Калі засталася спадчына...

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

Летась пайшоў з жыцця Георгій Паплаўскі — творца, якога пры жыцці лічылі класікам. Ён належыць да кагорты мастакоў, якія ва ўжо далёкія 1960-я здзейснілі ў нашай культуры ментальную рэвалюцыю — вывелі беларускае выяўленчае мастацтва з замкнёнага кола этнаграфічна-вясковых традыцый у мадэрны свет, надалі яму дынамікі і крэатыву. Георгій Паплаўскі годна прадстаўляў Беларусь у кантэксце савецкай культуры — і Савецкі Саюз ва ўсім свеце. Гэта асоба з таго ж шэрагу, што і Міхаіл Савіцкі, Гаўрыіл Вашчанка, Леанід Шчамялёў. Адсюль і мая выснова: гэтак жа, як згаданыя творцы, Паплаўскі варты мемарыяльнай галерэі. Як, напрыклад, і геніяльны пейзажыст Віталь Цвірка і папраўдзе касмічных маштабаў творца Аляксандр Кішчанка. Пра ўласныя музеі ці галерэі яны таксама ў свой час не парупіліся. Зрэшты, пагаворым пакуль пра Паплаўскага.

/i/content/pi/cult/717/15674/24.JPGПадары, каб не прапала

Захаванне творчай спадчыны мастакоў, якія пакінулі гэты свет — тэма няпростая, а часам і балючая. Звычайна атрымліваецца так, што калі творца сам пры жыцці не падбае, каб ягоныя работы патрапілі ў добрыя рукі — сталі ўласнасцю дзяржавы ці рупліўца-калекцыянера, спадкаемцы ў дадатак да пачуцця страты роднага чалавека атрымліваюць пажыццёвы клопат, куды падзець гэтае багацце. Бо гэта бы тая валізка без ручкі: і кінуць нельга, і цягнуць цяжка.

Гаўрыіл Вашчанка своечасова падарыў немалую калекцыю сваіх работ Гомелю, Леанід Шчамялёў — Мінску. Так утварыліся гарадскія галерэі іх імя. Творы Вашчанкі адразу размясцілі ў рэспектабельным будынку ў цэнтры горада, а вось галерэя Шчамялёва больш за дзесяць гадоў месцілася ў спальным раёне сталіцы, але ўрэшце таксама пераехала ў гістарычны цэнтр. Падарыў калекцыю сваіх твораў Магілёву Павел Масленікаў. Такім чынам у структуры абласнога мастацкага музея ўтварылася яго імянная галерэя. А цяпер і сам музей носіць імя Паўла Масленікава.

Падобны сцэнарый, як мне падаецца, мог бы здзейсніцца і ў выпадку з Георгіем Паплаўскім. У 2009 годзе на базе гарадской выставачнай залы Бабруйска быў створаны доўгачаканы мастацкі музей. І мастакоўская грамада горада выступіла з ініцыятывай надаць яму імя Георгія Паплаўскага. Рэч у тым, што хоць мастак і нарадзіўся на Украіне, падлеткавыя гады ён правёў менавіта ў гэтым горадзе, і менавіта ў тамтэйшай студыі выяўленчага мастацтва зрабіў першыя крокі на творчым шляху. Так што і Бабруйск для Паплаўскага родны, і для Бабруйска Георгій Георгіевіч не чужы. Жыхары горада падтрымалі ідэю надання музею імя знакамітага земляка, прыйшлася яна даспадобы і муніцыпальным уладам. Але…

Зацікаўленыя бакі не здолелі дамовіцца

Адным з ініцыятараў згаданай ідэі быў Валерый Калтыгін — выдатны мастак і проста аўтарытэтная асоба. Ён нават асабіста подпісы збіраў за рэалізацыю задумы. Сёння Валерый згадвае, што ўсё пачыналася добра: музею сапраўды далі імя Георгія Паплаўскага, шэраг сваіх твораў мэтр перадаў у яго фонды. А вось потым нешта пайшло не так. Прычым “аблом” быў такі, што нават само імя Паплаўскага выклікала ў тагачаснага бабруйскага начальства нервовую рэакцыю, і каб закрыць гэтую тэму, праз некалькі гадоў з афіцыйнай “шыльды” музея знялі імя мастака. Цяпер гэта проста музей. Праўда, многія па звычцы па-ранейшаму гавораць “музей Паплаўскага”.

Чаму так здарылася? Паводле слоў спадара Валерыя, у нейкі момант узнікла непаразуменне паміж сям’ёю мастака і бабруйскімі ўладамі, якія мусілі зыходзіць з рэалій планавання гарадскога бюджэту і матэрыяльна-тэхнічнага ды кадравага патэнцыялу рэгіянальнага цэнтра.

