маскве і Берліне, планавалася стварыць новы гарадскі цэнтр з будынкамі прадстаўнічага класу, прызначаны рэпрэзентаваць Польшчу як сучасную дынамічную дзяржаву. Гэты архітэктурны ансамбль на Макатовым полі меўся атрымаць імя Пілсудскага. Але на карце Варшавы ён так і не з’явіўся. Спачатку не было грошай, потым была вайна, а пасля вайны — іншыя актуаліі. Сімвалам жа новай сталіцы стаў будынак Палаца культуры і навукі, узведзены Савецкім Саюзам. Яго яшчэ называюць “кузэнам маскоўскіх высотак”.

Гэта выстава адкрывае нам цэлы культурны пласт суседняй дзяржавы і з’яўляецца падставай іншымі вачыма паглядзець на ўласную архітэктурную гісторыю. Думаю, студэнтам-архітэктарам наведаць яе было варта абавязкова.

У амбітных праектах польскіх архітэктараў 20 — 30 гадоў — як рэалізаваных, так і тых, што засталіся на паперы — адбілася памкненне адроджанай польскай дзяржавы стаць упоравень з такімі гігантамі, як Расія, Францыя, Германія. Але рэчаіснасць уносіць у архітэктурныя і палітычныя праекты карэктывы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"