Памяць сэрца

№ 46 (1381) 16.11.2018 - 26.11.2018 г

Яго песні сталі роднымі для беларусаў некалькіх пакаленняў. Адна з самых шчымлівых і, разам з тым, магутных па энергетыцы — “Памяць сэрца”. І менавіта яна найперш усплывае ў свядомасці сёння, калі мы яшчэ толькі пачынаем асэнсоўваць тую непапраўнуюстрату, якую панесла наша краіна. Іначай, як праз памяць сэрца, нельга казаць пра гэтую выбітную асобу. Праз памяць сэрца і гавораць старонкі нумара, прысвечаныя Ігару Лучанку...

/i/content/pi/cult/718/15677/pages-3-42-copy.jpg

Ён жыў паводле любові

Леанід БАРТКЕВІЧ, заслужаны артыст Беларусі:

/i/content/pi/cult/718/15677/pages-3-4-copy-2.jpg— Гэта быў вялікі музыкант, вялікі кампазітар, вялікі грамадскі дзеяч — нарэшце, вялікі чалавек, які ўсім дапамагаў. Такая колькасць слоў “вялікі” зусім не перабольшванне і не залішнія паўторы. Бо такія, як ён, нараджаюцца раз у мільён гадоў. Ён дапамог скласціся ансамблю “Песняры”, сваёй творчасцю стварыў добрую рэпертуарную аснову для гэтага калектыву. І праславіў нашу краіну на ўвесь свет.

Я сябраваў з ім 49 гадоў, ён называў мяне ласкава — Лёша. І гэта быў менавіта той сябра, на якога можна было абаперціся. Не толькі ў нейкіх жыццёвых сітуацыях, але і ў творчасці. Я быў першым выканаўцам ажно 15-ці ягоных песень. “Родны кут” упершыню запісаў яшчэ да сваёй працы ў “Песнярах” — з аркестрам радыё пад кіраўніцтвам Барыса Райскага. Дый сам пачаў песні пісаць пад уплывам лучанкоўскай творчасці. І звяртаўся да яго за парадамі: “Гэты акорд — нармальна, падыйдзе?” — “Не, лепей іншы”. Сядзе за інструмент, сыграе, пакажа.

Між іншым, калі я музыцы вучыўся, дык ненавідзеў поліфанію — дарэчы, як і многія іншыя, бо гэта надзвычай складаная дысцыпліна. А Ігар яе выкладаў! І ў гэтым, як я разумею, быў калегам Уладзіміра Уладзіміравіча Алоўнікава — той таксама і поліфанію выкладаў, і рэктарам Акадэміі музыкі быў.

Але ж Лучанок не любіў пералічэння ўсіх сваіх пасад, узнагарод, шматлікіх заслуг і рэгалій. У яго іх было безліч, але як толькі на якім-небудзь канцэрце іх пачыналі пералічваць, ён заўжды моршчыўся, бы ад зубнога болю. Таму, на маю думку, яго самым высокім званнем было — найлепшы беларускі кампазітар. Ён жа ствараў не толькі песні — працаваў практычна ва ўсіх жанрах. Застаецца загадкай, як ён змог столькі паспець! І паўсюль, да чаго б ні спрычыняўся, пакінуў пра сябе незгладжальную памяць.

Думаю, няма ніводнага вядомага ў сферы культуры чалавека, якому б Ігар не дапамог. Бо ён быў вельмі чуллівы не толькі да чужой бяды, але і да чужых праблем: прымаў іх як свае ўласныя складанасці, якія трэба неяк вырашыць, пераадолець, нешта зрабіць, звярнуцца да кагосьці з адпаведнай просьбай — карацей, знайсці выйсце.

/i/content/pi/cult/718/15677/pages-3-4-copy.jpgДоўгі час для мяне было загадкай, што ж такое дапамагае яму ствараць настолькі добрыя мелодыі. Урэшце, я зразумеў: ягоныя песні таму ўсе такія меладычныя, што ён жыў паводле любові! Паводле кахання, якое рухае ўсімі творчымі людзьмі, і паводле любові — усеабдымнай і бязмежнай. Любові да музыкі, людзей, усяго свету.

