Свежы бохан ад Палевіка

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

Музей хлеба, міфалагічны цэнтр і турыстычна-прывабныя Смілавічы. Пра гэтыя і многія іншыя культурныя праекты, падтрыманыя Еўрапейскім саюзам і Праграмай развіцця Арганізацыі Аб’яднаных нацый, гаварылі на “Кастрычніцкім эканамічным форуме”, які днямі адбыўся ў Мінску.

/i/content/pi/cult/717/15675/25.JPG“К” ужо неаднаразова пісала пра многія праекты ЕС/ПРААН, рэалізаваныя ў нашай краіне. Некаторыя з іх сталіся сапраўды знакавымі для сваіх рэгіёнаў, паспрыялі рэалізацыі мясцовых ініцыятыў і, без усякіх сумненняў, павялічылі прывабнасць нашай краіны як для мясцовых жыхароў, так і для замежных турыстаў.

Як адзначыў падчас “Кастрычніцкага эканамічнага форуму” старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы, член Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Шчэпаў, удзельнічаючы ў праектах ПРААН, беларусы атрымалі магчымасць пераняць міжнародны досвед, які спатрэбіцца для рэалізацыі ўласных адметных праектаў.

— Мяркую, дзяржаўным прадпрыемствам, установам адукацыі і культуры сёння не варта абапірацца толькі на бюджэтнае фінансаванне, — зазначыў парламентарый. — Вялікі патэнцыял я бачу за дзяржаўна-прыватным партнёрствам, за рэалізацыяй малых праектаў, накіраваных на развіццё “зялёнай” эканомікі, сферы адукацыі, культуры і гэтак далей, асабліва ў сельскай мясцовасці. Далейшае супрацоўніцтва па гэтых пытаннях з Еўрапейскім саюзам і Праграмай развіцця ААН мае для Беларусі вялікія перспектывы.

У сваю чаргу, кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь Андрэа Віктарын адзначыла ў якасці прыкладу паспяховай рэалізацыі праектнай дзейнасці ініцыятывы ў Смілавічах. Як вядома, у рамках ініцыятывы там былі акультураны турыстычныя месцы, усталяваны ўказальнікі, выдадзены даведнікі для падарожнікаў на рускай, англійскай і французскай мовах, абноўлены музей “Прастора Хаіма Суціна”, створана экспазіцыя ў “Музычнай гасцёўні Станіслава Манюшкі”.

Да слова, за апошнія чатыры гады Еўрапейскім Саюзам было рэалізавана ў Беларусі 243 праекты ў самых розных сферах, на падтрымку гэтых ініцыятыў выдаткавана 3,6 мільёна еўра, створана 30 ініцыятыўных груп і 352 аб’екты інфраструктуры. Дзякуючы гэтаму, у соцень і нават тысяч беларусаў з’явіліся новыя магчымасці для адукацыі і самаадукацыі, культурнага развіцця, атрымання якасных сацыяльных і медыцынскіх паслуг у малых гарадах і сельскай мясцовасці.

Па словах пастаяннага прадстаўніка Праграмы развіцця ААН у Беларусі Іааны Казаны-Вішнявецкай, фінансаванне Еўрапейскага саюза і суправаджэнне развіцця мясцовых супольнасцей камандай ПРААН далі магчымасць многім жыхарам раёнаў навучыцца браць вырашэнне праблем у свае рукі і атрымліваць доступ да міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

— На мой погляд, у Беларусі, як у краіны з даходам вышэй за сярэдні, асноўныя крыніцы фінансавання павінны быць унутраныя (дзяржаўныя і прыватныя), а не знешнія, — адзначыла Іаана Казана-Вішнявецкая. — Мы ж, у сваю чаргу, можам прапанаваць пілотнае фінансаванне, экспертную падтрымку тых ці іншых праектаў, а таксама стварыць умовы для ўключэння ў праект вялікага кола зацікаўленых асоб.

За гэтымі словамі пастаяннага прадстаўніка ПРААН стаяць рэальныя справы. Напрыклад, у аграгарадку Батвінава Чачэрскага раёна сёння дзейнічае музей хлеба, дзе адраджаюць старажытныя рэцэпты і частуюць бабулінымі прысмакамі з печкі. Мясцовая ініцыятыва была падтрыманая ПРААН, дзякуючы чаму батвінаўскія культработнікі атрымалі каля 25 тысяч еўра на развіццё музея, набылі новую тэхніку і абсталяванне для правядзення майстар-класаў па выпечцы. Адноўлены музей адчыніў дзверы для наведвальнікаў у сакавіку гэтага года.

Сёння ў Музеі хлеба наведвальнікаў вучаць мясіць цеста і выпякаць хлеб у печы, частуюць печывам, салодкай гарбатай і тым самым свежым боханам. Не трэба і казаць, што падобныя музейныя заняткі выклікаюць асаблівую цікавасць у гарадскіх дзяцей, многія з якіх, на жаль, пра такое старадаўняе “ноу-хау”, як выпечка хлеба, даведваюцца ўпершыню.

Яшчэ адзін цікавы праект быў рэалізаваны летась у Бярэзінскім біясферным запаведніку, дзе адкрыўся ўнікальны Цэнтр міфалагічнага турызму. Ён уключае ў сябе Музей міфалагічных істот, экспазіцыю пад адкрытым небам “Міфалагічны хутарок” і экалагічную сцежку “У краіне міфаў”. “Разынка” экалагічнай сцежкі — 17 незвычайных інсталяцый (Русалка, Палявік, Пушчавік і іншыя), створаныя пры ўдзеле вядомых беларускіх дызайнераў і скульптараў.

Таксама летась пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза ў вёсцы Куршынавічы Ляхавіцкага раёна быў створаны рэсурсны Цэнтр развіцця творчасці і рамёстваў. Установа атрымала фінансавую падтрымку Еўрапейскага Саюза памерам у 26,5 тысяч еўра. Сёння ў цэнтры размешчаны выставачныя залы, вучэбна-творчыя майстэрні і класы з сучасным інтэрактыўным абсталяваннем.

Прыклады, зразумела, можна доўжыць. Але несумненна адно: дэвіз Праграмы развіцця ААН “Дзейнічаем разам” цалкам сябе апраўдаў. І, пэўна, гэта толькі пачатак той працы, якую ладзіць у нашай краіне Еўрапейскі Саюз. Справа ў тым, што Андрэа Віктарын анансавала на форуме новы праект пад назвай “Мясцовае эканамічнае развіццё”, назваўшы яго “прамым працягам папярэдняга”, а таксама агучыла запланаваны бюджэт — 7 мільёнаў еўра. Асноўны змест праекта — падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, а таксама ініцытыў пачаткоўцаў. Так што тыя культработнікі, хто яшчэ не паспрабаваў сябе ў праектнай дзейнасці, маюць цяпер рэальны шанс рэалізаваць свае цікавыя задумкі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"