Калтыгін удакладняе, што сам Паплаўскі ў тых разборках удзелу не браў. Мастак, засяроджаны на творчасці, мог нават і не ведаць, якія жарсці віравалі вакол “ягонага” музея. Зрэшты, гэта справа былая. Спадар Валерый лічыць, што калі сёння забыць
узаемныя крыўды тае пары, дык музею ў перспектыве магчыма можна будзе вярнуць імя славутага земляка і стварыць на сваіх плошчах мемарыяльную галерэю Паплаўскага.

Найлепшы мемарыял — майстэрня

Як на маю думку, амаль ідэальным месцам ушанавання памяці вялікага мастака і прасторай для разумення ягонай творчасці магла б стаць мемарыялізаваная майстэрня. Фактычна, гэта прасторавы аўтапартрэт мастака. У верасні 2016 года наша рэдакцыя была ў гасцях у мэтра. Мы тады ладзілі сумоўе паводле фармату “Рэдакцыя плюс”. Мяркую, на тым сумоўі мы ўсе адчулі, што майстэрня для мастака — другі дом. А ў выпадку з Паплаўскім — нават першы. Яе інтэр’ер складаецца не толькі з творчага інструментарыя і работ на рознай стадыі завершанасці, але і з дарагіх гаспадару рэчаў, кніг на паліцах, фотаздымкаў на сценах.

Георгій Георгіевіч бываў у самых далёкіх закутках Савецкага Саюза, наведаў шмат якія краіны. І адусюль ён прывозіў рэчы, якія б зрабілі гонар сур’ёзнаму мастацкаму ці этнаграфічнаму музею. Такая адкрытасць творчай натуры свету, цікавасць да наваколля для многіх нашых людзей з “хутарской псіхалогіяй” не надта ўласцівая. Таму глядзі, госць, на калекцыю Паплаўскага, здзіўляйся — і ламай у сваёй свядомасці стэрэатыпы адносна беларускай ментальнасці.

Пагатоў, большасць гэтых рэчаў, наколькі я ведаю, дасюль захоўваецца ў майстэрні. Так што ў наяўнасці — гатовая музейная экспазіцыя, якая дае аб’ектыўнае ўяўленне пра шматгранную асобу мэтра беларускай графікі.

Але майстэрня — не музей

Ушанаванне памяці Георгія Паплаўскага праз мемарыялізацыю ягонай майстэрні, відаць, цалкам задаволіла б ягоную ўдаву Наталлю Мікалаеўну, на якой цяпер ляжыць клопат пра набыткі спачылага мужа. Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, які паводле службовага абавязку мае дачыненне да падобных праблем і па меры магчымасці спрыяе іх вырашэнню, ужо неаднойчы сутыкаўся з тым, што захаванне творчай спадчыны творцы — справа не менш складаная, чым уласна мастакоўская праца.

Ён лічыць, што ўсім вядомую вежу на Сурганава — калі хочаце, наш аналаг парыжскага Манпарнаса — можна мемарыялізаваць ад першага да апошняга паверха, як, зрэшты, і многія паддашкі ў іншых частках Мінска. Творчы саюз у дадзеным выпадку можа хіба паспрыяць таму, каб на будынку, дзе знаходзілася майстэрня выдатнага мастака, з’явілася мемарыяльная шыльда. А займацца лёсам творчай спадчыны давядзецца ўсё ж такі законным спадкаемцам-сваякам.

Добра, калі сын ці дачка памерлага таксама мастак, таксама сябра творчага саюза і ўжо мае заслугі, якія давалі б яму права заняць бацькаву майстэрню — і, адпаведна, парупіцца пра захаванне ягоных работ. Але пры хранічнай нястачы плошчаў куды больш верагодна, што яе зойме нехта чужы. І ён будзе пазбаўлены сентыментаў.

А як гэта робіцца ў Парыжы?

І праўда: як падобную праблему вырашаюць за мяжою, у тых краінах, культурная гісторыя якіх для нас — прадмет зайздрасці? Ды ніяк. Праз адсутнасць самой праблемы. Возьмем, да прыкладу, адзін з найвядомых музеяў Парыжа — “Гатэль Бірон”, дзе месціцца самая вялікая калекцыя твораў Агюста Радэна. Гэты прыгожы будынак XVIII стагоддзя напрыканцы XIX стагоддзя збіраліся зруйнаваць, бо не ведалі, што з ім рабіць. Радэн жа папрасіў перадаць яму тую нерухомасць на правах уласнасці, каб ён мог зладзіць там сабе майстэрню. А наўзамен паабяцаў падарыць дзяржаве калекцыю сваіх работ. Так і дамовіліся. І будынак захаваўся, і Радэн прыстойную майстэрню займеў, і Парыж сёння мае яшчэ адну турыстычную цікавостку. Прасцей кажучы, Радэну было чым заплаціць за шыкоўную майстэрню, якая потым стала музеем.