Уменне не зайздросціць

/i/content/pi/cult/718/15677/2.JPGЛеанід ЗАХЛЕЎНЫ, народны артыст Беларусі, кампазітар:

— Лучанок калісьці быў маім педагогам, выкладаў поліфанію. Ды з цягам часу мы сталі калегамі, розніца ва ўзросце сцерлася. Ён стаў першым слухачом многіх маіх твораў. Мы сябравалі і былі адзін з адным на “ты”.

Тое, што Ігар Міхайлавіч амаль сорак гадоў нязменна кіраваў Беларускім саюзам кампазітараў, сведчыць толькі пра адно: пра ягоную бескарыслівасць. Бо гэтая пасада даўно перастала быць аплатнай — наадварот, на грамадскія патрэбы ён яшчэ і свае грошы выдаткоўваў. Пры гэтым, заўважу, некаторыя злоўжывалі ягонай спагадлівасцю ды гатоўнасцю дапамагчы не толькі ў творчых, але і ў побытавых пытаннях.

Але ў Ігара Міхайлавіча была рэдкая якасць — уменне не зайздросціць. Сапраўды, ён ніколі нікому не перабягаў дарогі. Яшчэ і пракладаў яе для многіх, хто апынаўся побач. Не засланяў малодшых калег магутнасцю сваёй творчай фігуры, а падштурхваў іх да далейшых спроб і знаходак, да новых творчых вяршыняў. І як наступства — да прызнання іх творчасці.

Яго ўласныя песні — пазнавальныя па беларускасці інтанацый, якія ён успрыняў падсвядома, літаральна з малаком маці. Ён іначай папросту не мысліў. І пры ўсім тым, мог да цябе звярнуцца: “Паслухай, што ты пра гэта думаеш?” Так ён аднойчы сеў за раяль і паказаў мне толькі што створаную песню “И пока на земле существует любовь”. У тым варыянце апошнія словы кожнага радка ў прыпеве паўтараліся. А я прапанаваў яму зняць паўторы, каб было больш велічнай распеўнасці. Ён паглядзеў і гаворыць: “Вось і я адчуваў: штосьці тут не так”. І ніякіх крыўдаў — толькі падзяка…

/i/content/pi/cult/718/15677/pages-3-42-copy-2.jpg

Кранальная нотка ў мелодыі

Алег МОЛЧАН, кампазітар:

— Ігар Міхайлавіч пражыў вялікае жыццё — светлае, цудоўнае, насычанае падзеямі. А самае галоўнае — ён пакінуў нам музычную спадчыну. Яго песні вядомыя не проста па назвах (так, маўляў, ёсць такія, чуў пра іх штосьці) — яго песні спяваюць людзі розных пакаленняў!

Я ведаў яго з 1988-га. Нашыя лёсы спляліся, як і лёсы кампазітара, і ансамбля “Песняры”, у склад якога я патрапіў у той час. “Алеся”, “Спадчына”, “Вераніка” ды іншыя песні дапамаглі “Песнярам” стаць пазнавальнымі. І колькі б я ні граў фартэпіяннае сола ў той жа “Вераніцы”, яно заўжды ішло “на ўра”. Яго песні — гэта бяздонная скарбніца беларускай нацыянальнай культуры. Іх можна па-рознаму “апранаць” і “пераапранаць” (я маю на ўвазе аранжыроўкі), але сутнасць застаецца: у ягоных песнях жыве душа.

Дарэчы, аранжыроўкі на лучанкоўскія песні я рабіў неаднойчы. Да некаторых кампазіцый звяртаўся нанова, бо тыя “апранахі” з часам састарваюцца, хочацца іх абнавіць. Але самі песні Лучанка — застаюцца. Іх век не сканчаецца, яны — на ўсе часы. Бо ў іх заўжды ёсць нейкая кранальная нотка — родная, пазнавальная. І менавіта праз яе перадаецца пачуццё прыналежнасці да Беларусі.

Разам з Лучанком сыходзіць цэлая эпоха. Але сыходзіць і штосьці вельмі блізкае, амаль сямейнае. Бо для ўсіх, хто яго ведаў не з экрана ці са сцэны, а ў жыцці, ён быў не проста таленавітым кампазітарам, але і папраўдзе родным чалавекам. Я адчуваў гэта вельмі добра, бо неадночы бываў у яго дома, ведаў яго сям’ю. Жонка і дзеці заўжды былі яго моцным “тылам”, падтрымлівалі ва ўсіх пачынаннях.

Ведаеце, жыць з творчым чалавекам складана. Бо ён існуе дзесьці ў іншых вымярэннях і часта не прыстасаваны да простых побытавых рэчаў. Але гледзячы на тое, як Аляксандра Рыгораўна, жонка Ігара Міхайлавіча, апекуецца ім, як стварае яму ўсе ўмовы для плённай працы і напружанай музычна-грамадскай дзейнасці, я разумеў, што гэта і ёсць сапраўдная сям’я творчага чалавека. Мае ёй шчырыя спачуванні!

Ну, а ўсе мы павінны і надалей клапаціцца пра захаванне яго творчай спадчыны, бо песні Лучанка — гэта нацыянальны скарб вышэйшай пробы.

Поліфаніст на эстрадзе

Алег ЕЛІСЕЕНКАЎ, кампазітар

— Я хацеў бы згадаць Ігара Міхайлавіча найперш як свайго выкладчыка. Паступіўшы ў кансерваторыю, я сустрэў там цэлую плеяду выбітных кампазітараў, кожны з якіх чытаў нам тую ці іншую музычную дысцыпліну. Лучанок займаўся з будучымі кампазітарамі самай, бадай, складанай з іх — поліфаніяй. Цікавасць была не столькі да гэтага прадмета, колькі да самой асобы Лучанка. Як так? Знакаміты ўжо ў тыя часы кампазітар-песеннік (а па сённяшніх мерках, сапраўдны хітмэйкер) — і раптам поліфанія! Няўжо гэта сумяшчальна? І ўвогуле, навошта тая поліфанія — патрэбная, здавалася б, хіба што ў оперы ці сімфоніі — на песеннай эстрадзе?

Лучанок тады супрацоўнічаў з “Песнярамі”, і мы закідвалі яго пытаннямі менавіта пра гэта, а не пра нейкія там поліфанічныя тэхнікі пісьма. А ён, хітра ўсміхаючыся, імкнуўся гэта сумясціць. Распавядае, да прыкладу, як зайшоў аднойчы да Мулявіна з хлопцамі, а яны над апрацоўкай беларускай народнай песні працуюць. І штосьці ніяк у іх фінал не атрымліваецца.

— Звярнуліся да мяне: маўляў, дапамажы, — працягвае ён. — Я хутка накідаў ім коду. Яны праспявалі — і літаральна прыйшлі ў экстаз! Пачалі хваліць, назвалі мяне геніем. Невукі! Які ж я геній? Я ім усяго толькі звычайны падвойны канон напісаў! Вось мы сёння з вамі і пройдзем тыя падвойныя каноны. Каб і вы маглі адразу “геніямі” выглядаць і не разгубіліся б у падобнай сітуацыі.

Такіх прыкладаў было безліч! І яны ўшчэнт разбіваюць распаўсюджаныя сёння ўяўленні, што песеннікам не патрэбна грунтоўная музычная
адукацыя, што ім дастаткова ведання камп’ютарных тэхналогій. Лучанок таму і стаў Лучанком, што за ягонымі плячыма былі адразу тры кансерваторыі, якія ён скончыў: у Мінску, Маскве і тагачасным Ленінградзе.

Чаму яшчэ навучыў Ігар Міхайлавіч, дык гэта беражліваму стаўленню да кожнай ноты. Яго “Зачараваную” спачатку запісаў аркестр радыё пад кіраўніцтвам Барыса Райскага. Аранжыроўка там была зроблена як у іншых “савецкіх масавых песнях” — тады іх так называлі. І тут раптам “Песняры” прапанавалі сваю версію — з джазавай імправізацыяй. Але, як ім і было ўласціва, змянілі першую палову прыпеву. У гэтым варыянце кампазіцыя і атрымала тую папулярнасць, якую мы ведаем цяпер. Лучанок ім нічога не сказаў, але быў незадаволены: “Не мая песня!”. Ён заўжды шукаў уласную інтанацыю.