Вялікі шведскі скульптар Карл Мілес быў дастаткова багатым, каб прыдбаць кавалак зямлі на ўскраіне Стакгольма, пабудаваць на ім дом і майстэрню, упрыгожыць прылеглую тэрыторыю сваімі скульптурамі. А завяшчаў ён ўсё гэта дзяржаве. Сёння так званы Сад Мілеса — адна са славутасцей Стакгольма і ўсёй Швецыі. Мяркую, Пікаса, Далі, Маціс, Шагал таксама не мелі клопату пра тое, што стане ў будучым з іхнімі творамі…

Уласнасць лепей, чым арэнда

У нас, наколькі я ведаю, майстэрню, якая адразу ж стала музеем, меў толькі Заір Азгур. Дзяржава, беручы да ўвагі ягоныя заслугі, пабудавала карыфею сацыялістычнага рэалізму асабняк. Падобную раскошу зведаў і Андрэй Бембель, толькі ягоны дом-майстэрня на музей не пацягнуў. Цяпер там офіс Беларускага саюза мастакоў. Трохі больш сціплы, але таксама выдатны досвед — музеефікацыя муніцыпальнымі ўладамі Мінска дзейнай творчай майстэрні нашага жывога і поўнага творчых сіл класіка Івана Міско.

Зрэшты, гэта зусім не асабняк. Хаця некаторыя з мастакоў свае асабнякі маюць. Творчыя людзі, канешне ж, не супраць атрымаць у арэнду майстэрню ад дзяржавы, але сёй-той, калі дазваляе дастатак, укладае грошы ў нерухомасць. Маўляў, мая ўласная майстэрня — мая крэпасць. І падмурак матэрыяльнай незалежнасці заадно.

Толькі вось што будзе з гэтымі замкамі, калі іх уласнікі пераступяць тую мяжу, якую — хоцькі-няхоцькі — наканавана перайсці кожнаму?

Прамежкавы вынік

На пачатку года Наталля Паплаўская звярнулася ў Міністэрства культуры з просьбай вырашыць праблему творчай спадчыны свайго вялікага мужа. У лісце яна выказвае занепакоенасць тым, што без клопату з боку дзяржавы работы выдатнага майстра могуць быць страчаны для гісторыі. На яе думку, не варта распыляць сутнасна цэласную спадчыну мастака па розных музеях і архівах. Найбольш важныя творы і артэфакты мусяць быць сканцэнтраваны ў адным месцы, у адной фондавай калекцыі, каб даць аб’ектыўнае ўяўленне пра творчы метад, асаблівасці натуры мастака, пра час, які ён вобразна адлюстраваў у сваіх работах. Хацелася б захоўваць калекцыю ў сталіцы. Хаця, вядома, нешта з твораў і рэчаў мастака можа стаць часткаю іншых экспазіцый і фондаў.

Прадстаўнікоў міністэрства спадарыня Наталля запрашала ў майстэрню, каб яны на свае вочы маглі пераканацца ў каштоўнасці творчай спадчыны Георгія Паплаўскага і канкрэтна абмеркаваць пытанне яе музеефікацыі.

Але ж для стварэння музея неабходна наяўнасць прадметаў музейнага значэння, а таксама распрацаваная канцэпцыі развіцця музея. Другая ўмова — здольнасць заснавальніка музея забяспечыць музей капітальным будынкам, памяшканнем, тэрыторыяй, якія адпавядаюць профілю музея і патрабаванням па захаванні музейных прадметаў навукова-дапаможных матэрыялаў, а таксама абсталяваннем і тэхнічнымі сродкамі, неабходнымі для арганізацыі і ажыццяўлення музейнай дзейнасці. Да таго ж, павінна быць магчымасць увядзення штатных адзінак музейных работнікаў.

А яшчэ ў дадзены момант канцэпцыямі развіцця рэспубліканскіх музеяў не прадугледжана стварэнне персанальных музеяў мастацкага профілю.

Паводле інфармацыі, атрыманай з Мінскага гарвыканкама, стварэнне персанальнага музея Паплаўскага гарадскімі ўладамі зараз таксама не плануецца.

Прыняўшы як дадзенасць праблематычнасць стварэння ў сталіцы новага паўнавартаснага мемарыяльнага музея, Наталля Мікалаеўна звяртаецца ў міністэрства з прапановай зрабіць залу Паплаўскага ў Нацыянальным гістарычным музеі і выказвае гатоўнасць перадаць для яе экспанаты бясплатна. З міністэрства прыйшоў адказ, што гэта прапанова вымагае дадатковага вывучэння і абмеркавання, уласна, з самім Гістарычным, а таксама з Нацыянальным мастацкім музеем і Мінскім гарвыканкамам.

Перспектыва сумоўя, калі збіраюцца разам прадстаўнікі міністэрства, двух найбуйнейшых дзяржаўных музеяў і сталічнай улады, падаецца мне добрым знакам. Будзем лічыць, што гэта нармальны прамежкавы вынік у вырашэнні той складанай і неадназначнай праблемы, якую я закрануў. Вы ж ужо самі, пэўна, зразумелі: чакаць вокамгненны “хэпі-энд” у такой справе наўрад ці выпадае.

Але, усё ж, вырашаць гэта неяк трэба. Бо для сябе ж стараемся…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"