Час многае расстаўляе па сваіх месцах. І сёння зразумела, што Лучанок быў не толькі кампазітарам, грамадскім дзеячам, педагогам. Да ўсяго, ён быў і адным з першых савецкіх прадзюсараў, хаця такога тэрміна па тых часах у нас яшчэ не існавала. Але ён рабіў усё тое, што і ўласціва для працы прадзюсара! Забяспечваў выканаўцаў рэпертуарам, які прыносіў ім папулярнасць. Дапамагаў “прабіцца” на радыё і тэлебачанне, прычым у самыя прэстыжныя праграмы.

І не таму, што ў яго, маўляў, там былі нейкія “сувязі” ці ён камусьці штосьці аплачваў. Усё куды прасцей: запрашалі яго як кампазітара — і ён, у сваю чаргу, прыводзіў з сабою выканаўцаў. Менавіта Лучанок вывеў на эстраду Яраслава Еўдакімава, дапамог з рэпертуарам “Песнярам”, “прасунуў” Ядвігу Паплаўскую і Аляксандра Ціхановіча, калі тыя сышлі з “Верасоў” і пачалі ўласную кар’еру. У іх рэпертуары з’явіліся два хіты на ўсе часы: “Шчаслівы выпадак” і “Марскі прыбой” — і гэта адразу абумовіла іх дуэту добры эстрадны лёс. Той “прадзюсарскі цэнтр Лучанка” спрацаваў нават у адносінах да Аляксандра Саладухі. Бо яшчэ на досвітку яго спеўнай кар’еры Ігар Міхайлавіч узяў яго ў свой канцэрт у Маскве — з песняй “Востраў”.

Адпаведна, вельмі многім ёсць за што сказаць яму “дзякуй”.

Чалавек унутранай праўды

Барыс КРЭПАК, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі

/i/content/pi/cult/718/15677/pages-4-5-copy-6.jpgПамёр Ігар Лучанок. Гляджу на гэтыя тры словы — і не магу паверыць. Здаецца, зусім нядаўна мы адзначалі яго 80-годдзе. І вось — такая трагедыя…

Аднак, што ні кажы, жыццё яго было выдатным. Мала хто здолеў пражыць адмераны яму звыш час з такой годнасцю, з такой прамой спінай, з такой мудрай перакананасцю ў праваце сваёй прафесійнай творчай справы, якой ён апантана аддаваў Богам дадзены талент і ўласныя сілы. Ніколі не хлусіў, не мітусіўся, не ішоў на кампрамісы, не ведаў абыякавасці і ляноты, не здраджваў сабе ні пры якіх абставінах. Без геройства і надрыву паказаў, як можна заставацца свабодным, незалежным чалавекам заўсёды і ўсюды. Ён заўсёды выпраменьваў хвалі ўнутранай праўды. Будучы шматгадовым кіраўніком творчага саюза кампазітараў, па-сапраўднаму дапамагаў усім, хто меў у /i/content/pi/cult/718/15677/pages-4-5-copy-5.jpgгэтым патрэбу.

Так, ён быў адным з тых — на жаль, рэдкіх у наш век — высокамаральных рыцараў Яго Вялікасці Мастацтва. Для цяперашніх часоў гэта гучыць высакамоўна і напышліва, але факт не адмяняе. Ён, праўдзівы беларус да мозгу касцей, сапраўды быў якраз такім — чалавекам, бязмерна таленавітым, інтэлігентным, сардэчным. Побач з ім мы станавіліся разумнейшымі, дабрэйшымі, лепшымі.

Так сталася, што ў лютым 1976-га Ігар быў сведкам на нашым з Людмілай Крушынскай вузкага сяброўскага кола вяселлі ў кватэры на тагачасным Ленінскім праспекце, 52 — ён быў даўнім сябрам Людмілы і, на тую пару, проста маім знаёмым. Памятаю, з якім зачараваннем граў нам на акардэоне і падпяваў “Рабінавы гай” Панчанкі, “Мой родны кут” Коласа, рубцоўскія “Жураўлі” — “...и разбудят меня, позовут журавлиные крики” — яшчэ шмат чаго. Тады Ігар яшчэ меў толькі званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Але паводле сваёй папулярнасці быў ужо цалкам народным.

З таго часу і на доўгія гады стаў прыяцелем музыканта. Не скажу, што блізкім сябрам — але прыяцелем дакладна. Сферы нашых прафесійных інтарэсаў, усё ж, некалькі адрозніваліся. Тым не менш, дзясяткі разоў нашы шляхі шчасліва перасякаліся на розных паралелях і мерыдыянах быцця. І асабліва ў творчай прасторы Уладзіміра Мулявіна і яго знакамітага калектыву.

І якое шчасце, што з тых гадоў захаваліся і сямейныя фатаграфіі, і альбомы, і мае з Людмілай дыктафонныя запісы (асабліва шмат іх было зроблена пры падрыхтоўцы кніг пра Мулявіна). Але яшчэ больш размоў і шчырых дыскусій сам-насам “пра жыццё і мастацтва” засталіся ў нашай памяці.

Распавяду пра адзін цікавы выпадак. Было гэта ў 1975 годзе, калі на Усесаюзнай выставе ў Маскве з’явілася карціна Леаніда Шчамялёва “Працаўнікі муз”. Немудрагелістая сцэна — Ігар Лучанок, Васіль Быкаў і Міхаіл Савіцкі за адным сталом. Што ж тут асаблівага? А асаблівае ў тым, што гэтыя постаці, па перакананні Шчамялёва, увасобілі сабой высокія духоўныя сімвалы сярэдзіны 1970-х — перыяду паступовага адраджэння беларускай культуры, якая дзесяцігоддзямі жыла ў стане ідэалагічнай стагнацыі. На час напісання карціны 37-гадовы Лучанок ствараў уверцюру-фантазію для сімфанічнага аркестра. У майстэрню мастака, што месцілася ў мансардзе дома № 18 па Ленінскім праспекце, прывёў Лучанка я. Пазнаёміў — і яны даволі хутка знайшлі агульную мову. Кампазітар двойчы пазіраваў Леаніду (я пры гэтым прысутнічаў) — прычым пазіраваў наўздзіў паслухмяна, нягледзячы на сваю тэмпераментную натуру.

І потым, праз гады, гэтае палатно, у якім сродкамі мастацтва захаваны інтэлектуальны вобраз таго Часу, убачылі гледачы новага пакалення на Міжнароднай выставе ў Маскве, прысвечанай 60-годдзю Вялікай Перамогі. Ведаю, што Ігару Міхайлавічу тая карціна вельмі падабалася і заўсёды грэла душу. Словам, было што ўспомніць.

І вось сёння я думаю, што разам з Ігарам Лучанком сышла цэлая эпоха ў музыцы. А калі наступіць новая — невядома. Пакуль гэты далягляд чысты... Неяк мы прывыклі, што маштаб сапраўднага творцы становіцца зразумелым толькі пасля яго смерці. Але Ігар Міхайлавіч тут быў яркім выключэннем — як, зрэшты, і яго бліжэйшы сябар і аднадумца Мулявін. Абодва яны сталі без перабольшвання легендарнымі ўжо пры жыцці.

Пайшоў Ігар Лучанок, і мы ўсе асірацелі. Сышоў чалавек, які духоўна, ідэйна і маральна цэментаваў нашае культурная братэрства. Ды і не толькі культурнае, а яднанне ўсіх тых, хто прысвяціў сваё жыццё Беларусі.

Бывай, дарагі Ігар Міхайлавіч! Мы любілі і любім цябе, мы заўсёды будзем цябе памятаць. Дай Бог табе Царства Нябеснага!

Рады, што паспеў пры яго жыцці

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр

Калі адыходзіць у невараць славуты чалавек, ледзь ускладуць вянкі на свежы насып, адразу з’яўляюцца нейкія “сябры” з успамінамі прыкладна аднаго кшталту: “Вы знаете, каким он парнем был! Вот как сейчас помню, мы с ним…” Дастаткова ўзгадаць расійскіх Высоцкага, Шукшына, Акуджаву, ці нашых Караткевіча або Мулявіна.

Вось ужо і Ігар стаў такім “аб’ектам успамінаў”.

/i/content/pi/cult/718/15677/pages-4-5-copy-4.jpgСкажу адразу: сябрамі мы не былі, ніколі не бразгалі келіхамі, не зносіліся радзінамі. Таму ўспамінамі на тэму “А якім ён быў чалавекам у жыцці?”, пра якія ў гэтыя дні прасілі мяне журналісты, падзяліцца я не магу. Папросту не ведаю, “каким он парнем был”.

Калі адыходзіць чалавек, міжволі пытаеш сябе: “А ці часам ты не пакрыўдзіў яго ненаўмысна? А можа зрабіў яму штосьці непрыемнае? І ці не будзе сорамна на пахаванні глядзець у яго заплюшчаныя вочы?”

Яшчэ летась, здымаючы Лучанка для фільма “Пясняр. Сэрцам і думамі” — пра малавядомыя рысы характара і ўвогуле невядомыя старонкі жыцця Уладзіміра Мулявіна — я радаваўся бадзёрасці Ігара. Ён жыва распавядаў пра іх супрацоўніцтва, ахвотна іграў на раялі, спяваў сваё з “песняроўскага” рэпертуару.

Але ўжо напрыканцы мінулага года, сустрэўшы яго, я заўважыў затрыманасць у размове, нейкае нібы згасанне — і забіў у набат: трэба неадкладна здымаць кампазітара, каб паспець зрабіць фільм да 6 жніўня 2018-га — дня яго 80-годдзя! Дзяржаўнага фінансавання не дамагліся, але знайшліся людзі, для якіх такая стужка стала справай… не, не абавязку, не гонару, але — сумлення. Некаторыя з іх у сціплым пераліку ў канцавых цітрах. Перш за ўсё, гэта ўладальнік “Майстэрні гістарычнага фільма” Уладзімір Бокун. Менавіта яго супрацоўнікі ў снежні 2017-га і ўжо ў гэтым лютым адзнялі Ігара там жа: дома, за яго раялем. Ізноў іграў ён і спяваў свае песенныя шэдэўры, якія ў фільме падхоплівалі “Песняры”, Эдуард Хіль, Валерый Кучынскі, Віктар Вуячыч.

І была неспадзяванка, якая напачатку здалася нам радаснай: у Беларускім дзяржаўным архіве кінафонафотадакументаў знайшліся дзве круглыя бляшаныя скрынкі са здымкамі Лучанка ў ягонай Мар’інай Горцы, у садзе бацькоўскага дома (1982 год), яго тады яшчэ жвавыя і гаваркія бацькі. А да таго ж — дзве такія ж бляшанкі з магніткай-гуказапісам!

Здавалася б, чаго не радавацца?! Але… але на “Беларусьфільме” цэхаў апаратуры, на якой некалі магнітазапіс пераводзіўся ў аптычную дарожку на цэлулоіднай стужцы, ужо даўно не існавала: былі яны за непатрэбнасцю знішчаны пасля з’яўлення лічбавай тэхналогіі. Тупік!

Як прымусіць загаварыць сваімі галасамі бацькоў Ігара, якіх ужо даўно няма на гэтым свеце? Як “ажывіць” яго самога, 40-гадовага, жвавага, пасмешлівага? А так бы хацелася…

Мяне з юнацтва мае вялікія кінанастаўнікі-рэжысёры Уладзімір Уладзіміравіч Корш-Саблін і Леў Уладзіміравіч Голуб прывучылі: у кіно няма безвыходных становішчаў!

Недзе знайшоўся адзін, літаральна “музейны”, магнітафон для шырокай магніткі, потым яе нейкай кустарнай устаноўкай перавялі ў лічбу.

Мы на камп’ютары з хваляваннем паспрабавалі сумясціць выяву з гукам… І вось, мае героі загаварылі!

/i/content/pi/cult/718/15677/pages-4-5-copy-3.jpgФільм мы скончылі ўвечары 5 жніўня. Эфір стаяў літаральна праз суткі! Дзякуй каналу АНТ і яго гендырэктару Марату Маркаву, які пад “слова гонару” паверыў Бокуну, што стужка ў належны час будзе гатовая. І ў дзень нараджэння народнага артыста СССР і БССР, прафесара Ігара Міхайлавіча Лучанка яе глядзела краіна.

А ў той жа дзень, некалькімі гадзінамі раней, мы з Ігарам поплеч сядзелі ў першым шэрагу актавай залы БРСМ і глядзелі фільм “Ігар Лучанок: пра песні, Радзіму і сяброў”.

Канешне, чорна-белыя кадры 1982 года сталі сенсацыяй, канешне, гэта была неспадзяванка для Ігара. Калі ён, малады, з’яўляўся на экране, Лучанок васьмідзесяцігадовы штурхаў мяне і шаптаў на вуха: “Гэта я! Валодзя, гэта я!”

Апошнія кадры фільма. У фартэпіянным пройгрышы “Песни о песнях” я на экране пытаюся:

— Ігар, ты вось усё распавядаў пра песні, Радзіму, сяброў. А распавядзі пра сябе.

— А гэта я пра сябе і распавядаў, — адказаў ён з усмешкай.

І дапеў: “Вот почему я людям песни свои пою”.

І пайшлі фінальныя цітры.

Па праглядзе Бокун уручыў юбіляру некалькі дыскаў-копій гэтага фільма. А я передаў жонцы Аляксандры ўсе друкаваныя матэрыялы, поўны рэестр-пералік відэапрадукцыі кінаархіва ў Дзяржынску пра Ігара Лучанка.

Мо, прагляд не падоўжыў жыццё майму таварышу, але, прынамсі, прынёс яму гадзіну радасці і светлага смутку.

Што змог — зрабіў.

І добра, што паспеў. Пры жыцці.

Было на пачатку гэтага года ў нас іх чатыры — Народных артыстаў СССР. Адыйшла па вясне Тамара Ніжнікава, цяпер вось — Ігар Міхайлавіч. Засталіся “купалавец” Генадзь Аўсяннікаў ды слынны балетмайстар Валянцін Елізар’еў — апошні “багемны” напамін пра СССР. Давайце ж іх шанаваць, берагчы — або хаця б не засмучаць!

 

Калі па-сяброўску просяць…

Віктар ШНІП, паэт

З ім мы напісалі ўсяго адну песню. Але не проста песню, а гімн работнікаў культуры! Гэта было 1 кастрычніка 2009 года.

Вечарам 30 верасня з газеты “Культура” мне патэлефанаваў Яўген Рагін і стаў прасіць па-сяброўску да раніцы напісаць словы для песні. Я доўга адмаўляўся, і ўсё ж ён мяне ўгаварыў. Давялося сабрацца з мазгамі і напісаць. Раніцай прадыктаваў па тэлефоне тэкст, а праз паўгадзіны па мяне прыехаў фотамайстра Юрый Іваноў, і мы рушылі да кампазітара. Гаспадар нас чакаў— была заварана гарбата і падрыхтавана печыва.

Я спадзяваўся, што гасцяваць давядзецца хвілін дзесяць — пятнаццаць. Ды дзе там! Ігар Міхайлавіч пачаў з таго, што сказаў: “Я даўно памёр! І ніякіх песень болей не пішу!” Юрый Іваноў, пачуўшы такую заяву, перавёў размову на надвор’е, на яблыкі, на грыбы. Пагаварылі пра гэта ўсё недзе з паўгадзіны, і толькі потым Лучанок узяў мой тэкст і пачытаў “Відаць, што майстра зрабіў! — было яго рэзюмэ. — Але ж я песень не пішу! Я памёр! Ідзіце да Зарыцкага. Ён напіша!”

Зноў недзе з паўгадзіны пілі гарбату і слухалі Ігара Міхайлавіча, фатаграфаваліся. Памаленьку дабраліся да раяля. Хвілін дзесяць слухалі песні, а потым Лучанок тут жа пры нас падабраў музыку да майго тэксту. Просім, каб запісаў ноты. А ён: “Я песень не пішу! Я тут не жыву! Я памёр!” Яшчэ праз паўгадзіны Ігар Міхайлавіч дазволіў нам пакінуць яго разам з маім тэкстам.

Не паспеў я вярнуцца дахаты, як Юрый Іваноў патэлефанаваў і паведаміў, што Ігар Лучанок напісаў музыку і хоча са мной сустрэцца ў Саюзе кампазітараў. Я прыехаў праз паўгадзіны. Ігар Міхайлавіч з’явіўся пазней. Павёў у кабінет. Перад тым як сесці за інструмент, прамовіў: “Зрабіў! Але апошні раз!” — і кінуў шапку аб падлогу. Дастаў з папкі ноты і зайграў песню на мой тэкст.

Чарговы нумар “Культуры” выйшаў з новай песняй Ігара Лучанка і фотарэпартажам Юрыя Іванова.

Бывай, Ігар Міхайлавіч!

Мяцежны Лучанок

Юрый ІВАНОЎ, фатограф

Не магу напісаць пра Ігара Лучанка — БЫЎ. Не ўкладаецца ў свядомасці, што ніколі не пачую больш яго голас, не ўбачу яго ўсмешку. Не верыцца.

Ён ёсць!

Першы раз мы сустрэліся на тэлебачанні ў праграме “Я з шасцідзесятых”. Быў 1964 год. Мяне запрасілі на перадачу і папрасілі зрабіць некалькі фота ўдзельнікаў для афармлення студыі. Ігар Лучанок сядзеў каля фартэпіяна. Вось гэтае фота.

/i/content/pi/cult/718/15677/pages-4-5-copy.jpg

Ён мне здаўся нейкім няўрымслівым. Мелодыя разлівалася па студыі, запаўняючы ўсе куткі.

Было нешта магічнае ў яго ігры.

— Трэба было б запісаць ноты. Табе падабаецца? — у яго пытанні хутчэй было сцверджанне: маўляў, інакш і быць не магло.

Старшыню праўлення Саюза кампазітараў Беларускай ССР Рыгора Шырму я неяк спытаў, як ён ставіцца да кампазітара Ігара Лучанка. Рыгор Раманавіч коратка адказаў:

— Таленавіты кампазітар.

Потым хітра ўсміхнуўся і дадаў:

— Калі толькі камсамол яго не сапсуе.

Камсамол Ігара Міхайлавіча не сапсаваў. Наадварот, яго творчасць для маладых стала сцягам. “Стаяць на
рэйдзе нашы брыганціны”, “Дарагія мае землякі”, “Я хаджу закаханы”.

Адзін факт з яго біяграфіі кажа пра асобу Ігара.

У 1972 году Лучанок атрымлівае прэмію Ленінскага камсамола за цыкл песень пра Радзіму, партыю, камсамол і актыўную прапаганду савецкай музыкі сярод моладзі.

Сума значная.

Лучанок усю прэмію пералічвае ў Фонд Міру.

Альтруіст?

Не — патрыёт.

Дарэчы, з 1982 па 1986 год Ігар Міхайлавіч быў рэктарам кансерваторыі. І ад заробку рэктара Лучанок адмовіўся.

Пасля паездкі на Кубу Ігар распавёў мне, што пры сустрэчы з Фідэлем Кастра той паглядзеў на яго і сказаў:

— Ты такі ж мяцежны, як і я!

Мяцежны, неспакойны. Чула адгукаецца на падзеі жыцця.

І яго творы — таму пацвярджэнне. “Памяць сэрца”, “Калі б камяні маглі гаварыць”, “Мы ідзем па краіне”, “Памяці Віктара Хары”, “Трэба дома бываць часцей”.

Няўрымслівы Ігар Лучанок — то на Далёкім Усходзе, то ў Сібіры, то на Паўночным флоце.

У вядомым вершы Міхаіла Юр’евіча Лермантава вельмі дакладна выяўлены характар Лучанка:

Под ним струя светлей лазури,

Над ним луч солнца золотой...

А он, мятежный, просит бури,

Как будто в бурях есть покой!

Ігар Міхайлавіч Лучанок знайшоў супакой на зямлі Беларусі.

Валадарства дарагому Ігару нябеснае! І Вечная яму памяць!

/i/content/pi/cult/718/15677/pages-4-5-copy-2.jpg

 

З вучнямі ў Мар’інай Горцы. Фота Юрыя ІВАНОВА

Светлай памяці Ігара ЛУЧАНКА

Я веру, на маёй Радзіме ведаюць мяне.

Дзеля таго працую шчыра і сумленна.

Калі людскія сэрцы мая мелодыя кране —

Шчаслівы буду сам — жыву я не дарэмна.

У песнях дабрыню і душу ўсю пакінуў,

У іх сябруюць: надзея, мроя, прыгажосць.

Шаную там я людскасць, мову і Айчыну

І рады — мой унёсак у дзень наступны ёсць.

Мая Радзіма, Беларусь, — “Мой родны кут”,

Бацькоўская зямля — падмурак мой і крылы

Удзячны, што нарадзіўся я і ствараю тут.

А ты даеш натхненне мне і наталяеш сілы.

Фёдар БАРАВОЙ

13 лістапада 2018 года